Вы тут

Кастусь Цвірка. Човен майго часу


Нас было много на челне.

Аляксандр Пушкін


 

Хто не помніць пушкінскага «Арыёна», з якога ўзяты гэты эпіграф? Вольна і шчасліва плыў па моры вялікі човен, поўны шумлівых сяброў. Ды неспадзявана наляцела бура, і, уміг перавярнуўшы судна, усіх паглынула разбушаванае мора. «Лишь я, таинственный певец, на берег выброшен грозою… и ризу влажную мою сушу на солнце под скалою». Так алегарычна выказаў Аляксандр Пушкін свой боль па загубленых самаўладствам сябрах-дзекабрыстах пасля іх мужнага выступлення супроць царскай дэспатыі на Сенацкай плошчы ў Пецярбургу.

     Такім жа пушкінскім Арыёнам адчуў сябе і я, калі адзін за адным пайшлі ў нябыт многія мае сучаснікі-літаратары, з якімі — з кім бліжэй, з кім далей — звяла мяне доля. Усе яны вельмі для мяне дарагія. І як блізкія мне людзі, і як таварышы па пяры. Кожны з іх — у меру свайго таленту — шчыра служыў мастацкім словам свайму народу.

     Хачу іх, такіх розных, але аднолькава шчодрых душою, хоць у гэтых сваіх згадках затрымаць на Зямлі, паказаць людзям нязбытную красу іх творчасці.

     Не магу абмінуць тут і найбольш блізкіх мне літаратараў майго пакалення, якія сказалі сваё важкае слова ў літаратуры і якія не перастаюць шчыраваць на ніве краснага пісьменства і сёння.

     Разглядаючы набытак кожнага з пісьменнікаў, заўсёды прыкідваю, якія яго творы варта ўключыць у нашу «залатую серыю» — «Беларускі кнігазбор».

 

 

Ян Скрыган

 

     Пасля ўніверсітэта я не думаў заставацца ў Мінску: мяне вабіла вёска.

     Настаўнічаць папрасіўся ў Слуцкі раён, суседні з маім Старадарожскім.

     У Слуцку мне далі накіраванне ці не ў самую аддаленую школу раёна —
у першы раз чутыя мною Труханавічы.

     Быў лагодны летні дзень, з сонцам і воблакамі, і я, доўга не думаючы, падаўся туды ўладкоўвацца.

     Аўтобус давёз мяне толькі да Грэска. Шукаць там якога транспарту, каб ехаць далей — да месца майго прызначэння, не захацеў: заманулася прайсці туды пеша.

І вот перада мною — адкрытыя небу палявыя разлогі Случчыны. Да пясчанай дарогі схіляецца пацяжэлымі каласамі запалавелае жыта, якое па абодва бакі пакалыхваецца ад прылётнага ветру разбежыстымі хвалямі. Праваруч манатонна гудуць туга напятымі правадамі тэлеграфныя слупы, то ўзбягаючы на ўзгорак, то апускаючыся ў даліну. Буду трымацца іх: пэўне ж, мне з імі ў адну дарогу.

     Праз нейкі час за невялікім узвышэннем вачам адкрыўся размашысты шнур хат, якія шыракавата расцягнуліся ў адну лінію. Так, яны, Труханавічы.

Дырэктар школы, да якога зайшоў у кабінет з накіраваннем, паслаў мяне ўладкоўвацца да завуча, які жыў непадалёку.

     Хату яго ў прысадах знайшоў лёгка. Гаспадар быў у кухні. Высокі, мажны, падпяразаны замусоленым фартухом, ён стаяў каля керагаза і памешваў драўлянай лыжкай-апалонікам у алюмініевай каструлі нейкае варэнне, ад якога вілася ўверх пахкая пара. З маім прыходам ён выключыў керагаз, развязаў матузкі фартуха, і мы выйшлі на вуліцу.

     Простая сялянская хата, да якой мы падышлі, была непадалёку ад школы. Дзверы адчыніла нам высакаватая хударлявая жанчына паважнага веку, гаспадыня хаты.

     — Прывёў вам госця, Аляксееўна.

     Расказаўшы, хто я і што мне трэба, завуч развітаўся з намі.

     Знаёмячыся, гаспадыня падвяла мяне ў пярэднім пакоі да нізкаватага серванта з посудам і кнігамі, дастала адну з іх — невялікага фармату, у барвовай вокладцы — і падала мне:

     — Мой брат напісаў.

     Я адразу пазнаў кнігу. Гэта быў зборнік апавяданняў Янкі Скрыгана, з якім я быў ужо знаёмы. Вот дык неспадзяванка: гэта ж я трапіў у родную хату нашага вядомага пісьменніка! І цяпер размаўляю з яго старэйшай сястрой Ульянай, той Ульянай, якую ён не раз згадваў добрым словам у сваіх творах!

     Мы даўгавата, гамонячы, сядзелі на канапе. І там я ўпершыню пачуў ад Ульяны Аляксееўны пра вялікую сямейную трагедыю Скрыганаў — раскулачанне бацькоў пісьменніка, якіх у калектывізацыю выслалі на пагібель пад Котлас.

Ульяна Аляксееўна са слязамі расказала мне, як яна ездзіла ў той Котлас іх праведаць. Высланых «кулакоў» пераважна з розных раёнаў Беларусі пасялілі ў доўгім халодным бараку. Спалі яны на нарах у два ярусы. Людзі мерлі там ад голаду і холаду як мухі. Кожнай раніцы наглядчык адчыняў вароты барака і, называючы па парадку зняволеных, пытаўся: «Іван Лагвіновіч — жывы? Марыя      Сакалоўская — жывая? Арцём Целеш — жывы?» і г. д. Тых, хто зайшоўся за ноч ад холаду, чакалі людзі з насілкамі, клалі на іх і выносілі. У чужую прамёрзлую зямлю.

     Калі Ульяна Аляксееўна паявілася ў тым бараку, яе з усіх бакоў абступілі няшчасныя нявольнікі, засыпалі роспытамі: «Ці не чулі што пра нашых пад Слуцкам?», «А мы мазырскія — што ў нас там робіцца?», «Мо вілейскіх каго бачылі?», «Перадайце нашым, што мы помнім іх» і г. д. і г. д. І ўсё з плачам, з галашэннямі.

Пра сустрэчу і развітанне з бацькамі Ульяна Аляксееўна зусім не магла гаварыць: не давалі рыданні.

     Ды вот дзіва: рыхтуючы да выдання ў серыі «Беларускі кнігазбор» аднатомнік Яна Скрыгана, я перачытаў, здаецца, усё ім напісанае, але нідзе не знайшоў і слова пра гэтую трагедыю. Нават у аўтабіяграфічных «Кругах». Чаму? Прычына тут, відаць, адна: пісьменнік баяўся быць сынам «ворагаў народа». Нават у «хрушчоўскую адлігу», у гарбачоўскую «перабудову» і ў ельцынскую «дэмакратыю», калі пісаліся тыя «Кругі». Значыць, не верыў, што не вернуцца часы рэпрэсій.

І толькі ў не прызначаных для «публікі» дзённіках, апублікаваных пасля яго смерці дачкой Галінай у нашым «Кнігазборы», выказваў пякучы боль пра трагічную долю сваіх бацькоў.

     Першы раз згадку пра гэта я знайшоў у запісе ад 27 снежня 1987 года: «Атрымаў успаміны пра Івашкевіча. Прачытаў мясціну, як ён быў на Украіне і на могілках шукаў магілу бабкі. Праз вялікія, далёкія гады — сваю маладосць, памяць… І міжволі падумалася: а я вось і не ведаю, дзе мае бацькі. Дзе пахаваны і ці пахаваны…» А 24 мая 1988 года выказаў мару аб’ездзіць усе мясціны свайго маленства і «ўспомніць маму, тату, якім прыйшлося паміраць Бог ведае дзе, у невядомай Сібіры. Нават не ведаю, як яны там жылі, хто першы пакінуў свет. Без іх як і не жыў чалавек». Трэці запіс 7 чэрвеня 1990 года: «Кожны раз, калі брыюся, перад сабою ў люстэрку бачу маму. Харошую, ціхую, душэўную. Увесь на яе падобны. І я не ведаю, дзе яны з татам пахаваны.   Знаю толькі, што Сібір, які і мне давялося зведаць».

      Толькі чаму — Сібір? Я вельмі добра помню, што праведаць бацькоў сястра пісьменніка Ульяна ездзіла (як ёй толькі гэта ўдалося?) якраз у Котлас. Ве-
дама ж, яна не магла не расказаць пра тую паездку брату. Ці можа не знайшла ў тым Котласе бацькоў? Як жа я, балда, не распытаў пра ўсё Ульяну Аляксееўну падрабязна? Цяпер хіба што маглі б прыгадаць яе расказ Ульяніны дзеці і ўнукі. Толькі хто гэтым зоймецца?

     Нялюдская доля напаткала была і самога Яна Скрыгана. Хоць ён і стараўся верна служыць тагачаснаму рэжыму, нават ездзіў арганізоўваць калгасы.

Спачатку ўсё ішло ў яго добра. У 1924 годзе дзевятнаццацігадовага вясковага хлопца Янку    Скрыгана, які складаў ужо вершы, запрасілі на работу ў рэдакцыю слуцкай акруговай газеты «Сельскі будаўнік». Гэта быў пачатак яго дарогі ў журналістыку, а разам з ёй і ў літаратуру.

      Неўзабаве ён пачаў публікаваць у рэспубліканскай перыёдыцы свае нарысы, апавяданні і аповесці, якія потым склалі кнігі «Затока ў бурах», «Каця Лупянкова» і «Сустрэчы».

      У галаве выспявала задума і рамана. Шматпланавага палатна пра падзеі яшчэ нядаўнай тады савецка-польскай вайны, сведкам якой быў і сам.

Каб цалкам аддацца рабоце над гэтым буйным творам, Ян Скрыган узяў у Саюзе пісьменнікаў пуцёўку ў аддалены ад гарадской мітусні Дом творчасці пад Пухавічамі.

     Тут, у лясным зацішку, ва ўтульным асобным пакоі пісьменніку добра думалася, пяро само прасілася ў рукі. І от па чыстых лістах паперы пабеглі спорныя радкі новага твора.

     Ды ў той самы час, калі дапісвалася чарговая старонка рамана, у калідоры пачуўся цяжкі тупат ботаў, а неўзабаве з шумам расчыніліся дзверы і ў пакой без спросу ўваліліся ў доўгіх шынялях і ў форменных — чырвонае з сінім — энкавэдысцкіх шапках трое.

     — Вы арыштаваны!

Першае, што падумалася ашаломленаму Яну Скрыгану: гэта — нейкая недарэчнасць, памылка. Ён жа ні ў кога нічога не ўкраў, нікога не аблаяў, нідзе не выказваўся супраць улад. Разбяруцца — адпусцяць. Шкода толькі такога дарагога для яго часу, які патраціцца на тое разбіральніцтва. Лічы, цэлы гэты дзень прападзе дарэмна.

      Але не на дзень быў адарваны ад пісьмовага стала Ян Скрыган. А на многа, вельмі многа дзён. Ды і не на дні, на гады — на доўгія дваццаць без малога гадоў! Прытым не проста адарваны, а беспадстаўна абвінавачанага ў нацдэмаўшчыне, яго запраторылі пад калючы дрот сібірскіх канцлагераў.

Трагедыя Яна Скрыгана была яшчэ ў тым, што гэтым зняволеннем ён губляў і сваю сям’ю. У Мінску асталася цяжарная жонка Ліна, якая, калі яго якраз гналі ў Сібір, нарадзіла яму сына Севу. Не суджана было бацьку прыгарнуць маленькага сына да сваіх грудзей, парадавацца наследніку. Не змог Ян Скрыган убачыць яго і па вяртанні праз дваццаць гадоў з Сібіры, бо сын жыў тады ў Германіі, дзе апынулася пасля вайны Ліна, выйшаўшы замуж за беларускага паэта-эмігранта Рыгора Крушыну. Бацька з сынам наладзілі былі перапіску, шукалі спосаб сустрэцца. Ды ў савецкія часы былі да гэтага непераадольныя перашкоды. Так за ўсё жыццё ні разу і не абняў бацька сына, а сын — бацьку.

     Толькі вярнуўшыся пасля рэабілітацыі з Сібіры, Ян Скрыган ізноў мог узяць у рукі пяро: пісьменніцтва ж было яго прызваннем. Пачаты дваццаць гадоў назад
раман быў безнадзейна страчаны, усе матэрыялы да яго загінулі. Ды і не пра Чырвоную Армію хацелася яму цяпер пісаць. Штурхала яго да пяра перажытае самім сабой, тое, што зведаў на ўласнай скуры. Ён прынцыпова адмовіўся нешта выдумляць, фантазіраваць (так зазначаў у дзённіку: «Пераконваюся: мне трэба пісаць тое, што ведаю, а не выдумку. Сваё жыццё. Сваю практыку»).

      І гэта дало свой плён. Яго кніга «Кругі» без жанравага пазнаку — праўдзівы дакумент часу, выкладзены на паперу раман жыцця, жыцця і аднаго чалавека (самога пісьменніка), і ўсёй савецкай краіны з яе трагічнай гісторыяй. Лагічны працяг «Кругоў» — скрыганаўскія апавяданні пра драматычную долю сяброў-пісьменнікаў, што былі закінуты ў бесчалавечны Архіпелаг Гулаг.

За што яшчэ варты самай вялікай павагі і пашаны Ян Скрыган, дык гэта за тое, што і пасля дваццацігадовай адлучкі з Беларусі ён астаўся ёй верны і не забыў мовы свайго народа, роднай беларускай мовы, якую ведаў з маленства. Прычым ведаў яе дасканала. Недарэмна ж калі стваралася першая беларуская энцыклапедыя, яе «заўзятар» Пятрусь Броўка ўзяў да сябе ў рэдакцыю якраз яго, Яна Скрыгана, свайго даўняга сябра, зрабіў яго адказным за мову энцыклапедычных артыкулаў. І ён шчыра клапаціўся, каб яна была папраўдзе беларуская, каб у аснове яе была жывая народная мова. Дзеля гэтага ён вывучаў гаворкі ўсіх рэгіёнаў Беларусі. Адзін маленькі выпадак. Калі, вярнуўшыся з вандроўкі па Віленшчыне, дзе шукаў сляды Уладзісава Сыракомлі і дзе ўсюды гучала беларуская мова, я сустрэў каля Акадэміі навук Яна Скрыгана і расказаў яму, якія вельмі каларытныя беларускія словы і выразы там запісаў, ён адразу ж палез у сваю кішэню па запісную кніжку, каб занатаваць іх.

     Асобная тэма — мова твораў Яна Скрыгана. Яна ў яго не залітаратураная, як шмат у каго з пісьменнікаў. Гэта жывая, вельмі каларытная, багатая на адценні мова нашай Случчыны. У сваіх артыкулах пра «чары слова» Ян Скрыган не пераставаў даводзіць, што асновай літаратурнай мовы павінна быць жывая мова народа. У сваёй творчасці ён пазбягаў, як сам казаў, «канцылярска-бюракратычнай штучнасці», газетных штампаў, калькі з рускай ці польскай мовы. «Усюды, дзе магу, я змагаюся за мову натуральную, народную», пісаў ён у дзённіку. Можна нямала прыводзіць прыкладаў Скрыганавай мовы. Ці ж кепска гучаць у яго, скажам, такія словы. як «наведнік» (замест грувасткага «наведвальнік»), «абедны» (замест «абедзенны»), «аднабокая дарога» (замест аднабаковая), «распаўсюднік» (замест «распаўсюджвальнік»), «абслуговы персанал» (замест «абслугоўваючы»), «металарэзны станок» (замест «металарэзуючы»), «нержавейная сталь» (замест «нержавеючая»), «направа» (замест «рамонт») і г. д. Многія спецыяльныя тэрміны Ян Скрыган увёў і ў энцыклапедыю. Напрыклад, «свідравіна» (замест ранейшага «шчыліна»), «радовішча» (замест «месцанараджэнне выкапняў») і інш. Прапаноўваў ужываць пры напісанні не «галька», а чыста беларускае «жвір», не «гравій», а «жарства». Абеларусваў ён і асобныя імёны па-бацьку: Васілеўна, Кузьмоўна, Аркадзевіч… Смела скланяў некаторыя «закасцянелыя» словы, такія, як «паліто» («у паліце», «пад палітом»), «маці» («мацеры», «з маткай»), так, як гэта робіцца ў народзе. Калі садзіўся пісаць, заўсёды настройваў сваё вуха на мову народа. Таму так натуральна і хораша льецца яна ў кожным творы пісьменніка. Ад гэтага і чытаць Яна Скрыгана — душу радаваць.

       Я быў рады і неспадзяванаму званку яго дачкі Галі, якая звярнулася да мяне як да выдаўца, ці можна ў нашым «Кнігазборы», які мы стварылі з Генадзем Вінярскім, выдаць кнігу яе бацькі. Я адказаў ёй, што не толькі можна, але і трэба. Сродкі ў разгалінаванай сям’і Яна Скрыгана на гэта знайшліся.

      З вялікай прыемнасцю я ўзяўся з Галяй рыхтаваць аднатомнік выбраных твораў пісьменніка ў нашай залатой серыі «Беларускі кнігазбор». Мы ўважліва перагледзелі ўсю творчасць Яна Скрыгана і выбралі ўсё найбольш цікавае. Упершыню далі ў поўным выглядзе яго галоўную кнігу — «Кругі», успаміны і дзённікі.

     Апрача кнігазбораўскага аднатомніка выбраных твораў Яна Скрыгана мы выпусцілі ў сваім выдавецтве падрыхтаваныя руплівай дачкой пісьменніка яго кнігі «Добра, што я іх ведаў», «Сэрцу горкая далячынь» і два зборнікі ўспамінаў пра яго. Выдатны прыклад ушанавання пісьменніка ягонымі блізкімі.

       З Янам Скрыганам сустракаўся я не толькі ў Мінску, але і ў яго Труханавічах, куды ён прыязджаў праведаць сястру Ульяну. Аднаго разу завітаў ён і да яе дачкі, у сям’ю якой Ульяна Аляксееўна ўладкавала мяне на кватэру. Мы добра пагаварылі тады пра школу, пра выкладанне ў ёй беларускай літаратуры, пра сяло Труханавічы (якраз сялом, а не вёскай лічыў ён іх насуперак афіцыйнай трактоўцы).

Запомнілася і паездка з Янам Скрыганам і Уладзімірам Паўлавым у Мазыр на літаратурныя сустрэчы. З людзьмі гаварыў ён проста, даходліва, цікава расказваў, як ствараліся яго асобныя творы, адкуль браў для іх сюжэты, шчыра раскрываў сакрэты пісьменніцкай кухні.

 

 

Янка Брыль

 

     Нехта жартам (ці паўжартам?) назваў быў Янку Брыля «прафесійным чытачом». Пэўне, таму, што ён не прыпадабняўся да таго анедактычнага чукчы, які казаў пра сябе, што ён «писатель, а не читатель», а зацікаўлена сачыў за літаратурным працэсам, не прапускаў нічога, што выходзіла з-пад пяра беларускіх пісьменнікаў. Чытаў і даваў сваю ацэнку. Ці ў лірычных мініяцюрах, ці ў разгорнутых артыкулах, ці проста пры сустрэчы з аўтарам на вуліцы. Як піша ў артыкуле пра Янку Брыля Серафім Андраюк, «здаецца, няма ў нашай літаратуры за апошнія многія гады ніводнага прыкметнага твора, у гісторыі літаратуры прыкметнай постаці, якія б не былі заўважаны і адзначаны Брылём».

      Асабліва многа значыла слова аўтарытэтнага, усімі прызнанага пісьменніка для тых, хто толькі пачынаў сваю дарогу ў літаратуры. Ён не прамінаў, каб выказаць гэтае слова і падтрымаць маладога аўтара. Казалі, прыкладам, што ён на руках прынёс у літаратуру Анатоля Кудраўца, высока ацаніўшы яго першыя апавяданні.

      Добрую падтрымку народнага пісьменніка ў свой час адчуў на сябе і я. Калі ў часопісе «Полымя» быў апублікаваны мой вялікі мастацкі нарыс «Дарога ў сто год», Янка Брыль, пры сустрэчы на вуліцы, затрымаў мяне і выказаў сваю вельмі шчырую ўхвалу той публікацыі. Гэтая пахвала падахвоціла мяне на новыя дарожныя нарысы. Добрыя словы выказаў ён і пра мае апавяданні «Алеся» і «Марылька», надрукаваныя ў часопісе «Маладосць». Праўда, гэта ён казаў Рыгору Барадуліну, а той перадаў яго ацэнку мне. А на пісьменніцкім сходзе ў Доме літаратара, дзе абмяркоўваліся планы выдавецтва «Мастацкая літаратура», Іван Антонавіч выказаў прапанову выдаць двухтомнік выбраных твораў Кастуся Цвіркі. Толькі да гэтай прапановы аўтарытэтнага пісьменніка не прыслухаліся ў выдавецтве, якое тады старалася скарачаць выпуск твораў беларускай літаратуры.

      У сваю чаргу, як надарылася магчымасць, я быў рады выдаць аднатомнік выбраных твораў Янкі Брыля ў серыі «Беларускі кнігазбор» яшчэ пры яго жыцці: калі я прапанаваў яму гэта, Іван Антонавіч з радасцю ўзяўся рыхтаваць кнігу да выдання. Паўстала пытанне: што ўключыць у такі прэзентабельны том, які павінен быў, як і ўсе тамы нашай бібліятэчнай серыі, выстаўляць пісьменніка перад чытачом самымі значнымі творамі розных жанраў. Я выказаў Івану Антонавічу прапанову пачаць кнігу раманам «Птушкі і гнёзды». Ды ён не захацеў яго ўключаць у аднатомнік. Замест гэтага адзінага свайго рамана прапанаваў выдаць вельмі ўхваленыя крытыкай тры аповесці «Ніжнія Байдуны», «Золак, убачаны здалёк», «Муштук і папка», а таксама апавяданні, эсэ і лірычныя мініяцюры. Усё гэта ён палічыў самым значным у сваёй творчасці. Нездарма ж у падзагалоўку кнігі пазначыў — «Запаветнае». Кніга вельмі добра паказвала чытачу нашага жывога класіка, чарадзея мастацкага слова, праўдзівага лірыка ў прозе Янку Брыля, чытаць якога — заўсёды асалода.

     Але чаму не захацеў ён уключыць у сваю «запаветную» кнігу «Птушак і гнёздаў»? Ці не таму, што яшчэ да першай публікацыі дзяўбла ды рэзала яго без нажа цэлая плойма стражнікаў «сацыялістычнага рэалізму» — высокаідэйныя рэцэнзенты, звышпільныя рэдактары, а яшчэ пільнейшыя цэнзары з грознага Галоўліта, якія бязлітасна выцярэблівалі з твораў усё «непажаданае» і тым самым не далі народнаму пісьменніку выказацца на поўны голас. Пра гэта са шкадаваннем казаў сам аўтар. У 2003 годзе ў кнізе мініяцюр і эсэ «З людзьмі і сам-насам» ён прызнаваўся: «Востра адчулася, што маё, у той ці іншай меры аўтабіяграфічнае, перш за ўсё «Птушкі і гнёзды», трэба было напісаць з усёй безагляднай, бязлітаснай шчырасцю, чаго я не зрабіў на ўсю моц, а з той асцярожнасцю, аглядкай, з тым страхам, які абумоўліваў і мой сацрэалізм…» З гэтага вынікае, што ў аўтабіяграфічным рамане Янка Брыль падаў не ўсю праўду, самае вострае (а гэта ж, мусіць, самае важнае) ён абмінуў, утаіў або «падгладзіў». А гэта азначае, што твор не праўдзівы. Што прызнае і сам аўтар. Таму ён, мусіць, правільна зрабіў, што не ўключыў раман у кнігазбораўскі том. Адсюль — ці варта ўключаць яго ў школьныя праграмы, як гэта робяць іх складальнікі?

     Іван Антонавіч быў вельмі рады выхаду сваёй «запаветнай» кнігі ў нашай прэстыжнай серыі. Гэту падзею ён адзначыў у Доме літаратара, у кабінеце старшыні Саюза пісьменнікаў, невялічкім банкетам, запрасіўшы на яго ўсіх нас — тых, хто прычыніўся да выдання аднатомніка. Яго дачка Наташа накрыла вельмі прыстойны стол, за якім мы хораша тады пагаманілі.

Мне заўсёды прыемна было сустракацца з Іванам Антонавічам, гутарыць з ім. Даволі часта мы перазвоньваліся па тэлефоне. Ён званіў мне, я — яму. Пры складанні чарговай кнігі «Беларускага кнігазбору» я раіўся з ім, якія творы лепш за ўсё для яе выбраць. Балазе Янку Брыля я ўключаў быў у нашу выдавецкую раду. Часцяком гаворка ў нас заходзіла і пра мову мастацкіх твораў, пра ўжыванне асобных слоў.

       Ды от атрымалася ў мяне з ім адна «няўвязка». У размове па тэлефоне я, здаецца, вельмі асцярожна папытаўся ў яго, чаму ён у сваіх творах не скланяе слова «маці», усюды піша: «разам з маці», «з імі былі іхнія маці» і г. д.

       — Ну — літаратуршчына, — адказаў ён, і мне пачулася ў яго тоне не зусім прыхованая раздражнёнасць.

      На гэтым наша размова закончылася.

      Пасля гэтага Іван Антонавіч мне не званіў. Я са свайго боку даўгавата шукаў нагоду, каб пазваніць яму і неяк згладзіць тую «няўвязку». Нагода знайшлася, калі рыхтаваў да выдання ў серыі «Беларускі кнігазбор» аднатомнік выбраных твораў Змітрака Бядулі: хацелася параіцца, якія ўключыць у кнігу яго апавяданні.

      Набраў нумар тэлефона Івана Антонавіча. Ды пачуў доўгія гудкі. Значыць, яго не было дома (жыў ён апошнім часам адзін — жонкі не стала раней).

      Тады я пазваніў яго дачцэ Наташы Семашкевіч і папытаў, дзе можа быць яе бацька.

      — Ён — у лечкамісіі, — адказала Наташа.

      — Захацеў падлячыцца?

     — Ага.

      Пачуўшы яе голас, які здаўся мне спакойным, я не падумаў пра нешта сур’ёзнае: магутны ж Іван Антонавіч выглядаў такім моцным, здаровым.

Таму я спакойна паехаў у сваю Зялёную Дуброву: прыеду адтуль, пазваню Івану Антонавічу — ён жа вернецца ўжо з бальніцы.

     Ды вот праз нейкі час заходжу я ў Старых Дарогах да свайго сябра — рэдактара райгазеты «Навіны Старадарожчыны» Міхася Татура ў яго кабінет, і ён проста ашаломлівае мяне весткай: памёр Янка Брыль!

     Яго смерць надоўга выбіла мяне з каляі. Я хадзіў акалічнымі дарогамі Зялёнай Дубровы і не знаходзіў сабе месца. Гэта была вялікая, незаменная страта для нашай літаратуры, для ўсіх нас, асабліва для тых, хто быў у шырокім полі яго шчырага спрыяння. Перада мной як бы адкрылася пустата. Божа мой, гэта ж я ніколі не пачую ўжо яго ўраўнаважанага, заўсёды зычлівага голасу, не змагу ні пра што з ім параіцца.

     Калі я вярнуўся ў Мінск, у паштовай скрынцы чакала мяне бандэроль: чарговая, цяпер апошняя ўжо яго кніга з дароўным надпісам: «Дарагому Кастусю Цвірку на добры ўспамін». Нібы развітальнае пасланне з таго свету.

     З Янкам Брылём я асабліва зблізіўся, калі працаваў у «Полымі». Ён прыходзіў да нас не толькі на сходкі рэдкалегіі, якой быў супольнікам, але і проста пасядзець, пагаманіць, нешта расказаць. А расказвальнік ён быў — такіх толькі пашукаць.

Вельмі цікава, заўсёды талкова і па сутнасці выступаў ён і на розных сходах. Яго хацелася слухаць і слухаць.

     Самыя значныя яго творы, якія назаўсёды астануцца ў нашай літаратуры — гэта яго «запаветныя» аповесці «Ніжнія Байдуны», «Золак, убачаны здалёк», «Муштук і папка», многія апавяданні, эсэ і яго лірычныя мініяцюры.

      «Пішу як жыву» — так назваў Янка Брыль адну са сваіх кніг, куды ўвайшлі і яго мініяцюры. Мне заўсёды хочацца чытаць і перачытваць гэтыя маленькія шэдэўры нашага народнага пісьменніка. У іх жа — увесь Янка Брыль, які «пісаў, як жыў».

 

 

Алесь Наўроцкі

 

     «Неба ўсміхаецца маланкаю». Толькі праўдзівы паэт мог назваць так сваю кнігу. Пра яго вельмі адметны талент сведчылі і самі творы ў ёй. Паглядзіце толькі на іх метафарычнасць: «Як яблык, планета Зямля выспявае ў садзе планет і зор», «Начапілі бярозы зялёныя крыллі і ўзлятаюць пад неба сінь», «Белыя скруткі калючага дроту кідае мяцеліца мне на спіну», «Чайнай лыжкай у шклянцы промень сонца з цукрам мяшаеш». А во куды павяла паэтаву думку простая расінка, што злятала (угледзеў жа!) з яблыневай галінкі:

 

Што ж, ляці, падарожжа жадаю сусветнага!

Хай з прыгодамі шлях будзе твой!

Праз тысячу год у паэта, як я, непрыкметнага,

Ты, магчыма, бліснеш слязой.

 

      Толькі дарэмна ён так на сябе: прыкметны і вельмі прыкметны паэт Алесь Наўроцкі. Унь які ўчэпісты ў яго зрок. Нават у звычайнай дошцы знайшоў ён паэзію:

 

Дошка!

Ну ж і ліха

Гэбаль па табе пахадзіў!

А пах твой такі, што, здаецца,

Ім толькі б жыў і дыхаў,

Дыхаў

І жыў!

Крыштальная!

Хай чарка не раз разаб’ецца

на паверхні тваёй люстраной!

Хай не раз пральецца

на цябе віно!

Эх, як жа сучок адпілавала пілка!

Як абазначаны кружочка ход!

Дошка!

Кожную

 тваю

жылку

Я выпіць

Гатоў,

Як мёд!

 

     Можна дараваць аўтару тое чужое «ліха» на пачатку верша, бо сам верш — беларускі ўсёй сваёй сутнасцю.

     Гэты вельмі адметны першы зборнік маладога паэта не магла не заўважыць крытыка. Праўда, не толькі ўхвальная крытыка, але і… аглабельная! У «правільнай» у цэлым кніжцы праз «іголкавае вушка» татальнага цэнзуравання, звышпільнага вывіжоўвання «ўсяго і ўся» нейкім незразумелым чынам узяла ды і праскочыла крамола! Ды яшчэ якая крамола! У той час, як з усіх рупараў і газет вялікай Савецкай краіны ляцеў аднагалосы хваласпеў «самаму перадавому ў свеце» калгаснаму ладу, нейкі маладзён з глухой палескай вёскі набраўся нахабства публічна ў тым «усумніцца», нават паздзекавацца:

 

Вось калгас.

Сабралі ўраджай.

Хочаш прывезці яго —

Мурашку

              у воз

                     запрагай.

 

      Ну ж і заваруху ў «ахоўнікаў парадку» падняла гэтая мурашка! Хто дапусціў? Як не ўгледзелі падкопу пад дзяржаўны падмурак? Амаль праз лупу пачалі аглядваць кожны радок крамольнай кніжкі. І апроч мурашкі знайшлі яшчэ ўсякіх там прытоеных блох. Тады і пайшла гуляць па рэбрах ды галовах віноўнікаў выдання кніжкі тая славутая аглобля!

     Калі гэты ж ідэйна не падкаваны аўтар (раней такіх чакала прамая дарога на Калыму, а то і ў Курапаты) прынёс у адзінае дзяржаўнае (недзяржаўных жа яшчэ не было) выдавецтва «Беларусь» сваю другую кніжку вершаў «Гарачы снег», рэдагаваць яе даручылі не гэтаму безадказнаму неслуху Васілю Сёмуху, а вернаму байцу партыі, самому загадчыку паэтычнага аддзела Алесю Бажко, які ведаў, як прышчаміць язык усякай контры.

     Ды Алесь Наўроцкі не мерыўся больш цвяліць стражнікаў ідэйнай чысціні: хай яны захлынуцца разам з усёй іхнай сістэмай! У новую кніжку ён уключыў пераважна лірыку. Хацеў выказаць усё, што вярэдзіла яго сэрца, шчыра адкрываў перад чытачом самае патаемнае. Вот сніцца яму сон:

 

І бачу, як расходзіцца сцяна,

ўваходзіць ціха праз сцяну — ЯНА.

І незаўважана, не кажучы нічога,

снег дзеркачом збівае ля парога.

Кухвайку скідвае на лаву, ля акна…

І да мяне — ў сукенцы лёгкай, белай.

Усё ва мне ад шчасця амярцвела.

 

Са мной ЯНА злілася ўся. Са мной.

Мне шыю абвіла сваёй касой.

Цалую шчокі і цалую губы,

з якіх сарваўся шэпт нясмелы: «Любы…»

 

      Так, гэта толькі сон, толькі жаданая мара. Мара пра тую, ініцыялы якой упісваў ён у кружочкі на прырэчным пяску: «Жыцця няўмольныя сівыя хвалі такіх кружочкаў многа назмывалі…» Ды ён быў перакананы, што яму «ніколі з ёй, ніколі не сустрэцца…» Чаму? Калі верыць яму самому, таму, што ён своечасова не адважыўся прызнацца ёй у сваім каханні. І ўпусціў яе, адзіную. Адсюль — усе яго думы, усе пакуты.

     Паэт, каб ясней выказаць свае перажыванні, бярэ сабе ў памочнікі нават просты гузік. Ён на яго кашулі «ледзь ліпіць», «плавае на нітцы», але прышыць хлопец не збярэцца, яму не да яго, як і не да ўсяго на свеце.

 

Ноччу парнай слухаю ля дому

птушку, што не моўкне у гаях.

Прышываюць гузік мой другому

рукі, без якіх — навошта я?

 

      Хто ж яна, тая, што адабрала ў яго нават цікавасць да жыцця? Ці не тая З., якой (нарэшце!) паэт напісаў вершам ліст, ліст-прызнанне, позняе прызнанне:

 

Не набіваюся я на дружбу,

позна пісаць такія лісты.

Недзе ж далёка кашулі мужу

і дачцэ кашулькі мыеш ты.

 

Абмываючы пеннае мыла,

выціраючы пот, што на лоб узбег,

ты мяне, такога маўклівага,

ці успомніла хоць на смех?...

 

О, каб ведала ты,

як каўнер мне быў цесны,

калі вы ў кіно ішлі ўдваіх,

як хацеў я памерці і ўваскрэснуць

ля тайны матчынай вуснаў тваіх!...

 

Знаеш, я «філосаф» не той даўно ўжо,

не гляджу маўчуном з кутка.

Мне калечкам ружовых ножак

абвівае шыю дачка.

 

Ці шчасліў жа я, зведаўшы блізка

ўсё, чым лёс быў са мной у даўгу,

ты спытаць мяне можаш. Нізка

звешу я галаву,

 

прыкушу за краёчак вусны,

чаравікам пясок прытапчу,

сцісну пальцамі пальцы да хрусту,

уздыхну і... прамаўчу…

 

     Такое от прызнанне. Не зважаючы ні на што, першае каханне засталося ў паэта ў сэрцы назаўсёды. Пра гэта — і верш, якім заканчваецца кніжка:

 

Усё глыбей на снезе сляды перажытага,

усё мацней і трывогі яго нязбытныя,

усё даўжэй пры святле зімовага дня

адзінока пляцецца мая лыжня, —

адзінока пляцецца да таго кургана,

дзе застыне ў жылах маіх вясна…

 

     Хоць ён, паэт (ці «лірычны герой»?) быў і жанаты, займеў дачку (што «калечкам ружовых ножак» абвівала яму шыю), але, як добра відаць з вершаў, не знайшоў у сям’і шчасця. А таму выбраў адзіноцтва. А што гэта такое, як ніхто лепш, Алесь Наўроцкі расказаў у вершы «Адзінота»:

 

Як быць? Куды пайсці сягоння?

На прызбу сяду пад акном,

а мухі будуць бзымкаць сонна

за павуцінным мутным шклом.

Я камень шыбану у проса,

што вераб’ямі зарасло.

Па недакурках папяросных

пайду сцяжынкай за сяло.

 

Хмурынка з неба ціха гляне —

напішуць ластаўкі кругі.

Сарвецца белы адуванчык

між пальцаў босае нагі.

 

Да грушы-дзічкі папрастую,

усядуся ў густой траве;

чарвівай грушай пачастуюць

мяне вятры па галаве.

 

Я выцягну з кішэні млява

запалак змяты карабок

і вычыркну дзеля забавы

маленькі жоўты аганёк.

 

Ён будзе на запалцы сохці,

яго да пальцаў падганю,

і апячэ мае пазногці

каханне дрэва і агню…

 

Верш даўгаваты, але ў ім — ні слова лішняга. Як ясна высвеціў — усімі тымі «мухамі» ды «недакуркамі папяроснымі» — «лірычны герой» Алесь сваю душу!

     Каб перадаць свой гнятлівы душэўны стан, Алесь Наўроцкі не бярэ ніводнага слова з вялікага сінанімічнага раду — смутак, сум, сумота, скруха, жаль, жальба, маркота, нуда, журба, бо яны толькі называюць пачуццё, а не паказваюць, не раскрываюць яго. У Наўроцкага іх замяняюць толькі тыя «мухі» ды «акуркі».

     Сваю самоту-сумоту, жыццёвую неўладкаванасць Алесь Наўроцкі заглушаў, як зноў жа відаць з вершаў, работай. Найперш, як патрэбны людзям доктар у бальніцах і паліклініках (ён жа скончыў Мінскі медінстытут). І ўдзень, і нярэдка сярод ночы выклікалі яго па тэлефоне, каб імчаў на машыне хуткай дапамогі каго-небудзь ратаваць ці ставіць на ногі.

Ці добра выконваў Алесь Наўроцкі сваю работу ў лекарскім званні, не магу сказаць, а вот вершы пра яе пісаў на «выдатна».

     Падаю толькі адзін з іх — «Прымаю роды».

 

Жалезны стол. Вам так нязвыкла.

З усіх бакоў трымаюць вас.

Расколваецца ад крыку

у акушэркі галава.

 

Што ж, рукі мы заспіртавалі,

і нам цяпер глядзець, чакаць…

Крычыце, як да вас крычалі

і будуць пасля вас крычаць.

 

Вы — маладая. Вам сямнаццаць

зарой абветраных гадоў.

Уражанне, нібы сямнаццаць

у вашай глотцы галасоў.

 

Гляджу на сінія, вясёлыя

праменні сонца на сцяне.

Паверце, ні адзін ваш голас

не далятае да мяне.

Для вас я — слуп, што назірае

мучэнняў сутаргавы час;

прычына ёсць і немалая,

чаму я не шкадую вас.

 

Не, не таму, што вы даверліва

цераз акно ўвайшлі к яму,

а выйшлі ад яго праз дзверы,

слязу змахнуўшы. Не таму.

 

А вось чаму. Непадалёку

дзяўчына ёсць, жыве адна —

пакінутая, адзінокая…

І хутка-хутка сівізна

 

Ёй выбеліць спачатку скроні,

а потым і чарнявасць кос.

Мужчыны на сваёй далоні

яшчэ яе трымаюць лёс.

 

Той, хто прынесці мог бы ласку,

травой пакрыты ў полі спіць,

з яго прабітай куляй каскі

у неба жаўранак ляціць.

 

Ёй сніцца ваша доля часам,

як глыб нябеснай сінявы,

яна б не войкнула ні разу,

каб толькі легчы там, дзе вы.

 

Што ж, рукі мы заспіртавалі,

і нам цяпер сядзець, чакаць.

Крычыце, як да вас крычалі

і будуць пасля вас крычаць.

 

     Даўгаваты і гэты верш. Ды ён — сама дасканаласць! Хацеў падаць яго ў скарачэнні (каб не падкалоў мяне які кпівец за доўгае цытаванне) — не скарачаецца! Усё ў ім на месцы! Увогуле пры разглядзе паэзіі, як я думаю, выхватваць толькі цытаты — значыць не даваць праўдзівага ўяўлення пра ўвесь твор. Хацеў пракаментаваць Алесеў верш — навошта гэтая жвачка? Па сабе мяркую: калі бяру на вочы артыкул пра якога паэта, прапускаю крытычную нудоту, а чытаю толькі прыведзеныя прыклады. З іх і без каментароў відаць талент (ці безталаннасць) паэта. Ды, зрэшты, і крытыка.

     Верш «Прымаю роды» з кніжкі «Гарачы снег» Алесь Наўроцкі для выдання «Пакаленні і папялішчы» кардынальна перапрацаваў, «падхарошыў», але мне мілейшы, нават не ведаю чаму, гэты, першапачатковы варыянт, які, здаецца, сам сабой выдыхнуўся некалі з грудзей маладога паэта.

     Апроч «медыцынскай практыкі» Алесю Наўроцкаму, думаю, найлепш памагала суцешвацца творчасць, літаратура: ён жа ёю жыў. Я, хоць і не часта, сустракаў Алеся на вуліцы. І мы, прахаджваючыся, здаецца, толькі пра яе, літаратуру, і гаварылі. Я быў рады, што ён вельмі ўхвальваў мой «Беларускі кнігазбор», усе тамы якога набываў. Ну, і раіў мне, каго з аўтараў лепш уключаць у серыю. Праўда, былі і вельмі нечаканыя парады. Прыкладам, Алесь хацеў бы бачыць у залатой серыі Еўфрасінню Полацкую. «Няважна, — казаў ён, — што да нас не дайшлі яе творы. Хай будзе сабрана ўсё, што пісалася пра яе. Такія вялікія постаці Беларусі нам усяляк трэба ўзвышаць». Правільна раіў мне Алесь. І мне трэба будзе ўлічыць яго меркаванне. Сваю думку выказваў Алесь Наўроцкі і пра Кузьму Чорнага. Ён лічыў, што самае цікавае ў яго — пачаткі. Пачаткі раманаў, аповесцяў. З іх, гэтых пачаткаў, ну і апавяданняў, мог бы скласціся вельмі цікавы, вельмі
 прадстаўнічы аднатомнік Кузьмы Чорнага. Выслухаць Алеся то я выслухаў,
але ж ці згаджацца тут з ім?

     Пад канец адной з тых гаворак я выказаў Алесю прапанову выдаць у «Беларускім кнігазборы» і яго творы. Ды ён, чамусьці, прапусціў мае словы міма вушэй, перавёў гаворку на іншае.

Вярнуўся я да гэтага «пытання», калі даведаўся, што Алесь сур’ёзна захварэў. Да яго на кватэру прыходзіў тады прыхільнік і часам удзельнік кнігазбораўскага праекта Міхась Скобла. Я і яму казаў, каб папрасіў Алеся Наўроцкага падрыхтаваць для нашай серыі аднатомнік сваіх выбраных твораў. Ды ён адмовіўся.

     Потым найбольш «кантактаваў» з Алесем Наўроцкім мой сябар Анатоль Клышка, а калі Алеся ўзялі ў бальніцу (дыягназ: рак), перазвоньваўся з яго сястрой Надзеяй, якая расказвала яму пра стан здароўя брата, прыехаўшы да хворага з Бабруйска. Ды Алесева здарўе не паляпшалася, а наадварот. Нарэшце, яго перавялі як безнадзейнага ў хоспіс: паміраць.

     Анатоль дазваніўся і туды, гутарыў з медсястрой. Яна расказала яму, што Алесь трымаецца вельмі спакойна і «ўсё нешта чытае». І там, на парозе ў вечнасць, не разлучаўся ён з кнігай, з літаратурай.

     Далей усякія з ім кантакты ў Анатоля Клышкі абарваліся, і ён нідзе не дазнаўся, як і калі памёр Алесь Наўроцкі. Вельмі прыкра, што пра яго, нашага выдатнага паэта, ды і празаіка, не парупіліся два пісьменніцкія саюзы (няважна, што дзівакаваты Алесь Наўроцкі не захацеў ублытвацца ў любую суполку), не далі ані ў якую газету пра яго некралог ці хаця б простае паведамленне.

Цяпер, калі Алеся не стала, а, значыць, адпала і яго забарона (а правільней сказаць — нежаданне, ці яшчэ як) друкавацца ў нашай серыі, я пачаў думаць, як усё ж выдаць яго ў «Беларускім кнігазборы». Найперш трэба было сабраць яго творы.

     Апрача выдадзеных кніг, у яго засталося многа неапублікаванага. Не змог пры жыцці надрукаваць ён свае раманы, пра якія даўно хадзілі ўсякія чуткі. Больш канкрэтна пра іх расказаў мне пры сустрэчы Генрых Далідовіч. Калі ён працаваў у часопісе «Полымя», сюды і прынёс быў Алесь Наўроцкі два свае раманы. Далідовіч прачытаў іх і меўся адзін з іх прапаноўваць да друку. Той, у якім аўтар цікава расказаў пра сваю работу ва ўчастковай бальніцы ў вёсцы Аравічы Хойніцкага раёна адразу па заканчэнні Мінскага медінстытута. Ды Алесь Наўроцкі паставіў ультыматум: надрукаваць у «Полымі» абодва раманы. Калі ж змясціць два раманы ў рэдакцыі не змаглі, ён забраў назад абодва. Нейкія свае ўмовы выстаўляў ён і ў выдавецтве «Мастацкая літаратура», умовы, на якія не пайшло выдавецтва. Таму і адтуль забраў Алесь свае вялікія аб’ёмам творы. Так і асталіся яны дасюль неапублікаваныя.

     У рукапісах засталіся ў яго і многія паэтычныя творы. Некалькі яго вершаў апублікаваў у сваёй «Літаратурнай Беларусі» Алесь Пашкевіч. Вельмі цікавыя вершы. Я нават выразаў іх для сябе.

Дзе ж цяпер апынуліся рукапісы Алеся Наўроцкага? Каб даведацца пра гэта, я не без цяжкасці дазваніўся да яго сястры Надзеі, якая жыве ў Бабруйску. Так, усё ў яе. Я расказаў Надзеі Піліпаўне, што бяруся выдаць творы яе брата. Ну і каб не прапала яго спадчына, варта перадаць яго паперы ў дзяржаўны архіў. З усім гэтым яна пагадзілася. Я пазваніў дырэктару літаратурнага архіва-музея Ганне Запартыка і прапанаваў забраць і прывезці з Бабруйска рукапісы Алеся Наўроцкага.

     Ганна Вячаславаўна аператыўна адгукнулася на гэта, і рукапісная спадчына паэта цяпер у дзяржаўным архіве. Тады ж я папрасіў Віктара Жыбуля, які працуе ў тым архіве, падрыхтаваць для «Беларускага кнігазбору» аднатомнік выбранага Алеся Наўроцкага і напісаць да яго прадмову.

Віктар Жыбуль з усёй сур’ёзнасцю ўзяўся за працу. У рукапіснай спадчыне Алеся Наўроцкага ён знайшоў надзвычай цікавыя яго празаічныя творы — аповесць «Дома», вялікі гістарычны раман, які аўтар прыносіў некалі ў «Полымя»,
раман «Прыпяць», а яшчэ шмат новых, таксама не апублікаваных вершаў, дзённікавых нататкаў ды эсэ.

     Праўда, усё вартае змясціць у аднатомніку нам не ўдалося. Галоўнае, у кнігу апрача лепшых раней апублікаваных вершаў мы змаглі ўключыць нямала новых, не вядомых чытачу. Вялікі раздзел адвялі прозе. Сюды ўвайшлі два згаданыя творы («Дома» і «Прыпяць» ) і раман у апавяданнях «Валун», які быў выдадзены ў 1976 годзе ў «Мастацкай літаратуры».

З усіх гэтых твораў чытач убачыць, які выдатны паэт і празаік жыў сярод нас.

     Яшчэ больш пераканаўся б ён у гэтым, калі б змог азнаёміцца з усёй, даволі багатай спадчынай пісьменніка. Засталіся ж неапублікаваныя многія яго празаічныя творы, і ў першую чаргу той гістарычны раман «Пакаленні і папялішчы» (дарэчы, так назваў Алесь Наўроцкі і кнігу сваёй паэзіі), яго шматлікія эсэ і дзённікавыя запісы, яго вершы і паэмы. Апошнюю сваю вельмі аб’ёмістую паэму сам аўтар у размове з прыхільнікамі яго таленту вельмі сур’ёзна прыраўніваў да «Новай зямлі» Якуба Коласа. А ў ацэнках і сваіх, і чужых твораў Алесь Наўроцкі быў заўсёды аб’ектыўны. Вось толькі дзе гэтая паэма, якой мы не ведаем нават назвы? У паперах, што перадала ў архіў яго сястра, паэмы той не аказалася. Мо засталася ў ягоным кампутары, на якім апошнім часам друкаваў пісьменнік свае творы? Ці проста з нейкай прычыны не перадала яе ў архіў Алесева сястра Надзея Піліпаўна? У кожным разе паэму трэба б абавязкова знайсці. Як і ўсё напісанае Алесем Наўроцкім. Знайсці і выдаць. Думаю, гэтым мог бы заняцца новы акадэмічны Інстытут літаратуразнаўства, якім кіруе Іван Саверчанка. Лічу нашым абавязкам не даць згубіцца творам Алеся Наўроцкага, якога можна паставіць у адзін шэраг з такімі нашымі пісьменнікамі, як Іван Мележ і Уладзімір Караткевіч.

     Творчую манеру Алеся Наўроцкага я назваў бы адным словам — іранічная. На ўсё глядзіць ён з прытоенай (а то і не з прытоенай) усмешкай. Добрай усмешкай. І смяецца не толькі з людзей наўкола яго, а і з самога сябе, нават са сваіх бацькоў — сельскіх настаўнікаў Ніны Апанасаўны (у творы яна — Зінаіда Антонаўна) і Піліпа Кірылавіча Наўроцкіх. От да вушэй Зінаіды Антонаўны «даплылі пошапкі», што «яе законны Піліп Кірылавіч» поцемкам праводзіць дадому суседку. І Зінаідзе Антонаўне адразу захацелася «схапіць лазіну». Толькі пошапкі ёсць пошапкі. Як жа ёй дазнацца праўду? І прыдумала. Ідучы са школы дадому, купіла ў краме «дзве пляшкі гарэлкі». «Піліп Кірылавіч, муж яе, які раней вярнуўся дадому, выгляд меў пажаваны. Зінаіда Антонаўна мігам раздзьмула агонь. Хутка на стале засквірчэла, круглеючы жаўткамі, поўная скаварада. Куды падзелася пажаванасць мужа, калі Зіна Антонаўна адкаркавала саракаградусную і пабулькала ў дзве шклянкі.

    — З чаго гэта расшчодрылася так? — расцвіў Піліп Кірылавіч.

     — Э, колькі таго жыцця… Такой халадзінай толькі і пагрэцца, — заскакалі неазначальна-радасныя хітрынкі ў вачах Зіны Антонаўны.

Піліпа Кірылавіча ўпрошваць доўга не трэба. Хутка пахвальба закруцілася на яго языку. Зіна Антонаўна нібы прымагніцілася да яго, пяшчотна зірнула яму ў вочы.

     — А ты прызнайся мне… Прызнайся… — гаварыла яна, падліваючы ў чарку зноў і зноў. — Я цябе ніколі не папракну. Ты мне яшчэ болей будзеш… Усё роўна ўсе ўжо ведаюць…— Зіна Антонаўна вілася ля яго з ласкавым угаворам, падлівала і падлівала ў чарку, а сама, падчапіўшы на відэлец скварку, засоўвала яму ў рот. — Усё роўна ўсе ўжо ведаюць… — угаворвала, укалыхвала яна.

     Піліп Кірылавіч адарваў свае вочы ад прыкарэлай на стале хлебнай крошкі, сказаў:

     — Знаеш, чорт мяне папутаў з гэтай чартоўкаю… З гэтай…

     Зіна Антонаўна, не дыхаючы, апусцілася на лаву, рукі, падсечаныя мужавым прызнаннем, упалі ёй на калені. Спіна яе зморана прытулілася да сцяны, за якой усё мацней шоргаў калючы вецер» («Завіруха»).

     Закончылася гэтая «пачостка» тым, што «Зіна Антонаўна паднялася, рашуча падышла да стала і вырвала з мужавых рук недапітую шклянку».

     А во як смяецца Алесь з сябе, «з таго баязліўца, які вершыкі папісвае».
У сельскім клубе, куды прывезлі кіно «Кубанскія казакі», удалося яму сесці побач з вельмі вабнай красуняй Гандзяй. Ды от як яму трымацца з ёй? Што гаварыць? Ліхаманкава шукае хоць якія словы. Ды яны ўсё не прыходзяць яму ў галаву.
«Ну, чаму я маўчу? Я ж праводзіў яе дахаты. Трэба што-небудзь запытаць у яе. «Ну, як вам кіно?» Не, не, толькі не гэта! Але калі не гэта, дык пра што ж спытаць? Пра што? Як доўга не гасне святло! Хутчэй бы запусцілі другую частку! Маўчаць жа нельга болей… нельга… нельга…

     — Ну, як кіно вам? — пытаюся ў Гандзі і ўжо наперад ведаю, што яна
адкажа: «Нічога», а я скажу : «І мне нічога».

     — Нічога, — адказвае Гандзя на маё пытанне.

     — І мне нічога, — зазначаю я.

     Хутчэй бы запусцілі другую частку! Вечна ў іх нешта не клеіцца!»

     Ды калі кончылася кіно і ўсе пачалі разыходзіцца, Алесь даганяе на вуліцы Гандзю.

     «— Ну, як кіно вам?

     — Нічога…

     — І мне нічога…, — уздыхаю я.

     Ля свайго двара я раптам рашуча кранаю Гандзіна плячо.

     — Можна правесці вас?

     — Не, не, дзякуй, я сама…

     Крокі глушэюць у вільготнай цемры» («Сустрэчы»).

      Гэтая ж іранічная манера пісьма бачыцца мне і ў рамане «Прыпяць»,
у аповесці «Дома». Ды і ва ўсёй прозе Алеся Наўроцкага. Зрэшты, і ў паэзіі. Іронія — гэта той шчасліва знойдзены канёк, які і прывёў яго ў літаратуру. У вялікую літаратуру.

      І яшчэ адна асаблівасць Алеся Наўроцкага: ён піша пра тое, што добра ведае. А лепей за ўсё ён ведае сябе, сваю сям’ю, людзей, з якімі так ці інакш звязаны. Нават імёны не мяняе. Галоўны персанаж твораў Алеся Наўроцкага — Алесь Наўроцкі, які выступае то ў першай, то ў трэцяй асобе. У машанапісе аповесці «Дома», які я трымаю ў руках, спярша ён назваў свайго героя Алесь Наўрыцкі, ды потым закрэсліў «Наўрыцкі» і надпісаў сваёй рукою — Наўроцкі. Так што ўсюды ён

— Алесь Наўроцкі. Уласнай персонай. Такі, які ёсць.

     Колькі мне помніцца, ні ў кога з пісьменнікаў я не сустракаў такога. Кожны, хто пісаў свайго героя з сябе, прыдумляў яму нейкае іншае імя. Бо хто ж хоча цалкам раскрывацца перад людзьмі? У кожнага ёсць што таіць. Алесь Наўроцкі нічога таіць, прыхоўваць не захацеў. З адкрытым сэрцам выйшаў ён да людзей.
І чытач не можа гэтага не ацаніць.

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.