Вы тут

Брэст яскрава адсвяткаваў свой юбілей


Грандыёзным шоу «Міленіум», маляўнічым карнавалам, парадам аркестраў і дзясяткамі іншых мерапрыемстваў адсвяткаваў Брэст свой юбілей.


Брэст гуляў тры дні. Яго насельніцтва ў мінулыя выхадныя, паводле некаторых падлікаў, павялічылася амаль на чвэрць за кошт шматлікіх гасцей, турыстаў. Не падвяло надвор'е, усе дні былі сонечныя, цёплыя, але не гарачыя. Здавалася, прырода лагодна ўсміхнулася брастаўчанам: гуляйце напоўніцу, святкуйце сваё тысячагоддзе.

І галоўнае, што сваю тройчы круглую дату абласны цэнтр сустрэў у абноўленым, памаладзелым выглядзе. Як той казаў, не сорамна было і гасцей клікаць. Гэты факт адзначыў і кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, які прыехаў павіншаваць гараджан у першы дзень святкаванняў. Прыгажосць, чысціню і парадак адзначалі таксама шматлікія госці. Пра гэта гаварылі нават у грамадскім транспарце, бо абсалютная большасць пасажыраў у суботу з мікрараёнаў накіроўвалася ў цэнтр горада, дзе было найбольш святочных пляцовак. На пешаходнай вуліцы Савецкай, вуліцы Гогаля сапраўды атрымаўся горад-свята. Тут цягнуліся рады гандляроў, рамеснікаў, тых, хто прадстаўляў народную творчасць, на імправізаваных сцэнах выступалі розныя калектывы, працавалі выязныя студыі беларускіх тэлеканалаў.

А ў поўдзень загучалі званы Свята-Мікалаеўскай брацкай царквы і іншых храмаў горада. У названым храме службу здзейсніў архіепіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан.

— Мы з'яўляемся ўдзельнікамі вялікай гістарычнай падзеі — святкуем тысячагоддзе нашага горада, — сказаў, звяртаючыся да прысутных, уладыка. — На ўсіх нас ляжыць вялікая адказнасць за тое, які горад мы пакінем нашчадкам. Мы не павінны спыняцца на дасягнутым. Трэба імкнуцца да таго, каб даць добры імпульс будучыні. Мы не павінны забываць пра духоўнае развіццё нашага народа, жыхароў гэтага горада, усіх нас, таму што менавіта духоўны пачатак — аснова ўсіх асноў. Дарагі горад Брэст! Будзь мудры, будзь мірны, будзь цярплівы і працуй для таго, каб твае жыхары радаваліся і ўдасканальваліся духоўна, — павіншаваў прыхаджан і гасцей святар.

Пра духоўныя традыцыі на гэтым святкаванні не забывалі. Варта сказаць, што самае першае юбілейнае мерапрыемства адбылося ў новым тэатры лялек. Гэта быў міжнародны дзіцячы фестываль тэатраў і кніг «Кніжны шкап». У праграме яго знайшлі месца аж 30 спектакляў па дзіцячых кнігах і 70 літаратурных і культурных імпрэз. Ды і прайшоў ён у знакавым для Брэста месцы — лялечным тэатры, будынак якога ўзвялі да юбілею замест старога.

Ну а на вуліцы Савецкай шмат увагі аддавалася народным традыцыям і народнай творчасці. Тут знайшлося месца і музею «Бездзежскі фартушок», і маларыцкім народным строям. А ткацтва прадстаўляла вядомая маларыцкая майстрыха Сцепаніда Сцепанюк. Яна ж давала майстар-класы па прадзенні пад свае любімыя народныя песні. Шмат гледачоў сабраў дэфіле-паказ касцюмаў Брэсцкай вобласці «Модны стыль — народны тэкстыль».

Наогул пешаходная вуліца Савецкая, мусіць, ніколі раней не змяшчала столькі людзей адначасова. Не пакідала ўражанне, што па ёй рухаецца суцэльны людскі паток. Адзін разгублены рамеснік паразважаў услых: «Цікава, дзе ўсе гэтыя людзі жывуць і падсілкоўваюцца? Нашых кавярняў, пэўна, не хопіць». Але ж большасць з іх яўна былі брастаўчане, проста ў гэты дзень яны адарваліся ад камп'ютараў і тэлевізараў, не паехалі на дачы і прыйшлі пасвяткаваць разам з горадам.

Бо хіба ж можна было прапусціць, напрыклад, маляўнічы карнавал?! Яго калона расцягнулася прыблізна на тры кіламетры. Пачыналася шэсце ад бульвара Касманаўтаў, а фінішавала на плошчы Леніна. Карнавал на Дзень горада праходзіў у нас і раней, але гэты аказаўся асабліва шматлікі і яркі. У ім удзельнічалі госці з Расіі, Польшчы, Казахстана, Малдовы. Былі ўдзельнікі ад прадпрыемстваў і арганізацый Брэста. Кожны прадставіў сваю цікавую сцэнку альбо дэфіле на пэўны сюжэт. Напрыклад, «Брэсцкае марожанае» ў цэнтр пастаноўкі вывела вялікага белага мядзведзя, якога ўсе ведаюць па абгортцы пламбіра «Цімоша». Кампанія «Санта-Брэмар» праехала па карнавальным шляху на вялікім караблі з лагатыпам тысячагоддзя на ветразях, а гармата пры гэтым выдавала магутны феерверк з сярэбраных канфеці. Парадаваў тэатр жывых скульптур «Ларчык» пад кіраўніцтвам Віталя Ларчыка. Да гэтага ён упрыгожваў святкаванні на Савецкай, а на карнавале прадставіў прыгожую легенду ХV стагоддзя пра гарадскога трубача. На вуліцы ж Леніна карнавал перадаў эстафету артыстам, якія падрыхтавалі канцэрт.

Тым часам усё болей людзей збіралася ў раёне вяслярнага канала, дзе было заяўлена асноўнае мерапрыемства святкавання — шоу «Міленіум». Брэст дакладна раней не бачыў такога ўзроўню і маштабу дзеі, — знаўцы кажуць, што і Беларусь таксама. Ну, па-першае, гэта сцэна вышынёй з пяціпавярховы дом, якая ўяўляла сабой цэлы комплекс канструкцый, прывезеных з Польшчы, Беларусі і Расіі. У пастаноўцы выкарыстоўвалі ваду, святло і музыку. Увасобленая ў жыццё смелая ідэя аўтарскай групы, несумненна, вартая захаплення. Музычна-гістарычную кампазіцыю паставілі галоўны рэжысёр Анжаліка Мікульская, рэжысёр-пастаноўшчык Марыя Траццякова, харэограф-пастаноўшчык Яўгенія Чарношава, музычнае суправаджэнне напісаў кампазітар Леанід Шырын.

Паводле некаторых падлікаў, паглядзець шоу прыйшло каля 70 тысяч чалавек. А калі ўлічыць, што прамая трансляцыя вялася па тэлебачанні і ў інтэрнэце, то гледачоў набярэцца сотні тысяч.

І было што паглядзець, трэба сказаць. Канцэрт «Міленіума» складаўся з 16 эпізодаў і расказаў пра гісторыю горада ад сярэднявечча да нашых часоў, пра галоўныя падзеі, людзей. На вачах гледачоў горад будаваўся, ваяваў з захопнікамі, абараняўся, атрымліваў магдэбургскае права, праводзіў кірмашы, шмат працаваў, ваяваў у апошнюю вайну. Найноўшыя тэхналогіі, якія выкарыстоўваюцца сёння ў шоу, дазволілі стварыць эфект пагружэння ў тую ці іншую рэальнасць. Было цікава, калі сучасныя дыктары тэлебачання ў вобразах сваіх калег кожнага з пасляваенных дзесяцігоддзяў паведамлялі пра нейкае дасягненне горада, а з дапамогай экраннай хронікі і сучасных эфектаў яно ўвачавідкі праходзіла перад гледачамі.

Часткай прадстаўлення сталі рэальныя брэсцкія маладажоны, якія прамовілі словы любові і вернасці перад такой аграмаднай аўдыторыяй. Дарэчы, у дні святкаванняў шлюб узялі 64 пары — гэта нашмат больш, чым у звычайныя выхадныя дні.

У канцэрце ўдзельнічалі сотні артыстаў. Для брастаўчан выступалі Іна Афанасьева, Алёна Ланская, Іван Вабішчэвіч, Тэа, Nаvіbаnd. Кампазітар, народны артыст Беларусі Эдуард Ханок напісаў да юбілею песню пра Брэст і выступіў з ёй.

Адным з апошніх эпізодаў «Міленіуму» стала клятва, якую ад імя брастаўчан зачытаў ганаровы грамадзянін Мікалай Кузьміч. «Сёння мы пішам першыя радкі ў кнізе другога тысячагоддзя Брэста. Няхай наступнае пакаленне, якое зазірне ў гэтую кнігу, прачытае ў ёй нашыя любоў і адданасць роднаму гораду», — гаворыцца ў тэксце клятвы.

Завяршылася шоу маляўнічым феерверкам, які працягваўся каля 15 хвілін.

Мерапрыемстваў за тры дні было багата. Пра ўсе не раскажаш у адным газетным артыкуле. Заслугоўваюць увагі, несумненна, і парад аркестраў, на які сабраліся сотні музыкантаў з розных краін, і брэсцкі паўмарафон, што аб'яднаў аматараў бегу, і фестываль «Белая вежа», які пачаўся ў нядзелю, але трошкі растварыўся за мноствам розных мерапрыемстваў і культурных падзей. Думаю, што адсвяткавалі годна. І ўсё ж галоўнае, на мой погляд, у гэтым юбілеі тое, што застаецца. Новыя масты, новы тэатр, абноўлены гарадскі сад, прыгожая набярэжная, многа-многа пасаджаных дрэў ды іншае, што з'явілася для камфортнага жыцця брастаўчан. Цяпер важна не зніжаць планку, падтрымліваць і развіваць горад далей.

 

 

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота БелТА


А яшчэ напярэдадні святкаванняў у Брэсце адкрылі першы рэстаран хуткага харчавання «МакДональдс». У святочныя выходныя выстраіліся настолькі вялікія чэргі, што жадаючых паласавацца запускалі ў будынак «парцыённа». За гэтыя дні рэстаран наведала 35000 чалавек.

Загаловак у газеце: Пралог да другога тысячагоддзя

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».