Вы тут

У Івацэвічах прадэманстравалі, як раскрыць камерцыйны патэнцыял рэгіёнаў


Тэндэнцыя апошняга часу — развіццё брэндаў. І найбольшы плён у гэтай справе дае зварот да гісторыка-культурнай спадчыны. У народзе кажуць: што ні край, то звычай. У кожнай мясцовасці — свая ўнікальнасць, якая чакае раскрыцця. Як «раскрыць» адметнасці і зрабіць іх прыцягальнымі для турыстаў? Як развіць брэнд? Што прадугледжвае крэатыўны дыялог? Адказы знайшлі ў Івацэвічах — горадзе, які нядаўна маштабна адсвяткаваў 500-гадовы юбілей.


Станіслаў Ратахін і Юлія Якушава распрацавалі вэб-рэсурс  па прасоўванні Івацэвіцкага краю.

Менавіта тут падчас праекта «Капітал месца», арганізаванага Асацыяцыяй абароны інтэлектуальнай уласнасці «БелБрэнд» пры падтрымцы Івацэвіцкага райвыканкама і Пасольства Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь, юныя даследчыкі і актывісты з усёй Беларусі падчас каворкінгу абменьваліся ідэямі, прапаноўвалі шляхі развіцця брэндаў на аснове гісторыка-культурнай спадчыны.

Івацэвіцкі раён мае відавочную прыцягальнасць з пункту гледжання стварэння новых брэндаў — як нацыянальных, так і з міжнародным значэннем. Упершыню ў пісьмовых крыніцах Івацэвічы згадваюцца пад 1519 годам: у Літоўскай метрыцы ёсць акт аб перадачы гарадзенскім купцам за даўгі «маёнтка Івачэвічы». Рэгіён, багаты гісторыяй, славіцца і сусветна вядомымі асобамі. Тут у фальварку Марачоўшчына, што недалёка ад Косава, нарадзіўся Тадэвуш Касцюшка, знаны палітычны і ваенны дзеяч Рэчы Паспалітай. Пакінуў свой след тут кампазітар, паэт, мецэнат, дзяржаўны дзеяч ВКЛ Міхал Агінскі: па яго ініцыятыве і на яго сродкі быў пабудаваны канал, які злучыў басейны Чорнага і Балтыйскага мораў, — дарэчы, гэта самы стары беларускі канал. Гэтая зямля зведала падзеі паўстання Кастуся Каліноўскага (1863—1864). Ну і вядома, непераўзыдзеная перліна рэгіёна — Палац Пуслоўскіх, рэстаўрацыю якога плануюць скончыць да 2020 года (а да 1 кастрычніка бягучага года будуць здадзены ў эксплуатацыю гасцініца і кавярня палаца).

— У Івацэвіцкім раёне жылі асобы, вядомыя ўсяму свету, — адзначыла аўтар ідэі праекта, намеснік старшыні Асацыяцыі абароны інтэлектуальнай уласнасці «БелБрэнд», кіраўнік Дэпартамента інавацыйных праектаў Валянціна Дыніч. — Асноўная ідэя праекта «Капітал месца» — каб багацце беларускай зямлі рабілася вядомым, запатрабаваным не толькі намі, але і ва ўсім свеце, бо ў нас ёсць чым ганарыцца.

— Нягледзячы на тое, што гораду Івацэвічы ўжо 500 гадоў, сусветная суполка яшчэ мала ведае пра магчымасці і таленты, якія горад гатовы прадставіць свету, — мяркуе віцэ-старшыня Еўразійскай творчай гільдыі (Лондан), дырэктар выдавецтва Hertfordshіre Press Марат Ахмеджанаў, які быў запрошаны ў экспертны савет каворкінгу. — Мы як грамадская арганізацыя аб'ядноўваем творчых асоб па ўсім свеце і будзем рады дапамагчы выкарыстаць вопыт, які ёсць у Вялікабрытаніі, па прасоўванні лакацый. А ў Вялікабрытаніі любы горад — брэнд: Сэндвіч, Чэдэр, Тэлэстэр, Уінчэстэр зрабілі вялікі ўнёсак у гісторыю. Упэўнены, што ў Івацэвіч вялікая будучыня ў гэтым плане, таму будзем вам дапамагаць.

— Мы часам недастаткова выкарыстоўваем патэнцыял роднай зямлі, каб прасоўваць сябе, праекты, ідэі, — мяркуе Валянціна Дыніч. — Прыклад: Чайкоўскі нарадзіўся ў Воткінску (Удмуртыя). Думаеце, ва Удмуртыі ёсць што-небудзь, што нагадвае пра Чайкоўскага? А вось Моцарт — іншы вялікі класік музыкі — адзін з першых раскручаных брэндаў, і Аўстрыя ад яго атрымлівае вялікія грошы. Мастацтва і брэнд сёння — патэнцыял, які выкарыстоўваецца шырока, але часта не намі.

Цікавыя ідэі і распрацоўкі па развіцці брэндаў прэзентавалі ўдзельнікі каворкінгу «Капітал месца» — маладыя людзі з усіх абласцей краіны. Найбольш уразілі прадстаўнікі Брэсцкай вобласці. Так, максімальна выкарыстоўваць мясцовую спецыфіку для павышэння значнасці рэгіёнаў прапанавалі Станіслаў Ратахін і Юлія Якушава, вучні 9 класа сярэдняй школы № 3 Івацэвіч: яны стварылі вэб-сайт «Турыстычны даведнік. Івацэвіцкі край» (tourіsm.rooіvacevіchі.gov.by) і маюць на мэце папулярызаваць турыстычны патэнцыял рэгіёна. Адметнасць сайта — раздзел «Народныя ўмельцы», дзе папаўняецца картатэка майстроў Івацэвіцкага краю. Тут і лозапляценне, і ткацтва, і вышыўка, і ганчарства. Аўтары праекта разлічваюць, што сайт будзе дапамагаць адраджаць мясцовыя традыцыі і зробіць народныя рамёствы турыстычным брэндам малых вёсак. А такім чынам узнімаецца значнасць рэгіёнаў.

Палац Пуслоўскіх, рэстаўрацыю якога плануюць скончыць да 2020 года (а да 1 кастрычніка 2019 г. ужо будуць здадзены ў эксплуатацыю гасцініца і кафэ палаца).

Адмысловы праект Станіслава і Юліі ўжо знайшоў зваротную сувязь. Старшыня Івацэвіцкага райвыканкама Аляксандр Грыцук прапанаваў юным даследчыкам супрацоўніцтва: вырашыць з дапамогай сайта задачу па пошуку арандатара для аб'ектаў палаца Пуслоўскага.

Мікіта Бянько, вучань 8 класа Косаўскай сярэдняй школы, зацікавіўся развіццём робататэхнікі. Для набыцця практычных навыкаў у асваенні робататэхнікі ў сваім праекце «Праграмаванне Arduіno» Мікіта прапануе выкарыстоўваць электронную мантажную плату Arduіno. З яе дапамогай можна ствараць і кіраваць рознымі прыладамі, такімі як датчыкі руху, тэмпературы, ціску. Arduіno — інструмент для праектавання электронных канструкцый, які ўзаемадзейнічае з наваколлем больш шчыльна, чым персанальныя камп'ютары.

— Гэты каворкінг — не проста стартап-праекты, — яны накіраваны на тое, каб прыдумаць, як іх прасунуць з акцэнтам на беларускасць, — заўважае Валянціна Дыніч. — Мы шукаем, чым адметны пэўны рэгіён. У Шчучыне, напрыклад, ёсць асаблівая кадрыля, якая ўнесена ў Спіс сусветнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА, ды ці танцуюць яе ў Шчучыне? А на гэтай глебе можна было б арганізаваць чэмпіянат танцаў...

Ідэй для прасоўвання рэгіёнаў можа быць шмат, лічыць Марат Ахмеджанаў і прыводзіць у прыклад брытанскі вопыт: «Дзіўна, але краіна, дзе няма пляжаў, дзе ўсё дорага, дзе туманы і дажджы, прымае больш чым 36 мільёнаў турыстаў у год. Гэта больш, чым Тайланд, Малайзія ці іншыя краіны. У Францыі ёсць Сэн-Трапэ, Блакітны бераг, Альпы — у Англіі гэтага няма. Але самы галоўны яе інструмент — культура, гісторыя. Чаго каштуе адзін Уільям Шэкспір! Музей Шэкспіра ў год наведвае 250 тысяч замежных турыстаў. Улічым, што ён знаходзіцца ў невялікім гарадку за 50 кіламетраў ад Лондана — і едуць спецыяльна дзеля Шэкспіра. А фестываль Чарльза Дыкенса! Няма тых, хто не чуў пра выбітных асоб Англіі: Джэйн Осцін, Артур Конан Дойль, Байран... Гэта ўсё брэнды — тое, што прыносіць краіне грошы. Сrеаtіvе medіa (музеі, канцэрты, забаўляльная сфера; турызм сюды не ўваходзіць) дае краіне 12 % ВУП. Трэба выкарыстоўваць гэты вопыт». Старшыня Еўразійскай творчай гільдыі згадаў гісторыю Леона Бакста. Мастак, стваральнік дэкарацый, тканін Леон Бакст родам з Гродна. Ён быў выбітнай асобай свайго часу. Аднойчы пасля вайны, у 1946 годзе, амерыканец Джым Томпсан ляцеў з Нью-Ёрка ў Тайланд, і яму падарылі кнігу з работамі Леона Бакста. У Тайландзе ён убачыў, што там развіта вытворчасць тканін з шоўку. Ён вырашыў скарыстаць малюнкі Леона Бакста для гэтых тканін. Першае, што было тады запатрабавана, — гальштукі. І гэта становіцца паспяховым брэндам. «Брэнд Джыма Томпсана — адзін з самых папулярных і дарагіх у свеце. 80 % патэнтаў створана на мастацтве Леона Бакста. Цяпер гэта заводы па вытворчасці керамікі, мэблі, тканін, сумачак, вопраткі, — расказвае Марат Ахмеджанаў. — Вось так: нарадзіўся і вырас Бакст у Беларусі, пачаў тварыць у Санкт-Пецярбургу, праехаў увесь свет. На жаль, яго сям'я аўтарскія правы не ўзаконіла. Таму трэба развіваць творчасць выхадцаў з Беларусі, абараняць правы».

Звяртаючыся да магчымасцяў рэгіёна, Марат Ахмеджанаў задаўся пытаннем: што можна зрабіць у прасоўванні брэндаў для Івацэвіч? Мабыць, кожны адукаваны чалавек чуў пра Івана Грознага. А ці ведае хто, як звязаны Іван Грозны з Івацэвічамі? Аказваецца, наўпрост: яго маці Алена Глінская нарадзілася менавіта ў Івацэвіцкім раёне.
Ці не варта скарыстацца гэтым для распрацоўкі брэнда?

Наталля СВЯТЛОВА

Загаловак у газеце: Спадчына ператвараецца ў інвестыцыйны праект

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?