Сёлета Беларусь у якасці афіцыйнага Ганаровага госця запрошана да ўдзелу ў 32-й Маскоўскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-ярмарцы, якая адкрылася 4 верасня. Званне накладае пэўныя абавязкі, выклікае павышаную ўвагу да прадстаўлення краіны: з якімі ідэямі і думкамі мы на вялікай пляцоўцы? У чым адрозненне ад мінулага года? Плошчу ў 222 квадратныя метры трэба запоўніць не толькі кнігамі і кніжнымі праектамі, але і цікавымі падзеямі.
Як адзначыў напярэдадні фэсту намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Бузоўскі, канцэпцыя беларускіх удзельнікаў выстаўкі тая ж, што і на сёлетняй кніжнай выстаўцы ў Мінску — тэма малой радзімы, якая была і застаецца актуальнай: і па колькасці наведвальнікаў, і па камерцыйным складніку гэта стала зразумела яшчэ з вынікаў працы на мінскім форуме. Забудова каля стэнда сімвалізуе Год малой радзімы і беларускую гасціннасць...
На прэзентацыйна-выставачнай пляцоўцы — праект Уладзіміра Ліхадзедава «У пошуках страчанага» пад сэнсавай нагрузкай «25 гадоў беларускай дзяржаўнасці — 25 кніг». У выданнях сабраны ўнікальныя калекцыі паштовак, якія адлюстроўваюць і мінулае, і сучаснасць. Праект дапоўнены скульптурнай кампазіцыяй зубра, змантаванага са старых друкарскіх станкоў, — як сімвал і аснова ведаў, буквара, Бібліі і ўсяго, што сёння ўвасабляе паняцце дзяржаўнасці. На Дні беларускага пісьменства зубр гэты ўжо вабіў наведнікаў, выклікаючы пэўныя алюзіі і асацыяцыі з гістарычнымі падзеямі краіны.
Пляцоўка для гандлю: беларуская кніга нязменна выклікае цікавасць у расійскага чытача. Сёлетнім пакупнікам шанцуе: кожны з іх мае магчымасць аддрукаваць старонку скарынаўскай Бібліі на станку па тэхналогіях ХVI стагоддзя.
Асноўная справа на выстаўцы — прэзентацыя айчынных выдавецтваў, якія працуюць над вырашэннем сацыяльна значных пытанняў падтрымкі культуры.
Праграма ўдзелу Беларусі ў выстаўцы прадугледжвае тэматычныя дні: «Усе госці — у дом»; дзень, прысвечаны міжнароднаму супрацоўніцтву, яшчэ дзень — 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў (агульная для абодвух народаў тэма). Трэці дзень праходзіць пад назвай «Наша радзіма — Беларусь» і прысвечаны малой радзіме: прэзентацыі іміджавых кніг, расповеды аб турыстычным патэнцыяле нашай краіны, аб тым, як жылі нашы продкі: у якія касцюмы апраналіся, якія стравы любілі гатаваць. Чацвёрты дзень аўтарскі. «Мы хочам паказаць, што ў нас ёсць творцы, якія пішуць цікавыя захапляльныя і пазнавальныя кнігі, — падзялілася задумкамі дырэктар выдавецтва “Народная асвета” Вікторыя Калістратава. — Пройдуць прэзентацыі Людмілы Рублеўскай і Наталлі Батраковай. Нават касманаўт Пётр Клімук абяцаў прыйсці на выстаўку, каб падтрымаць удзельнікаў!» Пяты дзень будзе прысвечаны працы з чытачамі: кожны зацікаўлены зможа няспешна пагартаць кнігу, пачытаць урывак з твора на стэндзе. Чакаецца шмат мультымедыйных прэзентацыйных праектаў.
Сёлета ў выстаўцы бяруць удзел і музейныя ўстановы: Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы, Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа, а таксама замкавы комплекс Міру, у якіх — свае праграмы і праекты. Не засталіся ўбаку Нацыянальная бібліятэка Рэспублікі Беларусь, Прэзідэнцкая бібліятэка.
Дарэчы, калі летась кніжная выстаўка зачынялася ў 18.00, то гэтым разам яе дзверы расчынены да 20.00, каб пасля працоўнага дня яе мог наведаць кожны масквіч і, зразумела, госць сталіцы!
Яна БУДОВІЧ
Эксперты — аб выніках афіцыйнага візіту Прэзідэнта Беларусі ў Расію.
Знайсці можна шмат чаго — ад солі да рэдказямельных металаў.
Яго шлях — сведчанне таго, што подзвіг, ахвяраванне, Айчына — не пустыя словы.
На прасторах яе вялікасці кнігі.