Вы тут

Унікальная і непаўторная


1500 старонак, 15 кілаграмаў, 1,5 тысячы еўра — кароткае, таму не дастаткова змястоўнае апісанне факсімільнага выдання знакамітай Берасцейскай Бібліі, якая ўжо стала легендай. Самае вялікае, самае дарагое і самае загадкавае факсіміле ў гісторыі беларускага кнігадруку прэзентавалі ў прэс-цэнтры Дома прэсы.


Сёння ў Беларусі захоўваецца толькі пяць асобнікаў унікальнай кнігі: два — у дзяржаўных установах, тры — у прыватных калекцыях, але ніводны з іх не з’яўляецца поўным. Болей чым 15 гадоў фарміраваліся ідэя і план узнаўлення Берасцейскай Бібліі. Неабходную дапамогу Нацыянальнай бібліятэцы аказала закрытае акцыянернае таварыства «Белнафтастрах».

— Упэўнены, што гэтая кніга ўвойдзе ў гісторыю сучаснай беларускай культуры, як увайшло ў гісторыю і самае першае выданне Берасцейскай Бібліі, што была надрукавана на сродкі Мікалая Радзівіла Чорнага ў 1563 годзе. Але ідэя так і засталася б не рэалізаванай, калі б не дзяржаўна-прыватнае партнёрства, — падкрэсліў намеснік дырэктара па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша, які стаў каардынатарам і навуковым кіраўніком выдання. Ён жа — аўтар дадатку «Асэнсаванне шэдэўра».

Пры рэстаўрацыі кнігі шмат часу і намаганняў было прыкладзена не толькі для аднаўлення арыгінальных тэкстаў, але і для стварэння знешняга падабенства з арыгіналам.

— Над праектам у выдавецтве працавалі 10 чалавек. Мы праводзілі адмысловае даследаванне, як у тую эпоху афармляліся падобныя выданні. Мы імкнуліся да таго, каб кніга выглядала так, быццам была выдадзена ў 1563 годзе, — расказала Кіра Слежыкава, арт-дырэктар выдавецкага дома «Сегмент». — Больш за тое, злучэнні і мацаванні кнігі, карашок — усё дакладна прапрацавана. Мы ўзнавілі тэхніку ручнога фарбаванага абрэзу — на абрэзах Біблія пафарбаваная ў два колеры: залаты і зялёны. Каларыт таксама быў абраны невыпадкова, паколькі каляровая гама, падабраная для афармлення кнігі, лічылася класічнай у тыя часы на тэрыторыі Беларусі.

Пераплёт і вокладку выдання, у тым ліку металічныя зашпількі і стужку-закладку лясэ, рабілі па старажытных тэхналогіях і цалкам уручную. Таму кожная кніга ўнікальная і непаўторная, з рознымі цісненнем і фурнітурай, як і ў XVI стагоддзі. Факсіміле перадае ўсе ўласцівасці арыгінала — асаблівую паперу, тып друку, рукапісныя каментарыі і пазнейшыя бібліятэчныя штампы. Асновай для яго стаў асобнік, які захоўваецца ў Таруньскай бібліятэцы (некалі ён належаў сям’і культурнага дзеяча ВКЛ Багуслава Радзівіла).

Сёння існуе шмат гісторый і легенд, звязаных з арыгіналам. Так, насамрэч Берасцейская Біблія была настолькі дарагая, што некаторыя шляхціцы перадавалі ў пасаг дочкам (як грошы ці нерухомасць). Ёсць і версія, згодна з якой дзеці канцлера ВКЛ Мікалая Радзівіла Чорнага з рэлігійных перакананняў знішчылі працу бацькі: спалілі ўсе знойдзеныя экзэмпляры Берасцейскай Бібліі. Аднак даследчыкі прыйшлі да высновы, што гэта міф. У розных навуковых крыніцах часта няправільна пазначаная колькасць старонак Берасцейскай Бібліі: насамрэч іх каля 1500.

Дарэчы, у Нацыянальнай бібліятэцы гатовыя дадрукоўваць кнігу далей па замовах — кошт самага дарагога фаліянта ў скураной вокладцы і з багатай фурнітурай ацэньваюць прыкладна ў 3,5 тысячы беларускіх рублёў. Ужо выдадзеныя факсіміле Берасцейскай Бібліі былі падрыхтаваныя да 1000-годдзя горада Брэста, святкаванне якога пройдзе 6-7 верасня. 10 асобнікаў узноўленай Бібліі перададуць у падарунак гораду падчас урачыстасцяў.

Яўгенія ШЫЦЬКА

 

Загаловак у газеце: Прэзентавалі факсіміле Берасцейскай Бібліі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гісторыя ваеннага братэрства

Гісторыя ваеннага братэрства

«Нармандыя», што стала Нёманскай.

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.