Вы тут

Чаму людзі вырашылі, што Зямля плоская?


Было б памылкай меркаваць, быццам людзі верылі ў тое, што Зямля плоская, шмат сотняў гадоў, пакуль святло сучаснай навукі не развеяла цемру невуцтва.


Вядома ж, вялікія розумы чалавецтва заўважылі, што планета мае форму шара, яшчэ ў глыбокай старажытнасці. Такія аўтары, як Піфагор і Арыстоцель, згадвалі пра гэта ў сваіх працах, створаных на світанку цывілізацыі, а Эратасфен у ІІІ стагоддзі да нашай эры здолеў даволі дакладна вылічыць дыяметр планеты, абапіраючыся на назіранні за становішчам ценю ад Сонца ў розны час сутак.

У часы насаджэння хрысціянства Зямля ўсё яшчэ была круглая для навуковай супольнасці таго часу. У «Боскай камедыі» Дантэ, напісанай у 1300-х гадах, аўтар апісвае планету як сферу. Каталіцкія манахі — носьбіты ведаў у тыя часы — неаднаразова паказваюць на гэты факт у сваіх запісах. Нават простаму мараку не трэба тлумачыць, чаму караблі, хаваючыся за гарызонтам, робяць гэта паступова: спачатку знікае палуба, а ў апошнюю чаргу — мачта. Ім вядома, што гэта адбываецца, бо Зямля мае форму шара.

Але ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя чалавецтва спасцігла стыхійнае бедства па імені Сэмюэль Раўботэм — так клікалі бурнага і дзейнага брытанскага «вынаходніка» і «даследчыка Зямлі», у чыіх работах, апублікаваных пад псеўданімам Паралакс, упершыню з'яўляецца сцвярджэнне пра тое, што Зямля — гэта дыск. Паводле яго тэорыі, якую ён назваў Zеtеtіс Аstrоnоmу (астраномія плоскай Зямлі), Зямля — гэта плоскі дыск з цэнтрам на Паўночным полюсе, як пра гэта гаворыцца ў некаторых біблейскіх тэкстах. Яго паслядоўнікі заснавалі «Сусветнае зэтэтычнае таварыства».

Невядома, з чаго Раўботэм гэта ўзяў: сам ён запэўніваў, што прыйшоў да такой высновы ў ходзе ўласных «вопытаў». У мінулым заснавальнік камуны, затым вандроўны «навуковец», урач, бліскучы аратар, які ўмеў так перакручваць словы сваіх апанентаў і ўвогуле ўсё пераварочваць дагары нагамі, што ад самых лагічных і пераканаўчых аргументаў каменя на камені не заставалася, Раўботэм дамогся вялікага поспеху ў папулярызацыі сваіх ідэй. Праз паўтара стагоддзя з развіццём інтэрнэту гэтыя ідэі сталі яшчэ больш папулярныя, што, зрэшты, не замінае ім па-ранейшаму быць цалкам памылковымі.


Чаму каты муркаюць?

Некалькі гадоў таму кніга Гінеса папоўнілася чарговым рэкордам: кот па мянушцы Мерлін муркаў гучней за ўсіх астатніх катоў на планеце. Аднак што наогул прымушае катоў муркаць?

Часцей за ўсё мурканне сімвалізуе добры настрой у жывёлы, водгук на пяшчоту гаспадара, падзяку за ежу. Зрэшты, гэта не адзіныя сітуацыі, калі можна пачуць падобныя гукі: каты таксама муркаюць спалохаўшыся або калі згаладаюць. Ветэрынары расказваюць, што нярэдка здаровы кот муркае, калі знаходзіцца побач з хворым.

Робіцца гэта не толькі ў знак падтрымкі. Яшчэ некалькі гадоў таму брытанскія навукоўцы адкрылі эфект так званай «тэрапіі муркання» (purr therapy), апублікаваўшы вынікі ў часопісе Current Bіology. Вывучыўшы варкатанне катоў пры самых розных абставінах, навукоўцы адзначылі, што гучанне вар'іруецца ў частотах паміж 50 і 150 герц. І розная танальнасць прызначаецца для розных выпадкаў: ад задавальнення да патрабавання пакарміць. Найбольш цікавай стала наступная выснова: мурканне на частотах паміж 20 і 140 герц спрыяе гаенню траўмаў костак і сухажылляў, палягчае ацёкі і боль, а таксама дапамагае пры дыхавіцы.

Гукавыя хвалі сапраўды шырока прымяняюцца ў медыцыне. Каты, як адзначаюць навукоўцы, маглі эвалюцыйна выпрацаваць механізм, які вылечвае і іх саміх, і тых, хто побач з імі. Муркаюць не толькі хатнія каты, але і іншыя прадстаўнікі сямейства каціных: львы, леапарды, ягуары, тыгры, снежныя барсы, дымчатыя леапарды, гепарды і пумы. Жывёлы нярэдка робяць гэта ў стане спакою і калі яны адны: гэта свайго роду прафілактыка хвароб костак, мяркуюць даследчыкі.

Але гэта не можа быць адзінай прычынай муркання — як не існуе адзінай прычыны, чаму чалавек смяецца або плача. Задавальненне, просьба і заахвочванне таксама ляжаць у аснове кацінага муркання.

Іван КУПАРВАС

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».