Вы тут

Як працуе майстар аўтарскіх брошак і інтэр'ерных кампазіцый Александрыя Лапуцкая


У яе руках распускаюцца прыгожыя пралескі, яркія дзьмухаўцы, квітнеюць валошкі, макі, ружы, півоні, спеюць сакавітыя ягады, як жывыя выглядаюць рознакаляровыя насякомыя...

Усё гэта з'яўляецца на свет з дапамогай даволі сучаснага дэкаратыўнага матэрыялу — фаамірану (успененай гумы), з якім працуе майстар аўтарскіх брошак і інтэр'ерных кампазіцый Александрыя ЛАПУЦКАЯ.

Мы вырашылі пагутарыць з дзяўчынай пра сакрэты стварэння дэкаратыўных вырабаў, а таксама даведацца, дзе вучаць фом-майстэрству, ці трэба насамрэч станавіцца рамеснікам і чаму яе ўпрыгажэнні карыстаюцца папулярнасцю.


— Раскажыце, калі пачалося ваша захапленне рукадзеллем?

— Яшчэ ў дзяцінстве я любіла маляванне, лепку, была вельмі цікаўным дзіцем. У дарослым узросце ў якасці хобі займалася шыццём, не прафесійна, вядома. Майстравала розныя рэчы: сумкі, спадніцы, лялек. Зыходным пунктам стала мая работа. Падчас студэнцтва падпрацоўвала ў краме тавараў для рукадзелля, там і пачала падрабязна вывучаць і спрабаваць розныя тэхнікі.

— Дзе вы навучаліся гэтаму рамяству?

— Я ніколі не лічыла сябе прафесійным фом-фларыстам. Фааміранам занялася зусім выпадкова. Дома ляжаў пластык, вырашыла паспрабаваць вырабіць з яго прымітыўную ружу. Вынік спадабаўся, хоць тады ён быў далёкі ад ідэалу. Захапілася на нейкі час гэтым заняткам. Сур'ёзна да фаамірану я прыйшла з другой спробы, працавала ў прымітыўных тэхніках (на той момант у інтэрнэце хапала розных майстар-класаў). Пасля адклала амаль на год сваё захапленне.

— Памятаеце сваю першую работу?

— Першы выраб, які да гэтага часу ёсць у мяне ў асартыменце, — чартапалох. Сфатаграфавала і размясціла работу ў свой акаўнт у Іnstаgrаm. Маім сябрам спадабалася арыгінальная рэч. На той момант я супрацоўнічала з крамай адзення, якая брала на рэалізацыю мае старыя вырабы — ружачкі, заколкі і г. д. Прынесла да іх чартапалох і адну з маіх улюбёных палявых кветак — цыкорый. Казалі, што за іх нават спрачаліся дзве пакупніцы (смяецца). А ў 2017-м спантанна вырашыла паўдзельнічаць у выстаўцы «Млын». У студзені стварыла старонку ў сеціве, запампавала туды першыя работы, і заказы пасыпаліся імгненна. Хоць вырабаў было ўсяго чатыры, праз тыдзень у мяне ўжо былі трывалы старт і падпісчыкі, якія самі прыходзілі на маю старонку без рэкламы.

— У асноўным вашы вырабы прадстаўлены ў выглядзе кветак, лекавых раслін, насякомых, прычым усё вельмі падобнае да арыгінала.

— Я ніколі не ставіла сабе за мэту наблізіць выраб да арыгінала. Хутчэй гэта аўтарская стылізацыя. Існуе асобны кірунак у фом-фларыстыцы, задачай якога з'яўляецца выкананне вырабу вельмі падобным да сапраўднага. Я ж прыкмячаю асобныя нюансы: колер, фактуру, пасадку падвяночкавага лістка, пялёстка. І ўвасабляю гэты натуралістычны элемент праз стылізаванае аўтарскае бачанне.

— Раскажыце пра тэхніку выканання і матэрыял.

— Насамрэч выкарыстоўваю вялікую колькасць матэрыялаў, і мне падабаецца ўжываць розныя тэхнікі, змешваць стылі. У маім арсенале прысутнічаюць і фааміран, і палімерныя гліны, і поліўрэтанавы ліццёвы пластык. Так, так, я выкарыстоўваю і ліццё! Іншы раз сама ствараю сіліконавыя молды (ад англ. mоld — адліваць. — «Зв.») альбо так званыя формы для вадкага пластыку. Мне падабаецца асвойваць новыя тэхнікі. У мяне няма спецыяльнай адукацыі ў мастацкай сферы. Я проста адкрываю Gооglе і чытаю артыкулы пра ўласцівасці матэрыялаў, а далей у работу ўкладаюцца фантазія і практычныя эксперыменты. Атрымліваецца такая творчая эксперыментальная лабараторыя.

— Значыць, ваша прафесійная дзейнасць не звязана з творчасцю?

— Па адукацыі я сацыёлаг, але ні дня не працавала па абранай прафесіі. Пасля ўніверсітэта амаль адразу аформіла рамесніцтва і стала займацца творчасцю. Мае веды і навыкі, якія набыла за гады вучобы, дапамагаюць мне правільна расстаўляць прыярытэты ў сваёй рабоце, аналізаваць патрэбы патэнцыйнага пакупніка. Цяпер жыццё змянілася так, што маё захапленне стала прафесійнай дзейнасцю, а мая прафесійная адукацыя — хобі.

— Аднак гэта захапленне прыносіць вам якія-ніякія грошы...

— Вось ужо не першы год я бяру ўдзел у розных выстаўках і магу сказаць, што пры належным і рацыянальным выкарыстанні пэўнага ведання рынку, запатрабаванасцяў, тэндэнцый, попыту магчыма вызначыць формулу ідэальнага тавара, на якім можна добра зарабіць. Маёй мэтай гэта пакуль не з'яўляецца. У залежнасці ад месяца і сезона, а таксама ад колькасці прыкладзеных намаганняў рамеснікі і дызайнеры могуць альбо добра зарабіць, альбо сысці ў нуль. Часам у мінус, але гэта ўжо форс-мажор. Такое здараецца нячаста. Лёгка нічога не дастаецца, бо гэта несупынная работа рук і абавязкова галавы.

— Ведаю, што вашы работы актыўна купляюць і заказваюць праз Іnstаgrаm. Можаце апісаць свайго патэнцыйнага кліента?

— За гэтыя тры гады брошкі паспелі разляцецца ў многія куткі: ад поўначы Расіі да ЗША, шэрагу краін Еўропы і Кітая. Часта мае вырабы бяруць у падарунак. Упрыгожанні заказваюць і тэлевядучыя, і высокапастаўленыя асобы, часта купляюць дызайнеры. Дарэчы, для мяне не так істотна, што гэта за чалавек, — у любым выпадку прыемна, што ён выбірае мяне і маю работу.

— Наколькі вашы вырабы даўгавечныя і ўстойлівыя да ўмоў надвор'я?

— Увогуле неабходна асцярожна і беражліва адносіцца да любой рэчы. Фааміран жа і ліццёвыя пластыкі даволі ўстойлівыя. Калі насіць беражліва, фааміран можа праслужыць шмат гадоў. Былі выпадкі, калі брошкі пабывалі ў пральнай машыне і з імі нічога не здарылася. Аднак не выключана і дэфармаванне — усё залежыць ад канфігурацыі вырабу. Брошкі можна насіць падчас дажджу і снегу, бо фааміран, як я ўжо казала, — гума, і не баіцца вільгаці. А вось ад хатніх гадаванцаў неабходна хаваць (смяецца). Таксама трэба памятаць, што фааміран добра гарыць, таму прасаваць рэч нельга.

— Колькі прыкладна часу ідзе на выраб адной брошкі?

— Складана так адразу сказаць. Напрыклад, чартапалох я магу зрабіць за гадзіну. А калісьці гэта займала паўтары-дзве. Півоня звычайна вырабляецца за тры гадзіны пры ўмове, што работа ідзе добра, а матэрыял не падводзіць.

Пры гэтым трэба ўлічваць, што я магу на тыдзень-другі з галавой акунуцца ў работу. Не хадзіць на сустрэчы, не тэлефанаваць сябрам. Іншы раз вельмі цяжка. Аднак тут ты вольны выбіраць сам. Ты працуеш толькі на свой вынік. Ці паспееш выканаць заказы ў тэрмін альбо падрыхтавацца да выстаўкі і прадставіць тое, што хацелася, — залежыць толькі ад цябе самога, тваіх уласных рэсурсаў і гатоўнасці ахвяраваць чымсьці іншым.

— Напэўна, плануеце і далей прасоўваць свой праект?

— Я чалавек вельмі цікаўны. Сёння магу быць упэўнена, што хачу распрацаваць нейкі новы выраб і развіваць свой праект, укладаць туды ўсе свае сілы і сродкі, вывучаць новае ў гэтым кірунку. А заўтра магу прачнуцца і захацець стаць блогерам ці сацыёлагам. Справа выпадку. Цяпер я дызайнерка аксесуараў, якая працуе над развіццём сваёй сферы, і для мяне гэта істотна.

— Што б вы параілі чалавеку, які хоча навучыцца гэтаму рамяству і распачаць сваю ўласную справу?

— Усё залежыць ад таго, чаго чалавек насамрэч жадае. Займацца творчасцю дзеля душы ці дзеля продажу сваіх вырабаў. Раю выбіраць першае. Пра другое ў многіх людзей складзена вельмі размытае ўяўленне. Бо гэта таксама работа. Ці гатовыя вы ператварыць тое, што вам падабаецца, у работу? Ці гатовыя вы ўзяць на сябе ўсю рызыку? Займайцеся рукадзеллем для душы! Радуйце сябе і атрымлівайце ад гэтага задавальненне. Што датычыцца фаамірану, у інтэрнэце ёсць маса платных і бясплатных майстар-класаў. Калі захочаце проста авалодаць тэхнікамі, можаце скарыстацца імі, калі ж вашай задачай з'яўляецца выкананне аўтарскага прадукту, не раю выкарыстоўваць чужыя майстар-класы.

Надзея ЗУЕВА

Фота з архіва героя

Загаловак у газеце: Фааміранавы цуд Александрыі Лапуцкай

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».