Вы тут

У сельскагаспадарчых арганізацыях убрана 2,4 тысячы гектараў бульбы


Каб пазбегнуць перавытворчасці, прыватнікам рэкамендуюць аб'ядноўвацца ў асацыяцыі. Сярэдняя ўраджайнасць «другога хлеба» — 365 цэнтнераў з гектара. Пакуль...


Верасень традыцыйна лічыўся ў нас (тых, каму цяпер за 45—50) месяцам бульбы. Яе капалі школьнікі і студэнты, замест таго каб сядзець у класах ці аўдыторыях. Цяпер кожны займаецца сваёй справай. А ўраджайнасць бульбы сёлета вышэйшая за леташнюю нязначна — на 11 %, але ўсё ж...

«Па стане на першы тыдзень верасня ў сельскагаспадарчых арганізацыях убрана 2,4 тысячы гектараў бульбы — гэта больш за 8 % уборачнай плошчы. Накапана каля 88 тысяч тон бульбы пры сярэдняй ураджайнасці 365 цэнтнераў з гектара, што пераўзыходзіць леташнюю на аналагічную дату на 43 цэнтнеры. Сабрана каля 115 тысяч тон агародніны, у тым ліку каля 40 тысяч тон агуркоў, 50 тысяч тон таматаў, 200 тон баклажанаў, 180 тон перцу, 3,5 тысячы тон белакачаннай капусты, 160 тон пекінскай капусты, больш за 90 тон цвятной капусты, 1 тысяча тон сталовых буракоў, 7 тысяч тон морквы, 4,5 тысячы тон агародніннага гарошку, 300 тон кабачкоў і 4,5 тысячы тон рэпчатай цыбулі», — паведаміла ўраджайную статыстыку намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення раслінаводства Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Таццяна Карбановіч.

У дзяржсектары, сялянскіх і фермерскіх гаспадарках краіны сёлета плануецца атрымаць звыш 1 мільёна тон бульбы (111 % да ўзроўню мінулага года) і 624 тысячы тон агародніны (114 %). Мільён — гэта шмат ці мала?

Мяркуйце самі. З чаканага ўраджаю бульбы 185 тысяч тон пойдзе на насенне, 200 тысяч тон адправяць на прамысловую перапрацоўку, 180 тысяч тон — на патрэбы гандлю і грамадскага харчавання (у тым ліку для закладкі ў стабілізацыйныя фонды), астатняе — для іншай рэалізацыі, у тым ліку на экспарт. Што да агародніны, дык яе, у колькасці таксама 180 тысяч тон, плануюць накіраваць на патрэбы грамадскага харчавання і гандлю, а таксама для закладкі ў стабфонды, 43 тысячы тон будзе перапрацавана, больш за 400 тысяч тон прызначаць для іншай рэалізацыі, у тым ліку экспарту. Здаецца, больш чым дастаткова.

Цэны на яблыкі сёлета зашкальваць не павінны

Пра гэта заявіла намеснік начальніка аддзела спажывецкага рынку Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Таццяна Краснюк. «Цэны новага ўраджаю будуць складвацца ў залежнасці ад попыту і прапановы», — менавіта так яна пракаментавала выказаныя ў шэрагу СМІ здагадкі пра тое, што з прычыны невысокага ўраджаю сёлета цэны на беларускія яблыкі вырастуць удвая.

«Цэны ў нас не рэгулююцца, яны дамоўныя. Профільнае міністэрства мае права не больш за 90 дзён на працягу года ўстанаўліваць цэны на сацыяльна значныя тавары, у тым ліку і на яблыкі. Пакуль такой неабходнасці ў нас няма», — адзначыла прадстаўнік гандлю.

Варта нагадаць, што летась быў рэкордны за апошнія 10 гадоў ураджай яблыкаў. У сувязі з гэтым міністэрствам было прынята рашэнне для забеспячэння максімальнага продажу праз арганізаваны гандаль унесці змяненне ў пастанову аб асартыментных пераліках. Гандлёвым прадпрыемствам у два разы была павялічаная колькасць найменняў яблыкаў — да 2—6. Гэта прывяло да таго, што летась у чацвёртым квартале доля айчынных яблыкаў павялічылася з 10 да 40 %.

Як адзначыла Таццяна Карбановіч, штогод плошча, якая выдзяляецца пад пасадку пладова-ягадных культур, павялічваецца на 500 гектараў. За 2016—2018 гады закладзена 2,3 тысячы гектараў інтэнсіўных садоў. На пачатак года ў краіне мелася 97,1 тысячы гектараў пладова-ягадных насаджэнняў, у тым ліку ў сельскагаспадарчых арганізацыях — 35 тысяч гектараў.

Са 160 тысяч тон пладоў і ягад, якія плануецца атрымаць сёлета, 155 тысяч тон — гэта яблыкі. У асобных садах у розных рэгіёнах ураджайнасць гэтых пладоў сёння дасягае больш чым 30 тон з гектара. Яблыкі ўжо рэалізуюцца на ўнутраным рынку і экспартуюцца. Цана на таварныя яблыкі вагаецца ад 70 капеек да 1,2 рубля за кілаграм у залежнасці ад сорту, таварнасці і кірунку выкарыстання. Для прамысловай перапрацоўкі яблыкі нарыхтоўваюцца па цане ад 15 да 30 капеек за кілаграм.

«Цана для прамперапрацоўкі склалася невысокая, часам ніжэйшая за сабекошт. У адпаведнасці з просьбамі, якія паступаюць з месцаў, Мінсельгасхарчам з мэтай аптымізацыі нарыхтоўкі яблыкаў і недапушчэння пашкоджання ўраджаю накіраваны ліст на адрас аблвыканкамаў, канцэрна «Белдзяржхарчпрам», Белкаапсаюза з просьбай разгледзець магчымасць закупкі яблыкаў для прамперапрацоўкі па цане не ніжэйшай за 30 капеек за кілаграм», — паведаміла намеснік начальніка ўпраўлення.

Цыбуля нятанная, але ёсць і будзе

У гэты межсезонны перыяд у нас будзе дастаткова рэпчатай цыбулі і цыбулі-сеянкі, праблемных сітуацый узнікаць не павінна. Так лічаць спецыялісты. Паслухаем іх довады.

Рэпчатая цыбуля ў нас у краіне ў прамысловых маштабах вырошчваецца больш за паўтара дзясятка гадоў. Асвоены сучасныя тэхналогіі яе вырошчвання з насення ў аднагадовай культуры. Вытворчасць рэпчатай цыбулі ва ўсіх катэгорыях гаспадарак штогод складае прыблізна 200 тысяч тон. З гэтага аб'ёму каля 40—60 тысяч тон вырошчваецца ў сельгасарганізацыях, сялянскіх (фермерскіх) гаспадарках, што з'яўляецца асновай для закладкі ў стабілізацыйныя фонды, сховішчы, пры неабходнасці для паставак на экспарт.

«Па рэпчатай цыбулі былі пытанні ў вясновы перыяд, і мы іх прааналізавалі, каб у далейшым праблемных сітуацый не ўзнікала. Сёлета чаканая вытворчасць цыбулі складзе 37 тысяч тон, і мы зможам закласці ў стабілізацыйныя фонды рэпчатую цыбулю ў поўным аб'ёме», — сказала Таццяна Карбановіч.

Насельніцтва рэпчатую цыбулю вырошчвае ў асноўным з цыбулі-сеянкі. Агульная патрэба ў такой цыбулі складае 2,4—2,8 тысячы тон. На жаль, у нас яе вырабляецца каля 230 тон, а асноўны аб'ём увозіцца з-за мяжы. Штогод цэнтралізавана імпартуецца для рэалізацыі насельніцтву каля 750 тон цыбулі-сеянкі, астатнія аб'ёмы — праз гандлёвыя і іншыя камерцыйныя структуры. «Першы транш цыбулі-сеянкі завезены пад бягучую рэалізацыю, продаж ужо вядзецца ў магазінах сталічнай сістэмы па цане 4,5—6 рублёў за 1 кілаграм у залежнасці ад сорту. Другі транш яны плануюць завезці пад вясновую сяўбу, гэта значыць у пачатку новага года. Дагаворы заключаны, ураджайнасць сеянкі ў тых краінах, з якіх мы яе ўвозім, добрая, таму не павінна ўзнікнуць ніякіх праблемных сітуацый».

Грэцкі арэх будзе расці плантацыямі

А яшчэ ў нас закладваюцца плантацыі фундука і грэцкага арэха. Попыт на гэтыя прадукты добры. Таму цяпер у мэтах імпартазамяшчэння фермерскія гаспадаркі сумесна з навуковымі арганізацыямі разглядаюць магчымасці стварэння падобных садоў у прамысловых умовах нашай краіны. Ужо зараз у Гродзенскай і Мінскай абласцях фундук закладзены на плошчы каля 60 гектараў, а грэцкі арэх — каля 22 гектараў.

Прадстаўнік Мінсельгасхарча таксама расказала пра вытворчасць у нашай краіне некаторых іншых відаў культур. У прыватнасці, вытворчасць спаржавай фасолі засяроджана ў Гомельскім раёне, плошча складае больш за 50 гектараў. Чаканы аб'ём вытворчасці — 380 тон. Спаржавая фасоля накіроўваецца на замарозку, кансерваванне, нязначныя аб'ёмы рэалізуюцца ў свежым выглядзе.

А вось цукровая кукуруза прафесійна вырошчваецца ў акцыянерным таварыстве «Тураўшчына» Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці. Плошча пасадкі там павялічылася з 40 да 150 гектараў. Чаканы аб'ём вытворчасці сёлета — 1,5 тысячы тон. Бахчавых культур плануецца сабраць каля 450 тон, пасадкі сканцэнтраваны ў Брэсцкай, Гомельскай, Гродзенскай і Мінскай абласцях. Ужо сабрана каля 160 тон кавуноў. Іх рэалізуюць праз сістэму «Белкаапсаюза». Адпускная цана за кілаграм айчынных кавуноў цяпер складае 40—60 капеек.

Стабфонды вызначаюць мясцовыя ўлады

Рашэнне аб запасах пладоў і садавіны на міжсезонне ў краіне раней прымаў Саўмін. Але, як аказалася, сітуацыя з забяспечанасцю прадуктамі на зіму ў нас досыць неаднародная, залежыць ад рэгіёна. Цяпер жа пытанне, колькі бульбы, капусты ці яблыкаў трэба нарыхтаваць у той ці іншай мясцовасці, вырашаюць абласныя выканаўчыя камітэты, а таксама Мінскі гарвыканкам. Пладоў і садавіны ў нас вырошчваецца дастаткова як у дзяржсектары, так і на прыватных падворках, таму рабіць вялікае цэнтралізаванае сховішча немэтазгодна.

Але ўсё ж для патрэб гандлю, грамадскага харчавання і закладкі ў стабілізацыйныя фонды будзе накіравана 28 тысяч тон пладоў і ягад, 27 тысяч тон перапрацуюць прампрадпрыемствы, астатняе пойдзе для іншай рэалізацыі, у тым ліку на экспарт.

Калі казаць пра стабфонды, то на міжсезонны перыяд будзе закладзена 43,6 тысячы тон бульбы, 23,2 тысячы тон капусты, 8,3 тысячы тон буракоў, 12,3 тысячы тон морквы, 12,6 тысячы тон рэпчатай цыбулі. Акрамя таго, у сельгасарганізацыях, фермерскіх гаспадарках маюцца спецыялізаваныя сховішчы, якія закладваюцца з восені для далейшай бягучай рэалізацыі і экспарту.

Праблема, і не толькі фермераў

Гэтае лета выдалася ўраджайнае на клубніцы. Але многія памятаюць фота з сеціва, на якім фермеры выкідалі ягады на абочыну з-за немагчымасці або нежадання прадаваць іх за капейкі. У жніўні нешта падобнае здарылася з небывалым ураджаем памідораў, асабліва па поўдні краіны. Нават я паспеў на гэты баль танных таматаў, калі на рынку ў Ждановічах у аптовым аддзеле іх прадавалі ў розніцу па 25—50 капеек.

«Улічваючы сітуацыю з клубніцамі, было даручэнне аблвыканкамам — забяспечыць наяўнасць гандлёвых месцаў, каб насельніцтва магло прыехаць і бесперашкодна самастойна рэалізаваць прадукцыю», — расказала Таццяна Краснюк. Было адкрыта каля васьмі тысяч дадатковых гандлёвых месцаў на рынках, аднак, як палічылі ў міністэрстве, 40 % з іх засталіся незапатрабаваныя.

Але застаецца самае балючае пытанне апошніх гадоў: чаму гандлёвыя сеткі і буйныя крамы аддаюць перавагу імпартнай гародніне і садавіне? На думку спецыяліста, шырокаму «ўкараненню» ў гандлёвыя сеткі беларускай сезоннай садавіны перашкаджае незацікаўленасць або нежаданне фермераў заключаць доўгатэрміновыя дагаворы і прапаноўваць тавар ужо расфасаваным і спакаваным для спажыўца.

Як адзначыў намеснік начальніка ўпраўлення нарыхтовак спажыўкааперацыі Юрый Сакалоўскі, іх арганізацыя старалася гнутка рэагаваць на рост аб'ёмаў ураджаю ў выпадку з клубніцамі і таматамі, пасылаючы ў паўднёвыя раёны закупачныя брыгады і пакідаючы «дзяжурыць» там сваіх прадстаўнікоў. Але некаторыя гаспадары прысядзібных участкаў вырошчваюць прадукцыю практычна ў прамысловых маштабах, якія ўжо нельга назваць лішкамі з падворкаў.

Для вырашэння праблем з рэалізацыяй Юрый Сакалоўскі прапануе сялянам стварыць сваю асацыяцыю, якая б займалася цэнавай палітыкай і продажамі. Магчыма, гэта і сапраўды выйсце.

Сяргей КУРКАЧ

Фота БелТА

Загаловак у газеце: Бульбачка ўрадзіла...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».