Вы тут

Андрэйчанка: У часы нестабільнасці важна сустракацца


Такую думку выказаў старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка на сустрэчы са старшынёй парламенцкай камісіі Турцыі па замежных справах Валканам Базкырам.


Гэта першы візіт профільнай камісіі Вялікага нацыянальнага сходу Турэцкай Рэспублікі ў Беларусь. Акрамя старшыні, у дэлегацыю ўвайшлі яшчэ пяць яе членаў, а таксама дарадца і супрацоўнік парламенцкай камісіі.

— Беларусь і Турцыя — дзве сяброўскія краіны, — сказаў, вітаючы госця, Уладзімір Андрэйчанка. — Турцыя — адна з першых краін, якая прызнала незалежнасць Рэспублікі Беларусь. Адразу ж быў прызначаны пасол Турцыі. Прыемна і тое, што ўсе гэтыя гады нашы адносіны развіваюцца паступальна, і гэта развіццё ніколі не спынялася.

Спікер ніжняй палаты беларускага парламента адзначыў ролю ў гэтым кіраўнікоў дзяржаў, паміж якімі ўсталяваліся цёплыя сяброўскія адносіны. «Таму ў нас няма на сённяшні дзень нейкіх праблемных пытанняў», — заўважыў ён.

Старшыня Палаты прадстаўнікоў дадаў, што двухбаковыя адносіны развіваюцца не толькі ў палітычнай сферы, але і ў гандлёва-эканамічнай, культурнай, навуковай, інвестыцыйнай. Краіны актыўна ўзаемадзейнічаюць у міжнародных арганізацыях, дзе аказваюць адна адной падтрымку.

Па выніках мінулага года тавараабарот паміж Беларуссю і Турцыяй дасягнуў мільярда долараў. Уладзімір Андрэйчанка нагадаў, што прэзідэнты дзвюх краін паставілі задачу перад сваімі ўрадамі дасягнуць тавараабароту ў паўтара мільярда. Ён выказаў меркаванне, што для вырашэння гэтай задачы, а таксама для нарошчвання інвестыцыйнага супрацоўніцтва павінны падключыцца і парламентарыі.

Спікер падкрэсліў, што адносіны паміж заканадаўчымі органамі Беларусі і Турцыі склаліся вельмі добрыя. Летась было падпісана адпаведнае пагадненне аб супрацоўніцтве, у парламентах маюцца групы дружбы. Уладзімір Андрэйчанка падзякаваў турэцкаму боку за ўдзел у міжнароднай канферэнцыі Групы падтрымкі Шаўковага шляху Парламенцкай асамблеі АБСЕ, якая праходзіла ў Мінску.

— Час зараз вельмі няпросты, неспакойны, я сказаў бы нават, выбухованебяспечны, таму вельмі важна на такім узроўні сустракацца, абмяркоўваць, каардынаваць нашу работу, і напэўна, самае галоўнае — працаваць на апярэджанне, — сказаў старшыня Палаты прадстаўнікоў. — Таму візіт ваш вельмі важны.

Валкан Базкыр перадаў ад спікера Вялікага нацыянальнага сходу Турцыі Мустафы Шантопа прывітанне і запрашэнне свайму беларускаму калегу наведаць Турцыю з афіцыйным візітам.

— Беларусь для Турцыі вельмі важная сяброўская краіна не толькі ў плане гандлёва-эканамічных адносін, а таксама і ў частцы палітычнага ўзаемадзеяння, — запэўніў Валкан Базкыр. — У гэтай няпростай геаграфіі Беларусь успрымаецца намі як востраў бяспекі. Мы жадаем развіваць супрацоўніцтва як на міжнароднай платформе, так і ў двухбаковым фармаце.

Што датычыцца мэты дасягнуць тавараабароту ў паўтара мільярда долараў, турэцкі парламентарый лічыць яе не проста дасягальнай, але ён упэўнены, што патэнцыял у краін нашмат вышэйшы.

На тэрыторыі Беларусі працуе 50 турэцкіх кампаній, інвестыцыі якіх на цяперашні момант складаюць паўтара мільярда долараў. Самым буйным інвестарам з'яўляецца тэлекамунікацыйная кампанія Turkсеll.

Валкан Базкыр агучыў пажаданні аб наладжванні прамых кантактаў паміж парламенцкімі камісіямі як у міжнароднай сферы, так і ў сферы энергетыкі, адукацыі і культуры. Ён паведаміў пра планы ў супрацоўніцтве паміж Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі і турэцкім Саветам па навуковых даследаваннях.

— Мы таксама знайшлі досыць цікавым праект транспартных зносін па рацэ Дняпро, і нашы дзелавыя колы прапрацоўваюць яго, — паведаміў турэцкі палітык. — Пасля аналізу яго рэнтабельнасці і пры ўмове, што Украіна таксама будзе зацікаўлена, мы спадзяёмся, што нам удасца зноў зрабіць Дняпро значным элементам міжнародных грузаперавозак.

Старшыня парламенцкай камісіі Турцыі дадаў, што яго краіна надае вялікае значэнне таксама супрацоўніцтву паміж ВНУ дзвюх краін, і ў гэтай сувязі чакаецца візіт у Беларусь дэлегацыі Савета па вышэйшай адукацыі Турцыі.

Кіраўнік парламенцкай дэлегацыі Турцыі выказаў надзею і на тое, што ўдасца вызначыць магчымасць для вытворчасці тэхнікі БелАЗ у яго краіне.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Загаловак у газеце: У часы нестабільнасці важна сустракацца

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?