Вы тут

Дзяўчына праехала аўтаспынам 40 краін, маючы праблемы са зрокам


Яна была за палярным кругам і перасякала экватар. Жыла ў юртах пасярод пустыні і піла ваду з Ганга. Выпраўлялася ў працяглыя падарожжы, сама складала сабе маршруты, падчас якіх наведвала і тыя краіны, якія спачатку ў планы не ўваходзілі. Яна не баіцца застацца адна ў незнаёмым кутку свету, падкажа, як выжываць, калі маеш абмежаваныя фінансавыя магчымасці. І ўпэўнена, што калі ў чалавека ёсць мара, ён можа знайсці спосабы, як яе здзейсніць. Інакш — будзе шукаць тысячу прычын, чаму яму «не адолець» тую ці іншую справу.


З гэтай «пералётнай птушкай», якая пабывала ва ўсіх краінах былога СССР, акрамя Туркменістана, аб'ездзіла Еўропу і Паўднёва-Усходнюю Азію, адзначылася ў Камбоджы, В'етнаме, Малайзіі, Інданезіі, Кітаі і г. д., я пазнаёмілася на «Жывой бібліятэцы» — сустрэчы, скіраванай на барацьбу са стэрэатыпамі. Надзея сутыкаецца з тым, што людзі лічаць, што такія, як яна, не здольныя выконваць многія работы, самастойна перамяшчацца і наогул «не павінны хацець нечага большага, чым тое, што прапануе дзяржава». Але яна сцвярджае, што праблемы са зрокам не павінны быць абмежаваннямі. З інваліднасцю другой групы па зроку Надзея аб'ехала каля 40 краін, і падарожнічае дзяўчына аўтаспынам.

Адно з апошніх яе падарожжаў расцягнулася на паўгода — чатыры месяцы яна правяла ў Індыі, па месяцы ў Непале і на Шры-Ланцы.

— Гэта была мара, я збірала грошы і доўга не магла рашыцца. Баялася, што дрэнна бачу, што мяне могуць забіць, збіць машынай, я згублюся ці яшчэ што здарыцца, — прызнаецца дзяўчына. Але авантурнае падарожжа прынесла столькі розных уражанняў і адкрыццяў! Яна бачыла рытуалы па спальванні нябожчыкаў, калі попел пасля «перадаецца» Гангу, абыходзіла бокам бадзяжных кароў, бачыла свавольных малпачак, якія могуць скрасці ў людзей мабільнікі ці іншыя рэчы, трапіла на Кумбха-мелу — рэлігійны фестываль, які бывае ў Індыі раз на 12 гадоў. (На яго з'язджаюцца мільёны людзей, і тэрыторыя, дзе размяшчаюцца паломнікі, расцягваецца на дзясяткі кіламетраў!) Яна купалася ў Гангу. Частавалася бясплатнай ежай, якую раздавалі на фестывалі. Калі пачастунак аказаўся вельмі востры, дзяўчыне прапанавалі запіць яго вадой. Толькі пасля яна засумнявалася і спытала, адкуль вадзічка. «З Ганга. Не парся: ты не можаш захварэць — наадварот, вылечыш хваробы. У Гангу вада святая», — быў адказ. Дзяўчына можа доўга апавядаць і пра гэта падарожжа, і пра многія іншыя. І яна ўпэўнена, што любы чалавек, у якую б жыццёвую клетку ні загналі яго стэрэатыпамі, можа вырвацца з яе...

Замкнёнае кола?

— У мяне інваліднасць з дзяцінства. І я доўгі час знаходзілася ў асяроддзі людзей з такімі ж праблемамі — вучылася ў спецшколе, працавала на прадпрыемстве для інвалідаў па зроку. Гэта крыху ізаляванае грамадства, многія верцяцца толькі сярод падобных, яны жэняцца з такімі ж, іх сябры — інваліды. Гэта замкнёнае кола. Якое можа быць стаўленне ў інвалідаў да саміх сябе, калі яны пастаянна чуюць, што ні на што не здатныя? — заўважае дзяўчына.

Людзей з фізічнымі праблемамі з дзяцінства могуць навучаць, што ім не варта нечага хацець, ім не нахапаць зорак з нябёс. У спецыялізаванай школе, дзе вучылася Надзея, дзеці пастаянна чулі, на якім заводзе «яны будуць працаваць». А навошта нейкія памкненні і якая можа быць прага да ведаў, калі за чалавека ўжо прапісалі шлях, па якім яму рухацца? І нават калі дзяўчына пасля дзявятага класа вырашыла паступаць, некаторыя настаўнікі спрабавалі яе адгаварыць: «Ну куды ты сунешся? Як ты зможаш вучыцца, ды сярод дзяцей, якія пасля звычайных школ больш прыстасаваныя?»

— Напачатку ў тэхнікуме мне было складана. Я прызвычаілася вучыцца, калі клас маленькі і можна бліжэй падыходзіць да дошкі, каб усё разгледзець. Але ў мяне ніколі не ўзнікла думкі, што я дарэмна паступала. Наадварот, грэла веданне, што ў спецшколу я ўжо не вярнуся. Канешне, даводзілася ў тэхнікуме чуць і грубыя словы наконт таго, што я не бачу, падлеткі могуць быць даволі жорсткія. Але гэтага было мала, і з кожным годам негатыву рабілася менш: калі людзі сталеюць, з большым разуменнем ставяцца да гэтага, — прызнаецца Надзя. — Але і цяпер, нягледзячы на тое што мне амаль 30 гадоў, я пастаянна ад некага чую парады ці пытанні, калі яны бачаць, як я блізка нешта падношу да вачэй. Мне могуць прапанаваць «схадзіць да доктара», «насіць лінзы», «зрабіць лазерную карэкцыю зроку». Ды яшчэ могуць і пакрыўдзіцца, што я такі іх «клопат» не прымаю. Але кожнаму ж не патлумачыш, што гэта не лечыцца і што не ўсё можна паправіць лазернай карэкцыяй, што акуляры не для ўсіх можна падабраць. Сляпому якія акуляры ні пачапі, ён не стане бачыць.

Пасля тэхнікума Надзя вучылася ў ВНУ. Выбар прафесій, якія можна было атрымаць з праблемамі са зрокам, у дзяўчыны быў абмежаваны, ёй дазваляліся пераважна педагагічныя спецыяльнасці. Былі праблемы і з пошукам работы. Часам дзяўчына яшчэ і нічога сказаць не паспявала на сумоўі, а ёй ужо выносілі прысуд: «Вы ж так дрэнна бачыце, як жа будзеце ў нас працаваць, не справіцеся...»

Сакрэты выжывання

Але яна спраўляецца з тым, на што не кожны цалкам здаровы чалавек адважыцца. Чуеш яе аповеды і дзівішся. Здаецца, ну як можна выбрацца ў нейкі дзікі свет адной, без ведання мовы і амаль без грошай...

— У асноўным тое, што выдзяляю на падарожжы, — мая пенсія па інваліднасці. Гэта .невялікія грошы, нямногім больш за 100 долараў. Стараюся ўкласціся ў гэтую суму. У Індыю можна і без грошай паехаць. Там многа мясцовых людзей, якія не працуюць і жывуць без грошай, можна далучыцца да іх. Тут ужо многае залежыць ад таго, на што вы гатовы пайсці. Часам сама сабе дзіўлюся. Напрыклад, ці гатовы вы ехаць у цягніку джэнерал-класу — гэта бясплатна, але людзей там як селядцоў у бочцы: калі цягнік пад'язджае, нават сесці ў яго складана, пасажыры так і едуць, звісаючы з дзвярэй. Можна знайсці вельмі танную ежу, калі не саромецца. У Індыі можна карміцца ў храмах — індуісцкія мне не вельмі спадабаліся, там брудна, а ў сікхаў — чысценька.

Падарожжа аўтастопам — гэта ўжо добрая эканомія. Транспарт можа трапіцца самы розны: дзяўчыне даводзілася ездзіць і на рэанімацыйных машынах, і ў катафалку (без нябожчыка), яе падвозіла паліцыя. З цеплынёй яна згадвае, як у Кыргызстане ехала ў грузавічку на цюках з авечай воўнай. Спыняцца можна ў школах, бальніцах, храмах. Як варыянт — падысці да ахоўніка і папрасіцца, каб пусціў пераначаваць ці дазволіў паставіць намёт на ахоўнай тэрыторыі. Спыняюцца падарожнікі ў танных хостэлах ці па каўчсерфінгу (суполкі людзей, якія прымаюць такіх турыстаў). Запрасіць могуць у госці і кіроўцы альбо мясцовыя жыхары. У мусульманскіх краінах, калі бачаць чалавека з заплечнікам, могуць падысці запытацца: «Хто ты, што ты? Будзь маім госцем».

— Моцна ўразіла Манголія: «Уявіце. Сям'я жыве пасярод пустыні ў адной юрце, і нічога навокал — ні забаў, ні крам, ні суседзяў (да апошніх трэба сесці ў машыну і даехаць). Няма ні прыбіральні, ні душа, ні прысмакаў для дзяцей. Уся ежа — мяса ды цеста. І нават вада салёная. Суровыя ўмовы: летам пустыня праграваецца да 40 градусаў, а зімой вельмі холадна і вецер. Разумееш, як многа ў цябе ёсць у Беларусі». Можа, таму жыхары пустыні, асабліва дзеці, так радаваліся падарожніцы, а госця з імі знаходзіла кантакт праз жэсты, бо англійскай мовы жыхары юрты не ведалі.

— Чаго трэба асцерагацца, калі падарожнічаеш аўтастопам? — цікаўлюся ў Надзеі.

— Гэта не столькі пра аўтастоп, колькі пра тое, што дзяўчына падарожнічае адна, асабліва ў такіх краінах, як Індыя, Шры-Ланка. Нават калі проста спыняцца ў гатэлі, хостэле ў экзатычнай краіне, трэба быць гатовай, што ты, такая беласнежка, будзеш прыцягваць увагу мужчын. З табой захочуць пазнаёміцца, і не заўсёды з добрымі намерамі. У людзей могуць быць няправільныя ўяўленні, яны глядзяць непрыстойныя фільмы і могуць лічыць, што еўрапейскія ці рускія дзяўчаты даступныя. Трэба гэта ўлічваць, быць менш уразлівай да гэтага, не баяцца даваць адпор. Табе могуць задаваць пытанні, і на іх заўсёды трэба даваць дакладны адказ, каб ніхто не адчуў у табе слабасць, інакш ты робішся ўразлівай. Перад падарожжам трэба шукаць інфармацыю пра краіну, у якую збіраешся ехаць, вывучаць традыцыі, культуру. У многіх краінах пэўны знешні выгляд будзе непрымальны. Калі едзеш у Індыю ці Турцыю, адзенне павінна быць закрытае. У Іране, калі будзеш не па каноне апрануты, наогул можаш у паліцыю трапіць. Трэба вывучыць, якія хваробы ў пэўнай краіне — магчыма, прыдзецца зрабіць прышчэпкі. Пацікаўцеся правіламі бяспекі.

— Праблемы са зрокам могуць перашкаджаць у дарозе?

— У Непале я не трапіла ў горы. Я ведаю, што дрэнна бачу, у гарах буду ісці павольна, без падтрымкі магу ўпасці. Але і ў Беларусі я магу не заўважыць прыступку ці яму. Канешне, можна было б знайсці кампанію, але гэта былі б выпадковыя знаёмыя, мне не хацелася іх абцяжарваць, і я не была ўпэўненая, калі б нешта здарылася, што чужыя людзі не кінуць мяне. Узважыла і вырашыла, што нейкая мяжа ў мяне ёсць, так нікуды і не схадзіла. Хоць, калі падарожнічаеш, бачыш, колькі ў свеце добрых людзей. Таксама ў дарозе мне дапамагаюць карты, анлайн можна адразу даведацца, дзе знаходзішся.

Дзяўчына прызнаецца, што падарожжы дапамагаюць многае зразумець, перагледзець: «Беларусы не вельмі шчаслівыя, ідзеш па вуліцы, а людзі не ўсміхаюцца. Мы любім многа скардзіцца.. А недзе ў іншай краіне ў чалавека, можа, наогул нічога няма, ён калека, але ён будзе ўсміхацца, смяяцца і адчуваць сябе шчаслівым. Таму я так люблю Азію, там ёсць чаму павучыцца. У некаторых краінах можа не быць шыкоўных краявідаў, але там цудоўныя гасцінныя людзі. І гэта вельмі цікава — даведвацца пра іх жыццё, абменьвацца думкамі».

А таксама падарожжы дапамагаюць змагацца са стэрэатыпамі, якія, на жаль, пакуль яшчэ вельмі многім перашкаджаюць узляцець.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Ляці, Надзейка!

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

2020 год паставіў усіх нас перад неабходнасцю дакладна планаваць свае выдаткі.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Класiкаў трэба ведаць…, Быў бы араты, будзе й прыганяты, Па малiну…

Эканоміка

«Мы выказалi прапановы, i нас пачулi». Як дзяржаўныя прэферэнцыi дапамагаюць падтрымаць суб'ектаў гаспадарання

«Мы выказалi прапановы, i нас пачулi». Як дзяржаўныя прэферэнцыi дапамагаюць падтрымаць суб'ектаў гаспадарання

У бiзнес-колах Гродзеншчыны лiчаць, што меры па падтрымцы эканомiкi з'явiлiся своечасова.