Вы тут

Як працуе ўчастковы інспектар у вёсцы, адкуль роўна два гады таму прапаў 10-гадовы Максім Мархалюк


Як працуе ўчастковы інспектар у вёсцы, адкуль роўна два гады таму прапаў 10-гадовы Максім Мархалюк

У маёра міліцыі Андрэя Болбата не самы просты ўчастак. Тут і запаведнікі, і гушчары, і дзікія балоты... Адным словам, Белавежская пушча. Менавіта ў гэтых лясах заблукаў Максім, якога два гады шукала амаль уся краіна. У той час Андрэй Болбат працаваў інспектарам ДАІ і ў ліку першых накіраваўся на яго пошукі.


Пошукі працягваюцца

Той дзень Андрэй Валер'евіч памятае як сёння. Аб прапажы хлопчыка паведамілі ў 18.20.

— Я тады выехаў з напарнікам першым нарадам. Самыя першыя туды прыехалі, калі маці патэлефанавала, — успамінае суразмоўнік. — Мы тады ездзілі па лесе, сігналілі, мігалку ўключылі, каб яго зарыентаваць. Думалі, што ён выйдзе на гукі...

Болбат браў удзел у пошуках хлопчыка з першых дзён тады яшчэ на пасадзе супрацоўніка ДАІ. Працягвае гэту работу ў якасці ўчастковага.

— Пошукі вядуцца. Цяпер цяжкасці з тым, што складана нешта ўбачыць з-за зялёнага лісця, больш спрыяльны перыяд для пошукаў — гэта восень і зіма. Асаблівая ўвага па-ранейшаму надаецца балоту Дзікому. Гэта вельмі небяспечнае месца, куды нават валанцёраў не пускалі, каб іх саміх не згубіць. Ішлі толькі падрыхтаваныя супрацоўнікі, — расказвае Андрэй.

Сам ён таксама неаднаразова «прачэсваў» гэту мясцовасць. Але трэба быць асцярожным. З мясцовых жыхароў на балота ходзяць толькі тыя, хто сапраўды ведае гэтыя мясціны: у асноўным усе ідуць убок ад балота.

— На маім участку гэта адзіны зніклы без вестак. За два гады нераскрытых правапарушэнняў тут не было. Бывала, што прападаў чалавек (тут дзядуля быў прапаў у лесе, але яго знайшлі). Нядаўна мне патэлефанавалі леснікі, што нібыта знайшлі Максіма, але інфармацыя аказалася недакладная, проста чутку нехта пусціў. Вядома, мы трымаем на кантролі гэту сітуацыю, — кажа Андрэй.

Асноўная версія — яна днямі была агучана ў Міністэрстве ўнутраных спраў, — што хлопчык заблукаў у лясным масіве. Андрэй Болбат нават канкрэтызуе: Максім ішоў па дарозе і пераблытаў напрамкі. Дамоў яму трэба было зварочваць лявей, а ён павярнуў на балота Дзікое. Туды таксама вядуць сцежкі, па якіх ходзяць мясцовыя па рогі аленяў. Гэтыя сцежкі і маглі заблытаць хлопчыка. Ён ішоў проста на балота.

— Многія жыхары зараз збіраюць журавіны. Цяпер больш-менш суха, але ўсё роўна ў незнаёмыя мясціны не ходзяць, — адзначае Андрэй Болбат.

Але вернемся да сённяшніх праблем і клопатаў участковага інспектара. Іх на тэрыторыі Навадворскага сельскага савета таксама нямала. Хтосьці скраў збожжа, нехта выпіў на рабоце, нехта гандлюе самагонам...

З выездам на месца

На міліцэйскім аўто ад'язджаем ад Свіслацкага раённага ўпраўлення ўнутраных спраў. Начальнік аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі Дзяніс Паўлючэня патлумачыў: да яго паступілі звесткі, што рабочы на ферме крадзе кармы. Трэба гэты факт праверыць на месцы.

Ад Свіслачы да Новага Двара кіламетраў трыццаць. Гэта цэнтр сельсавета. Траса Свіслач — Пружаны даволі спакойная, ды і сама дарога роўная — некалькі гадоў таму яе абнавілі. Праходзіць яна вакол Белавежскай пушчы. Але нам трэба звярнуць убок, і да Новага Двара едзем яшчэ кіламетраў дзесяць па такой жа роўнай трасе. Падумалася: як важна ехаць па добрай дарозе, колькі на гэтым можна захаваць нерваў.

Адразу накіроўваемся ў сельскі Савет. Старшыня Уладзімір Здановіч гатовы далучыцца да рэйду. Яму важна, каб жыхары не ўступалі ў супярэчнасць з законам. А інспектар, па яго словах, такія факты заўсёды трымае на кантролі.

— Тут каля дзвюх тысяч жыхароў, гэта амаль што самы вялікі сельскі Савет раёна, — кажа Уладзімір Васільевіч. — Ёсць у нас і тыя, хто вярнуўся з месцаў пазбаўлення волі, і абавязаныя, і кандыдаты на ЛПП. Яны часцей за ўсё трапляюць у спісы правапарушальнікаў. Некалькі чалавек асуджаны і адбываюць пакаранне. У асноўным — за крадзяжы.

Вось і чарговая справа таксама звязана з крадзяжом. Праўда, пакуль толькі вядзецца праверка. З гэтай мэтай пад'язджаем да дома мясцовага жыхара, які працуе на ферме і быў заўважаны на крадзяжы камбікорму. Гэты прадукт ён мяняе на самагон.

— Мы маем санкцыю на агляд, таму павінны агледзець і дом, і ўсе іншыя гаспадарчыя пабудовы. Як бачым, на грукат ніхто дзверы не адчыняе, хоць каля дома стаіць веласіпед. Значыць, гаспадар альбо не адчыняе дзверы, альбо кудысьці адышоў, — каментуе сітуацыю Андрэй Болбат.

Па словах старшыні сельскага Савета, на мінулым тыдні мужчына знаходзіўся на лячэнні ў бальніцы, бо апарыў нагу. Увогуле кіраўнік мясцовай улады характарызуе работніка фермы як працавітага, здатнага да любой работы чалавека. Ён яшчэ і заядлы зборшчык грыбоў і ягад, а цяпер якраз журавінны сезон. І навошта, здаецца, красці камбікорм, калі можна мець нядрэнны дадатковы заробак на ягадным промысле? Многія так і робяць, у тым ліку і тыя, хто вярнуўся з месцаў адбывання пакарання і стаіць на прафілактычным уліку. За дзень набіраюць і 4, і 5 вёдраў. Нарыхтоўшчыкі адразу на балоце прымаюць ягаду па 3 рублі за кілаграм. Старшыня сельсавета падлічыў: за пяць вёдраў вагой сем кілаграмаў можна зарабіць 100 рублёў. За тыдзень атрымліваецца сярэдняя месячная зарплата. Нават у працоўным графіку раздатчыка кармоў ёсць выхадныя, каб зарабіць яшчэ і на зборы журавін.

Гэта справядлівы ўчастковы...

На маршруце яшчэ адзін адрас. Андрэй Болбат тлумачыць: едзем да мужчыны, якога днямі затрымалі на рабоце п'яным.

Аўтамабіль спыняецца каля неблагога на выгляд дома. На грукат выходзіць мужчына ў цяльняшцы. Што выпіў на рабоце, не адмаўляе. І на ўчастковага не скардзіцца, наадварот, кажа, што ён выконвае свае абавязкі згодна з законам.

Івану Іванавічу 56 гадоў. Жыве ў дзедавым доме не так даўно, дагэтуль жыў з грамадзянскай жонкай і яе васьмярымі дзецьмі ў іншай вёсцы. Разам нарадзілі яшчэ дваіх — блізнятаў. Мужчына панаракаў на свой лёс, маўляў, памерла сужыцельніца, дзяцей усіх забралі. Зарплата на ферме невялікая, хоць ён працуе там больш за 20 гадоў.

— Іван — абавязаная асоба, таму ў яго вылічваюць 70 % зарплаты на дваіх дзяцей, якія знаходзяцца ў прыёмнай сям'і, — кажа Андрэй Болбат. — Дзеці малыя, таму яшчэ гадоў сем будзе выплачваць
аліменты.

Сам Іван, па ўсім відаць, да дзяцей прыязджае рэдка. Кажа, няма чаго ім прывезці. Толькі паведаміў, што малыя яго ведаюць. У любым выпадку ім будзе да каго вярнуцца, пасля таго як стануць паўналетнімі. Бо ў прыёмнай сям'і дзеці могуць знаходзіцца да 18 год, а потым уладкоўваюцца самі — вучацца альбо працуюць. Можа, тады і спатрэбіцца бацькоўскі дом, і работа тут знойдзецца. Ды і дому патрэбны руплівы гаспадар. Калі ў саміх пакоях сякі-такі парадак, то двор неахайны — і плот паваліўся, і пустазелле расце паўсюдна.

Хто каго?

Самі жыхары прызнаюцца: тут мясцовасць — рай для самагоншчыкаў. Яны ставяць свае міні-заводы ў гушчары Белавежскай пушчы. Як іх знайсці? Андрэй Болбат не спяшаецца раскрываць сакрэты сваёй дзейнасці, але намякае, што дапамагае насельніцтва. Ёсць і ўласныя назіранні. Заўважана, што часцей за ўсё такія міні-заводы ставяць каля вады, а пад'езды яшчэ і маскіруюць — напрыклад, на лясной дарозе ў зямлю ўкопваюць трубы, у якія ставяць елкі, маўляў, дарогі сюды няма. Ёсць іншыя спосабы маскіроўкі. Напрыклад, перасоўныя самагонныя апараты.

У вёску Новы Двор якраз прыгналі адзін такі агрэгат з Белавежскай пушчы. Цяпер ён знаходзіцца на падворку пустуючага дома. Чаму яго не канфіскавалі? Аказваецца, уся справа ў камплектацыі.

— Апарат забралі ў самагоншчыкаў, але вярнулі таму, што ён лічыцца неўкамплектаваным — у ім няма халадзільніка, — тлумачыць участковы. — А гэта значыць, што няма нагоды яго канфіскаваць. Адміністрацыйная справа была заведзена, але спынена за адсутнасцю складу правапарушэння.

Апарат вельмі ўражвае. Металічныя, крыху паржавелыя цыліндры і чаны стаяць на платформе з даволі ўстойлівымі гумовымі коламі. У адным з металічных цыліндраў павінен быць змеявік, а яго няма. Атрымліваецца, што юрыдычна гэта і не апарат зусім. Відаць, і яго ўласнікі таксама добра ведаюць законы.

А вось калі апарат поўнасцю ўкамплектаваны, за яго можна атрымаць штраф да пяці базавых велічынь з канфіскацыяй яго і самой прадукцыі. Пры паўторным вырабе на працягу года штраф павялічыцца да 30 базавых велічынь. Дарэчы, набыццё самагону ці брагі ў нелегальных вытворцаў таксама можа карацца штрафам да пяці базавых велічынь.

— Самагоншчыкам усё складаней працаваць, — жартуе старшыня сельсавета. — Не паспее паставіць апарат, а тут яго і накрыюць.

Начальнік аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі Дзяніс Паўлюкевіч паведаміў, што ўчастковы з пачатку года выявіў тры самагонныя апараты. Знішчана тры тысячы літраў брагі і 300 літраў самагону. Складзена 16 пратаколаў з накладаннем штрафу за незаконны абарот алкаголю.

Трэба сказаць, што ў краіне ёсць легалізаваная вытворчасць самагону на турыстычных аграсядзібах, у тым ліку ў Нацыянальным парку «Белавежская пушча». Але такіх ліцэнзій няшмат.

У вёсцы ўсё спакойна

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Ёсць у сельсавеце некалькі вёсак, дзе наогул нікога не засталося. Але і за імі патрэбен нагляд. Тут могуць, напрыклад, абсталяваць нелегальныя склады.

Цэнтр сельсавета — Новы Двор — заселены працэнтаў на трыццаць, адзначыў старшыня сельскага Савета. Але вёска не забыта цывілізацыяй. Тут нават дзве крамы — спажыўтаварыства і прыватная.

У такіх месцах часам могуць «качаць правы» нецвярозыя грамадзяне. Праўда, у краме спажыўтаварыства расказалі, што такіх выпадкаў у іх не бывае. І адна з прычын — кантроль участковага.

Цяпер абстаноўка змянілася, кажуць мясцовыя жыхары. Некаторы час тут наогул не было ўчастковага — быў адзін на некалькі сельсаветаў. З прыходам Андрэя Болбата сітуацыя палепшылася. Гэта адзначае і начальнік агракомплекса «Новы Двор —Агра» Дзяніс Турак. Многія жыхары працуюць менавіта тут.

— Мы ўзаемадзейнічаем, каб не было крадзяжоў, разам патрулюем тэрыторыю, сочым, каб работнікі былі ў цвярозым стане. Дзесьці і пагаварыць трэба з чалавекам, а да службоўца ў форме людзі часам больш прыслухоўваюцца, чым да кіраўніка, — кажа Дзяніс Турак. — Бо кіраўнік можа проста звольніць, а міліцыя накладзе адміністрацыйнае пакаранне ці яшчэ якія санкцыі выкарыстае. Гэта больш дзейсна.

У гаспадарцы працуе больш за 300 чалавек. Эканамічны стан палепшыўся, калі мясцовы калгас далучылі да прадпрыемства «Гродна Азот». Гаспадарка спецыялізуецца на жывёлагадоўлі — толькі тут разводзяць рэдкую чырвоную беларускую пароду кароў. Таму і работнікі патрэбны адказныя, кажа начальнік агракомплекса. Вось участковы часам і дапамагае трымаць некаторых у рамках, ставіць на шлях выпраўлення.

— Да аматараў выпіць на рабочым месцы меры даволі жорсткія, — канстатуе Андрэй Болбат. — Напачатку ахвотніка выпіць папярэджваюць. Тры парушэнні — і медыцынская камісія можа накіраваць на лячэнне ў ЛПП.

А мы накіроўваемся назад, у райцэнтр. Запыталася пра асабістае: як сям'я, дзеці. Аказалася, што Андрэй Валер'евіч багаты бацька — у яго ажно трое сыноў. Старэйшы ўжо працуе, а малодшы яшчэ наведвае дзіцячы садок. Ці не шкадуе інспектар аб выбраным шляху? Здаецца, не, бо наўрад ці затрымаўся б у міліцыі ажно на 23 гады. Ды і мясціны тут родныя. І каб было тут спакойна, нясе сваю службу ўчастковы інспектар Андрэй Болбат.

Маргарыта Ушкевіч

Фота аўтара

Загаловак у газеце: «Ездзілі па лесе з мігалкамі...»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».