Вы тут

Пад Гомелем адкрылі памятны знак ваенным разведчыкам


Байцам нябачнага фронту прысвячаецца памятны знак, адкрыты пад Гомелем, у прыгожым мястэчку Чонкі, на тэрыторыі аднайменнага санаторыя

Ён нагадвае пра савецкага ваеннага дзеяча Ілью Старынава і Аператыўна-навучальны цэнтр, які дзейнічаў тут у ліпені — жніўні 1941 года пры штабе Заходняга і Цэнтральнага франтоў. Ініцыяваў устаноўку валуна член Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Павел Ждановіч:


— Ідэя ўвекавечання памяці ваенных разведчыкаў, большасць імёнаў якіх невядома, з'явілася яшчэ ў 2005 годзе. Абрэвіятурай АНЦ — Аператыўна-навучальны цэнтр — мы хацелі аддаць даніну памяці ўсім, чый подзвіг у імя Радзімы застаўся невядомы, але ўнёсак у перамогу неацэнны. На тэрыторыі Гомельшчыны дзейнічалі два падраздзяленні цэнтра — у Маркавічах, дзе праходзіла навучанне частка вайскоўцаў 53-га палка НКУС, а ў Мазыры дыверсійнай рабоце ў тыле ворага вучылі жанчын.

У Аператыўна-навучальным цэнтры ў Чонках падрыхтавалі больш за дзве тысячы дыверсантаў, разведчыкаў і падрыўнікоў, каля 60 разведвальна-дыверсійных груп для дзейнасці ў тыле ворага. А пазней — і інструктараў для работы ў падобных цэнтрах у Курскай, Маскоўскай, Арлоўскай, Смаленскай, Тульскай, Чарнігаўскай абласцях...

Палкоўнік Ілья Старынаў — савецкі ваенны дзеяч, адзін з заснавальнікаў часцей спецыяльнага прызначэння, прафесар. Узнагароджаны двума ордэнамі Леніна, пяццю ордэнамі Чырвонага Сцяга, Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Айчыннай вайны ІІ ступені, Дружбы народаў, а таксама іншымі ордэнамі і медалямі. Удзельнік Грамадзянскай вайны, баявых дзеянняў у Іспаніі, савецка-фінляндскай і Вялікай Айчыннай войнаў.

— Палкоўніка Ілью Старынава называлі «дыверсантам № 1 у свеце», якога Адольф Гітлер зваў сваім асабістым ворагам, — кажа старшыня Беларускага грамадскага аб'яднання «Ветэраны ваеннай разведкі», палкоўнік у адстаўцы Аляксандр Бітус. — Старынаў усё жыццё прысвяціў ваеннай справе, арганізаваў падрыўную дзейнасць на акупаванай фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі. Ён стаяў каля вытокаў стварэння падраздзяленняў сіл спецыяльнага прызначэння «Вымпел», «Альфа» і іншых.

Цікава, Што Ілья Старынаў пражыў 100 гадоў (1900—2000). Пасля выхаду ў адстаўку ён да 87 гадоў выкладаў у вучэбных установах КДБ і пісаў кнігі. У іх ліку і мемуары, дзе расказваў пра сваё доўгае жыццё, насычанае прыгодамі.

Трохразовым ружэйным залпам і хвілінай маўчання прысутныя ўшанавалі памяць герояў-вызваліцеляў.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?