Вы тут

Як сёння наладжана служба вартавых парадку ў сельскай мясцовасці?


Міліцыянер на вёсцы — чалавек вядомы і паважаны. Менавіта да яго месцічы звяртаюцца па розных пытаннях. Абмежаванняў амаль няма! Усё ведае, з усім дапаможа, усюды паспее.

Пра тое, як сёння наладжана служба вартавых парадку ў сельскай мясцовасці, мы пагутарылі з намеснікам начальніка ўпраўлення — начальнікам аддзела арганізацыі работы ўчастковых інспектараў міліцыі ўпраўлення прафілактыкі ГУАПП МУС палкоўнікам міліцыі Сяргеем Красуцкім.


— Што ўваходзіць у абавязкі сельскага ўчастковага?

— Абавязкі сельскіх і гарадскіх участковых інспектараў міліцыі — аднолькавыя, спецыфіка работы — розная.

Да асноўных абавязкаў адносяцца: прафілактыка бытавых правапарушэнняў і п'янства, папярэджанне крадзяжоў маёмасці.

Калі ў гарадскога інспектара насельніцтва сканцэнтравана кропкава, у 5—10 шматпавярховых дамах, то ў сельскага — гэта 15—20 вёсак. Даўжыня адміністрацыйнага ўчастка можа складаць каля 50 кіламетраў.

Цяпер у невялікіх населеных пунктах жывуць пераважна людзі сталага веку. Не ўсе ўмеюць карыстацца мабільнай сувяззю, інтэрнэтам, не заўсёды маюць стацыянарны тэлефон. Таму да ўчастковага нярэдка звяртаюцца па зямельных, жыллёва-бытавых пытаннях.

Праваахоўнік у вёсцы шмат працуе з сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі. Тут таксама ёсць свае асаблівасці і складанасці.

— З якімі правапарушэннямі часцей за ўсё сутыкаецца міліцыянер на вёсцы?

— За 8 месяцаў 2019 года ў сельскай мясцовасці зарэгістравана 7257 крадзяжоў (44,5 % ад усіх правапарушэнняў, зафіксаваных у вёсках). Пажылыя людзі вельмі даверлівыя і нярэдка, самі таго не разумеючы, запускаюць у сваё жыллё ашуканцаў. Участковыя пастаянна праводзяць прафілактычныя гутаркі з пенсіянерамі, тлумачаць, што трэба рабіць, калі «ў госці» завіталі незнаёмцы.

Больш за траціну ўсіх «бытавых» злачынстваў (39,6 %) налічваецца ў сельскай мясцовасці.

— Наколькі часта ўчастковымі інспектарамі становяцца выхадцы з гэтага ж раёна?

— Такой статыстыкі ў нас няма. Але, канешне, добра, калі міліцыянер выдатна ведае тэрыторыю свайго адміністрацыйнага ўчастка і яго жыхароў. З іншага боку, часам цяжка правесці мяжу паміж асабістым стаўленнем да чалавека, з якім, напрыклад, вырас у адным двары, і службовымі абавязкамі.

Мы выступаем больш за тое, каб участковы жыў у тым населеным пункце, дзе нясе службу. Мясцовая ўлада ўсяляк падтрымлівае гэта — выдзяляе жыллё.

— Як дзеліцца плошча раёна сярод участковых?

— Зыходзім з колькасці насельніцтва, наяўнасці транспарту для інспектараў. У ідэале, разлік ідзе — адзін вартавы парадку на паўтары тысячы жыхароў. Акрамя гэтага, улічваюцца і мясцовыя ўмовы. Напрыклад, калі гэта адзін сельсавет і людзей больш, то стараемся, каб яго абслугоўваў адзін міліцыянер.

— Ці змяняўся круг прафесійных абавязкаў участковых з цягам часу?

— Карэктуюцца не абавязкі, удасканальваюцца падыходы да іх выканання. У 2014 годзе быў прыняты закон «Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў». З'явіліся механізмы, якія дазволілі ўплываць на бытавую злачыннасць. Напрыклад, ахоўнае прадпісанне. Згодна з ім, міліцыянер мае права на тэрмін да 30 сутак ізаляваць з агульнага жылля сямейнага дэбашыра.

Працуем над унутрыведамаснымі падыходамі. Напрыклад, участковыя не разглядаюць заявы, якія датычацца кірунку па барацьбе з эканамічнай злачыннасцю і супрацьдзеянні гандлю людзьмі. Мінімізуем прыцягненне нашых супрацоўнікаў на дзяжурствы ў райаддзеле. Усё для таго, каб міліцыянер больш часу знаходзіўся на сваім адміністрацыйным участку, кантактаваў з людзьмі. Гэта важна. Асабліва ў сельскай мясцовасці. У 90 % выпадкаў у вёсцы на выклік ад жыхароў першым прыязджае менавіта ўчастковы. Нярэдка яму тэлефануюць напрамую.

— Што ўяўляе сабой эксперымент з «універсальнымі міліцыянерамі», які праводзіцца зараз у некаторых раённых аддзелах міліцыі?

— Вартавыя парадку надзяляюцца адначасова паўнамоцтвамі супрацоўнікаў крымінальнага вышуку, участковых і інспектараў па справах непаўналетніх. Такім чынам, праваахоўнікі адказваюць за ўсё, што адбываецца на адміністрацыйным участку. Гэта дазваляе паменшыць і раўнамерна размеркаваць нагрузку на супрацоўнікаў. Вопыт падказвае, што ў сельскай мясцовасці, дзе шчыльнасць насельніцтва невялікая, глыбокая спецыялізацыя кожнай з гэтых службаў не патрабуецца.

Казаць пра канчатковыя вынікі эксперымента яшчэ рана, але на сёння ўжо можна выдзеліць станоўчыя бакі новаўвядзення.

— Участковыя па спецыфіцы сваёй работы шмат кантактуюць з людзьмі. Ці заканчваюць яны якія-небудзь курсы па псіхалогіі, напрыклад?

— Мы імкнёмся да таго, каб нашы супрацоўнікі мелі сур'ёзную псіхалагічную падрыхтоўку. Кожны праваахоўнік з пэўнай перыядычнасцю адпраўляецца на курсы павышэння кваліфікацыі пры Акадэміі МУС, Магілёўскім інстытуце МУС. Участковыя вучацца не толькі таму, як кантактаваць з людзьмі, але і як паводзіць сябе ў экстраннай сітуацыі на службе.

— Вы згодныя з тым, што калі прайшоў «школу» ўчастковых — усе дзверы ў органах правапарадку адкрытыя?

— Так, менавіта гэта падраздзяленне ў міліцыі многія лічаць кузняй кадраў. Участковы інспектар — гэта ўніверсальны спецыяліст. Такія супрацоўнікі хутка падымаюцца па кар'ернай лесвіцы, маюць высокія званні. Але ў нас ёсць і тыя, хто служаць участковымі каля 20 гадоў! Кіраўніцтва даражыць такімі кадрамі.

Кацярына АСМЫКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?