Вы тут

Чаму ў Італіі з'явіўся новы ўрад?


Новы кааліцыйны ўрад Італіі на чале з Джузэпе Контэ днямі атрымаў вотум даверу нацыянальнага парламента. Пра гэта паведаміла агенцтва ANSA. Такім чынам, на Апенінах нарэшце афіцыйна зацвердзілася новая ўладная большасць у складзе «Руху пяці зорак» і Дэмакратычнай партыі (ДП), а таксама партыі «Свабодныя і роўныя» (СР), чый прадстаўнік займае ў кабінеце адну міністэрскую пасаду (аховы здароўя). Далучэнне да альянсу СР спатрэбілася, каб атрымаць надзейную большасць у Сенаце. Адметна, што парламенцкія дэбаты суправаджаліся бурнымі нападкамі з боку прадстаўнікоў апазіцыі, у якую перайшлі партыі «Ліга», а таксама «Браты Італіі». Апошняя, дарэчы, арганізавала «пленэр-акцыю» пратэсту на плошчы. У апазіцыі таксама знаходзіцца і партыя экс-прэм'ера Сільвіа Берлусконі. Пасля развалу былой кіруючай кааліцыі ў складзе «Руху» і «Лігі» першыя здолелі прыйсці да пагаднення з «традыцыйнымі» апанентамі з ДП аб стварэнні альтэрнатыўнай большасці. Пры гэтым узначальваць новы кабінет заклікалі Контэ, які быў прэм'ерам і ў папярэднім урадзе. Кабмін у складзе 21 міністра быў прыведзены да прысягі на мінулым тыдні. Навошта ў Італіі «мадэрнізавалі» ўрад?


«Рух» да «Лігі»

Урадавая кааліцыя «Лігі» і «Руху» праіснавала 14 месяцаў. Увогуле гэтыя палітычныя сілы прыйшлі да ўлады на Апенінах па выніках парламенцкіх выбараў у сакавіку мінулага года. Як адзначае іmemo.ru супрацоўнік Цэнтра еўрапейскіх даследаванняў Інстытута сусветнай эканомікі і міжнародных адносін Агнеса Авілава, двухпартыйная кааліцыя аб'ядноўвала непадобных удзельнікаў: за «Лігай» стаяла высокаразвітая прамысловая Поўнач, за «Рухам» — удвая больш бедны паўаграрны Поўдзень. Агульнай платформай стала негатыўнае стаўленне да неаліберальнага эканамічнага курсу ЕС, які рэзка скараціў бюджэтныя і інвестыцыйныя магчымасці Італіі, і да яго міграцыйнай палітыкі, якая прымусіла краіну фактычна ў адзіночку спраўляцца з масавым прытокам мігрантаў з Афрыкі і краін Блізкага Усходу.

Акрамя таго, кожны ўдзельнік меў свае асаблівыя ідэйныя ўстаноўкі. Лідар крайне правай «Лігі» Матэа Сальвіні абвясціў сваёй задачай пакласці канец леваму праўленню ў Італіі, адкрыўшы гэтым эпоху новага грамадскага парадку ў Еўропе («працягласцю гадоў пяцьдзясят»). Лідар антысістэмнага («ні левага, ні правага») «Руху» Луіджы дзі Маё выступаў пад лозунгам адхілення ад улады ўсяго старога карумпаванага кіроўнага класа Італіі і адцяснення «традыцыйных» палітычных партый, дарэчы, у тым ліку левацэнтрысцкай Дэмакратычнай партыі. Яе тагачасны кіраўнік Матэа Рэнца разглядаўся як праваднік курсу ЕС і міжнародных фінансавых колаў, на думку дзі Маё, якія штурхалі эканоміку Італіі да зацяжной дэпрэсіі.

Леташняе ўрадавае пагадненне ўключала галоўныя пункты абедзвюх партыйных праграм: новую пенсійную рэформу (са скарачэннем пенсійнага ўзросту), увядзенне даходу ад грамадзянства, агульнае зніжэнне падаткаў, дзяржаўнае садзейнічанне інфраструктурнаму будаўніцтву, узмацненне жорсткасці іміграцыйнай палітыкі і палітыкі бяспекі. Праект бюджэту на 2019 год прадугледжваў павелічэнне дэфіцыту ў некалькі разоў у параўнанні з папярэднім перыядам. Гэты фінансавы дакумент, які прадставілі Еўракамісіі восенню 2018-га, быў адкінуты, што запатрабавала працяглых перамоў і істотнай карэкцыі — каб пазбегнуць санкцый ЕС за парушэнне памераў дэфіцыту і графіка скарачэння дзяржаўнага доўгу.

Вынікам 14 месяцаў дзейнасці кааліцыі стала вымушанае падпарадкаванне Італіі правілам бюджэтнай дысцыпліны ЕС пры захаванні, аднак, зацверджаных «урадам перамен» прынцыпаў новай эканамічнай і сацыяльнай палітыкі, запісаных у пагадненні, адзначае Агнеса Авілава. Было прынята новае заканадаўства аб пенсіях і аб даходзе ад грамадзянства. Праўда, тэмпы росту вытворчасці засталіся блізкія да нуля. Выдаткі рэфарматарскай дзейнасці — звыш пяці мільярдаў еўра дадатковых выплат працэнтаў па дзяржаўным доўгу на працягу гэтага і наступнага года.

Высвятленне адносін

За мінулыя паўтара года Матэа Сальвіні дамогся імклівага ўзлёту ўласнага рэйтынгу, а адпаведна і папулярнасці сваёй партыі. На выбарах у еўрапейскі парламент сёлета ў маі «Ліга» заваявала 34,3 працэнта галасоў, у той час як «Рух» скаціўся да 17,1 працэнта. Відавочна, што суадносіны сіл у кааліцыі радыкальна змяніліся. Апытанні паказвалі, што электаральны рэйтынг «Лігі» дасягнуў 38 працэнтаў, і ў выпадку сумеснага выступлення з ультраправымі «Братамі Італіі» яна атрымала б на выбарах звыш 40 працэнтаў галасоў, а пры ўдзеле таксама партыі «Наперад, Італія» — больш за 50! Сфарміраваны правымі парламент мог бы змяніць у 2022 годзе і непажаданага для іх прэзідэнта Серджа Матарэлу. Умацаваліся б і пазіцыі Сальвіні ў Еўропе, дзе ўжо пачалі ўзводзіць супраць яго «санітарны кардон», заўважыла Агнеса Авілава. Перадумовай разрыву кааліцыі паслужыла «здрада» «пяцізоркавых», дэпутаты якіх у Еўрапарламенце падтрымалі кандыдатуру Урсулы фон дэр Ляен на пасаду кіраўніка Еўракамісіі, тады як прадстаўнікі «Лігі» галасавалі супраць. Адчувалася, што радыкальнае «высвятленне адносін» не за гарамі. Падставай для канчатковага разрыву стала галасаванне ў італьянскім парламенце па законапраекце аб будаўніцтве хуткаснай чыгункі Турын — Ліён: для «Лігі» ён быў адным з прыярытэтаў, а для «Руху» — увасабленнем традыцыйнай для Поўначы практыкі карупцыйных падрадных здзелак.

Пазіцыя «Лігі» атрымала верх, і Сальвіні выступіў з заявай, у якой канстатаваў «адсутнасць у краіне ўрадавай большасці» і запатрабаваў неадкладнага роспуску парламента для правядзення датэрміновых выбараў. Папулярны палітык меркаваў, што такім чынам удасца пазбавіцца ад надакучлівых «зорак» і сфарміраваць урад з ідэалагічна блізкімі групамі. Пры гэтым яго праціўнікі былі не надта зацікаўлены ў датэрміновых выбарах, асабліва ўлічваючы цяжкае эканамічнае становішча Італіі. Справа ў тым, адзначаюць эксперты, што Італія сёння — сапраўдная фінансавая бомба запаволенага дзеяння для ЕС. Дзяржаўны доўг краіны складае больш за 130 працэнтаў яе ВУП (другі ў Еўропе пасля Грэцыі).

Па звестках агенцтва Bloomberg, Рыму ў другім паўгоддзі патрабуецца рашыць складаную задачу: з прычыны няздольнасці гасіць даўгі «ў разліковым рытме», казначэйства Італіі і іншыя дзяржустановы павінны прыцягнуць у перыяд з верасня да снежня на свае рынкі 174 мільярды долараў (154 мільярды з іх на пагашэнне асноўнай сумы і яшчэ 20 мільярдаў — на выплату працэнтаў). ВУП краіны расце павольна і, паводле прагнозаў Еўракамісіі, павялічыцца сёлета толькі на 0,1 працэнта. Большае і колькасць беднякоў, якія цяпер складаюць 8,4 працэнта насельніцтва. Ва ўмовах адноснай беднасці знаходзяцца больш за тры мільёны чалавек.

Немагчымае — магчыма?

Аднак палітычнае дамінаванне ўсё ж перайшло ад Сальвіні, а яго партыя выпала з кола прэтэндэнтаў на далейшае кіраванне краінай. Ключавую ролю пры гэтым адыгралі дзеянні прэм'ер-міністра Контэ. Ён абвінаваціў лідара «Лігі» ў замаху на святы месяц адпачынкаў — жнівень, у занадта вялікай актыўнасці ў сацсетках, у крытыцы калег па кабінеце. Галоўны папрок быў у тым, што Сальвіні вырашыў скарыстацца момантам: як толькі яго рэйтынг дасягнуў 40 працэнтаў, абвясціў пра распад кааліцыі і запатрабаваў датэрміновых выбараў.

Вось як на гэта абвінавачванне ў аўтарытарызме адрэагаваў сам Сальвіні: «Нас называюць фашыстамі, дыктатарамі. Але мы адзіныя, хто заклікае ісці на выбарчыя ўчасткі. За адзін год на пасадзе віцэ-прэм'ера, нягледзячы на тое што мяне называюць небяспечным дэспатам, я зрабіў Італію больш бяспечнай. Я лічу, што адзіны дэмакратычны шлях — гэта меркаванне італьянскага народа»: заявіў лідар «Лігі», тагачасны кіраўнік МУС Італіі.

Між тым выступленне Контэ (які пасля падаў у адстаўку) сустрэла жывы водгук, умацаваўшы яго асабісты рэйтынг. Апытанне грамадскай думкі ўпершыню паказала зніжэнне электаральнай падтрымкі Сальвіні. У распачатых пасля кансультацыях прэзідэнта з лідарамі парламенцкіх фракцый «пяцізоркавыя» вылучылі кандыдатуру Контэ на пасаду прэм'ер-міністра. Правёўшы два раўнды перагавораў, Матарэла даручыў яму фарміраванне новага кабінета з прадстаўнікоў «Руху» і Дэмпартыі — дзвюх вядучых па колькасці дэпутатаў палітычных сіл дзеючага парламента, учарашніх непрымірымых праціўнікаў.

«Мы любім Італію, і мы лічым небескарысным паспрабаваць», — заявіў кіраўнік ДП Нікола Дзінгарэці падчас сустрэчы з кіраўніком «Пяці зорак» Луіджы дзі Маё. Аднак, як заўважыла на сайце gazeta.ru старшы навуковы супрацоўнік Інстытута Еўропы РАН Алена Аляксеенкава, імкненне ідэалагічных праціўнікаў працаваць разам можа абярнуцца супраць іх. «Гатоўнасць партый паступіцца ідэалагічнымі прынцыпамі і жаданне пазбегнуць галасавання не дадаюць гэтай кааліцыі легітымнасці і даверу ў вачах грамадзян», — мяркуе эксперт.

Хлопец па суседстве

Па выніках апытання інстытута Noto Sondaggі, рух Сальвіні ў Італіі падтрымліваюць 38 працэнтаў выбаршчыкаў, на другім месцы размясцілася Дэмакратычная партыя (23 %), і толькі затым «Рух пяці зорак» (16,5 %).

Як паведаміла gazeta.ru, італьянскі палітолаг Марк Бернардзіні лічыць, што сённяшні расклад сіл у парламенце краіны не адпавядае чаканням італьянцаў. «Калі народ пайшоў направа, значыць, урад павінен быць правы. Аб'ектыўна цяперашні парламент больш не адпавядае настроям электарату», — заўважае Бернардзіні. На думку эксперта, «не факт, што ўрад дажыве да канца склікання — 2022 года».

Як адзначыла Алена Аляксеенкава, пагадненню паміж партыямі дапамагла папулярнасць прэм'ера і прэзідэнта: Джузэпе Контэ валодае высокім рэйтынгам у 52 працэнты, Серджа Матарэла — 57. Праграмы партый таксама моцна адрозніваюцца. «Дзі Маё падкрэслівае пераемнасць курсу, а Дэмпартыя — паварот палітыкі як у сферы эканомікі, так і ў сферы міграцыі. Відавочна, што Дэмпартыя, якая разлічвае атрымаць пасаду ў ЕС, будзе настойваць на згортванні міграцыйнай палітыкі Сальвіні і прыпыненні шэрагу эканамічных рэформаў», — адзначыла супрацоўнік Інстытута Еўропы. Прэса канстатуе паспяховае ўзаемадзеянне «старога-новага» прэм'ера з кіраўніцтвам ЕС і сімпатыю да яго сусветных лідараў.

У прыватнасці, Дональд Трамп назваў яго «вельмі таленавітым чалавекам». Аднак Контэ, які прыняў свой мандат «умоўна», пры пэўных абставінах можа яго вярнуць, як гэта адбылося амаль годам раней з-за рознагалоссяў з прэзідэнтам па кандыдатуры міністра эканомікі, лічыць Агнеса Авілава.

У экспертаў вельмі песімістычныя прагнозы наконт эканамічнай будучыні Апенін. «Мы ўсе ведаем, што ў Італіі будзе чарговы крызіс, пытанне толькі ў тым, калі ён здарыцца», — адзначала агенцтва Bloomberg. «Мы рухаемся па сцэнарыі патэнцыйнага дэфолту», — заўважыў заснавальнік LC Macro Advіsors Ларэнца Кадоньа. Італія можа вельмі хутка трапіць у вельмі няпростую сітуацыю, падобную да тых, у якія ў ходзе нядаўняй вострай фазы пазыковага крызісу ў еўразоне аказваліся Грэцыя, Ірландыя, Партугалія, Кіпр: аб'яўляць дэфолт ці прасіць ЕС і МВФ аб фінансавай дапамозе, пагаджаючыся на іх патрабаванні рэформаў і жорсткай эканоміі пад пільным кантролем крэдытораў.

Правы лагер па-ранейшаму патрабуе датэрміновых выбараў і заклікае сваіх прыхільнікаў да масавых публічных пратэстаў. Не варта забываць і пра тое, што Матэа Сальвіні застаецца надзвычай папулярным італьянскім палітыкам, аўтарытэту і харызмы яму не пазычаць. «Сальвіні — «хлопец па суседстве», — заўважыў яго біёграф Матэа Пучыарэлі. — Ён тыповы сын італьянскіх бацькоў, адкрыты, просты, з ім можна пагаварыць пра што заўгодна». Так што не выключана, што ў амбіцыйнага лідара «Лігі» яшчэ з'явяцца шанцы сфарміраваць уласны ўрад. Прынамсі, для гэтага ёсць усе перадумовы.

Захар БУРАК

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: «Перазагрузка» на Апенінах

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Выкананне якіх правіл зробіць паездку на электрасамакаце бяспечнай?

Выкананне якіх правіл зробіць паездку на электрасамакаце бяспечнай?

Карэспандэнты «Звязды» разам з супрацоўнікамі ДАІ паназіралі, як мінчане карыстаюцца сродкамі персанальнай мабільнасці.

Грамадства

Як Мінск ўпрыгожаць да юбілею Вялікай Перамогі

Як Мінск ўпрыгожаць да юбілею Вялікай Перамогі

Больш за 1410 тэматычных канструкцый з’явіцца на вуліцах сталіцы

Рэгіёны

Рэканструкцыя Лельчыцкай цэнтральнай кацельні ідзе поўным ходам

Рэканструкцыя Лельчыцкай цэнтральнай кацельні ідзе поўным ходам

Праект надзвычай важны сацыяльна, але не толькі…