Вы тут

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока


— О, дык тут вас усе ведаюць! — крычу я ў машыне, уражаная тым, што на працягу ўсёй дарогі да дому Генадзя Канстанцінавіча нас віталі прахожыя — дарослыя і дзеці. Як тут не ведаць, калі побач жыве чалавек, які прывёз з усяго свету матылёў, начаваў у хаціне важака племені ў экзатычнай Інданезіі, а адносна нядаўна сеў на веласіпед і з роднай Судабоўкі (раён Жодзіна) прыехаў... на Далёкі Усход.


«На вяршынях снег ляжаў, а я — у тапках...»

Генадзь Пузанкевіч не быў выдатнікам у школе. А вось што яму падабалася, дык гэта пісаць эсэ на вольныя тэмы. Пасля ён пайшоў працаваць лесніком, сам пабудаваў дом-сядзібу, што і цяпер уражвае сваім таямнічым выглядам. Вабіла вандроўка, рух, дзікая прырода. Таму з'явілася жаданне паблукаць па тропіках, пакаштаваць гранат, сарваны з дрэва, пагуляць з лемурамі і паганяцца за матылямі на востраве Цэйлон, Мадагаскары і шмат яшчэ дзе.

Мары здзяйсняюцца — вандроўнік з Жодзіна можа гэтым пахваліцца. Але адна рэч фатаграфаваць хітрых лемураў і хамелеонаў, іншая — людзей, якія там жывуць:

— Купілі на рынку парсюка, цыгарэт і пайшлі знаёміцца... У кожнага племені ў той жа Інданезіі (а іх там, можа, сотні) — свой лад жыцця, свае традыцыі, звычкі. Нейкае слова дзесьці мае адзін сэнс, а ў іншым месцы — зусім не такі. Трэба ўмець знаходзіць правільны кантакт з такімі людзьмі, бо нават жэстам рукі ты можаш пакрыўдзіць чалавека. І без правадніка лепш не ісці ўвогуле.

Генадзь Канстанцінавіч сваёй прастатой, шчырасцю прыцягваў увагу мясцовых жыхароў. Аднойчы правадыр племені нават запрасіў вандроўніка ў госці — у сваю хаціну, зробленую з травы і вецця.

— Хатка ў яго была двухпавярховая, калі можна так сказаць. Вышынёй дзесьці пад два метры. На першым узроўні жонка важака спіць з дзецьмі, а мы палезлі на другі ярус. А яшчэ спецыяльна для нас мясцовыя жыхары разыгрывалі бой. Імітацыя, але па-сапраўднаму: коп'і, сякеры, крыкі. Відовішча!

Бываў Генадзь Канстанцінавіч і ў такіх плямёнах, якія ў недалёкім мінулым займаліся нават канібалізмам. Тут наш вандроўнік быў асабліва асцярожны ва ўсіх сваіх рухах і словах.

На Кіліманджара ўздымаўся з групай. Але дайшоў адзін. На гары былі тры фінішы (на розных вышынях), і далёка не ўсе адважваліся падымацца пасля першага. Генадзь Канстанцінавіч прызнаўся: «Было складана, таму што паветра на вышыні мала, адчуваецца ціск. На вяршыні снег ляжаў, а я ў тапках быў... Так! Я вандрую ў лёгкім абутку. Мне — хораша».

З Жодзіна да Уладзівастока — за чатыры месяцы

— Першыя кіламетры маральна даваліся цяжка. Ехаў і думаў: навошта? Сядзеў бы дома, гаспадарку вёў... Але на маім шляху трапляліся людзі, самыя розныя. Яны ветліва сустракалі мяне, падтрымлівалі маральна і фінансава. Я шчыра ўдзячны ўсім, з некаторымі кантактую і цяпер.

Эканоміць даводзілася на ўсім. Купляў Генадзь Канстанцінавіч у асноўным запчасткі для транспарту. Еў ролтан — добра, калі хто частаваў нармальнай ежай. Прычына не толькі ў фінансах. Веласіпед — не машына, увесь багаж трэба цягнуць самому. Здаецца, узяў толькі неабходнае для вандроўкі, аднак вага разам з веласіпедам атрымалася каля 50 кілаграмаў. Уявіце, што гэты груз вандроўнік працягнуў праз 10 760 кіламетраў! Уздоўж Байкала ехаў амаль трое сутак, бачыў яго празрыстасць і веліч. Плюс самастойнай вандроўкі ў тым, што ў любы момант можна спыніцца і паглядзець наваколле, сфатаграфаваць. Генадзь Канстанцінавіч усё імкнуўся захаваць не толькі ў сваёй памяці, але і ў фотаапараце. Калі раптам у сопках «лавіла» мабільная сувязь — хутчэй адпраўляў СМС сям'і, якая, вядома ж, хвалявалася і чакала навін.

— Адлегласць паміж Чытой і Хабараўскам — каля 500 кіламетраў. За гэты адрэзак дарогі не трапіў ні адзін населены пункт. Былі праблемы з вадой. Але заехаў! За чатыры-пяць дзён дзесьці...

Генадзь Пузанкевіч кожны дзень імкнуўся пераадольваць не менш за сто кіламетраў. Яго сустракалі розныя людзі, многія запрашалі да сябе, частавалі абедам і здзіўляліся такой незвычайнай і нават небяспечнай ідэі. І чым бліжэйшай рабілася апошняя адметка на карце — Уладзівасток — тым сумней рабілася нашаму вандроўніку.

— Маркотна стала. Мэта амаль дасягнута, і што? Ну даеду я да Уладзіка, а потым? Такія думкі былі. На ўездзе ў горад, дарэчы, ледзь пад машыну не трапіў... А потым «адпусціла». Пасля вырашыў адлучыцца ад асноўнага маршруту, пабываў на Сахаліне і ў Саянах. Назад, у Судабоўку, дабіраўся на цягніках.

Шэрыя квадраты Пузанкевіча

У перыяды «зацішша» Генадзь Канстанцінавіч таксама не марнуе час. Апрача жывых лебедзяў (абодвух ён называе аднолькава — Гошы), высаджаных дрэў і кустоў, прывезеных з Далёкага Усходу, можна ўбачыць чучалы дзікіх звяроў і птушак, матылёў і жукоў. Таксідэрміяй займаецца з 1974 года. І цяпер у яго майстэрні знаходзяцца экспанаты, якія трэба падлатаць, а хтосьці толькі атрымлівае тут «другое жыццё». Паўсюль матэрыялы для работы, на стале чарцяжы, лінейкі, іголкі... Пабачыўшы частку гэтага працэсу, магу сказаць, што работа досыць карпатлівая, патрабуе цярпення і вытрымкі, калі не сказаць стрыманасці.

Так, у хаце гаспадар трымае асабістага ваўка, мядзведзя, некалькіх паўлінаў і соў... Складана пералічыць, колькі застылых вачэй глядзіць на цябе з кута і сцен. Таму начных зладзеяў таксідэрмісту няма чаго баяцца! На асобнай сцяне вісяць, як кажа сам гаспадар, «шэрыя квадраты Генадзя Пузанкевіча». Пад імі тое, што баіцца сонечнага свету, тое, да чаго нельга дакранацца, і ўсё, што мы можам, — гэта назіраць за прыгажосцю творчасці прыроды: пад «шэрымі квадратамі» захоўваецца калекцыя матылькоў з розных куткоў свету. Немагчыма выявіць найпрыгажэйшага, таму што кожны мае ўнікальную афарбоўку і форму крылаў. Акрамя матылькоў, тут жа спяць жукі розных відаў, мнаганожкі, павукі, сярод якіх я пазнала толькі тарантула...

На вуліцы — сапраўдная гаспадарка. Абыходзячы агарод, можна пабачыць горліц, якія, дарэчы, нядаўна абзавяліся птушанятамі, чаплю, фазанаў, гусей, лебедзяў і, вядома ж, курэй. У канцы немалога дварышча ёсць сажалка, якую гаспадар сам калісьці абладзіў. У пару сюды любяць прылятаць качкі.

Цяпер Генадзь Пузанкевіч працуе ў краязнаўчым гарадскім музеі. Работы шмат, і 59-гадовы вандроўнік з Жодзіна прызнаецца, што мэта паехаць на Далёкі Усход не апошняя...

Кацярына КАСЦЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

«А жанчына так і не прыйшла...», Заяц на чацвярых, Асаблівасці нацыянальнага палявання.

Грамадства

Вясковая робататэхніка

Вясковая робататэхніка

Як у вясковай школе з'явіўся SТEM-цэнтр.

Грамадства

Як адбываюць пакаранне асуджаныя да абмежавання волі «ў хатніх умовах»

Як адбываюць пакаранне асуджаныя да абмежавання волі «ў хатніх умовах»

«Хатняя хімія» — гэта турма, толькі на свабодзе», — з сарказмам кажуць самі асуджаныя пра абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.