Вы тут

Лукашэнка: Беларусь і Расія вернуцца да абмеркавання падатковага манеўра


Прэзідэнт сустрэўся са старшынёй Дзяржаўнага мытнага камітэта Юрыем Сянько.


«Мытня — гэта люстэрка эканомікі, — выказаў меркаванне Прэзідэнт, прымаючы сёння з дакладам старшыню Дзяржаўнага мытнага камітэта. — У вялікай ступені. Асабліва для экспартаарыентаванай краіны. Хацелася б даведацца ваша бачанне — якая сітуацыя зараз, што ў нас са зборамі, ці выконваеце вы планы, даведзеныя па мытных пошлінах, якія вы кантралюеце?» 

Аляксандр Лукашэнка праінфармаваны, што ДМК на канец года будзе мець невялікае адставанне ў параўнанні з мінулым годам, звязанае з пошлінамі ад рэалізацыі нафтапрадуктаў, на якія паўплываў падатковы манеўр Расійскай Федэрацыі. «Што будзем з гэтым рабіць? Не будзем жа мы ўвесь час на каленях поўзаць перад сваім старэйшым братам і вымольваць нейкія крохі. Мы павінны самі будаваць тут палітыку з усімі наступствамі, якія адсюль выцякаюць», — заявіў Прэзідэнт.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што праблематыка страт ад падатковага манеўру нашых саюзнікаў не аднойчы была прадметам яго размовы з расійскім калегам, і што ў бліжэйшы час, падчас абмеркавання праграмы сумесных дзеянняў, давядзецца да гэтага пытання вярнуцца. 

«Мяне цікавіць пытанне замяшчэння гэтых страт, кампенсацыі. І тое, што мы пры гэтых стратах мытных пошлін на нафтапрадукты, як вы плануеце, выйдзем больш за сто працэнтаў да ўзроўню мінулага года, значыць, што ўжо намацалі нейкія напрамкі замяшчэння гэтых страт», — заўважыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: «Я вам скажу адкрыта — мы ні ў якім разе не павінны не нахіліцца, не ўпасці. Мы павінны вытрымаць паніжэнне гэтых пошлін і нашых даходаў, і вытрымаць гэты падатковы манеўр». 

Прэзідэнт дадаў, што механізмы кампенсацыі будуць таксама шукацца і па лініі Белнафтахіма.

Старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта канстатаваў павелічэнне патока грузаў праз беларускія ўчасткі граніцы. «Гэта стала магчымым дзякуючы пашырэнню інфраструктуры і выкарыстанню інфармацыйных тэхналогій. Гэта дала магчымасць зрабіць зручным перасячэнне мяжы ўсімі відамі транспарту праз нашы ўчасткі», — паведаміў Юрый Сянько. 

Штодня беларускія мытнікі афармляюць каля шасці тысяч грузавікоў (на 200 адзінак больш, чым на працягу сутак летась), 17 тысяч легкавых аўтамабіляў і 73 тысячы чалавек (плюс 550 у параўнанні з сутачным аб’ёмам летась), якія перасякаюць нашу мяжу.


За восем месяцаў бягучага года на 54 тысячы грузавікоў больш перасеклі беларускую мяжу, чым за леташні перыяд. «Усяго аформлена было на пагранічных пунктах мытнага афармлення каля паўтара мільёна ўсіх адзінак транспарту, якія следавалі праз нашы ўчасткі мяжы», – паведаміў журналістам пасля сустрэчы з кіраўніком дзяржавы Юрый Сянько.

Датычна мытных плацяжоў, адставанне ў параўнанні з мінулым годам на 2,4 працэнта. «Па нафце і нафтапрадуктах мы згубілі агулам каля 520 мільёнаў рублёў і гэта досыць складаная сітуацыя, кампенсаваць якую за кошт іншых плацяжоў не проста», – сказаў старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта. Па яго словах, удалося кампенсаваць 301 мільён беларускіх рублёў за кошт большай сумы, атрыманай ад падатку на дадатковую вартасць, ад плацяжоў, якія былі ўплачаны фізічнымі асобамі пры ўвозе тавараў з-за мяжы, у тым ліку па акцызах і ўтылізацыйным зборы.

Кампенсаваць страты ад падатковага манеўру расіян, па меркаванню Юрыя Сянько, дазваляе перавага, якую аддаюць перавозчыкі Беларусі ў якасці транзітнай краіны. Галоўныя фактары хуткасць і бяспека. «У Расійскую Федэрацыю пратранзітавала на 308 тысяч тон грузаў больш, чым за аналагічны перыяд мінулага году, – дадаў ён. – Перавозчыкі выбіраюць нашы ўчасткі, бо тут бяспечна, спакойна і хутка можна аформіць грузы і даехаць да сваіх кропак прызначэння».

Летась мытнікі пачалі рэканструкцыю двух пунктаў пропуску – на латвійскім (Урбаны) і ўкраінскім кірунку (Верхні Церабяжоў), сёння яны гатовы на 50 працэнтаў, грошы на завяршэнне вылучаны. «Урбаны нам важныя, бо ў 2021 годзе чэмпіянат свету па хакею, але ў 2020 годзе будзе завяршэнне», – запэўніў старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэту. Пры гэтым будаўніцтва вядзецца без закрыцця пунктаў пропуску.

Працягваецца ўдасканаленне пунктаў пропуску і за кошт міжнароднай тэхнічнай дапамогі. «Мы прыцягнулі 23 мільёны еўра ў бягучым годзе. Яшчэ на шэсць мільёнаў у нас заключаны дагаворы-кантракты, згодна з якімі ў канцы 2019 – пачатку 2020 года паступяць і сродкі, і абсталяванне на пагранічныя пункты мытнага афармлення. У асноўным, гэта рэнтгенаўскія комплексы, магнітна-рэзанансныя тамографы для знаходжання схаваных прадметаў і дэтэктары для пошуку наркатычных і выбуховых рэчываў», – расказаў журналістам Юрый Сянько. Ён дадаў, што гэта абсталяванне сур'ёзна дапамагае ў пошуку кантрабанды і дазваляе паскорыць працэс афармлення грузаў на мяжы.

Мытнікі таксама канстатавалі рост адміністратыўных правапарушэнняў пры перасячэнні мяжы. Ёсць тыя, хто спрабуе выкарыстаць павелічэнне грузапатоку для парушэння заканадаўства, адзначыў Юрый Сянько, але беларусы аказаліся да гэтага гатовыя. 

«Каля 32 тысяч адміністратыўна-прававых парушэнняў было выяўлена, у тым ліку 129 выпадкаў кантрабанды, якая з’ўляецца крымінальна каральнай — наркотыкаў. На жаль, спробы перамяшчэння праз мяжу наркатычных рэчываў ёсць. У бягучым годзе было адабрана 626 кілаграм наркатычных рэчываў (156 кілаграм — летась) , — паведаміў старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэту. — Пры гэтым 115 кілаграм прызначаліся для расійскіх спажыўцоў». 

Такім чынам Беларусь са сваімі пагранічнымі пунктамі мытнага афармлення і супрацоўнікамі выконвае функцыю па абароне не толькі сваёй краіны, але, па словах кіраўніка ведамства, у большай ступені — партнёраў па Еўразійскім эканамічным саюзе. «Мы тут выступаем надзейным бар’ерам на шляху незаконнай кантарбанды, якая перыядычна адбываецца на нашым участку мяжы», — рэзюмаваў ён.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Культура

«Звязда» з'ездзіла на кінафестываль Żubrоffkа

«Звязда» з'ездзіла на кінафестываль Żubrоffkа

Раім вам у наступным годзе адправіцца туды самім.

Культура

Мастачка Алеся Скарабагатая: Няма мэты падабацца

Мастачка Алеся Скарабагатая: Няма мэты падабацца

Імя мастачкі гучыць усе пяць гадоў правядзення «Асенніх салонаў».

Спорт

Спартсмен Валерый Макарэвіч: Мара ў мяне адна — стаць прафесіяналам сваёй справы

Спартсмен Валерый Макарэвіч: Мара ў мяне адна — стаць прафесіяналам сваёй справы

Як варатар зборнай Беларусі па пляжным футболе сумяшчае гульню з роляй настаўніка і бацькі.  

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Языку дай волю..., Хвалі дзень вечарам, Людзі — добрыя.