Сапраўды восеньскае надвор'е чакае нас на гэтым тыдні. Будзе ветрана і дажджліва, паведамілі спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
А ўсяму віной атлантычныя цыклоны, якія, рухаючыся па поўначы Еўропы, прынясуць у нашу краіну халаднаватае няўстойлівае надвор'е.
У сераду на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы. Удзень па паўднёва-заходняй палове захаваецца парывісты вецер. Тэмпература паветра ў начныя гадзіны складзе ад плюс 4 градусаў да плюс 9 градусаў. Удзень у гэтыя суткі будзе 8—14 цяпла, па паўднёвым захадзе краіны — да плюс 16 градусаў. Праз дзень (у чацвер) тэмпература ўначы апусціцца, а ўдзень надвор'е пачне псавацца. Днём на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы, а ў асобных раёнах Брэсцкай вобласці захаваецца парывісты вецер. Тэмпература паветра ўначы складзе ад 2 да 8 цяпла, а ўдзень — плюс 8—15 градусаў.
Сапраўдны холад прыйдзе ў краіну 20 верасня. Амаль паўсюдна ў пятніцу ўдзень пройдуць кароткачасовыя дажджы і будзе ветрана. Тэмпература паветра ўначы складзе ад аднаго да васьмі градусаў цяпла, а на глебе ў асобных раёнах магчымыя слабыя замаразкі да 0 — мінус 2 градусаў, удзень паветра прагрэецца да 7—14 цяпла. У суботу месцамі па краіне таксама не абыдзецца без кароткачасовых дажджоў. Тэмпература паветра ўначы ў асноўным будзе складаць плюс 1—8 градусаў, у асобных раёнах чакаюцца слабыя замаразкі да мінус 2 градусаў. Удзень будзе 7—14 цяпла, а па захадзе краіны — да плюс 16 градусаў.
Па папярэдніх прагнозах айчынных сіноптыкаў, у нядзелю месцамі пройдуць кароткачасовыя дажджы. Тэмпература паветра ўначы ў асноўным будзе плюс 4—10
градусаў, па ўсходзе краіны — 1—3 градусы цяпла, у асобных раёнах на глебе чакаюцца слабыя замаразкі да мінус 2 градусаў. А вось удзень на тэрыторыю краіны пачне паступаць больш цёплае паветра з паўднёвага захаду Еўропы і тэмпература складзе плюс 10—17 градусаў, а па захадзе краіны чакаецца да 18—21 цяпла.
Сяргей КУРКАЧ
Як работнікі МАЗа рыхтуюцца да выпрабаванняў у пустыні.
У зоне абслугоўвання — дзесяць вёсак.
На прасторах яе вялікасці кнігі.