Нягледзячы на тое, што гэтая падзея ўжо замацавалася ў спартыўным календары краіны, Мінскі паўмарафон і гэтым разам змог здзівіць удзельнікаў і аматараў спорту, якія назіралі за святам бегу збоку.
У самым масавым забегу краіны прынялі ўдзел 40 тысяч чалавек з 68 краін свету, гэта рэкорд і, мабыць, галоўны паказчык паспяховасці любой падобнай падзеі. Такая колькасць удзельнікаў сведчыць яшчэ і пра тое, што Мінскі паўмарафон з кожным годам паступова заваёўвае ўсё большую павагу.
Большасць удзельнікаў (25 тысяч бегуноў) вырашыла пераадолець самую кароткую дыстанцыю забегу ў 5,5 км. Галоўная матывацыя тут перамагчы не кагосьці, а перш за ўсё сябе. «Сёлетні паўмарафон стаў самым моцным па напале эмоцый. Мы вельмі задаволеныя і ўжо пачынаем думаць аб Мінскім паўмарафоне 2020 года. Паспрабуем налета здзівіць усіх удзельнікаў якасцю і зрабіць яго больш масавым і спартыўным. Вельмі важна, каб да нас прыязджалі элітныя атлеты, мы пастараемся іх прыцягнуць», — сказаў старшыня Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Вадзім Дзевятоўскі.
Паказальным стаў і дзіцячы забег — не толькі масавасцю, але і тым, што пераважная большасць юных удзельнікаў выйшлі на старт разам з бацькамі, якія яшчэ нядаўна самі пераадольвалі дыстанцыю па вуліцах сталіцы.
Што датычыцца самай складанай дыстанцыі ў 21,5 км,то сёлета ў Мінску паказаць свае найлепшыя вынікі госці з замежжа не змаглі. Як адзначаюць спецыялісты, гэта стала вынікам складанай трасы і ветранага, прахалоднага надвор'я. Дарэчы, мінская траса ўжо неафіцыйна лічыцца адной з самых складаных у гэтым рэгіёне, чым заслужыла адпаведную павагу.
Пераможцай сярод жанчын у паўмарафоне стала беларуска Ніна Савіна, яе час — 1 гадзіна 11 хвілін 24 секунды. Адзначым, што да гэтай перамогі спартсменка ішла доўга, не раз спыняючыся побач з тытулам. Сёлета Ніна перамагла з асабістым рэкордам і абнавіла рэкорд трасы, той самы, які ў жаночай катэгорыі заставаўся нязменным з 2016 года і належаў Вользе Мазуронак, — 1 гадзіна 11 хвілін 44 секунды. Нагадаем, Савіна ўжо мае алімпійскую ліцэнзію, таму гэтая перамога ў Мінску стала адным з крокаў на шляху да Токіа. «Я ўжо была на Мінскім паўмарафоне ў прызах, але вось перамагчы ніяк не ўдавалася, — адзначыла Ніна. — Гэтым разам пашанцавала, хоць, вядома, удача — гэта вынік сур'ёзных трэніровак. Сезон працягваецца, рада ўстанавіць свой асабісты рэкорд, а таксама абнавіць дасягненне трасы. Але мэтанакіравана рыхтуюся да Алімпійскіх гульняў. Спадзяюся, найлепшае маё выступленне будзе менавіта там».
Другі час у Мінску паказала спартсменка з Эфіопіі Шэга Маерэгу, трэцяй стала яе партнёрка па камандзе Тэсфанеш Дэнбі. «Выдатныя спаборніцтвы і досыць складаная траса. Было няпроста, але я рада, што здолела заняць другое месца і паказаць нядрэнны час! Канкурэнцыя была годная, што, вядома, таксама паўплывала на вынік. Атмасфера ў вас вельмі крутая!» — адзначыла сярэбраная прызёрка.
У мужчын першым перасёк фінішную рысу атлет з Эрытрэі Берхан Хідру Афеверкі (1 гадзіна 4 хвіліны9 секундаў), другім стаў украінец Мікалай Лукімчук, прайграўшы лідару забегу 22 секунды. Трэцяе месца заняў кеніец Давід Кіптуі Тарус. «Я ў Мінску стартую ўжо не першы раз, і кожны раз прыязджаю з задавальненнем, пачынаючы з майго другога паўмарафону: тут добрая арганізацыя і стаўленне да спартсменаў. Добрая траса, з горкамі, — кажа прызёр з Украіны. — Сапернікаў хацелася б мацнейшых, некаторыя кенійцы былі траўмаваныя. Хілары Кімаё, які летась змагаўся за перамогу, таксама не паказаў найлепшага выніку. Але я ўсё роўна задаволены тым, як сам прабег. Усё склалася выдатна! Дзякуй арганізатарам за запрашэнне і за такое свята, якое яны дораць усёй Беларусі і, напэўна, усяму свету. Бо тут шмат замежных гасцей, якія сапраўды будуць прыемна здзіўлены мерапрыемствам!»
У рамках Мінскага паўмарафону прайшоў «нулявы забег». Яго ўдзельнікамі сталі валанцёры, якія падтрымалі ініцыятыву па зборы пітных бутэлек падчас паўмарафону. Эка-забег скончыўся не фінішнай прамой, а пітнымі пунктамі на карце маршруту. Такім спосабам наша краіна анансавала далучэнне да міжнароднай экалагічнай акцыі Wоrld Сlеаn Uр, якая пройдзе 21 верасня.
Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ
Фота БелТА
Сімпозіум літаратараў, які традыцыйна ладзіцца ў рамках Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу і збірае пісьменнікаў, кнігавыдаўцоў, прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі з розных краін, сёлета меў незвычайную назву «Пісьменнік і час. Някніжны свет».
Відэакадры масавага забойства пацыентаў у магілёўскай псіхіятрычнай бальніцы фігуравалі ў абвінавачванні супраць фашыстаў на Нюрнбергскім працэсе.
Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.