Вы тут

Грэе агонь у хаце


Валерый Максімовіч — часты госць на творчых вечарынах, у бібліятэках, школах. Ёсць у паэта, літаратуразнаўцы і культуролага кола чытачоў і прыхільнікаў. А сёлета ў аўтара выйшлі два паэтычныя зборнікі — «Любви дарованной мгновенья», «Пакуль шыпшына квеценню гарыць» і навуковая манаграфія «Нацыянальная мастацкая традыцыя ў кантэксце гуманітарнай бяспекі Беларусі».


Акрамя таго, Валерый Максімовіч — аўтар ідэі, укладальнік і рэдактар знакавага выдання «Зямлі, навекі блаславёнай» (2018), прымеркаванага да Года малой радзімы і да 90-годдзя з дня ўтварэння Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, куды ўвайшлі вершы супрацоўнікаў установы: і знаных паэтаў, і аматараў мастацкага слова. У прадмове да кнігі Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў адзначыў: «...Людзі розных прафесій, рознай навуковай кваліфікацыі, часам далёкай ад сферы гуманітарыстыкі, а так тонка і глыбока разумеюць і ўспрымаюць паэтычнае слова, так шчыра і пранікнёна могуць перадаваць пачуццё замілаванасці да сваёй малой радзімы, да сваіх каранёў, разважаць над няпростымі, па-філасофску глыбокімі пытаннямі быцця». Гэтыя словы перадаюць і змест кнігі, і яе ідэю, стаўленне да гісторыі, нацыянальнай спадчыны.

У кнізе прадстаўлены вершы і самога ўкладальніка. А сімвалам новага паэтычнага выдання — «Пакуль шыпшына квеценню гарыць» — стала ўлюбёная кветка паэта — шыпшына, вобраз якой навеяны і захапленнем паэзіяй Уладзіміра Дубоўкі, і замілаванасцю да бацькоўскай сядзібы на малой радзіме аўтара ў вёсцы Траянец Лагойскага раёна, дзе ён пасадзіў гэтыя кветкі. «Цяжка пераказаць радасць, калі вясной бачу жывыя пунсовыя яркія пялёсткі — падзяліўся паэт у адным з інтэрв’ю. — Гэта мая паэтычная міні-Беларусь».

Першае, на што звяртаеш увагу пры знаёмстве са зборнікам, — лучнасць вершаў думкай, ідэяй пра арганічнае адзінства чалавека і радзімы, зямлі, роднага краю. У кожным радку — глыбокія перажыванні, шчымлівыя, часам сентыментальныя. У многіх творах лірычны герой і асоба аўтара — адно. Таму ўсё, засведчанае на старонках, трэба ўспрымаць як нешта цэлае, як ліра-эпічнае палатно.

Кніга складаецца з 7 раздзелаў, кожны з якіх вылучаецца пэўнай тэматычнай скіраванасцю: тэма радзімы, маці, дзяцінства, вайны, паэзіі, кахання, а таксама звязаная з маральна-этычнай праблематыкай. Жанравы рэпертуар кнігі склалі лірычныя балады («Балада пра лісток», «Балада сэрца»), элегія-рэквіем («Рэквіем па няспраўджаным дзяцінстве», «Матчына малітва»), верш-зварот («Уладзіміру Караткевічу»), філасофская медытацыя («Праўда зерня», «Лодка», «Чырвоныя коні»), элегія («На самоце»), спробы трыялета, лірыкафіласофскія рэфлексіі.

Тут на першы план выступае грамадзянскасць паэзіі, якая цесна знітавана з любоўю да роднай зямлі, да малой радзімы. Малая радзіма для паэта напоўнена канкрэтным зямным зместам: тут спадчынныя карані, тут па-асабліваму, з трымценнем і замілаваннем успрымаеш усё, што акаляе. Паводле мастацкай канцэпцыі паэта, Бацькаўшчына-Радзіма — аснова фарміравання патрыятычнага пачуцця, жыватворная крыніца, якая напаўняе душу пачуццём любасці, замілаванасці і пяшчоты, дапамагае адчуць сябе паўнапраўным грамадзянінам і годным сынам краіны. Вобразы роднай зямлi ва ўспрыманнi мастака слова набываюць паўнаважкую паэтычную каштоўнасць. Паэт iмкнецца мастацкімі сродкамі перадаць і радасць, і боль зямнога існавання. Свет паэзii Валерыя Максімовіча поўнiцца думкамi пра родную зямлю, пра лёс чалавека ў віхурах часу.

Пісаць пра самае істотнае, набалелае — вось да чаго імкнецца паэт і ў многіх творах дасягае высокага напалу пачуцця, магутнага выбуху эмоцыі. Творы прасякнуты любоўю і павагай да чалавека духоўна багатага, у якога развіта пачуццё крэўнасці, роднасці з усім жывым і які з асаблівай тактоўнасцю і пашанай ставіцца да іншых. Лірычны герой паэта — чалавек актыўнай жыццёвай і грамадзянскай пазіцыі, гатовы бескампрамісна адстойваць ідэалы чалавечнасці, сумленнасці. У вершыпрысвячэнні Уладзіміру Караткевічу на высокай ноце гучыць разуменне ролі паэта ў свеце:

Паэты — не людзі, а богі яны,

Бо могуць абняць цэлы свет і эпоху,

Хоць лёс іх адзін: дзень пры дні, дзень пры дні

Ісці ім да скону свайго на Галгофу.

Асаблівае месца ў зборніку займае тэма маці. Яе вобраз, які з’яўляецца ўвасабленнем дабра і справядлівасці, пяшчоты і сардэчнасці, спагады, жалю, самаахвярнасці, — у многіх творах паэта. Асабліва кранаюць вершы «Размова з маці», «Спавядальнае», «Крык жураўкі». Для паэта маці — найдаражэйшы на свеце чалавек. Ніхто не можа так горка і няўцешна тужыць, як маці. Ніхто не ўмее так любіць, як яна, не ўмее так пяшчотна дарыць сваю ласку і дабрыню. І ўдзячны сын выказвае ёй сваю павагу і любоў, адчувае невыказнае шчасце ад размовы з родным чалавекам:

А матуля ў хаце запаліць святло —

Вечаровую скруху ўсцешна развее,

I ад шчырай размовы за белым сталом

На душы і на сэрцы маім пасвятлее.

У вершы «Матчына малітва», прысвечаным бабулі Антаніне Антонаўне Дубаневіч і дзядзьку Дзмітрыю Антонавічу Волаху, які загінуў пад Масквой у 1941 годзе, — таксама вобраз маці, якая выправіла свайго сына на вайну — і не дачакалася... Незагойны, пякучы мацярынскі боль, адчуванне непапраўнага гора з прычыны страты яскрава дапамагае адчуць метафара, што двойчы паўтараецца ў вершы:

Ды толькі наўзрыд ад пякучага болю

У полі палынным галосяць вятры.

Малюнкі, якія паўстаюць у гэтым творы, уражваюць праўдзівасцю і псіхалагічнай узважанасцю вобразаўдэталяў:

Ах, клятая, тройчы праклятая куля

Прабіла гарачае сэрца яму

Нястомна шаптала начамі матуля

Малітву забітаму сыну свайму.

Любоў да маці, да сваіх блізкіх і родных, родныя мясціны для паэта — адно цэлае. Сюды арганічна далучаны і людзі, якія калісьці жылі, працавалі на гэтай зямлі, гадавалі дзяцей і па ланцужку, з пакалення ў пакаленне перадавалі свой досвед, гены беларушчыны і дзякуючы якім аднойчы прыйшоў у гэты свет і аўтар...

Вершы Валерыя Максімовіча добра кладуцца на музыку — на яго словы напісана шмат песень. Асабліва папулярнымі сталі «Спявай, душа мая» і «Матчына малітва» ў выкананні ансамбля «Песняры». Вершы паэта ўключаны ў рэпертуар паэтычнага тэатра «Рытмы сэрца», які актыўна ўдзельнічае ў рэспубліканскіх паэтычных конкурсах і фестывалях. Іх часта можна пачуць на 1 канале Беларускага радыё ў праграмах «Благавесце ад паэзіі» і «Культура», а пачытаць — на старонках перыядычных выданняў і ў калектыўных зборніках «Пад Купалавай зоркай» (укл. В. А. Несцяровіча, 2015), «Бачу Беларусь такой» (фотаальбом з вершамі сучасных беларускіх паэтаў; укл. А. Стэльмах, 2018). Валерый Максімовіч — адзін з пераможцаў Рэспубліканскага літаратурнага конкурсу «Радзіма мая дарагая», прысвечанаму 100-годдзю з дня нараджэння пісьменніка і літаратуразнаўцы Алеся Бачылы. Выступае і як укладальнік паэтычнага зборніка «Святым вытокам пакланюся», прысвечанага Году малой радзімы, які рыхтуецца да выдння ў «Беларускай Энцыклапедыі імя Петруся Броўкі».

Вольга ШАРАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Выкананне якіх правіл зробіць паездку на электрасамакаце бяспечнай?

Выкананне якіх правіл зробіць паездку на электрасамакаце бяспечнай?

Карэспандэнты «Звязды» разам з супрацоўнікамі ДАІ паназіралі, як мінчане карыстаюцца сродкамі персанальнай мабільнасці.

Грамадства

Як Мінск ўпрыгожаць да юбілею Вялікай Перамогі

Як Мінск ўпрыгожаць да юбілею Вялікай Перамогі

Больш за 1410 тэматычных канструкцый з’явіцца на вуліцах сталіцы