Адна з самых пазітыўных секцый Беларускага саюза мастакоў адзначае трыццацігоддзе
Беларускі саюз мастакоў сёлета святкуе шмат знакавых дат, якія паўплывалі на гісторыю яго развіцця. Найперш гэта трыццацігоддзе з моманту ўтварэння знакамітай мастацкай секцыі «Верасень», лёс якой не быў адназначны і паступовы. Калісьці прадстаўнікі аб’яднання літаральна ўскалыхнулі мастацкую супольнасць саюза, паказаўшы, на што гатовыя. У канцы жніўня ў Палацы мастацтваў у межах святкавання юбілею была адкрыта выстаўка творчай супольнасці, дзе мастакі прадэманстравалі, над чым працавалі апошнія гады.
Аб’яднанне «Верасень» сабрала плеяду таленавітых беларускіх мастакоў, якія ярка заявілі пра сябе ў станковых, графічных серыях, у тэхніцы афорта, аўталітаграфіі, у малюнку і акварэлі, а таксама ў часопіснай і кніжнай графіцы і плакаце. Справаздачныя выстаўкі «вераснёўцаў» праходзяць раз у два гады і адрозніваюцца тэматычнай і тэхнічнай разнастайнасцю. Мастак-графік Сяргей Волкаў шмат гадоў узначальвае супольнасць і добра памятае, як нараджалася яе гісторыя.
— Я б не сказаў, што «Верасню» ўжо трыццаць гадоў — усяго толькі трыццаць. Аб’яднанне з’явілася на свет у 1989 годзе. У той час на нас літаральна накінуўся Саюз мастакоў, бо мы вырашылі адарвацца ад секцыі графікі, — успамінае Сяргей Волкаў. — Было складана: адносіны такія, што не працавалася. І мы вырашылі стварыць сваё аб’яднанне. Перажылі шмат крытыкі... Але дагэтуль лічу, што рашэнне зрабіць асобнае аб’яднанне было правільным. Памятаю, як Георгій Паплаўскі, Юрый Зайцаў, я і іншыя мастакі літаральна біліся за тое, каб «Верасень» існаваў у межах саюза. Адваявалі.
Пасля нас пачалі з’яўляцца аб’яднанні «Няміга», «Традыцыя»... Але многія разваліліся. Прычынай усяму — унутраныя супярэчнасці. Мы існуем і цяпер, і сёння ў складзе аб’яднання — 30 чалавек. Хтосьці сыходзіць з жыцця, але прыходзяць новыя таленавітыя аўтары. Праз нашу суполку маладыя творцы могуць уступаць у Беларускі саюз мастакоў пры выкананні ўсіх абавязковых палажэнняў. З іншых секцый прыходзяць таксама. Тлумачаць: «Добра ў вас, утульна. Можна выстаўляцца. І ніхто не кажа, што ты нефармат». Мы паважаем не толькі мастацтва, паважаем уласны выбар творцы. Мастак, перш за ўсё, асоба, таму мае права паказаць, як бачыць і адчувае свет. Упэўнены: навязваць тэмы, тэхнікі нельга. Мастак проста не можа гэта добра рабіць, бо бачыць усё інакш.
На пачатку стварэння ядром «Верасня» сталі творцы, якія сфарміраваліся ў перыяд росквіту беларускай рэалістычнай школы і працавалі пераважна ў станковай і кніжнай графіцы, ужо праявілі сябе як майстры і валодалі яркай творчай індывідуальнасцю, высокай графічнай культурай. Мастацкая мова і стылістыка, тэматыка і тэхніка сяброў аб’яднання вельмі разнастайныя: ад рэалізму і імпрэсіянізму да сімвалізму і абстракцыі. Аднак першапачаткова і па сёння супольнасць грунтуецца на агульных прынцыпах творчасці — жаданні падкрэсліць маральную і эстэтычную каштоўнасць мастацтва, высокую значнасць індывідуальнага творчага пачатку, імкненні захаваць асаблівы свет мастака. Можна сказаць, што ў «Верасні» сабраліся майстры, якія вызнаюць рамантызм у самых розных яго праявах, увабраўшыя рэалістычны пафас і рамантычную эмацыянальнасць, характэрныя для 1960—1980-х гадоў, аўтары, якія імкнуцца да лірычных сюжэтаў і вобразных рашэнняў, да літаратурных асацыяцый.
— Першапачаткова секцыя арганізоўвалася як супольнасць мастакоў, што працуюць у пластычнай манеры, — расказвае мастачка, сябра аб’яднання «Верасень» Марына Эрэнбург. — Адпаведна, яе касцяк быў закладзены аўтарамі, якія адносяцца да савецкай школы жывапісу. Знайсці, дарэчы, можна рысы як беларускай, так і маскоўскай школ. Многія мастакі, што стаялі ля вытокаў стварэння секцыі, скончылі Маскоўскі паліграфічны інстытут. І ў той момант дэманстравалі больш актуальны погляд на графіку, гэта ў асноўным былі кніжныя графікі. Большасць з цягам часу стала спрабаваць сябе ў іншых жанрах: секцыя нечакана папоўнілася мастакамі-жывапісцамі. Да нас пачалі пераходзіць творцы з іншых секцый, якія, напрыклад, займаліся дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам. Гэтыя аўтары не маглі ў межах сваіх секцый проста рэалізаваць сябе, бо ўспрымалі мастацтва крыху ў іншым ракурсе. Напрыклад, у секцыі графікі былі і ёсць пэўныя межы, што дыктуюцца традыцыямі нашага графічнага аб’яднання, якое, з аднаго боку, моцнае і перспектыўнае — адрозніваецца якасцю, акадэмізмам, вядома ва ўсім свеце, з іншага — нясе пэўны адбітак таго, хто і ў каго вучыўся, таму работы часам падобныя. Вось многія мастакі і вырашылі змяніць форму працы і падачы, творчасці.
Вялікае ўздзеянне на сутнасць аб’яднання зрабілі погляды на мэты і задачы мастацтва народнага мастака Беларусі Георгія Паплаўскага, майстра глыбокай пластычнай і жывапіснай культуры, вельмі патрабавальнага да прафесійнага майстэрства. «Верасень» арыентаваны перш за ўсё на захаванне найважнейшай ідэі значнасці прафесійнай, маральнай і эстэтычнай каштоўнасці мастацтва па-за палітычнай ангажаванасцю і масавага густу.
— Што тычыцца стылістыкі, то большасць мастакоў імкнецца да больш асучасненай пластычнай мовы, — тлумачыць Марына Эрэнбург. — Ёсць творцы, якім цікава працаваць у галіне сімвалізму, ёсць рэалісты і экспрэсіяністы. З самага зараджэння секцыі ўдзельнікі не ставілі сабе задачы быць актуальнымі, моднымі. Тут сабраліся мастакі, якія хочуць выяўляць сябе вольна. І якраз у нас гэта магчыма. Няма рамак сучаснасці ці традыцыйнасці, галоўнае — здолець адлюстраваць унутраную ідэю. Многія калегі эксперыментуюць, што вельмі захапляльна. Галоўнае — эвалюцыянаваць. Мне здаецца, у гэтым і заключаецца развіццё мастацтва.
Прадстаўленая выстаўка дэманструе сучасны светапогляд сяброў аб’яднання, паказвае магчымасці і здольнасці аўтараў. Экспазіцыя размясцілася на двух паверхах Палаца мастацтва. Вялікую цікавасць выклікаюць кампазіцыі Раісы Сіплевіч. Яе фантастыка на мяжы з рэальнасцю спараджае шэраг асацыяцый. Зачароўваюць глыбокія работы Уладзіміра Шнарэвіча. Яны быццам хаваюць у сабе сакрэт шчасця. Вяртаюць у дзяцінства цудоўныя ілюстрацыі Сяргея Волкава. Жывапіс Элеаноры Бубашкінай нагадвае чараўніцтва. Мастачка нібыта запрашае гледача распачаць дыялог аб прыгажосці.
За шмат гадоў у «Верасня» сфарміравалася сваё аблічча і пэўныя выставачныя традыцыі. Значнае месца ў экспазіцыях аб’яднання займае акварэль, у якой плённа працуюць такія выдатныя майстры гэтай тэхнікі, як Ірына Лобан, Яўген Саковіч, Уладзімір Шнарэвіч, Наталля Марчанка, Наталля Сустава і інш. Апошнім часам секцыя папоўнілася шэрагам жывапісцаў: Раіса Сіплевіч, Элеанора Бубашкіна, Вераніка Віткоўская, Ала Каласенцава, Сяргей Шэмет, Ларыса Зарубіна. Сучасныя стылістычныя тэндэнцыі прыўносяць мастакі сярэдняга і маладога пакалення, якія валодаюць уласным творчым почыркам: Наталля Марчанка, Улада Белавусава-Кірыенка, Усевалад Швайба, Тамара Дзяменцьева, Марына Эрэнбург, Элеанора Бубашкіна, Сяргей Шэмет. Нямала сярод «вераснёўцаў» і педагогаў. У розных мастацкіх навучальных установах выкладаюць Яўген Саковіч, Ірына Лобан, Усевалад Швайба, Элеанора Бубашкіна і іншыя. І гэта важкі ўнёсак у выхаванне і фарміраванне маладых беларускіх мастакоў і дызайнераў.
Вікторыя АСКЕРА
Эксперты — аб выніках афіцыйнага візіту Прэзідэнта Беларусі ў Расію.
Знайсці можна шмат чаго — ад солі да рэдказямельных металаў.
Яго шлях — сведчанне таго, што подзвіг, ахвяраванне, Айчына — не пустыя словы.
На прасторах яе вялікасці кнігі.