Вы тут

Музычны код у канцэптуалізме Ірыны Кузняцовай


Ці можна намаляваць гукі? Музыку Паганіні і нават Першы канцэрт Чайкоўскага? Як увогуле гэта зрабіць? Менавіта на такія пытанні адказвае выстаўка «Візуалізацыя гукаў» беларускай мастачкі і дызайнера Ірыны Кузняцовай, якая адкрылася ў Палацы мастацтваў. Праект падрыхтаваны да юбілею творцы.


Ірына Кузняцова каля работы «Першы канцэрт Чайкоўскага».

У экспазіцыю канцэптуальнага праекта Ірыны Кузняцовай увайшло каля трыццаці работ (жывапіс, камп’ютарная графіка, шкло, інсталяцыі), большасць з якіх выканана сёлета. Усе работы прысвечаны музыцы і разлічаны на спрактыкаванага гледача. Мяркуецца, што ў рытмічных формах жывапісных работ гледачы пачуюць рытмы ўжо знаёмых музычных твораў — ад класікі да джазу. Напрыклад, трыпціх «Першы канцэрт Чайкоўскага», Вівальдзі «Чатыры пары года», Шапэн «Накцюрн Фа-дыез мажор», серыя «Музычная Амерыка 50-х гадоў».

— Не хачу быць падобнай і звычайнай. Калі ўпершыню пабачыла работы Хуана Міро, майго любімага мастака, зразумела, што не трэба баяцца, — распавядае Ірына Кузняцова. — Справа не ў матэрыяле і не ў падзеле жанраў, а ў ідэі. Калі ёсць ідэя, ёсць і мастацтва. У нас кажуць, што мастацтва дзеля мастацтва — гэта дрэнна. Я так не лічу. Мастак павінен ствараць не для гледача або пакупніка, а для душы. Хачу падзяліцца сваімі думкамі, сваім цяплом. Гэтая выстаўка для падрыхтаванага гледача. Мне хацелася б, каб у работах ён пазнаў і зразумеў музыку, а пасля прыйшоў дадому і паслухаў яе. Маці ў мяне была музыкантам, бацька — мастаком. Сям’я спрыяла майму далучэнню да мастацтва.

У межах агульнай канцэпцыі выстаўкі для кожнай карціны ў Ірыны знойдзена свая пластычная мова. Гукі нараджаюць уяўленне, уяўленне — тэму, тэма падказвае форму. Большасць работ — чорна-белыя, як клавішы на раялі, як фрак дырыжора. Аўтар выстаўкі і ёсць такі дырыжор праекта, што сабраў разам не толькі розныя жанры выяўленчага мастацтва, але і людзей, якія спрыяюць больш поўнаму ўспрыманню зададзенай канцэпцыі. Тэму падтрымлівае відэаарт, створаны яе сынам Аляксеем Кузняцовым. У выкананні ўнучкі мастачкі Ульяны Ігумнавай на адкрыцці выстаўкі прагучала сола на скрыпцы з вядомага цыкла Антоніа Вівальдзі «Чатыры пары года». Асноўным памочнікам і крытыкам Ірына Кузняцова лічыць свайго мужа — мастака Анатоля Кузняцова.

— Абстрактнае мастацтва больш эмацыянальнае. Людзі могуць не разумець яго, але адчуваюць абавязкова, — упэўнена Ірына Кузняцова. — Вядома, для сваёй выстаўкі я магла стварыць работы, якія спадабаліся б усім. Гэта было б вельмі проста. Але не хачу. Зараз, на мой погляд, — час новага мастацтва. Мне падабаецца відэаарт, камп’ютарная графіка. Адна з маіх работ называецца «Першы канцэрт Чайкоўскага». Тыя, хто ведае гэты музычны твор, могуць пазнаёміцца з кампазіцыяй і адчуць рытм мелодыі на асацыятыўным узроўні. Калі пачуюць гэтую музыку, разгадаюць код пазнавання. Тады астатнія работы зайграюць па-новаму. Кампазіцыя з пласцінак, якія выпускала фірма «Мелодыя», называецца «Забытая мелодыя». І яна сапраўды забытая, бо пласцінкі больш не вырабляюць. Хоць яны неактуальныя, памяць засталася. Задача заключалася ў тым, каб паказаць, што нават праз прызму старога і вечнага мастацтва ўсе роўна можа быць сучасным.

Аўтарскае адчуванне Ірыны Кузняцовай чапляе зваротам да сучасных форм, тэхнік, колераў. Мастачцы падабаецца эксперыментаваць і знаходзіць незвычайныя падыходы да арганізацыі сваёй творчасці. Яна глыбока сягае ў тэму твораў, тое ж самае прапануе і гледачам. У аснове работ акрамя музыкі можна адчуць яшчэ паэзію і драматургію.

Тэрыторыя творчай актыўнасці Ірыны Кузняцовай разнастайная. На працягу паўстагоддзя яна вырабляла літы вітраж для інтэр’ераў, займалася мастацкім шклом, камп’ютарнай графікай, фатаграфіяй, была куратарам шматлікіх выставак маладых мастакоў. І ўжо некалькі гадоў займаецца канцэптуальным мастацтвам.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.