Вы тут

У Лёзненскім раёне пабудуюць ветрапарк


Каля 40 мільёнаў долараў замежных інвестыцый прыцягнута ў Беларусь для праекта па будаўніцтве ветрапарка

Наша краіна яшчэ на крок наблізілася да будаўніцтва найбуйнейшага ветрапарка і дасягнення мэты па ўкараненні аднаўляльных крыніц энергіі да 2030 года. Для інвеставання ў будаўніцтва ветраэлектрастанцый магутнасцю 25 МВт паблізу вёскі Веляшковічы ў Лёзненскім раёне Віцебскай вобласці была абраная турэцкая кампанія «Гурыш» (Gurіsh Constructіon & Engіneerіng Co. Іnc.) — сусветна вядомы распрацоўшчык экалагічна чыстых інжынерных рашэнняў.


Пасля ўзгаднення ўсіх неабходных дакументаў 30 жніўня адбылося падпісанне дагавора, згодна з якім агульны аб'ём інвестыцый у новы ветраэнергетычны парк павінен скласці каля 40 мільёнаў долараў ЗША.

«Дзякуючы праекту «Ліквідацыя бар'ераў для развіцця ветраэнергетыкі ў Рэспубліцы Беларусь» у нашу краіну прыходзяць прамыя інвестыцыі, накіраваныя на развіццё «зялёнай» эканомікі і аднаўляльных крыніц энергіі. Ветрапаркі зробяць наша навакольнае асяроддзе чысцейшым і паспрыяюць паляпшэнню якасці жыцця мясцовага насельніцтва», — адзначыў намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр КОРБУТ.

Праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Ліквідацыя бар'ераў для развіцця ветраэнергетыкі ў Рэспубліцы Беларусь» рэалізуецца Мінпрыроды пры падтрымцы Праграмы развіцця ААН і Глабальнага экалагічнага фонду. Будаўніцтва ветрапарка плануецца пачаць у 2020 годзе, пасля таго як інвестар распрацуе падрабязную праектную дакументацыю.

Пасля завяршэння будаўніцтва ветраэлектрастанцыя «Веляшковічы» стане найбуйнейшым вытворцам энергіі з ветру ў Беларусі, які будзе пастаўляць экалагічна чыстую энергію ў больш чым 20 тысяч хатніх гаспадарак у гэтым раёне. Чакаецца, што эксплуатацыя ветрапарка на працягу наступных 20 гадоў дазволіць скараціць больш за 500 тысяч тон выкідаў CO2. Для забеспячэння эксплуатацыі і тэхнічнага абслугоўвання аб'екта будзе створана пяць новых працоўных месцаў. Будаўніцтва ветрапарка таксама забяспечыць работай мясцовыя будаўнічыя арганізацыі і пастаўшчыкоў абсталявання.

Між тым, як адзначаюць эксперты праекта, існуючыя тэмпы развіцця аднаўляльных крыніц энергіі (АКЭ) у нашай краіне досыць павольныя. На пачатак 2019 года іх доля ў валавым спажыванні паліўна-энергетычных рэсурсаў складала 6,2 %. Цяпер па ўсёй краіне працуюць 96 ветратурбін агульнай магутнасцю 100,95 МВт.

Маргарыта ДРАЗДОВА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».