Вы тут

Усім дзецям, якія сёлета з'явяцца на свет у сталічных радзільных дамах, уручаць падарункі


У каробках, падрыхтаваных арганізатарамі праекта «МамаPro», будзе ўсё самае неабходнае для першых дзён жыцця немаўляці і маладых бацькоў — падгузкі, цацкі, сродкі гігіены — дзясяткі прадметаў. Першымі падарункі атрымаюць тыя малыя, якія народзяцца ў Дзень маці, 14 кастрычніка, калі і стартуе акцыя. Пасламі праекта сталі вядомыя жанчыны-маці — тэлевядучая Святлана Бароўская, спявачка Ларыса Грыбалёва, топ-мадэль Кацярына Даманькова.


Акцыя будзе доўжыцца сем месяцаў, за гэты час маладым маці плануюць уручыць 14 тысяч каробак (штомесяц у сталіцы нараджаецца каля дзвюх тысяч дзетак). Ініцыятыву падтрымала Міністэрства аховы здароўя.

— Мы рады любому пачынанню, калі яно скіравана на падтрымку нараджальнасці. У Беларусі, як і ў Еўропе, на жаль, чым лепш мы жывём, тым менш нараджаем. Разам з «МамаPro» мы не толькі дорым падарункі, але і адкрылі радзільныя дамы для наведвання. І высветлілася, што сваякі не перашкаджаюць, а дапамагаюць, — падзялілася начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі і экспертызы Міністэрства аховы здароўя Алена Богдан.

Спецыяліст паведаміла, што праект закона «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб ахове здароўя» накіраваны ў Савет Міністраў. У ім, у прыватнасці, утрымліваецца новая норма — стварэнне ўмоў для сямейнага перадабортнага кансультавання.

— Увядзенне перадабортнага кансультавання для жанчын некалькі гадоў таму дазволіла захаваць 1,5 тысячы жыццяў, спадзяёмся, што такая практыка для ўсёй сям'і дазволіць захаваць 3-4 тысячы жыццяў.

Пра старт акцыі аб'явілі ў сценах 5-й гарадской клінічнай бальніцы, дзе з пачатку года нарадзілася рэкордная ў Мінску колькасць дзяцей.

— З моманту адкрыцця новага корпуса, за чатыры гады ў нас нарадзілася 20 тысяч дзяцей, у тым ліку летась 5,5 тысячы, — расказала намеснік галоўнага ўрача па акушэрска-гінекалагічнай дапамозе 5-й гарадской клінічнай бальніцы Марына Шкроб. — Пацыенткам заўсёды прыемна, калі пра іх клапоцяцца, таму ў такі важны момант у жыцці ў іх будзе яшчэ адна радасць.

Марына Шкроб прадэманстравала журналістам і знакамітым мамам радзільныя залы. Корпус радзільнага дома 5-й клінічнай бальніцы будаваўся нядаўна, ён у сталіцы самы новы і сучасны. Усе радзільныя залы і палаты прадугледжваюць сумеснае знаходжанне маці і дзіцяці і маюць камфортныя ўмовы для партнёрскіх родаў. Тут маецца ўся неабходная мэбля і абсталяванне для мамы, яе партнёра і немаўляці. Кацярына Даманькова, якая сваіх траіх дачок нарадзіла ў Францыі, адзначыла, што ўмовы ў беларускім радзільным доме яе па-сапраўднаму ўразілі і не адрозніваюцца ад замежных клінік.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Каробкі для немаўлят

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?