Вы тут

Далікатэс нашых продкаў - чырвоная ружа


Чырвоная ружа, не стой на дарозе!

Не стой на шырокай, хто йдзе, той ламае.

Жанаты ламае — дзяцям на забаву,

Халасты ламае — дзеўкам на спадману...

(З народнай песні)

 

Пра чырвоную дзікую ружу — даўнюю прыгажуню–ўлюбёнку панскіх сядзіб і сялянскіх хат — сённяшні расповед. Ці шмат мы ведаем пра яе як крыніцу дэлікатэсаў?


Дзе дзяўчына — там і ружа

У маім вясковым садзе здаўна расце куст ружы. Яго пасадзіла і аберагала яшчэ мая бабуля. Не, гэта не сучасны квятнік з буйнымі бутонамі! Бабуліна ружа — блізкая сваячка шыпшыны, дзікай ружы. І пасадзіла яна яе не выпадкова, а таму што мела дачку. У народзе было звыкла: у гародчыку каля хаты, дзе жыве маладая дзяўчына, абавязкова павінна была расці чырвоная ці белая ружа — кветка–сімвал дзявоцкага хараства, росквіту, цнатлівасці.

Дарэчы, звычай быў вельмі зручны для свацці, абавязкам якой былі своеасаблівыя «выгледзіны»:  пошук дзяўчат на выданне. Па квітненні ружавых кусцікаў жанчына ў чужой вёсцы беспамылкова знаходзіла патрэбныя хаты і пачынала весці папярэдне перамовы аб магчымым сватаўстве і вяселлі.

  • З падання

Жыла-была на вёсцы дзяўчына–прыгажуня, якая шчыра кахала хлопца, такога ж зграбнага, у поўным росквіце маладосці. Але, на бяду, убачыў аднойчы дзяўчыну жанаты пан, упадабаў яе і стаў дамагацца. Не захацела пакарыцца пану красуня, пабегла ў лес і ператварылася ў куст з ружовымі кветкамі.

Праз нейкі час пан паехаў на паляванне. Убачыў на ўзлеску цудоўныя кветкі ды захацеў наламаць, каб аднесці сваёй жонцы. І ў гэты ж час на ветках з'явіліся вострыя шыпы. Пан параніўся да крыві, аднак так і не змог ён сарваць ніводнае галінкі з чароўным суквеццем.

Вось таму кветкі шыпшыны здаўна сімвалізуюць у народзе маладосць і каханне.

Сёння мы ведаем, што ружы ў палісадніках каля палацаў першымі сталі высаджваць у Старажытным Рыме, хоць асноўным прызначэннем для садоў таго часу было вырошчваць карысныя вострыя прыправы, лекавыя і пладовыя расліны, гародніну. Аднак прыгажосць і чароўны водар кветак пераўзышлі карыслівасць.

У Вялікім княстве Літоўскім ружы царылі ад XV ст. Колькасць іх гатункаў і прыгажосць аздаблення маёнткаў магнатаў падчас «залатога веку» княжання Вітаўта ўражвала, многія віды былі прывезеныя з Італіі. Нават цяпер, вандруючы па Беларусі, завітаўшы ў мясціны, дзе захаваліся рэшткі сядзібных будынкаў, можна сустрэць здзічэлыя ружавыя зараснікі. А шляхецкія сядзібы ды вясковыя садочкі ўпрыгожвалі дзікія ружы і шыпшына.

  • У народнай культуры шыпшына сiмвалiзавала мужчынскі пачатак, мужчынскае цела і пладавітасць. Славянскі бог кахання Палель, сын багіні Лады, насіў вянок, у якi былi ўплеценыя кветкi шыпшыны.

Хараство плюс смакоцце!

Невялікія чырвона–жоўтыя ягады, якія афармляюцца пасля цвіцення шыпшыны, здаўна спажывалі нашы продкі. З імі варылі варэнне, кісялі, сочыва, сушылі іх. У народнай медыцыне плады шыпшыны выкарыстоўвалі пры прастудзе, малакроўi, рэўматызме, гiпертанii, а таксама як супрацьзапаленчы, мачагонны i жаўцягонны сродак. Адвар каранёў шыпшыны дапамагаў пры паралічы і захворванні ног. Сёння нам вядома, што больш за ўсё карысных рэчываў (асабліва каштоўнага вітаміна С) захоўваецца ў пладах шыпшыны, калі іх сушыць у цёмным і халаднаватым месцы.

Ружа таксама цанілася на нашых землях: вучоныя садоўнікі ведалі, што гэта крыніца вельмі каштоўнага алею, які прыраўноўваўся да золата і выкарыстоўваўся ў парфюмерыі і медыцыне.

Аднак шырокаму колу літвінаў шыпшына і ружа была вядомыя найперш як кампанент кулінарных дзівосаў. Аўтарка першай беларускай кулінарна–гаспадарчай энцыклапедыі «Літоўская гаспадыня» Ганна Цюндзявіцкая навучала гаспадынь таго часу, як рабіць ружавую ваду, варыць жэле і варэнне з ружавых пялёсткаў. Каб адчуць смак ласункаў, якія елі нашы продкі, паспрабуйце прыгатаваць «Сухое варэнне з ружы» і «Варэнне з шыпшыны з журавінамі».

Сухое варэнне з ружы

Спатрэбіцца: 200 г пялёсткаў ружы, 600 г дробнага (лепш молатага) цукру.

У пялёсткаў выдаліць жоўтыя часткі. Змяшаць з цукрам і добра расцерці таўкачом, паставіць на лёд ці ў лядоўню. Калі пусціць сок, варыць на малым агні, пастаянна мяшаючы, да таго часу, пакуль маса не стане амаль сухая.

Варэнне з шыпшыны з журавінамі

Спатрэбіцца: 1 кг ачышчанай шыпшыны, 300 г журавін, цукар (на 1 кг змяшаных ягад 1,3–1,5 кг цукру), 2 шклянкі бланшыраванай вады. Цукровы сіроп: 1 кг цукру на 2 шклянкі бланшыраванай вады.

Для варэння бяруць чыстыя буйныя плады садовай шыпшыны, крыху недаспелыя. Журавіны бяруць замочаныя ў вадзе з мінулай восені. Шыпшыну разрэзаць на дзве часткі і старанна вычысціць сярэдзіну плода, каб не засталіся валаскі.

Прабланшыраваць у вадзе не больш за 2 хвіліны, адкінуць на дуршлаг і даць вадзе сцячы. Пакласці ў гарачы цукровы сіроп і дадаць журавіны. Варыць на маленькім агні, пакуль плады не пачнуць апускацца на дно, пры гэтым трэба сачыць, каб ягады шыпшыны не разварыліся.

Зняць з агню і пакінуць варыва на ноч, каб астыла, пасля паступова даварыць да гатоўнасці, крыху астудзіць і разліць па чыстых слоіках. Такое варэнне становіцца смачнейшае, калі пастаіць некалькі месяцаў. 

  • Жадаю вам цярплівасці ў прыгатаванні і смачна ласавацца!

Лрыса Мятлеўская

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.