Вы тут

Брэст: тысячаГоднасць


З вялікім размахам, сур’ёзнай адказнасцю. Менавіта так горад адсвяткаваў юбілей. Брэст, які назаўсёды застанецца сімвалам мужнасці воінаў і абаронцаў Брэсцкай крэпасці, да сваёй знакавай даты рыхтаваўся загадзя: за тры гады было рэалізавана мноства праектаў: узведзены новыя будынкі і масты, рэканструяваны і добраўпарадкаваны дамы, вуліцы, дарогі.


Для гасцей горад паўстаў ва ўсіх іпастасях: гістарычнай, духоўнай, музычнай, спартыўнай, гандлёва-прамысловай. Дагэтага абавязвала і званне «Культурная сталіца СНД», прысвоенае Брэсту на цэлы год. Госці свята ўбачылі цудоўны карнавал, гістарычныя тэатралізаваныя кампазіцыі, рыцарскія турніры. Панавала атмасфера чараўніцтва.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў горад і яго жыхароў са значнай падзеяй і адзначыў, што лічыць Брэсцкую вобласць узорам стабільнага развіцця. У межах святкавання Прэзідэнт узяў удзел ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця Заходняга абходу Брэста, а таксама падарыў гораду ўнікальны асобнік Брэсцкай, або Радзівілаўскай, Бібліі.

Праграма святкавання тысячагоддзя расцягнулася аж на тры дні. Горад стаў не проста культурнай сталіцай, а нават карнавальнай. Прыехаўшы у Брэст, кожны мог знайсці сабе занятак на густ і нават колер. Адкрылі свята музычна і гучна.

На плошчы Леніна праграма мерапрыемстваў стартавала святочным канцэртам з удзелам беларускіх выканаўцаў і музычных калектываў.

Карнавал

Адной з самых відовішчных падзей святкавання 1000-годдзя стаў карнавал, які разгарнуўся літаральна на палову горада. Вулічнае дзейства прайшло ў Брэсце чацвёрты раз, але, несумненна, самым маштабным яно было сёлета. Шэсце стартавала адразу з некалькіх пунктаў горада і злілося ў грандыёзнае прадстаўленне на вуліцы Леніна.

Як і абяцалі арганізатары, карнавал расцягнуўся на некалькі кіламетраў. Сам князь Мікалай «Чорны» Радзівіл раздаваў тытульны ліст Берасцейскай Бібліі. Усе бралі з задавальненнем. Узначальвалі шэсце, як звычайна, прыгажуні з велізарным сцягам Брэста. Было шмат канфеці і срэбных бліскавак. Люстраныя русалкі, рокеры і рокершы ўнеслі яшчэ больш каларыту ў атмасферу брэсцкага «Рыа-дэ-Жанейра».

У карнавальным шэсці ўзялі ўдзел больш чым тры тысячы чалавек. Гістарычныя клубы, аркестры, артысты, танцоры, работнікі прадпрыемстваў горада — яркая і шумная працэсія ішла некалькі гадзін. Некаторыя калектывы падышлі да ўдзелу ў дзействе вельмі крэатыўна і зрабілі тэматычныя дэкарацыі на перасоўных платформах, легкавых аўтамабілях і матацыклах. Самым каларытным у карнавальнай калоне быў карабель, які абыграў традыцыі рыбнай здабычы. Рыбакі і гаспадыні прайшлі па вуліцах Брэста ў галандскіх строях. На караблі можна было ўбачыць зашыфраванае віншаванне тысячагадоваму гораду, складзенае са сцягоў Міжнароднага зводу сігналаў, якія калісьці выкарыстоўваліся для перадачы паведамленняў паміж марскімі судамі.

— Мы не ставілі мэту паўтарыць бразільскі карнавал, — адзначыў рэжысёр вулічнага шоу Мікалай Палтарака. — У нас цалкам атрымалася беларускае шэсце, дзе была адлюстравана нацыянальная культура, гісторыя і сучаснасць. Карнавал як асацыяцыя можа быць стэрэатыпнай, але ж фармат мерапрыемства дазваляе шырока прадэманстраваць публіцы неабходныя кампаненты ўнутранага жыцця краіны. У нас гэта атрымалася.

Удзельнікі карнавалу пастараліся ў тэатралізаванай форме адлюстраваць шматвяковую гісторыю Брэста і яго сучаснае жыццё. Па ходзе руху яны рабілі невялікія прыпынкі, забаўляючы гледачоў і, вядома, зрываючы авацыі. Завяршыўся карнавал канцэртам творчых калектываў Брэстчыны.

 Горад святла

Увечары 6 верасня на плошчы Леніна яблыку не было дзе ўпасці. Тут сабраліся дзясяткі тысяч берасцейцаў, каб паглядзець канцэрт «Горад святла». Святломузычнае шоў ужо каторы год праводзіцца ў Брэсце на Дзень горада. Праўда, раней канцэрт праходзіў на Вяслярным канале. Тым не менш, як і ў мінулыя гады, на музычнае свята завіталі дзясяткі тысяч берасцейцаў.

Традыцыйна на сцэне выступілі айчынныя і замежныя артысты. Канцэрт складаўся з некалькіх частак. Першая была больш моладзевая, пераважна накіраваная на публіку да трыццаці гадоў. Адкрыла канцэрт даволі папулярная беларуская група Nuteki. А пасля на сцэне выступіў ужо вядомы берасцеец — рэпер Ісая, які прысвяціў Брэсту кампазіцыю «Мой горад».

Другая частка канцэрта прыйшлася па душы меламанам, аматарам якаснага року і джаза. У канцэрце ўзялі ўдзел артысты, якія ўжо не раз бывалі ў Брэсце: Джэс Кэмпбэл і былы саліст вядомага гурта Deep Purple Джон Лін Тэрнер. Апроч музыкі гледачы атрымалі задавальненне ад сапраўды яркага светлавога шоу у спалучэнні з вогненнай феерыяй, якая суправаджала многія нумары выканаўцаў.

Міленіум

Каб паглядзець маштабнае шоу «Міленіум», на Васлярным канале трэба было займаць месца за некалькі гадзін да пачатку дзейства. Там сабраліся тысячы людзей, каб паглядзець музычна-гістарычнае прадстаўленне.

Дзейства разгарнулася на велізарнай сцэне вышынёй з пяціпавярховы дом. У шоу былі таксама задзейнічаны ўсталяваны перад пляцоўкай басейн з фантанамі і маляўнічае падсвятленне. Агнём, святлом і вадой аўтары пастаноўкі распавялі гледачам шматвяковую гісторыю горада. Госці ўбачылі тэатралізаваныя пастаноўкі: арганізатары нагадалі галоўныя старонкі гісторыі рэгіёна — перадачу Магдэбургскага права, стварэнне Берасцейскай уніі, выданне Брэсцкай Бібліі, будаўніцтва чыгуначнага вакзала. Таксама арыгінальна прайшліся па дзесяцігоддзях пасляваенных гадоў: увагу гледачоў пераключылі на экраны. Дыктары, дэманструючы ўласным выглядам моду розных гадоў, распавядалі пра дасягненні Брэста. У розных парыках — з «бабеткай» або стрыжкай пад «сэсон» — дыктар распавядала пра будаўніцтва заводаў, з’яўленні ў 1970-х — двухсоттысячнага жыхара Брэста, у 1980-х — першага тралейбуса, а у 1990-х — лёсавызначальнага рашэння ў Віскулях.

— Гістарычная частка на сцэне — не проста ўспамін, а пралог для далейшага развіцця горада ў другім тысячагоддзі, — падкрэсліў падчас урачыстага адкрыцця шоу мэр Брэста Аляксандр Рагачук. — У нас ёсць патэнцыял не толькі для таго, каб захаваць культуру, гісторыю, але і прымножыць яе ў станоўчым ключы. Наша свята сёння даказвае наш багаты культурны ўзровень і жаданне зберагчы прыгожы горад.

Гістарычная частка шоу плаўна перацякла ў канцэрт, дзе першым да гледачоў выйшаў Эдуард Ханок, які праспяваў кранальную песню пра сваю маладосць у Брэсце. Музычны марафон падхапілі Тэа, Вольга Рыжыкава, Іна Афанасьева, Алёна Ланская. Яркім выступленнем увагу гледачоў захапіў уладальнік 2-й прэміі фестывалю «Славянскі базар у Віцебску» Іван Зданюк.

Кульмінацыйным момантам «Міленіума» стала клятва берасцейцаў, якую зачытаў ганаровы грамадзянін Брэста — мастак Мікалай Кузьміч. Тысячы гледачоў усталі і паўтаралі: «Клянёмся быць годнымі дзецьмі...». Гэта быў сапраўды момант шчырага яднання, які шмат у каго застанецца ў памяці. Прысеўшы ненадоўга, гледачы нечакана зноў пачалі ўставаць, калі загучаў гімн гораду «Слаўся, Брэст».

З апошнімі акордамі гімна ў неба ўзляцелі першыя залпы салюту. Больш за дзесяць хвілін тысячы берасцейцаў маглі назіраць выдатныя россыпы агнёў. Традыцыйныя каметы змяняліся кветкамі і нават сэрцайкамі: шматлікія піратэхнічныя магчымасці сённяшняга дня берасцейцы ацанілі высока. Гэта захапляла і цешыла. Прыемна было, што побач стаялі шчаслівыя людзі. Агульная атмасфера вечара давала адчуванне паўнаты жыцця і надзею на наступны дзень.

Аrt-праект

Спецыяльна да свята ў выставачнай зале Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра адкрылася рэспубліканская мастацкая выстаўка «Арт-Брэст-1000». Яе экспазіцыя складаецца з больш чым 100 аўтарскіх работ: жывапіс, графіка, скульптура, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва (габелены, кераміка). Усяго прадстаўлена творчасць 63 мастакоў, у тым ліку з Мінска, Брэста, Віцебска, Магілёва, Кобрына, Пінска, Баранавічаў.

— Да гэтай падзеі мы ішлі амаль чатыры гады, — расказаў старшыня Брэсцкага аддзялення Беларускага саюза мастакоў Павел Рабаў. — Гэта трэцяя выстаўка з серыі штогадовых экспазіцый, якія былі прымеркаваны да 1000-годдзя горада. У адрозненне ад папярэдніх яна мае рэспубліканскі статус, у ёй бяруць удзел мастакі з усёй Беларусі. Зразумела, што тэматыка выстаўкі звязана з юбілеем Брэста. Але мы крыху пашырылі рамкі: тут усё, што звязана з гісторыяй горада, Вялікага Княства Літоўскага, а таксама гарадскія хронікі. Вялікі поспех, што ў выстаўцы ўзялі ўдзел дырэктар Віцебскага цэнтра сучасных мастацтваў Андрэй Духоўнікаў, мінскі скульптар, аўтар помніка Гедыміну ў Лідзе Сяргей Аганаў, кіраўнікі Віцебскай і Магілёўскай арганізацый Беларускага саюза мастакоў Святлана Баранкоўская і Андрэй Вараб’ёў.

І ўсё ж самае вялікае прадстаўніцтва на выстаўцы ў берасцейцаў, аўтарству якіх належыць амаль палова твораў. Усе вядомыя майстры пэндзля і скульптары, якія жывуць і працуюць у горадзе над Бугам, палічылі справай гонару прыняць удзел у праекце. Тры знакавыя карціны з серыі «Страчаны выгляд» прадставіла Анастасія Фяцісава. Мастак Мікалай Кузьміч выставіў работу «Меч» з серыі «Курганы». Спецыяльна да юбілейнай выстаўкі падрыхтаваў серыю гравюр, выкананых у аўтарскай тэхніцы, Генадзь Вяль.

Таксама наведвальнікі могуць убачыць работы Ігара Раманчука, Уладзіслава Куфко, Леаніда Роцька, Тамары Дзянісавай, Леаніда Салаўёва, Таццяны Патворавай, Леаніда Тарабука, Аляксандра Грыгор’ева, Аляксандра Улыбіна і іншых.

— Выстаўка з’яўляецца каштоўным падарункам для берасцейцаў. Яна вылучаецца гучнымі імёнамі і высокім узроўнем работ, якія радуюць вока, — упэўнены галоўны спецыяліст упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама Арцём Брухан. — Гэта вельмі паказальна. Я спадзяюся, што кожны жыхар, госць горада, які гуляе па вуліцы Савецкай, зойдзе сюды і атрымае сапраўднае задавальненне.

Экспазіцыя працягнецца да 30 верасня.

Тэатр

Таксама да 1000-годдзя ў Брэсце ў новым будынку тэатра лялек адкрыўся Першы міжнародны дзіцячы фестываль тэатраў і кніг «Кніжная шафа». За тры святочныя дні тэатральныя калектывы з Беларусі, Польшчы, Расіі, Украіны, Эстоніі, Ізраіля паказалі маленькім гледачам 30 спектакляў розных жанраў. Акрамя традыцыйных драматычных і лялечных тэатраў, выступілі тэатр ценяў, марыянетачны і пальчыкавы, магнітны і пясочны тэатры. Нават робаты паказалі тры вясёлыя лялечныя эцюды.

Пастаноўкі праходізі ў чатырох залах тэатра — вялікім, малым і двух камерных. Свае работы прадставілі дзяржаўныя тэатры лялек з усіх абласцей і сталіцы Беларусі. Хэдлайнерамі фестывалю сталі сусветна вядомы Упсала-Цырк з Санкт-Пецярбурга, лаўрэат расійскай тэатральнай прэміі «Залатая Маска» — маскоўскі тэатр «Таратумб» і эксперыментальны тэатр Руслана Вальфсона з Ізраіля.

Паралельна на розных пляцоўках праходзілі літаратурныя, музычныя і іншыя культурныя падзеі. Ужо цяпер у тэатры адначасова працуюць выстаўкі ілюстрацый да кніг мастакоў Паўла Татарнікава, Веранікі Чайкі, Вольгі Кузьміч і вялікая кніжная выстаўка, дзе можна ўбачыць пластылінавыя кнігі.

Таксама да святкавання 1000-годдзя Брэста прымеркавана адкрыццё Міжнароднагоа тэатральнага фестывалю «Белая Вежа», які пачаўся спектаклем «Сымон-музыка» Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа (Віцебск).

У фестывальнай афішы заяўлены монаспектаклі, пастаноўкі для дзяцей і лялечныя спектаклі, пластычныя і балетныя пастаноўкі. (Фестываль будзе праходзіць да канца гэтага тыдня.) Асаблівая ўвага пры складанні праграмы была ўдзелена калектывам з гарадоў-пабрацімаў. У прыватнасці, сваю творчасць прадставілі і прадставяць тэатры з польскага Любліна, балгарскага Плевена, расійскай Цюмені, украінскіх Луцка і Адэсы, грузінскага Батумі.

Ацэньвае пастаноўкі інтэрнацыянальная каманда прафесійных крытыкаў з Германіі, Літвы, Расіі, Эстоніі, Беларусі. Падрабязны агляд спектакляў фестывалю «Белая вежа» чытайце ў наступным нумары.

Вікторыя АСКЕРА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.