Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч пачаў пісаць пасля трыццаці гадоў, але паспеў стварыць і выдаць шмат твораў. Першыя яго кнігі выходзілі толькі лацінкаю, крыху пазней перайшоў на кірыліцу. Паколькі беларуская мова была афіцыйна непрызнаная, пісьменнік ствараў змешаныя зборнікі — беларуска-польскія ды польска-беларускія.
У фондах Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі захоўваюцца прыжыццёвыя выданні В. Дуніна-Марцінкевіча, якія выходзілі на працягу 1846—1861 гг.: «Сялянка», «Гапон», «Wieczernice i Obłąkany. Poezye», «Цікавішся? — Прачытай!», «Дудар беларускі, або Усяго патроху», «Люцынка, або Шведы на Літве».
Самы ранні твор — лібрэта музычнадраматычнай оперы «Сялянка», якое ўбачыла свет у 1846 г. — з'явіўся ў віленскай друкарні Адама Завадскага. Дазвол цэнзара А. Мухіна на друкаванне датаваны 5 мая 1844 г. Другая паметка на кнізе сведчыць: «27 студзеня 1845 г. опера ўхвалена да сцэнічнага паказу чыноўнікам III аддзялення царскай канцылярыі А. Урэлем». Выданне мела невялікі тыраж. Гэта, па сутнасці, першая беларуская опера: паны ў ёй гавораць па-польску, сяляне — па-беларуску. Пазней з’явілася іншая назва твора — «Ідылія». Музыку да яе напісалі С. Манюшка і К. Крыжаноўскі з удзелам самога В. Дуніна-Марцінкевіча. Сапраўдны герой твора — не пан, а селянін Навум Прыгаворка, войт, які наглядаў за працай сялян. Дарэчы, яго прозвішча пісьменнік выкарыстоўваў у якасці псеўданіма.
Опера была пастаўлена на пачатку 1852 г. у Мінску тэатрам В. Дуніна-Марцінкевіча, ролю Навума Прыгаворкі выконваў сам аўтар. Створаны ім аматарскі тэатральны калектыў існаваў у 1840— 1850-я гг. Захапленне тэатрам прыйшло да пісьменніка тады, калі ён жыў у Пецярбургу і Вільні. Не прапускаў ніводнага спектакля і ў Мінску. Пад уплывам пастановак рускіх і польскіх труп у яго нарадзілася думка стварыць беларускі тэатр. Тэатральная дзейнасць Дуніна-Марцінкевіча — менавіта той падмурак, на якім узнік пасля сучасны айчынны тэатр.
Сёння камедыя «Сялянка» В. ДунінаМарцінкевіча — вельмі рэдкая кніга. Апрача Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі, меўся яшчэ экзэмпляр у Бібліятэцы Акадэміі навук Літвы імя Урублеўскіх, некалькі выданняў захоўваліся ў кніжніцах Санкт-Пецярбурга. Кніга з фондаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі ўяўляе пераплеценыя ў канвалют зборнікі В. Дуніна-Марцінкевіча «Цікавішся? — Прачытай!», «Сялянку» і творы польскіх пісьменнікаў. Кніга некалі належала нейкаму Яну Жахоўскаму, аб чым сведчыць штамп яго бібліятэкі на тытульным лісце.
Прыжыццёвы зборнік твораў В. Дуніна-Марцінкевіча «Цікавішся? — Прачытай!» выйшаў у 1856 г. у друкарні Ёкеля Дворца. У ім змешчаны тры аповесці і крылаты вершык, а таксама прысвячэнне аўтара Аляксандру Лапу, які быў братам дзекабрыста, маршалкам Бабруйскага павета, пазней менскім губернскім маршалкам. Ён стаў апошнім, каго выбірала самастойна тутэйшая шляхта. Пазней на гэтую пасаду прызначалі толькі царскім урадам. У разуменні паэта А. Лапа з’яўляўся ідэалам памешчыка. У прадмове да зборніка аўтар піша: «Калі я праязджаў праз маёнткі пана, не раз вока маё з раскошай спачывала на добра ўпарадкаваных гаспадарчых будынках пачцівага люду, радасцю грудзі мае напаўняліся, калі бачыў там дастатак кожнага, заможнасць жыхароў. Падчас усклікаў радасна: “Бог з тым людам жыве — не панскае то, а сапраўды айцоўскае кіраванне”».
Зборнік пачынаецца з аповесці «Купала» (1856), у якой аўтар апісвае беларускае народнае свята Купалле ў Лошыцы (цяперашні Мінск) з усімі яго абрадавымі ўрачыстасцямі, бытавымі праявамі, танцамі-карагодамі і песнямі. Таксама ў зборнік увайшла паэма «Славяне ў XIX стагоддзі» — гістарычнае апавяданне ў дзвюх песнях, адзін з самых яркіх рамантычных польскамоўных твораў беларускага паэта. Узвышанасць паводзін герояў, лёс якіх падпарадкоўваўся ідэі народна-вызваленчай барацьбы супраць іншаземнага прыгнёту, была блізкая і зразумелая аўтару.
У 1850-я гг. В. Дунін-Марцінкевіч пераважна жыў у Мінску. У гэты перыяд упершыню выйшлі з друку паэтычныя зборнікі пісьменніка, у тым ліку «Гапон» (1855) — першы паэтычны зборнік на беларускай і польскай мовах у чатырох песнях. Кожная мае эпіграф: тры з іх узяты аўтарам з «Ідыліі», чацвёрты — з беларускай вясельнай песні. Вершаваная аповесць увабрала ў сябе раннія творы пісьменніка, пачынаючы з 1848 г. У зборніку змешчаны прадмова «Да чытача», драматычная сцэнка «Неспадзяванка для майстрыні» (1854) — на польскай мове ў адной дзеі, а таксама вершы на польскай і беларускай мовах, у тым ліку беларускі верш «Павіншаванне войта Навума. У дзень імянін панны В…С…». Выданне аздоблена дзвюма гравюрамі мастака К. Бржэскага.
Экзэмпляр паэмы «Гапон» паступіў у аддзел рэдкіх кніг і рукапісаў у 1970-х гадах, быў куплены ў букіністычным магазіне Ленінграда за 180 руб. 50 кап. — вялікія па тым часе грошы. Некалі кніга належала вядомаму бібліяфілу П. Губару, пра што сведчыць яго экслібрыс на форзацы. Экзэмпляры «Гапона» ёсць таксама ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь, Бібліятэцы Акадэміі навук Літвы імя Урублеўскіх. Паводле даследчыка творчасці В. Дуніна-Марцінкевіча Адама Мальдзіса, «Гапон» ёсць нават у Брытанскай нацыянальнай бібліятэцы.
Наступнае прыжыццёвае выданне В. Дуніна-Марцінкевіча з фондаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі — зборнік «Дудар беларускі, або Усяго патроху» (1857). Гэта мінскае выданне Ё. Дворца. Кніжка мае прысвячэнне: «Высакародным беларусам у доказ глыбокай пашаны гэты нязначны твор ахвяруе аўтар». У ёй змешчаны: вершаваная прадмова-зварот «Да пачцівых беларусаў», зварот «Да Уладзіміра Сыракомлі», вершаванае апавяданне на польскай мове «Літаратурныя клопаты», беларускія творы «Шчароўскія дажынкі» (з тлумачэннямі) і «Верш Навума Прыгаворкі», у якіх пісьменнік выразна акрэсліў сваё стаўленне да беларускай мовы і беларускай культуры. Пісьменнік сцвярджае, што разумее тыя велізарныя цяжкасці, якія мусіць пераадолець, але спадзяецца, што першы крок яго пісання па-беларуску знойдзе не толькі адабрэнне, але і наступных паслядоўнікаў. Зборнік «Дудар беларускі» завяршыў мінскі творчы ўзлёт. Пасля выхаду зборніка аўтару не ўдалося выдаць у Мінску ніводнай кнігі.
Экзэмпляр «Дудара беларускага» захоўваецца ў кнігазборы акадэміка Пятра Глебкі. Гэта адна з самых значных і каштоўных асабістых кніжных калекцый аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі. Пётр Фёдаравіч збіраў сваю кніжніцу ўсё жыццё, пачынаючы з 1930-х гг. Яшчэ ў 1967-м, падчас пераезду Фундаментальнай бібліятэкі Акадэміі навук БССР у новы будынак, ён паведаміў аб намеры перадаць кнігазбор і рукапісны архіў на захаванне ў бібліятэку. Кніжная калекцыя П. Ф. Глебкі налічвае больш чым 3000 выданняў на беларускай, рускай, украінскай і іншых мовах (ад 1804 да 1960 года ўключна). У кнігазборы — рэдкія і каштоўныя кнігі, у тым ліку выданні рэпрэсіраваных пісьменнікаў, якіх дайшло да нашых дзён няшмат.
На форзацы кнігі «Дудар беларускі» з калекцыі П. Ф. Глебкі — яго ўласны надпіс, зроблены 27 лістапада 1947 г. На авантытуле — запіс алоўкам, які сведчыць, што кніга была набыта 15 красавіка 1928 г. у віленскага букініста. Таксама на форзацы — экслібрыс Беларускага музея імя Івана Луцкевіча ў Вільні.
Яшчэ адно прыжыццёвае выданне В. Дуніна-Марцінкевіча — паэма на польскай мове «Люцынка, або Шведы на Літве» (1861), выдадзеная Віленскай друкарняй А. Сыркіна. Цэнзурны дазвол П. Кукальніка датаваны 26 ліпеня 1860 г. Свой твор В. Дунін-Марцінкевіч адрасуе беларускай шляхце. Рамантычная паэма працягвае тэму мужнасці, высакароднасці, самаахвярнасці старой шляхты, яе еднасці з народам.
Сярод рарытэтаў — невялічкая кніжачка на польскай мове — «Wiersze rozne: powinszowanie Wojta Nauma w dzien imienin panny W...S... / Wincenty DuninMarcinkiewicz» (Minsk, 1854), у якой змешчаны толькі верш В. Дуніна-Марцінкевіча «Powinszowanie Wojta Nauma. w dzien imienin panny W…S…». Як лічыў даследчык творчасці В. Дуніна-Марцінкевіча Г. Кісялёў, гэта кніга самаробная. Яна сшыта з трох лістоў (старонкі 73— 76) вядомай кнігі Дуніна-Марцінкевіча «Гапон» і ўлічвацца ў бібліяграфіях як нейкае асобнае выданне не можа. Тым не менш гэты адбітак з уласнай кніжніцы вяльможнай асобы, пра што гаворыць вензель у якасці пячаткі, прадстаўлены на вокладцы. Штамп на тытуле сведчыць, што экзэмпляр некалі належаў Беларускаму музею імя Івана Луцкевіча ў Вільні.
Алена ДЗЕНІСЕНКА
На цырымоніі інаўгурацыі Прэзідэнта ў Палацы Незалежнасці прысутнічалі 1100 чалавек.
Уражанні тых, хто назіраў за ўрачыстасцю у рэгіёнах.
«Пакуль у нас такі моцны лідар, усё ў нас будзе добра!».