Вы тут

Сяброўка восень


Узяла за моду я апошнім часам запазычваць загалоўкі, старэю ці што..? Мінулым разам — у расійскага блогера, цяпер у сваёй аднакурсніцы — сцэнарыста фільма, які менавіта так называецца. Згадаліся гэтыя словы, калі два дні таму выпадкова наткнулася на кліп Крысціны Арбакайтэ «Маскоўская восень». Прыгожы кліп, з жоўтымі лістамі і пранізлівай музыкай скрыпкі... Падумалася тады, што найлепшым перакладам з арыгінала будзе менавіта гэты беларускі выраз.


Сёлета ў Брэсце восень звалілася нам на галаву разам з апошнімі акордамі шумнага святкавання тысячагоддзя. Можа, мы проста яе не заўважалі раней за ўсім шумам-тлумам. А тут уздыхнулі спакойна, пазадзіралі галовы, а зверху кружацца спрэс жоўтыя лісты, і пад нагамі ляжыць рыжая прыгажосць. У святочныя дні не паспее лісток упасці, яго дворнікі тут жа вымяталі, такая, відаць, у іх задача стаяла. Цяпер і яны, здаецца, перавялі дух, а лісты паспяваюць крышку паляжаць, пакуль іх не вывезуць на звалку.

Рознакаляровая лістота нагадвае пра восень. А за горадам пару выдае асаблівая прарэджаная цішыня, праз якую лягчэй, чым летам, прабіраюцца гукі. І вось мы ўжо незадаволена бурчым на пахаладанне, якога не чакалі. Хоць зусім нядаўна лаялі спёку, якой «не павінна быць у гэтую пару». Праўда, усё памянялася рэзка. І ўжо, аказваецца, трэба вешаць у дальнюю шафу летнія сукенкі, складваць у кардонку лёгкія пантофлі, даставаць з антрэсоляў асеннія туфлі, вымаць курткі. Таму на прыпынку ранкам можна сустрэць людзей з самым розным варыянтам гардэробу: адны стаяць у цёплых дэмісезонных паліто, другія дрыжаць у лёгкіх кашулях, а то і наогул у майках. З першым пахаладаннем пачынаюцца першыя прастуды, чмыханні носам, паходы ў паліклініку. Такім чынам прырода нагадвае: не расслабляйцеся, не лавіце варон у асеннім небе, варта быць напагатове.

У рэшце рэшт многа прывабнага і станоўчага ў гэтай восені. Ну, напрыклад, крыху знізіліся цэны на рынках на бульбу і агародніну, шмат прапаноў стала, вось рынак і рэгулюе. Знікла духата ў гарадскіх кватэрах. Цяпер можна спаць не адчыняючы акно на праветрыванне і не глытаць вымушана цыгарэтны дым суседа. Цікава, што адна жанчына ад вераломства курцоў-суседзяў пачала шукаць абароны ў судзе, пра што на мінулым тыдні напісала ў сваёй калонцы Алена Ляўковіч. Выйграй тая кабета справу, і быў бы прэцэдэнт. Але ў нас, думаю, на гэта шанцаў мала. У нас тысячы, можа, сотні тысяч пакутуюць ад такіх суседзяў і маўчаць. У мяне вось сусед у шэсць гадзін раніцы, гадзіннік можна звяраць, закурвае на балконе, і дым адразу цягне мне ў акно. Устаю і зачыняю, якая б ні была спёка, а зараз можна зачыніць звечара...

Цяпер даўжэйшымі становяцца вечары, можна больш пачытаць, паглядзець добрыя фільмы, спячы смачныя пірагі. Восенню жыццё нібы крышачку запавольваецца пасля імклівага яркага лета. І ўсё часцей думаецца пра іншую восень — восень жыцця. Раней, калі даводзілася сустракацца са знаёмымі з асяродку равеснікаў, навіны былі ў асноўным пра новыя кватэры, новую работу, здаралася — новую сям'ю, часам пра ад'езд за мяжу ці вяртанне адтуль, нейкія поспехі дзяцей ці, наадварот, няўдачы. Цяпер жа ўсё больш расказваюць, як нехта змагаецца з каварнай хваробай, а то і наогул пакінуў гэты свет. Не, бываюць і іншыя паведамленні, больш аптымістычнага зместу. Скажам, мая даўняя знаёмая, якая тры разы была замужам, у тым ліку адзін раз — у блізкім замежжы, адзін раз — у далёкім, прыехала, сказала: не, гэта не маё. Амаль ужо ў пенсійным узросце ўладкавалася на работу з вельмі нават прыстойнай зарплатай і заявіла, што цяпер яна стала разумнай і будзе жыць для сябе. Калі мы пацікавіліся, як гэта, то пачулі прыкладна такі адказ. «Нядаўна адзін мэтр шоу-бізнесу віншаваў з юбілеем другога мэтра-палітыка прыкладна сваіх гадоў і сказаў: «Мы знаходзімся ў такім цудоўным узросце, калі ўсё яшчэ можна, але ў два разы павольней». «Вось дзе праўда, — працягвала Эла, — трэба ўсё рабіць павольней, а не жахацца, згадваць пра ўзрост, калі на кухні ўпускаеш талерку альбо забываеш вельмі знаёмае прозвішча кінаартыста». Пра вось гэтае «павольней» нядаўна пачула ад доктара, які за змену прыняў адразу некалькі пацыентаў, што атрымалі траўмы, менавіта не разлічыўшы свае сілы і магчымасці. Калі няма маладой зухаватасці ў целе, але яна настойліва трымаецца ў свядомасці, то вельмі лёгка зламаць руку, нагу ці іншым чынам сябе знявечыць. Таму і трэба жыць і дзейнічаць з аглядкай на ўзрост. А ў астатнім жа восень жыцця можа і не такая страшная, яе можна зрабіць сваёй сяброўкай.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».