Вы тут

Трэцяя (не)канферэнцыя беларускіх педагогаў пройдзе 12-13 кастрычніка


EdCamp мае ўнікальны фармат — (не)канферэнцыя падпарадкоўваецца закону «аб дзвюх нагах»: яе праграма загадзя невядомая, удзельніцы і ўдзельнікі самастойна вызначаюць ход мерапрыемства і далучаюцца да той дыскусіі, якая цікавая менавіта ім, праграма фактычна ствараецца разам, зыходзячы з інтарэсаў кожнага. І кожны можа стаць спікерам.


Фармат Эдкэмпа гарантуе, што кожная вартая ўвагі педагагічная iдэя будзе пачутая. Усе могуць агучыць праблему і шляхі яе вырашэння, зыходзячы з ўласнага досведу, правесці майстар-клас, а могуць проста прагаласаваць за тое, што хочуць пачуць. Галоўны прынцып — «дай, калі можаш, вазьмі — калі хочаш».

У кожнага з удзельнікаў будзе 60 секунд, каб прэзентаваць сваю ідэю. Падчас першага беларускага Эдкемпа ў 2017 годзе педагогі прапанавалі амаль 20 сваіх тэмаў. Летась было агучана ўжо 40 ідэй. З іх па выніках галасавання, якое адбывалася з дапамогай стыкераў (у кожнага ўдзельніка была магчымасць вызначыць для сябе трох фаварытаў) адабралі трынаццаць.

Educatіon Camp (EdCamp) — міжнародная ініцыятыва, якая нарадзілася ў настаўніцкім асяроддзі ў ЗША ў 2010 годзе. А ў 2017-м Беларусь стала 26-ай краінай свету, на якую пашырылася эдкэмп-супольнасць.

Арганізатарамі EdCamp Belarus выступаюць Мінскі Хаб глабальных архітэктараў будучыні (Global Shapers) і Таварыства беларускай школы.
— Адукацыя — гэта не сфера абслугоўвання, як часта можна пачуць ад беларускіх бізнесменаў. Яна павінна найперш выконваць сацыяльны заказ грамадства, замову бацькоў, саміх навучэнцаў, з’яўляцца сродкам пабудовы грамадзянскай супольнасці, — разважае намеснік старшыні Таварыства беларускай школы Тамара МАЦКЕВІЧ. — Менавіта такімі аргументамі кіраваліся настаўнікі, калі выбіралі агульную тэму для Edcamp Belarus 2019 — «Супрацоўніцтва дзеля будучыні».

Супрацоўніцтва лічыцца адным з чатырох галоўных навыкаў 21-га стагоддзя (Collaboration, Communication, Critical Thinking, and Creativity). Супрацоўніцтва для паляпшэння адукацыі прапануецца разглядць на трох узроўнях, таму і мэта, якую мы ставім перад Edcamp Belarus-2019, складаецца з трох частак.

Па-першае, гэта наладжванне супрацоўніцтва паміж усімі сектарамі: дзяржавай, бізнесам, грамадзянскай супольнасцю. Кожны са стэйкхолдэраў робіць свой унёсак у адукацыю, не заўсёды ведаючы, што робяць іншыя. І толькі цеснае супрацоўніцтва дазволіць атрымаць чаканы эфект.

Другая мэта — пабудова супрацоўніцтва паміж школьнымі настаўнікамі. Прафесар Джон Хэці — аўтар самых аўтарытэтных даследаванняў пра уплыў на эфектыўнасць навучання, сцвярджае, што супрацоўніцтва паміж настаўнікам дае самы моцны эфект сярод фактараў, якія ўплываюць на якасць навучання, ён утрая большы, чым сацыяльны статус навучэнца або стварэнне элітных школ і адмысловых праграм.

Трэцяя мэта — супрацоўніцтва паміж педагогамі і вучнямі, школьнай адміністрацыяй і настаўнікамі, настаўнікамі і бацькамі, паміж самімі вучнямі.
Менавіта такі змест Edcamp Belarus 2019 дасць сістэме адукацыі штуршок і практычныя рэкамендацыі для якасных зменаў у навучальным змесце, накіруе школу на фарміраванне кампетэнцый, патрэбных маладой генерацыі для паспяховага працаўладкавання, сацыялізацыі і самарэалізацыі ў глабальным інфармацыйным грамадстве.

Між іншым, EdCamp Belarus гэта ўжо не проста ініцыятыва. Інфармацыйна-кансультацыйная ўстанова падтрымкі настаўніцкіх ініцыятыў «ЭдКэмп» 29 жніўня была ўнесена ў Адзіны дзяржаўны рэгістр юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

​Як абараніць сябе ад кардыялагічных праблем у халодны перыяд?

​Як абараніць сябе ад кардыялагічных праблем у халодны перыяд?

Менавіта зімой павялічваецца колькасць інфарктаў і павышаецца артэрыяльны ціск.

Культура

Успаміны пра Яўгенію Янішчыц

Успаміны пра Яўгенію Янішчыц

Піша Зіновій Прыгодзіч.

Грамадства

У 2023 годзе з'явяцца квоты на рабочыя месцы для людзей з інваліднасцю

У 2023 годзе з'явяцца квоты на рабочыя месцы для людзей з інваліднасцю

У Беларусі на сённяшні дзень звыш 570 тысяч чалавек маюць інваліднасць.

Грамадства

АЭС у Астраўцы гатова да імітацыі работы ядзернага рэактара

АЭС у Астраўцы гатова да імітацыі работы ядзернага рэактара

Першы энергаблок Беларускай АЭС гатовы на 95 %, другі — на 70 %.