Новая кніга Аляксея Шаўцова «Жыццё і прыгоды калоніі чорных мурашоў» — казка, жанр якой яшчэ можна вызначыць як «аповесць-казка». Прызнаюся, пачынаў чытаць яе з пэўнай асцярогай. Мурашы, як і мышы, мышаняты, — сталыя казачныя героі. І часам нават здаецца, што ў мастацкіх кнігах яны ў многім падобныя адно да аднаго героі, вандруюць ад аднаго аўтара да другога. Толькі хіба што «хаваюцца» ў кнігах-хатках пад рознымі вокладкамі. Асцярога яшчэ і таму, што ўжо склаліся пэўныя ўяўленні пра мурашоў як пра руплівых, энергічных, дзейсных герояў, гаспадарлівых і шчодрых на дабрыню, працалюбства. Значыць, нічога новага ў выданні дагэтуль незнаёмага аўтара і не знойдзеш.
І чытанне спярша напружвала. Пісьменнік, як падалося на самым пачатку, ажыццявіў замах вельмі высокі і складаны кампазіцыйна. Для чытача дзіцячага гэта не заўсёды апраўдана. Складанасці кампазіцыйнага характару, мноства дэталяў-драбнічак, памножанае на падрабязнасці ў межах кожнага з эпізодаў, — усё гэта вядзе да страты ўвагі, забірае яе ад асноўнага. Але ад старонкі да старонкі ўражанні мяняліся. Увагу пільна забірала само дзейства. І ўжо сыходзілі ўбок думкі пра складанасці кампазіцыі. Чорныя Мурашы — адказныя, міралюбівыя — вымушаны рыхтавацца да вайны. З калоніяй Вялікіх Рыжых Мурашоў. Яны, рыжыя мурашы, — у некалькі разоў большыя, фізічна мацнейшыя. Але не любяць працаваць, адзінае, на што здатныя, — ваяваць, праяўляць агрэсію. Для іх не існуе дабрыні і справядлівасці. Салодкае жыццё забяспечваюць сабе за кошт палонных рабоў. І набралі ў палон нямала якраз чорных мурашоў, жыццё якіх вельмі арганізаванае, спланаванае.
Расказваючы пра чорных мурашоў, якіх па аўтарскай задуме і павінен палюбіць юны чытач, пісьменнік распавядае пра ўклад жыцця калоніі, пабудову мурашніка, сацыяльны статус розных мурашыных груп. Сур’ёзна, грунтоўна вымалёўваючы адносіны паміж тымі, хто кіруе ў мурашніку, тымі, хто забяспечвае розныя функцыі жыццядзейнасці. Складваецца ўражанне, што часам аўтар пераносіць вядомае нам жыццё людзей, чалавечых інстытутаў у свет насякомых. Але робіць гэта настолькі цікава, прывабна, што казачныя дзеі заваёўваюць давер.
Чытаючы «Жыццё і прыгоды калоніі чорных мурашоў», пачынаеш разумець, што такія кнігі здольны быць асновай казачнай тэрапіі. Так, магчыма, вучні пачатковай школы ўжо і не вераць у рэальныя здольнасці мурашоў арганізоўваць баявыя дзеянні, у здольнасці спланаваць сапраўдную бітву. Але і ў пачатковай школе, і ў наступных класах юныя чытачы разважаюць пра дабрыню, справядлівасць, іх інтэлект дапамагае развіваць пачуцці. А яшчэ ў пісьменніка-казачніка ёсць добры памагаты — кніжны графік Валянцін Макаранка. Сімпатычныя, рэльефна-выразныя ілюстрацыі гэтага выдатнага майстра істотна дапаўняюць тэкст, робяць словы дзействам, напаўняюць прастору новымі ўяўленнямі.
Чорныя мурашы атрымалі перамогу. Дабрыня, справядлівасць узялі верх. Аляксея Шаўцова можна толькі павіншаваць з аповесцю-казкай, якая выйшла ў мінскім выдавецтве «МИНКОПРИНТ». Шкада, што наклад выдання — усяго толькі 90 экзэмпляраў.
Мікола БЕРЛЕЖ
Як работнікі МАЗа рыхтуюцца да выпрабаванняў у пустыні.
У зоне абслугоўвання — дзесяць вёсак.
На прасторах яе вялікасці кнігі.