Вы тут

Навука «ляцець, куды захочаш»


Дзеці любяць караскацца на дрэвы. Можа, выпрабоўваюць свае рукі і ногі на спрытнасць і трываласць, можа, імкнуцца да вышыні. Бэрта Хэнсан хавалася — узлазіла на высачэзную сасну і чытала кніжкі з вясковай бібліятэкі.


Жыццё ў шведскай вёсцы на пачатку дваццатага стагоддзя было нялёгкае: нават дзеці былі ўключаныя ў штодзённую няспынную працу дзеля выжывання. Усё, што не было патрэбна для выжывання, не лічылася патрэбным увогуле. Але Бэрта рабіла птушак з блакітнай гліны і марыла аднойчы трапіць у месца, дзе яна зможа быць сабой і жыць сваё жыццё.

Кніга Сары Лундберг «Птушка ўва мне ляціць, куды захоча» — гэта гісторыя пра тое, як у Бэрты Хэнсан атрымалася. У 2018 годзе твор атрымаў прэмію Аўгуста і быў прызнаны найлепшай дзіцячай кнігай года ў Швецыі. Гісторыю пра дзяцінства адной з найбольш значных шведскіх мастачак дваццатага стагоддзя, натхнёную яе дзённікамі і эскізамі, было б немагчыма расказаць без мастацкага суправаджэння — аўтарка Сара Лундберг стварыла да кожнай старонкі ілюстрацыі. Хаця складана назваць гэта ілюстрацыямі да тэксту, бо хутчэй наадварот: словы суправаджаюць малюнкі. Сам тэкст можна было б прачытаць за паўгадзіны, але формы, колеры і сюжэты прыцягваюць вока і прымушаюць дамаляваць у галаве ўсю сцэну, якую чытач ужо зразумеў па намёках слоў.

У кнізе нідзе не азначаны жанр твора, не абазначана яго прыналежнасць да прозы або паэзіі. Звычайна ў такім абазначэнні і патрэбы няма, але ў дадзеным выпадку не зусім ясна, да якога роду належыць тэкст. Урывачны аповед пра застылыя ў фарбах дні або хвіліны жыцця дзяўчынкі з вёскі Хамердаль абсалютна не падобныя да таго, якімі мы прызвычаіліся бачыць шведскія дзіцячыя кнігі, — замест прыгодаў знешняга свету мы бачым свет унутраны, які шукае выйсця, выяўлення, а знаходзіць адно толькі выпрабаванні. Чытач можа адчуваць сябе так, быццам трапіў ва ўспаміны дзяўчынкі і чуе ўрыўкі яе ўнутранага маналогу, плыні свядомасці.

Але пры гэтым часткі тэксту, раскіданыя па старонках, не падаюцца хаатычнымі. Наадварот, з’яўляецца ўражанне, быццам кожная частка — гэта закончаны верш, невялікі верлібр, рэгістрацыя моманту з дапамогай слоў. Падзяленне на радкі задае пэўную рытмічную структуру.

Тата ізноў кліча мяне.

Крычыць: «Бэрта!»,

гучыць як «сэрца».

Я нібыта не чую.

***

Настаўнік у школе вучыць нас маляваць.

«Намалюем моркву», — кажа ён і робіць

на аркушы контурныя рыскі.

Мы бяром чырвоныя алоўкі.

«Не залазьце за рыскі!»

Я ўяўляю моркву на агародзе,

за домам.

«Спадар настаўнік! — я цягну руку.

— Морква ж зусім іншая.

Можна я намалюю такую, як расце ў нас дома?»

Настаўнік хмурыцца:

«Нельга».

Нягледзячы на размову з чытачом ад першай асобы, тэкст вельмі назіральны — аўтар і чытач сочаць за гераіняй, як у кіно. Але сама прырода тэксту пабудаваная нават не на метафарах, а на натуральнай дзіцячай фантазіі, у якой рэальнасць і ўяўленне пераплятаюцца.

Мэтавая аўдыторыя, як прынята з дзіцячымі кнігамі, пазначана абсалютна канкрэтна: для дзяцей сярэдняга школьнага ўзросту. Гэта значыць, таго самага ўзросту, у якім яны адкрываюць для сябе Астрыд Ліндгрэн, можа, сустракаюцца з «Паліянай» Элінор Портэр, бяруць у рукі першыя «дарослыя» кніжкі. І калі сярод прыгодніцкіх кніг, якія нараджаюць у дзецях першую цікаўнасць да чытання, знойдзецца прыгожая, натхняльная гісторыя, якая раскажа пра цёмныя бакі жыцця, пра непаразуменне з усім светам і самымі блізкімі, яна будзе неверагодна карыснай. Можа падацца, што праблема мастацкага складу мыслення, якому перашкаджае паўсядзённасць, будзе актуальная для невялікай колькасці сучасных дзяцей, але выбар свайго жыццёвага шляху насуперак планам бацькоў — адна з вечных тэм, даведацца пра якую ў сярэднім школьным узросце таксама карысна.

Усё ж такі галоўная вартасць кнігі заключаецца зусім не ў праблемных пытаннях. Яна проста натхняе на самадаследаванне, упартасць, пошук свайго месца і ўважлівасць да сябе і блізкіх.

Дар’я СМІРНОВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.