Вы тут

Art-трэнды ў творчасці Васіля Касцючэнкі


Індывідуалізм беларускага мастака Васіля Касцючэнкі відаць абсалютна ва ўсіх работах. Яго мастацкія кампазіцыі любога маштабу — знак якасці і прафесіяналізму, што вельмі цэняць і паважаюць калегі, мастацтвазнаўцы, галерысты і калекцыянеры. Мастак умее здзіўляць і захапляе мастацтвам з першых імгненняў. Ён ніколі не спыняецца і шмат працуе, таму так часта імя Васіля Касцючэнкі гучыць на розных выставачных пляцоўках. Гэтым разам аўтар прэзентаваў новы арт-праект «19+» у мастацкай галерэі «Універсітэт культуры».


Драбіны. Час туманоў

Бывае, мастакоў, якія досыць часта выстаўляюцца ў розных арт-прасторах, абвінавачваюць у паўтарэнні. Экспазіцыя выстаўкі Васіля Касцючэкі складаецца з дваццаці пяці карцін, большая частка якіх была напісана сёлета. Творы аўтара эмацыянальна насычаныя, кожны мае сілу і энергію, глыбінны сэнс, разважанні аб зменлівасці жыцця. Колер і эмоцыі — вось асноўныя кампаненты мастацкай вобразнасці Васіля Касцючэнкі.

— Чым жа новы праект Васіля Касцючэнкі? А менавіта тым, што ён абсалютна новы, — падкрэсліў на адкрыцці выстаўкі старшыня Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца. — Ведаючы майго сябра і калегу гадоў трыццаць пяць, я не перастаю радасна здзіўляцца абнаўленню гэтага чалавека. Вядома, у яго ёсць пазнавальны аўтарскі почырк, што вельмі важна: кожны мастак павінен мець уласны аўтарскі стыль. Але ён абнаўляецца кожную выстаўку. Нягледзячы на вялікі досвед у мастацтве і прызнанне, ён усё роўна расце. І гэта сведчыць пра тое, што мы маем справу са значнай асобай у імклівым развіцці. Ён не спыніўся, не тыражуе самога сябе, а крочыць наперад у пошуку. Мастацтва — гэта каханне. Калі да кахання прывыкаеш, яно знікае. Таму я рады, што ён сваё каханне ў мастацтве аднаўляе, трансфармуе і развівае. Гэта добры знак.

Прафесійнае станаўленне аўтара было складанае і цікавае адначасова. У час папулярызацыі рэалізму ў беларускам мастацтве ён выбраў, як кажа сам, іншую рэальнасць, аддаўшы ў работах перавагу пачуццям і колеру. Былі моманты, калі работы аўтара на выстаўках перавешвалі ў месцы, дзе іх практычна не было бачна. Мастак часта ўспамінае, што перашкаджаў менавіта таму мастацтву. Ён паважаў акадэмічны жывапіс, але сам хацеў быць свабодным і незалежным ад стэрэатыпнасці мыслення. Бо з дзяцінства ведаў: колер хавае ў сабе шмат таямніц.

Сёння фігуратыўнасць у карцінах Васіля Касцючэнкі не страчваецца, а, хутчэй, здабывае іншы сэнс: яна ўпісваецца ў кантэкст кампазіцыі як арганічны маляўнічы кампанент. У яго работах, бывае, маляўнічая стыхія стрымліваецца адным лакальным колерам.

— Гэтая выстаўка — свята сапраўднага мастацтва. Васіль Касцючэнка цікавы ў інтэлектуальным творчым грамадстве тым, што яго работы не толькі можна глядзець шмат і доўга, але столькі ж іх трэба прачытваць. Гэта чалавек філасофскага бачання свету. Ён не ілюстратар падзей, а аналітык свядомасці, — адзначыў падчас урачыстай цырымоніі адкрыцця выстаўкі выкладчык Васіля Касцючэнкі, загадчык кафедры дэкаратыўнапрыкладнога мастацтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Рыгор Шаура. — Аўтар як мастак складваўся няпроста і не так хутка. Ён шмат сябе шукаў. Што цікава, тады, у 1970—1980-я гады, прыйшоў да лініі творчага бачання, якая сёння важная і актуальная ў мастацтве. Яго творчасць — адметная з’ява нашай нацыянальнай культуры, а работы выдатна прымаюць ва ўсім свеце. Таму цудоўна, што менавіта ў сэрцы Мінска гэтыя карціны глыбокага філасофскага бачання за некалькі тыдняў змогуць абудзіць сэрцы многіх людзей.

Для Васіля Касцючэнкі ніколі не было так важна знайсці свой стыль, як знайсці тэму, якая зможа адчыніць дзверы памяці чалавека. Мастак часта знаходзіцца ў пошуку сучасніка, праз яго вывучае асаблівасці сённяшняй светабудовы. Яго нярэдка называюць прадказальнікам. За што б ні ўзяўся аўтар, якую б тэму ні пачаў аналізаваць, хутка яна становіцца трэндам у мастацтве. Мастацтвазнаўцы з усмешкай падкрэсліваюць: «У Касцючэнкі ёсць нюх!»

— Мая творчасць залежыць ад кожнага пражытага дня, ад кожнай новай сустрэчы. Я ніколі не ведаю, якая ў мяне атрымаецца работа, — тлумачыць мастак. — Бывае, ёсць пэўная ідэя, але ў працэсе яна можа трансфармавацца з дапамогай аналізу. Важна быць захопленым, тады карціна будзе прыцягваць. Гэта сакрамэнт мастацтва. Мне вельмі падабаецца недасказанасць. Яна дапамагае развіць мастацкі дыялог.

Васіль Касцючэнка — адзін з удзельнікаў невялікай групы мастакоў пад назвай «Арцель», якая папулярызуе творчасць абсалютна розных па творчай манеры мастакоў. Як падкрэслівае кіраўнік аб’яднання беларускі мастак Рыгор Несцераў, Касцючэнка — адзін з такіх аўтараў. Ён шмат працуе над тым, каб дасканала вывучыць формулу пазнання наваколля, людзей, падзей. Яму цікава назіраць, як змяняецца чалавек і яго свядомасць з цягам часу. Таму работы аўтара нельга назваць проста карцінамі, гэта цэлае даследаванне ці эсэ на розныя тэмы з выкарыстаннем незвычайных элементаў пластычнасці і актуальнай мастацкай мовы.

Вікторыя АСКЕРА

Загаловак у газеце: Аналітык свядомасці

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.