Вы тут

Ад царкоўнай да свецкай культуры: ювелірнае мастацтва XVIII стагоддзя


Больш як 140 узораў залатой і сярэбранай справы, якія паказваюць усю веліч ювелірнага мастацтва ў Расійскай імперыі XVIII стагоддзя, прывезлі ў Мінск з Масквы. Мы маем шанс пабачыць найцікавейшую выстаўку «Даўніна і навізна. Рускае ювелірнае мастацтва XVIII стагоддзя», якая экспануецца ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі з 7 верасня да 3 лістапада. Экспазіцыю складаюць рэліквіі з Асобнай скарбніцы Дзяржаўнага гістарычнага музея ў Маскве. Гэта вырабы вядомых ювеліраў з Масквы, Вялікага Усцюга, Табольска, Калугі, многія з якіх, як адзначаюць даследчыкі, навучаліся ў майстроў-беларусаў.


Фота прадастаўлена Нацыянальным гістарычным музеем

— На выстаўцы прадстаўлена ўнікальная калекцыя рускага ювелірнага мастацтва. Яна створана супрацоўнікамі нашага музея спецыяльна для экспазіцыі ў Беларусі. У Расіі мы яе яшчэ не паказвалі, — адзначае дырэктар Дзяржаўнага гістарычнага музея ў Маскве Аляксей Лявыкін. — Гэта ювелірныя работы вельмі высокага ўзроўню, бо ствараліся прафесійнымі майстрамі для вышэйшага свету — імператарскі двор і арыстакратыя! Але калі для вырабаў санкт-пецярбургскіх, маскоўскіх майстроў характэрна раскошнае ўбранне, то работы ювеліраў з Вялікага Усцюга адрозніваюцца чарненнем срэбра.

XVIII стагоддзе лічыцца часам, які змяніў кірунак рускага ювелірнага мастацтва. Менавіта з гэтага перыяду яно ўвайшло ў агульнаеўрапейскі працэс мастацкага развіцця. У сувязі са змяненнем побыту і стылю жыцця ў Расіі ствараўся і новы тып, і новае аблічча прадметаў з каштоўных металаў. Арыентаванне ў нормах побыту і моды стала важным для перадавых, перш за ўсё, сталічных майстроў XVIII стагоддзя, якія мелі доступ да еўрапейскіх узораў з палацавага асартыменту. Гэта і стала своеасаблівым сімвалам незваротнасці пераходу ад сярэднявечнай царкоўнай да новай — свецкай — культуры.

Дарэчы, значны ўплыў на ювелірнае мастацтва Расіі аказалі майстры з Беларусі. У сярэдзіне XVII стагоддзя ў Маскве з-за чумы загінула вялікая колькасць жыхароў, у тым ліку знакамітыя рамеснікі Зброевай майстэрні. Таму ў Маскве аказаліся сотні мастакоў ювелірнай справы з Беларусі.

Галоўным каштоўным металам, што прымяняўся ва ўсе часы для вырабу посуду, было срэбра — найбольш зручны матэрыял для работы ювеліраў. Падатлівы, добра пераносіць тэрмічную апрацоўку і валодае ўнікальнымі ўласцівасцямі. Дзякуючы выстаўцы наведвальнікі могуць уявіць, як выглядаў палацавы святочны стол у Расіі эпохі барока і ракако. Бульёткі, цукарніцы, кафейнікі, чайніцы, малочнікі, кубкі, соуснікі, шматлікія сталовыя прыборы, а таксама інтэр’ерныя ўпрыгажэнні, вырабленыя са срэбра і пакрытыя пазалотай, складаюць аснову экспазіцыі. Акрамя прадметаў посуду, прадстаўленыя і табакеркі, якія выкарыстоўваліся не толькі у практычных мэтах, але і для ўзнагароджання прыдворных: было, вядома, раздзяленне на мужчынскія і жаночыя табакеркі.

Акрамя рэчаў, якімі карыстаюцца сучаснікі, у экспазіцыі прадстаўлены прылады, што выйшлі з ужытку. Напрыклад, адмысловы паднос, які называўся перадача: гэта паднос-халадзільнік, куды клалі кавалачкі лёду, зверху — срэбраную пласціну, на якую ставілі чарачкі з тым ці іншым халодным напіткам. Была нават спецыяльная мазгавая лыжачка для тагачаснага ласунку — касцянога мозгу. Карысталіся ў той час і супніцамі з двайным дном для вугольчыкаў.

Праект «Даўніна і навізна. Рускае ювелірнае мастацтва XVIII стагоддзя» рэалізаваны пры падтрымцы генеральнага партнёра Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь — кампаніі JTI. Арганізацыя гэтай выстаўкі ў Мінску стала вынікам плённага шматгадовага супрацоўніцтва Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнага гістарычнага музея ў Маскве. Перад адкрыццём экспазіцыі дырэктары ўстаноў падпісалі дамову аб супрацоўніцтве на пяць гадоў.

— Падзея для нас сапраўды знакавая. Наша ўзаемадзеянне з добрым сябрам, партнёрам — гістарычным музеем у Маскве — жывое, актуальнае, перспектыўнае, бо акрэслены задачы, адчуваецца важнасць усіх нашых міжкультурных кантактаў, — падкрэсліў дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі Павел Сапоцька. — Такія выстаўкі для нас — сапраўдныя святы. Але наша праца не абмяжоўваецца экспазіцыйна-выставачнымі праграмамі. Стажыроўкі, выдавецкія, навуковыя, адукацыйныя праекты, самы розны спектр праграм абмену.

Як адзначыў Аляксей Лявыкін, музей па сваёй сутнасці — арганізацыя надзвычай кансерватыўная. Магчыма, дзякуючы гэтаму, нягледзячы на цяжкасці таго ці іншага гістарычнага перыяду, яму ўдаецца захаваць галоўнае, ствараючы генатып культуры, народа. Але свет глабальны, таму без банальнага чалавечага культурнага абмену, які дае міжнароднае супрацоўніцтва, музеі не маглі б існаваць.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Загаловак у газеце: Рэліквіі з золата і срэбра

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Наперадзе ў нас яшчэ шмат добрых важных спраў»

«Наперадзе ў нас яшчэ шмат добрых важных спраў»

На цырымоніі інаўгурацыі Прэзідэнта ў Палацы Незалежнасці прысутнічалі 1100 чалавек. 

Грамадства

«Мы, грамадзяне Беларусі, з гонарам і ўпэўненасцю глядзім у заўтрашні дзень»

«Мы, грамадзяне Беларусі, з гонарам і ўпэўненасцю глядзім у заўтрашні дзень»

Уражанні тых, хто назіраў за ўрачыстасцю у рэгіёнах. 

Прэзідэнт

Як беларусы сустракалі прэзідэнцкі картэж у дзень інаўгурацыі?

Як беларусы сустракалі прэзідэнцкі картэж у дзень інаўгурацыі?

«Пакуль у нас такі моцны лідар, усё ў нас будзе добра!».