Восень у Мінску пачалася яркімі мастацкімі падзеямі, якія вартыя ўвагі. Адна з такіх, безумоўна, — першы фестываль акварэлі, што праходзіць у мастацкай галерэі «Універсітэт культуры», якая ўзяла на сябе місію пашырыць межы ўспрымання акварэлі як жанру мастацтва.
У фестывалі ўзялі удзел трынаццаць мастакоў-аднадумцаў, што неаднаразова прадстаўлялі Беларусь за мяжой на міжнародных выстаўках, маюць шматлікія ўзнагароды, дыпломы і сертыфікаты. Сярод удзельнікаў праекта — Лізавета Антропава, Лідзія Духневіч, Ірына Данскова, Алена Зданевіч, Вера Каўзановіч, Таццяна Лешчанка, Марына Лапо, Анастасія Молчан, Вольга Навіцкая, Святлана Тупахіна, Галіна Хайдарава, Ганна Чыпурных-Алейнік і Святлана Ярмак.
Ідэя фестывалю заключаецца ў тым, каб пазнаёміць гледача не толькі з акварэльнымі сучаснымі формамі і тэндэнцыямі, але і мастакамі як асобамі.
— Акварэль жаночага роду. Менавіта так хочацца ахарактарызаваць гэты фестываль, — падкрэсліў падчас урачыстага адкрыцця мастак-акварэліст Уладзімір Рынкевіч. — У работах шмат пяшчоты, цеплыні, пранікнення, мяккасці. Варта азірнуцца, і бачыш, што ўся выстаўка носіць адзіны характар. Відаць, што гэта добрае і вобразнае мастацтва. Не проста фатаграфічна-ілюстрацыйны або натуралістычны жывапіс, тут шмат пачуццёвасці і энергіі. Хоць работы выкананы ў традыцыйнай манеры, адчуваецца, што яны падрыхтаваны на перспектыву рэалістычнага мастацтва, таму што нясуць у сабе новае дыханне. Патэнцыял кожнай з мастачак чакае сваёй зорнай гадзіны.
Усе аўтары ўдумліва падышлі да ўдзелу ў фестывалі і паспрабавалі прадумаць праграму так, каб у ёй адчувалася ідэя. Падчас фестывалю ладзяцца творчыя сустрэчы, дэманстрацыйныя майстар-класы і круглыя сталы-абмеркаванні на тэму сучаснасці акварэльных матэрыялаў. Папулярызацыя акварэлі, свабоднае мастацкае адлюстраванне ўбачанага — вось да чаго імкнуцца аўтары. Сваімі работамі яны паказваюць успрыманне ўнутранага свету. Мастачкі запрашаюць усіх неабыякавых гледачоў, творчых асоб і тых, хто толькі пачынае асвойваць акварэль, на мастацкае свята, каб падзяліцца тэхнікамі, ведамі, пазітывам і настроем.
У кожнай з аўтарак цікавая гісторыя шляху да акварэлі. Напрыклад, Святлана Тупахіна спрабавала маляваць яшчэ ў дзяцінстве, але было складана — толькі пасля вучобы ў Акадэміі мастацтваў яна ў пазітыўным сэнсе захварэла акварэллю:
— Гэта была мая дзіцячая мара. Я хадзіла ў студыю, малявала акварэллю, але атрымлівалася дрэнна, праз шмат гадоў я вярнулася да гэтай мары. І зараз усё склалася: з’явіліся настаўнікі, якія расказалі і паказалі, як трэба працаваць. Я ўступіла ў клуб аднадумцаў-акварэлістаў і адчула, што няма мяжы асабістаму развіццю. Многія мастачкі нашага клуба даюць майстар-класы па акварэлі ў Маскве. І гэта сапраўды поспех. Акварэль для мяне — цуд. Алей можна выправіць хутка, а акварэль не даруе памылак. У працэсе вельмі шануецца свежасць фарбы. Ёсць у ім шлях духоўнага росту, таму што, калі малюеш, адказваеш за кожнае сваё дзеянне. Нельга намаляваць, а потым перарабіць. Я заўсёды доўга і дэталёва прадумваю работу, спрабую адразу зразумець паслядоўнасць працэсу. Адна з самых вялікіх праблем акварэлі — перадача матэрыяльнасці і кантроль вільготнасці работы. Трэба дакладна ведаць, у які момант спыніцца. З акварэллю не бывае сумна, таму што яна жывая, вучыць давяраць жыццю, ажыццяўляе функцыі псіхатэрапіі.
Вельмі каштоўна, што мастачкі, атрымаўшы рэпутацыю прафесіяналаў за мяжой, не спыняюцца і спрабуюць паказаць беларусам усе каштоўнасці акварэлі, шукаюць шляхі развіцця кірунку ў межах нацыянальнага мастацтва.
— Галоўная задача фестывалю — зрабіць так, каб у акварэлі было больш прыхільнікаў, каб людзі даведаліся пра гэта і вакол такіх мастацкіх і культурных падзей было больш свята, — расказвае ўдзельніца фестывалю Вольга Навіцкая. — З акварэллю ў Беларусі ёсць пытанні. Заходзіш у любы мастацкі салон і пытаеш, ці можна паглядзець акварэль. Цябе адразу адпраўляюць у куток, дзе гэтыя работы нават не вісяць, а стаяць літаральна пад нагамі. На пытанне «Чаму?», адказваюць, што акварэль не прадаецца. Мяне палохае такое стаўленне, таму наш клуб хоча гэтую сітуацыю змяніць. У нас склаўся стэрэатып, што акварэль — гэта проста... Але тэхніка складаная і навучыцца ёй не так проста і лёгка, але яна даступная для любога, хто жадае паспрабаваць сябе ў творчасці. Я хачу, каб людзі даведаліся, што прыгожыя акварэльныя работы ствараюць віртуозы.
Фестываль акварэлі — выдатная магчымасць не толькі даведацца пра сакрэты майстроў, але ж і шанс паспрабаваць сябе ў творчасці, што ўжо сведчыць пра магчымасць папулярызацыі і развіцця.
Вікторыя АСКЕРА
Як работнікі МАЗа рыхтуюцца да выпрабаванняў у пустыні.
У зоне абслугоўвання — дзесяць вёсак.
На прасторах яе вялікасці кнігі.