Вы тут

На якія падзеі рэагуе беларускі графічны дызайн?


Мастацтва Беларусі даволі шматграннае. Але чамусьці мы прывыклі разглядаць яго толькі праз прызму жывапісу, скульптуры, графікі. Таму такія падзеі, як Трыенале графічнага дызайну, становяцца для грамадства рэзананснымі. Сёлета трыенале адкрылася трэці раз. Шэраг таленавітых аўтараў у Палацы мастацтваў прадставілі тэматычныя напрацоўкі за тры гады.


I Трыенале графічнага дызайну прадстаўляе самыя розныя жанры ў сваёй галіне. На выстаўцы можна ўбачыць плакаты, фірмовыя стылі, дызайн буклетаў, кніг і календароў, манет, праекты ў галіне пошуку графічнай мовы, шрыфтавых гарнітур і паштовых марак — усяго, што з’яўляецца аб’ектам графічнага дызайну.

Прэзентавана мноства стылёвых і пластычных рашэнняў: канструктывісцкіх і маляўнічых, камп’ютарных і эксперыментальных. Тэматыка праектаў закранае ўсе сферы грамадскага жыцця сучаснай Беларусі. Аўтары вядуць візуальны дыялог з гледачамі на мове інтэлектуальнай гульні, вырашаючы функцыянальныя задачы дызайну.

— Беларускі графічны дызайн гатовы для таго, каб яго можна было глядзець з сэнсам, — упэўнены куратар выстаўкі Сяргей Саркісаў. — З’явіліся яркія імёны з унікальнымі работамі, якія на фоне еўрапейскіх ці амерыканскіх маюць сваё аблічча. Гэта заўважна ў пластыцы, падыходзе, прачытанні тэмы, інтэрпрэтацыі. Таму нацыянальны графічны дызайн можна ставіць у шэраг з такімі значнымі кірункамі, як жывапіс, скульптура, графіка. У коле беларускіх дызайнераў заўсёды былі таленавітыя асобы. Але згадкі пра іх можна параўнаць з эпізадычнай з’явай. Устойлівай традыцыі развіцця не было. Цяпер яна з’явілася, і мы бачым, як у напрамку графічнага дызайну навідавоку самабытнасць — гэта і ёсць наша нацыянальная самаідэнтыфікацыя ў гэтым кірунку.

Важным для арганізатараў выстаўкі было прадставіць плён сучаснага графічнага дызайну Беларусі, праявіць яго тэндэнцыі і, наколькі магчыма, адказаць на пытанні: ці мае ён прыкметы нацыянальнай ідэнтычнасці? наколькі запатрабаваны на радзіме? як убудоўваецца ў сусветныя тэндэнцыі сваёй сферы?

 — Дызайн — гэта лакмусавая папера. Ён рэагуе на любыя падзеі. Дызайнер абавязаны гэта адчуваць, — падкрэслівае Сяргей Саркісаў. — У працэсе падрыхтоўкі экспазіцыі мы адсеялі шмат работ, якія, на наш погляд, павяваюць мінулым днём. Яны неактуальныя. Адбіралі работы, што ў рытме часу. Бо раскрыта шмат тэм сацыяльных, можна ўбачыць плакаты, прысвечаныя значным падзеям. Дызайн на гэта рэагуе.

 На жаль, беларускім грамадствам графічны дызайн запатрабаваны ў мінімальных колькасцях. У свеце ж ён кіруе рознымі сферамі жыцця. Кіраўнікі, дзяржаўныя структуры, зірнуўшы на графічны дызайн па-іншаму, маглі б раскрываць і прыцягваць увагу да шматлікіх грамадскіх праблем. Калі я арганізоўваю выстаўкі, мне часта задаюць пытанне: чаму такіх плакатаў і афармлення няма ў гарадскім асяроддзі? А няма, напэўна, таму, што яшчэ не прыйшло ўсведамленне, што такое ў сучасным свеце графічны дызайн. А гэта і ёсць інструмент для соцыуму. Часам яго ўспрымаюць як пацешную карцінку — на самай справе гэта сур’ёзны кірунак з сэнсавым аспектам: ён стварае імідж. Таму такія праекты арганізоўваюць для таго, каб паказаць дасягненні і магчымасці менавіта сучаснага графічнага дызайну.

У трыенале ўдзельнічаюць як вядомыя беларускія дызайнеры-графікі, так і маладое пакаленне прафесіяналаў і студэнтаў. Галоўным крытэрыем адбору экспанатаў на выстаўку стала высокая планка прафесіяналізму. Што парадавала ў плакатах, дык гэта адсылка да беларускай культуры. Цікавы праект Генадзя Мацура, прысвечаны беларускаму алфавіту і Станіславу Манюшку. Дызайнер Ганна Стэфкіна ў сваёй рабоце адлюстравала фірменны стыль Віцебска. Ёсць у экспазіцыі адсылкі да антычнасці, але ў сучасным выглядзе. Так, напрыклад, Юрый Тарэеў паказаў сучасную Федру Сафокла. Чапляюць вока кінаплакаты Анастасіі Паўлідзі-Купажэнкі, у якіх адчуваецца аўтарская індывідуальнасць і бязмежны палёт фантазіі.

— Шкада, што такія выстаўкі маюць нават не зменлівы, а кароткатэрміновы характар, — падкрэслівае Сяргей Саркісаў. — Вядома, глядач убачыць, ацэніць, але хацелася б большага. Усё ж такі выстаўкі прадукцыі графічнага дызайну павінны быць звязаныя з менеджментам, каб спажывец разумеў, што ён можа сабе дазволіць. У нас пакуль не так шмат пляцовак, дзе праекты такога фармату можна паказваць. Прадукт графічнага дызайну сёння прадаваць складана. Але ж развіццё, безумоўна, ёсць. Калі згадаць плакат як прадукт нацыянальнага графічнага дызайну гадоў дваццаць назад, то яго немагчыма было ўявіць без накладу. Цяпер з’явілася такое паняцце, як аўтарскі выставачны плакат у адным экзэмпляры. Ён стаў камерным творам. Неабавязкова яго проста чытаць як масавы — яго можна разглядаць і вывучаць. Гэта якраз і сведчыць пра тое, што некаторыя жанры графічнага дызайну сталі мастацтвам. Галоўнае — зразумець пластычную мову фармату.

Работы, прадстаўленыя на трыенале графічнага дызайну, дэманструюць высокі патэнцыял дызайнераўграфікаў і тое, якім мог бы быць беларускі візуальны дызайн, калі б ён выйшаў з выставачнай прасторы ў прастору нашай штодзённасці. Цікавыя формы, рашэнні і ідэі сведчаць пра патэнцыял і магчымасці, а яшчэ — пра шматдзённую, карпатлівую працу аўтараў. Таму ёсць вялікая надзея, што ў хуткім часе прадукт беларускіх дызайнераў стане больш распаўсюджаны на розных пляцоўках краіны.

Вікторыя АСКЕРА

Загаловак у газеце: Інструмент для соцыуму

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.