Вы тут

Гісторыі ад Фелікса Янушкевіча


Любіць радзіму нас вучаць яшчэ ў школе. Але што стаіць за гэтым паняццем? Адказ на пытанне кожны шукае самастойна. Знаходзячыся ў пошуку, я спаткала беларускага мастака, які даўно знайшоў для сябе адказы. Пабываўшы ў доме Фелікса Янушкевіча, пагутарыўшы з ім, атрымала самыя прыемныя ўражанні і адчула захапленне яго невычэрпнай энергіяй.


Дыпломная работа.

Дзяцінства

Для таго, каб зразумець чалавека, асабліва мастака, трэба абавязкова даведацца пра яго дзяцінства. Сям’я Янушкевічаў ужо не першае стагоддзе жыве на Ракаўскіх землях. Бацькі пазнаёміліся падчас вайны і неўзабаве пабраліся шлюбам. У сям’і нарадзілася пяць сыноў. Фелікс з’явіўся на свет у 1954 годзе і быў старэйшым братам у сям’і. Бацька, Язэп Янушкевіч, па прафесіі цырульнік. Акрамя таго, выдатны гаспадар, які заўсёды выхоўваў у дзецей любоў да працы і роднай зямлі. Таму з самага ранняга ўзросту мастак не баяўся цяжкай працы, наадварот, імкнуўся да яе. У далейшым гэта стала яго звычкай, якая не раз дапамагала ў творчасці.

Калі Янушкевічу было 10 гадоў, разам з сябрам яны заўважылі аб’яву пра набор ў Рэспубліканскую школуінтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве (цяпер гэта гімназія-каледж мастацтваў імя І. В. Ахрэмчыка). Нядоўга думаючы, хлопцы паехалі паступаць. Феліксу Янушкевічу пашанцавала больш, чым яго сябру, і ў 1965 годзе ён стаў вучнем школы-інтэрната.

Школа і стала месцам, дзе хлапчук вырашыў стаць мастаком. Вучоба давалася лёгка, вельмі цікавіла. Мастак дагэтуль памятае, як у школьныя гады з асалодай маляваў алею старадаўніх дубоў акварэльнымі фарбамі. Яго захапляла ў гэтым працэсе ўсё: пачынаючы ад аўры старажытнасці магутных дрэў і іх прыгажосці да змешвання фарбаў на палітры. Сёння творца не перастае паўтараць: «Мастак павінен выхоўвацца з дзяцінства!»

У прафесіі аўтар імкнецца заставацца верным сваім унутраным пачуццям як у творчасці, так і ў жыцці. Рашэнне не падладжвацца пад кагосьці прыняў для сябе яшчэ ў шостым класе. Малявалі хлопцы тады акварэллю, што вельмі падабалася юнаму мастаку. Калі працаваў чарговы раз над адным з нацюрмортаў, да хлопчыка падышоў выкладчык і пачаў уносіць свае праўкі.

— Памятаю, бярэ ён маю акварэльку і пачынае рабіць яе, скажам так, у стылістыцы а-ля чырвоны гальштук, — згадвае Фелікс Янушкевіч. — Як цяпер памятаю: заплакаў, таму што гэта была няправільная для мяне тэхналогія. Быццам топча хтосьці мой свет...

З таго часу Янушкевіч пачаў рабіць толькі так, як падабаецца яму.

Студэнцкія гады

Паступленне ў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут у 1972 годзе стала новым этапам у жыцці Фелікса Янушкевіча. Гэта быў час весялосці, цяжкасцяў і прыгод, без якіх не абыходзіцца ні адно студэнцкае жыццё. Само паступленне не абышлося без здарэнняў!

Упэўнены ў сабе і здольнасцях, творца здаў першы экзамен на тройку. Яшчэ адна, і ён бы не прайшоў. Малады мастак быў збянтэжаны такім ходам падзей, але дзякуючы смеласці і дзёрзкасці Фелікс Янушкевіч усё ж здолеў паступіць на курс, дзе выкладчыкамі сталі такія выбітныя асобы, як Пётр Крохалеў, Май Данцыг, Барыс Аракчэеў…

Пачатак студэнцкага жыцця быў насычаны і актыўны. З першага па трэці курс Янушкевіч увесь вольны час, як і яго аднагрупнікі, праводзіў у асноўным у майстэрні. Там яны не толькі актыўна працавалі, але і адпачывалі. Творца ніколі не быў узорным студэнтам.

— Калі шчыра, усё, што набраў у школе, проста паўтараў у акадэміі, — расказаў Фелікс Янушкевіч. — Па сутнасці, у інстытуце многае паўтараецца: нацюрморт, галава, фігура. Проста ў інстытуце шмат часу на тое, каб навучыцца пэндзаль больш упэўнена ў руках трымаць. Але гэта не значыць, што вучыцца не падабалася: калі вучышся, пазнаеш сябе.

З трэцяга курса большую частку часу мастак праводзіў у любімым Ракаве, на прыродзе. Яна была яго настаўнікам і дапаможнікам. Хаваючыся ў нетрах лесу, адпачываючы на беразе ракі і разважаючы на прасторных палях, мастак спазнаваў сябе. Родная зямля давала яму не толькі прытулак, але пачуццё свабоды і палёту.

І вось — час дыпломнай работы. Янушкевіч стварыў трыпціх «Кастусь Каліноўскі». Да ідэі дыплома прыйшоў не адразу. Мастак любіў і добра ведаў беларускую гісторыю. Таму спачатку хацеў напісаць вялікую работу на шэсць метраў у даўжыню, дзе паказаў бы важных гістарычных асоб Беларусі: ад Сімяона Полацкага да прадстаўнікоў савецкай інтэлігенцыі. Часу было мала, таму зрабіць такую работу не змог і не паспеў бы проста фізічна. У апошні дзень да здачы дыплома ён цалкам змяніў сюжэт, фармат і тэму работы. За ноч, быццам пад гіпнозам, майстар стварыў трыпціх, за які яму паставілі найвышэйшы бал.

Смелы, разумны, адважны герой, які перажывае за народ, не мог не натхніць мастака за такім характарам. Таму магутная постаць Каліноўскага заняла цэнтральную частку трыпціха. Па баках мастак адлюстраваў шляхту і просты народ. За непрыхаванай сур’ёзнасцю асоб у кожным з іх жыве надзея. Надзея на змены да лепшага, якую яны бачаць у моцным і ўпэўненым чалавеку. Эмацыянальнасць і напружанне трыпціха падкрэсліваюць каларыстычнае рашэнне і манументальнасць. Прадчуванне чагосьці страшнага і ў той жа час вера ў поспех перацякаюць з адной работы ў іншую.

Аспірантура і творчасць

Пасля заканчэння Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута ўдзельнічаць у выстаўках было практычна немагчыма. Каб не губляць час дарма і пры гэтым атрымаць магчымасць у далейшым трапіць у Саюз мастакоў, Янушкевіч паступіў у аспірантуру Акадэміі навук па спецыяльнасці «Мастацтвазнаўства». Дапамог напісаны мастаком артыкул у газету «Помнікі гісторыі Беларусі».

Падчас навучання ў Акадэміі навук аўтар паралельна займаўся раскопкамі. Пачаўся перыяд, калі на родных землях стаў знаходзіць маленькія каштоўнасці, якія былі часткай гісторыі роднага краю. Кожны артэфакт захоўвае невялікі аповед пра сябе, і, на жаль, мы не заўсёды можам даведацца пра іх асаблівую гісторыю, але моманты загадкавасці і рамантыкі надаюць яшчэ большую прыцягальнасць. Мастак цалкам паглыбіўся ў працэс.

І ў той жа час актыўна ўдзельнічаў у розных выстаўках. Нават быў часткай творчай каманды Міхаіла Савіцкага! Не заўсёды маладому аўтару было лёгка ладзіць са сваім кіраўніком, які неаднаразова называў Янушкевіча «ракаўскім дылетантам». Але гэта ніяк не крыўдзіла Фелікса. Гэта ж такая вучоба! Калі ж калектыў распаўся, мастак стаў ездзіць працаваць на радзіму дадому. Зноў ён знайшоў натхненне ў Ракаве.

А ў 1984 Фелікс Янушкевіч стаў сябрам Саюза мастакоў. Якраз у гэты час у Палацы мастацтваў праходзіла выстаўка з нагоды з’езда беларускіх мастакоў, у якой узяў удзел і Янушкевіч. Мерапрыемства скончылася для яго вельмі ўдала: работу «Таўры жылі як усе народы», аснову сюжэта якога мастак узяў з верша Уладзіміра Караткевіча, набыла Траццякоўская галерэя. Твор быў настолькі вялікі, што для галерэі давялося напісаць копію паменш. Арыгінал пакінуў сабе.

Гісторыя Беларусі займае значную частку ў работах Фелікса Янушкевіча. Пачынаючы з часоў з’яўлення княстваў і заканчваючы жахамі Вялікай Айчыннай вайны, мастак паказвае і трагізм, і гераічныя падзеі, і асоб, якія пакінулі значны след у гісторыі беларускіх земляў. Акрамя гэтага, Янушкевічу таксама цікава вывучаць прыроду і людзей, а назіранні пераносіць на палатно. Кожная з работ Фелікса Язэпавіча адрозніваецца глыбокім пранікненнем у сутнасць з’явы ці асобы, метафарычнасцю вобразаў, эмацыянальнасцю каляровага рашэння і кампазіцыйнай ураўнаважанасцю. Пасля сыходу з майстэрні Савіцкага аўтар цалкам прысвяціў сябе стварэнню музея-галерэі ў Ракаве.

Галоўны плён жыцця

Гісторыя музея пачалася яшчэ з часоў, калі бацька Янушкевіча працаваў цырульнікам. Ён хацеў адкрыць невялікае месца, дзе, пайшоўшы на пенсію, змог бы працягваць справу далей. Пасля смерці бацькаў дом перайшоў у рукі сынам — Феліксу і Валяр’яну Янушкевічам. Штуршком для стварэння музея стала кераміка. Мастак пісаў дысертацыю пра ракаўскую кераміку і паралельна збіраў яе па мястэчку. У выніку ў яго атрымалася такая вялікая калекцыя, што братам прыйшла ў галаву ідэя аб стварэнні дома для захавання знаходак.

Мясцовыя жыхары хутка даведаліся пра тое, што Фелікс Янушкевіч купляе для музея ўсё «незвычайнаегістарычнае». І панеслі. Не кожная рэч магла трапіць у калекцыю... Не прымаліся звычайныя, шараговыя рэчы, у якіх няма энергетыкі, душы, як зазначае мастак.

Неўзабаве да музея сталі дадаваць пакоі, а потым з’явіўся і другі паверх. Акрамя артэфактаў, браты вырашылі захоўваць тут і ўласныя творы. Таму паступова музей стаў яшчэ і галерэяй. Такім чынам, збіраючы прадмет за прадметам, колькасць экспанатаў фонду музея перавысіла дванаццаць тысяч! Часткай калекцыі сталі абсалютна розныя прадметы: мэбля, посуд, фатаграфіі, кнігі, побытавыя рэчы, адзенне, музычныя інструменты, статуэткі, дываны, абразы, ёсць нават галубіныя яйкі, якім, як сцвярджае Фелікс Янушкевіч, чатыры тысячы гадоў, і многае іншае.

Дом, музей і галерэя. Функцый у гэтага месца шмат: аб’ядноўвае тры напрамкі і пры гэтым з’яўляецца адзіным цэлым. Вядома, захоўваць і падтрымліваць такі аб’ект у парадку — праца вялікая і складаная. Янушкевіч ставіцца да музея нібы да роднага дзіцяці, і гэта нядзіўна: тут — гісторыя, клопат і... любоў. Так, менавіта любоў! Да роднай зямлі, людзей, мастацтва... Менавіта яна калісьці дапамагла аўтару зразумець, што ён — частка чагосьці большага.

Любіць сваю радзіму. Як гэта? Паводле Янушкевіча, у першую чаргу не рабіць ёй шкоды, імкнуцца шукаць лепшае і прыгожае, і па магчымасці захаваць. Толькі на роднай зямлі ты можаш адчуць гармонію і свабоду, перакананы мастак.

Лізавета КОЗЕЛ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.