Вы тут

«Мы зарунелі на беларускіх загонах»



На хвалі часу, у плыні жыцця

Праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, часопіса «Маладосць»


«Мы зарунелі на беларускіх загонах»

Раннія творы маладнякоўцаў у беларускіх газетах 1917–1922 гг.

Даследаванне Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ў межах навукова–даследчай работы «Распрацаваць інфармацыйны рэсурс “Фарміраванне культуры Беларусі найноўшага часу праз адлюстраванне айчынных газет 1917–1922 гг.”» згодна з планам навуковых даследаванняў і распрацовак, накіраваных на навукова–тэхнічнае забеспячэнне дзейнасці Міністэрства культуры РБ.

Газеты можна параўнаць з летапісамі — на іх старонках занатаваны падзеі, якія пакінулі след у гісторыі, праз іх мы можам зазірнуць у мінулае і адчуць яго атмасферу. Паспрабуйма з дапамогай беларускіх газет 1917–1922 гадоў прасачыць, як сталелі тыя, хто ўвайшоў у склад Усебеларускага літаратурнага аб’яднання паэтаў і пісьменнікаў «Маладняк».

Пачатак XX стагоддзя — час для беларускай літаратуры асаблівы. Яшчэ не ішла гаворка пра стварэнне прафесійных саюзаў пісьменнікаў, якімі сталі пазней літаратурныя згуртаванні «Маладняк» (1923–1928), «Узвышша» (1926–1931) і «Полымя» (1927–1932). Адораныя літаратурным талентам аддавалі творчасці вольны час пасля асноўнай працы. Напісанае размяшчалі ў розных перыядычных выданнях, не толькі літаратурных. Шмат мастацкіх твораў можна знайсці ў тагачасных газетах «Вольная Беларусь», «Звон», «Беларуская думка», «Дзянніца», «Гоман», «Беларускі звон», «Беларускія ведамасці», «Раніца», «Савецкая Беларусь». За публікацыі аўтарам выплачваліся хай невялікія ганарары, але гэтыя грошы дапамагалі дажываць да чарговых заробкаў.

Талоны для пераводу грошай за публікацыі. З фондаў ДМГБЛ

«Матэрыяльнае становішча беларускіх пісьменнікаў не дазваляе ім займацца выключна літаратурнай творчасцю. Літаратуры яны аддаюць той выпадкова вольны час, які застаецца ў іх пасля службы ва ўстанове. Яны аддаюць мастацкай творчасці той час, які звычайна служачы мае для адпачынку.<…> Пісьменнік бярэцца за пяро, змораны дзённай працай, ад чаго вельмі церпіць і якасць і колькасць яго творчасці».

Змітрок Бядуля

Тыя, хто склаў актыў «Маладняка», ужо на час яго ўзнікнення мелі багаты вопыт публікавання ў перыядычным друку. Многія з іх пачыналі як карэспандэнты.

Возьмем найперш Змітрака Бядулю (сапр. Самуіл Плаўнік, 1886–1941). Працаваць як журналіст ён пачаў у рэдакцыі «Нашай Нівы» з Янкам Купалам, які пра гэтую працу піша так: «У 1913–1915 гадах (да эвакуацыі ў Вільна) я быў адказным і фактычным рэдактарам “Нашай Нівы”. Штат рэдакцыі складаўся з мяне і Бядулі. Мы павінны былі напісаць нумар, пракарэктаваць і выпусціць у свет».

У 1917–1919 гадах творы Змітрака Бядулі друкаваліся ў «Вольнай Беларусі», «Гомане», «Бацькаўшчыне». Ён быў першым, хто адгукнуўся ў друку на смерць Максіма Багдановіча: некралог яго аўтарства надрукавала «Вольная Беларусь». Бядуля называў Багдановіча «жрацом хараства», які «вянкамі вясновых паэтычных кветак аздобіў ніву беларускага адраджэння».

З энтузіязмам, з верай у перамогу справядлівасці Змітрок Бядуля ўспрыняў лютаўскія падзеі, але, разам з тым, і перасцерагаў ад трагічных вынікаў. Не аднаму яму на той час рэвалюцыя і акупацыя, якія нахлынулі на Беларусь пасля імперыялістычнай вайны, уяўляліся недарэчным сном, крывавым вірам, нават канцом свету. Гэта добра адлюстравана ў вершах, што друкаваліся ў «Вольнай Беларусі» ў 1917–1918 гадах: «Тры сцежкі», «У гадаўшчыну рэвалюцыі (28/ІІ1917–28/ІІ 1918)», «Плач волі», «Хрыстос васкрос!» Гэтыя вершы не ўвайшлі ў апошні збор твораў пісьменніка.

З верша «Плач волі»

Над крываваю зямлёю

Хтось нішчасны шчасьця просіць.

Над крываваю зямлёю

Воля плача і галосіць:

«Эх, вы, людзі, эх, вы, людзі,

Што са мною вы зрабілі?

Эх, вы, людзі, эх, вы, людзі, —

Волю вы сваю згубілі!»

З аднаго боку, атрымлівалася, што пісьменнік варожа ставіцца да Кастрычніцкай рэвалюцыі. Падобныя матывы назіраем і ў некаторых творах Якуба Коласа і Янкі Купалы. А з другога, Бядуля — адзіны са старэйшых пісьменнікаў уступіў у «Маладняк», які складаўся з маладых аўтараў.

Змітрок Бядуля і Якуб Колас (у цэнтры) сярод студэнтаў рабфака БДУ, 1922 год

Як яўрэя па паходжанні, яго хвалявалі адносіны беларусаў і яўрэяў, супрацоўніцтва прадстаўнікоў гэтых нацый, што адлюстравалася ў яго нарысе «Жыды на Беларусі: бытавыя штрыхі», які быў надрукаваны ў жніўні 1918 года ў той самай «Вольнай Беларусі» і ў гэтым жа годзе пазней выйшаў асобнай брашурай з друкарні Я. А. Грынблата. Пагартаць яе можна ў НББ, а факсімільнае выданне, зробленае ў 1992–м выдавецтвам «Адраджэнне», знаходзіцца ў фондзе Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі.

У 1920–я гады шлях беларускага літаратара даволі часта пачынаўся са старонак «Савецкай Беларусі» — газеты, якая доўгі час была сапраўдным агмянём новай беларускай літаратуры. Першы яе нумар на беларускай мове выйшаў у Смаленску 1 лютага 1920 года, у Мінску — 15 жніўня 1920 года. За подпісам «Змітрок Бядуля» ў «Савецкай Беларусі» друкаваліся матэрыялы самых розных жанраў. Ён выконваў тэрміновыя заданні дня, якія маглі быць непрадказальнымі: антырэлігійная прапаганда, рэвалюцыйныя ўрачыстасці, кампаніі паветранага флоту, перапіска з карэспандэнтамі. Пісаў маленькія фельетоны (дарэчы, вельмі распаўсюджаная форма ў газетах таго часу), артыкулы на тэмы палітыкі, мастацтва, эканомікі, грамадскага жыцця і іншае. Газетная практыка наклала адбітак на бядулеўскія апавяданні: яны мала чым адрозніваліся ад яго газетных артыкулаў.

У адной газеце можна было сустрэць яго творы адразу пад некалькімі крыптанімамі. Такая практыка назіралася ў многіх выданнях, якія напаўняліся матэрыяламі рэдакцыі, пры тым што паўтораў прозвішчаў трэба было пазбягаць. Самуіл Плаўнік, пакуль не спыніўся на псеўданіме Змітрок Бядуля, перабраў іх вялікую колькасць: Ясакар, Вольны, Вядуля, Іскра, Марыля, Падарожны, Пустэльнік Сымон, Чырвоны Ярыла, Светагор, Ярыла Паўстанец. І гэта калі не лічыць яшчэ і мноства крыптанімаў.

Асабліва цікавыя артыкулы Бядулі надрукаваны часткамі ў «Савецкай Беларусі» ў 1922 годзе: «Рэлігія і беларускае сялянства», «Паншчына ў беларускіх песнях і казках», «Класавыя матывы ў беларускай народнай творчасці». Пазней яны склалі працу «Вера, паншчына і воля ў беларускіх народных песнях і казках» (1922), выпушчаную выдавецтвам «Савецкая Беларусь». У фондзе НББ знаходзіцца экзэмпляр гэтай кнігі з дарчым надпісам ад аўтара гісторыку У. І. Пічэту, які ўзначаліў адкрыты ў 1921 годзе Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт.

З. Бядуля «Вера, паншчына і воля ў беларускіх народных казках і песнях» (1924). З фондаў НББ

З газетай «Савецкая Беларусь» цесна звязаны лёс Міхася Чарота (сапр. Міхаіл Кудзелька, 1896–1937), аднаго са стваральнікаў «Маладняка». У 1920–я гады ён належаў да актыўных кіраўнікоў літаратурнага руху. Да арганізацыі «Маладняка» спяваў у хоры В. Тэраўскага пры «Беларускай хатцы» (клуб беларускай мастацкай інтэлігенцыі, які ў 1916–1920 гадах праводзіў культурна–асветніцкую работу, прапагандаваў беларускае тэатральнае і музычнае мастацтва, садзейнічаў стварэнню беларускага дзяржаўнага тэатра) ў Мінску, быў старшынёй тэатральнага гуртка «Маладзік». Фактычна, у згуртаванне ён прыйшоў ужо вядомым паэтам, аўтарам кнігі вершаў «Завіруха» (1922) і паэмы «Босыя на вогнішчы» (1922), першыя выданні якіх можна пагартаць у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы НАН Беларусі.

М. Чарот «Босыя на вогнішчы» (1922). Ілюстр. – мастак Міхаіл Філіповіч. З фондаў ЦНБ НАН Беларусі

У адрозненне ад ідэалаў «нашаніўскіх», прасякнутых марамі пра адраджэнне незалежнай Беларусі, ідэал пралетарскі — гэта рэвалюцыйнае вызваленне працоўных ад «эксплуататарскай капіталістычнай няволі». Здавалася, што гэты ідэал быў дасягнуты дзякуючы Кастрычніцкай рэвалюцыі, якая падзяляла свет на «да» і «пасля», «стары» і «новы». Супрацьпастаўленне іх стала вызначальным матывам авангарднай паэзіі, адным з пачынальнікаў якой з’яўляецца Міхась Чарот. Адметнасць яго твораў была заўважаная ледзь не адразу, ён быў лідарам паэзіі 1920–х гадоў.

З 1920–га ён супрацоўнік, а ў 1925–1929 гадах — рэдактар газеты «Савецкая Беларусь» Друкаваўся і ў часопісе «Рунь беларускай літаратуры і мастацтва»: прынамсі, 6 чэрвеня 1920 года апублікаваны яго верш «Раманс». Пацвярджае яго супрацоўніцтва з гэтым выданнем і здымак, змешчаны ў №10 часопіса «Беларускі дзень» за 1927 год.

Група беларускіх пісьменнікаў. Злева направа стаяць: Альберт Паўловіч, Міхась Чарот, Уладзіслаў Галубок. Май–чэрвень 1920 года, Мінск. (Супрацоўнікі і карэспандэнты часопіса «Рунь беларускай літаратуры і мастацтва» пасля выхаду яго апошняга (10–га) нумара)

Згодна з біябібліяграфічным слоўнікам «Беларускія пісьменнікі» першыя творы Чарота датуюцца 1918 годам, аднак месца іх публікацыі невядомае. У 1919 годзе яго вершы — у прыватнасці, «Звон», «Песня беларуса» — друкаваліся ў газеце «Звон». У розныя гады ў газеце «Савецкая Беларусь» таксама выходзілі яго творы: «Сцяг ты чырвоны трымай!», «Ціхі Нёман».

Паплечнікам Міхася Чарота і Змітрака Бядулі быў Уладзімір Жылка (1900–1933), які падтрымліваў беларускі вызваленчы і культурна–асветны рух. У 1918 годзе, каб дапамагчы бацьку зарабляць на сям’ю, ён працаваў аграномам у адной з дзяржаўных гаспадарак у прадмесці Мінска. Ездзіў туды з Міхасём Чаротам, які быў там упаўнаважаным. У Мінску ён наведваў клуб «Беларуская хатка», дзе пазнаёміўся са старшынёй Беларускага тэатральнага таварыства Ядвігіным Ш., а таксама з З. Бядулем, І. Дварчанінам, Л. Родзевічам. Стасаваўся ён і з Янкам Купалам. Гэтыя знаёмствы сфарміравалі светапогляд Уладзіміра Жылкі. Але ў 1919 годзе паэт захварэў на сухоты, і ўжо хвароба ў значнай ступені ўплывала на яго паэзію, абумоўлівала выбар тэм.

У 1920 годзе выйшлі з друку першыя вершы Жылкі пад крыптанімам Ул. Ж.: у №№5–6 часопіса «Рунь беларускай літаратуры і мастацтва» — «Матылі», у газеце «Беларусь» за 13 лютага — «Многа мінула год, як мы клічам народ…». Уладзімір Жылка друкаваўся і ў заходнебеларускіх выданнях, з якімі меў трывалыя стасункі: «Беларускія ведамасці», «Наша думка», «Наша будучыня», «Беларускі звон». Пасля 1921 года, калі Палессе ў выніку падзелу Беларусі аказалася «пад Польшчай», ён пераехаў у Вільню, дзе актыўна публікаваўся.

З верша «Палімсест»

Краіна родная! Так сталася й з

табой.

Багацце й хараство твае прыроды

І прошласць слаўную змяшаў

чужак з гразёй

І словы вывеў гідкія для зводу.

Але народны дух, разбіўшы мур турмы,

Здалеў вясковы бруд паганы зьмесці.

І з дзіўнай любасцю чытаем тое мы,

Што захавалася на палімпсесьце.

У гэтым вершы, які быў надрукаваны 15 студзеня ў «Беларускіх ведамасцях», паэт разважаў над праблемамі гістарычнага лёсу Бацькаўшчыны, яе ўзнаўленне ён звязваў з вызваленчым рухам на Беларусі. Звярнуўся пісьменнік і да публіцыстыкі: 4 сакавіка 1922 года ў газеце «Беларускі звон» выйшаў некралог пад назвай «Антон Лявіцкі (Ядвігін Ш.)», у ім даецца ацэнка творчасці сябра і настаўніка: «Нядоля народа і вялікая любоў да яго адбіваецца ў лепшых творах А. Лявіцкага. Таму апавяданні яго такія сардэчныя, лёгкія і шчырыя…».

Сёлета адзначаецца 120–годдзе Адама Бабарэкі (1899–1938) — лiтapaтypaзнaўцы, кpытыка, пpaзaiка, пaэта і філосафа. У 1922–1927 гадах Адам Бабарэка вучыўся на этнолага–лінгвістычным аддзяленні БДУ і адначасова працаваў у рэдакцыі газеты «Савецкая Беларусь». Першае яго апавяданне «То толькі сон…», напісанае ў 1918 годзе, выйшла ў 1919–м у газеце «Звон», падпісанае псеўданімам Янка Кужаль.

У 1920–я гады творы Адама Бабарэкі часта з’яўляліся на старонках беларускіх газет з псеўданімамі Якім Каліна, Адам Чырвоны, Адам Гаротны, А. Чэмер. У «Савецкай Беларусі» за 1920 год (захоўваецца ў Прэзідэнцкай бібліятэцы Беларусі) быў размешчаны яго першы верш «Я не пявец» (11 верасня) і верш «З хронту на хронт» (15 верасня), падпісаныя псеўданімам Адам Чырвоны.

З газеты «Савецкая Беларусь» за 11 верасня 1920 года. З фондаў Прэзідэнцкай бібліятэкі Беларусі

У вершах Адама Бабарэкі таксама нельга не заўважыць характэрную адзнаку тагачаснай пралетарская паэзіі — яе рэвалюцыйна–касмічную рамантыку, выяўленне ў абстрактна–абагульненай форме ідэалаў–мар аб хуткім прыходзе ўсясветнага шчасця працоўных. Вершы былі яшчэ далёкія ад майстэрства і грунтаваліся на няскладных сімвалах і просценькіх рыфмах, традыцыйныя формы прыладжваліся да новага зместу. Гэта была зарыфмаваная праграма ранняй пралетарскай лірыкі, якая імпанавала чытачу тых часоў сваім аптымізмам і рэвалюцыйным пафасам, дапамагала пераносіць цяжкасці пасляваенная разрухі.

З верша «З хронту на хронт»

Цясьней-ж рады, браты супольства!

На серпу, молату й мячох

Мы ў сьвет свабоды, у сьвет давольства

Адчынім дзьверы на хрантох.

У газеце «Савецкая Беларусь» друкаваліся апавяданні Адама Бабарэкі «Мікіта Шпэндзік», «Амэлька Хабарка», «Шкляны бог», «Стрэча».

Апавяданне Адама Бабарэкі «Мікіта Шпэндзік». З газетных фондаў НББ

Як не згадаць Алеся Дудара (сапр. Аляксандр Аляксандравіч Дайлідовіч, 1904–1937), які ўвайшоў у шасцёрку пісьменнікаў, што сабраліся 28 лістапада 1923 года ў мінскім камсамольскім клубе «КІМ» з мэтай стварэння «Маладняка». Даследчыкі мяркуюць, што гэта была ідэя Дудара — стварыць літаратурную суполку. Пазней ён eздзiў пa Бeлapyci, apгaнiзoўвaў фiлii ў Biцeбcкy, Мaгiлёвe, Пoлaцкy, cпpыяў тым caмым cтaнaўлeнню i paзвiццю бeлapycкaй лiтapaтypы. Алесь Дудар — адзін з самых яркіх прадстаўнікоў таго часу, але пра яго, на жаль, шырокаму чытачу вядома няшмат: што напісаў ён контррэвалюцыйны верш «Пасеклі наш край папалам» і што быў расстраляны ў крывавую ноч беларускай гісторыі 29 кастрычніка 1937 года.

У 1920–я гады ён быў пaпyляpным пaэтaм. Талент яго развіваўся на фоне рэвалюцыйных зрухаў, для paнняга пepыядy яго твopчacцi xapaктэpнa «paмaнтычнae cвeтaўcпpымaннe». Ён пaэтызуе Бeлapycь «у фaбpычныx тpyбax», прысвячае вершы вёcцы, якaя «pyшыць y нoвы вeк».

Творы Дудара пачынаюць друкавацца ў 1921–м, калі за плячыма школа і сямнаццаць гадоў жыцця.

«Першы раз пазнаў беларускае друкаванае слова ў 1917 годзе ў Менску, прачытаўшы нумар газеты “Вольная Беларусь”. Але найбольшае ўражанне зрабіла газета “Дзянніца”, якая выпадкова папала неяк у чытальню Казлоўскага (цяпер г. Мічурынск) гарадскога савета, дзе я быў штодзённым госцем. Яна зрабіла на мяне ўражанне непаўтарымае і з боку зместу і з боку формы (мовы). Гэта было для мяне нешта новае і адначасна даўно знаёмае і зразумелае».

З аўтабіяграфіі Алеся Дудара

У фондзе Прэзідэнцкай бібліятэкі Беларусі захаваны нумар газеты «Савецкая Беларусь» за 2 кастрычніка 1921 года з адным з першых вершаў Дудара «Брату беларусу». У 1923 годзе паэту прапанавалі супрацоўніцтва ў гэтай газеце — і ён сышоў з вандроўнай трупы Уладзіслава Галубка, каб распачаць кар’еру газетнага работніка. З гэтага часу ў рэдакцыях газет і часопісаў ён будзе працаваць без перапынкаў да самага арышту ў 1929 годзе.

З газеты «Савецкая Беларусь» за 2 кастрычніка 1921 года. З фондаў Прэзідэнцкай бібліятэкі Беларусі

Вядомы пісьменнік Кандрат Крапіва (сапр. Кандрат Кандратавіч Атраховіч, 1896–1991) таксама фарміраваўся як творца, з’яўляючыся членам «Маладняка». У адрозненне ад маладзейшых членаў згуртавання, ён паспеў пабыць і сельскім настаўнікам, і прапаршчыкам на франтах Першай сусветнай вайны.

Першы друкаваны твор Крапівы — фельетон у вершах «Жили–были» — апублікаваны ў газеце «Красноармейская правда» ў 1922 годзе, а першы твор на беларускай мове — сатырычны верш «Сваты» — выйшаў 23 мая 1922 года ў «Савецкай Беларусі». Ён шукаў сваё месца ў новым жыцці, звяртаючыся да вострага слова. Сатырычная накіраванасць, бойкі гумар, актуальнасць, выразная класавая пазіцыя выяўляліся ўжо ў першых яго публікацыях у 1922 годзе ў газеце «Савецкая Беларусь»: «Рашыў памерці», «Ігрышча», «Класавыя ворагі», «Крапіва», «Новая прасіцельная экценія» і іншых.

Уладзімір Дубоўка (1900–1976) зрабіў каштоўны ўнёсак у скарбніцу нацыянальнай культуры, узбагаціў беларускую літаратуру яркімі паэтычнымі вобразамі. «Пушкін, я перад табой толькі Дзяржавін», — так сказаў маладому Дубоўку Янка Купала.

З 1915 года сям’я Дубоўкаў жыла ў Маскве, але аб’яднанні «Маладняк» і «Узвышша» сталелі пры непасрэдным удзеле гэтага адметнага паэта. Яго iмя cтaла вядoмым у 1921 годзе, кaлi «Сaвeцкaя Бeлapycь» нaдpyкaвaлa вepш «Сoнцa Бeлapyci». Даступныя для прагляду ў НББ і ЦНБ асобныя публікацыі Дубоўкі за 1922 год у газетах «Беларускі звон» і «Наша будучыня». Адзін з першых яго твораў — «Малітва ўцекача», які выйшаў у газеце «Беларускі звон», — уяўляў сабой верш у прозе:

Ты дакляруеш мне долю і волю? Мне на чужой старане трэ’ палацы? Ты мне гаворыш, што зьлёт груганоў зьнішчыў мой край, смерць гняздо там зьвіла?

Бедны ён? Пушчы? Балоты? Каменьні? Стогнець народ пад пятой Жыцьця — ката? Годзе! Чакаю я толькі той дзень, стальлю калі акуецца рука!...

Нягледзячы на тое, што Дубоўка ўвесь час жыў у Маскве, ён актыўна працаваў на ніве беларушчыны. Першы яго зборнік «Строма» выйшаў у 1921 годзе ў Вільні, а потым кнігі пачалі выходзіць на тэрыторыі Беларусі.

Ад рабочага ліцейнага завода «Вулкан» і унтэр–афіцэра на мінаносцы «Забияка» да навуковага супрацоўніка Інстытута мовы БелАН і сябра літаб’яднання «Маладняк» — такі пакручасты шлях прайшоў паэт, перакладчык, лінгвіст Алесь Гурло (1892–1938). Дэбютаваў у друку ў 1907 годзе: у газеце «Наша ніва» быў змешчаны яго верш «Маці–Беларусь». Пачынаў ён з апявання цяжкай долі народа ў традыцыях Багушэвіча і Купалы. Апошні падтрымаў яго першыя творы і стаў літаратурным настаўнікам.

У савецкі час Алесь Гурло вітаў новую рэчаіснасць, згадваў Кастрычніцкую рэвалюцыю. У няпоўнай падшыўцы за 1921 год газеты «Савецкая Беларусь» у фондзе Прэзідэнцкай бібліятэкі Беларусі выяўлены яго вершы «З чужыны» і «Бацькаўшчыне». У гэтай газеце ён працаваў у 1922–1923 гадах, тэмы яго твораў адлюстраваны ў публікацыях «Завод», «Беларускаму ўніверсітэту», «25 кастрычніка 1917 года» (успаміны). Алесь Гурло быў асуджаны па справе «Саюза вызвалення Беларусі», як і большасць пісьменнікаў–маладнякоўцаў. Памёр ад сухотаў у 1938 годзе.

У 1920–я гады серыя «Кніжніца “Маладняка”» ў большасці выдавала паэтычныя зборнікі, тым больш што і развіццё паэзіі ў гэты час вызначалася новымі ідэйна–мастацкімі пошукамі. Тыя, хто звяртаўся да прозы, таксама пачыналі з паэзіі. Аднак з’яўляліся і творцы выключна празаічнага жанру. Міхась Зарэцкі (сапр. Міхаіл Яўхімавіч Касянкоў, 1901–1937) — адзін з будучых сяброў згуртавання, які ў 1922 годзе ў «Савецкай Беларусі» апублікаваў свае першыя апавяданні: «Пад “святымі” скляпеннямі Віцебскага сабору», «Цішка Бабыль», «У Саўках».

Гэта адзін з самых значных і цікавых пісьменнікаў у гісторыі літаратуры 1920–1930–х гадоў. Міхась Зарэцкі зарэкамендаваў сябе як раманіст («Сцежкі–дарожкі» і «Вязьмо»), аднак даследчыкі адзначаюць, што асабліва ярка ён сябе праявіў у малых жанравых формах — апавяданнях, некаторыя з якіх з’яўляюцца шэдэўрамі.

«Мы зачытваліся М. Зарэцкім. Пісаў ён горача і ярка. Лёс яго герояў і гераінь быў заўсёды складаным».

Янка Скрыган

Мова Зарэцкага багатая арыгінальнымі метафарамі, мастацкія фарбы — кантрасныя і яркія, панараму жыцця ён ствараў буйнымі, размашыстымі «мазкамі»…

29 кастрычніка 1937 года Міхась Зарэцкі быў расстраляны.

***

Больш за сто гадоў прайшло з таго часу. Асобныя нумары беларускіх газет захаваліся на тэрыторыі нашай краіны ў адзінкавых экзэмплярах, большасць з іх знаходзіцца ў Прэзідэнцкай бібліятэцы Беларусі. Яе супрацоўнікі тлумачаць сітуацыю тым, што пасля вайны камплектатары ездзілі ў Расійскую нацыянальную бібліятэку, дзе ім было дазволена атрымаць дублеты нумароў беларускіх газет. Некаторыя арыгіналы настолькі пашкоджаныя, што часам не расчытаць і прозвішча аўтара, таму бібліятэкі прапануюць карыстальнікам электронныя копіі.

Прагляд газет de visu дае магчымасць заўважыць памылкі, дапушчаныя ў бібліяграфічных даведніках. Напрыклад, згодна з бібліяграфіяй, апавяданне Адама Бабарэкі «Мікіта Шпэндзік» друкавалася ў «Савецкай Беларусі» 6 кастрычніка 1922 года. Нумар за гэты дзень, захаваны ў фондзе НББ, вельмі пашкоджаны, прозвішча аўтара не відаць. У нумары за 11 кастрычніка знаходзім працяг твора, ідэнтыфікуючы яго па тэксце апавядання з кнігі Адама Бабарэкі «Апавяданні» (1925). Тут адсутнічае ўжо назва твора, але падаецца подпіс: «Адам Бабарэка». У біябібліяграфічным слоўніку «Беларускія пісьменнікі» гэтая інфармацыя прапушчана. Такая праца з газетамі дазваляе выявіць публікацыі, якія, у сувязі з цяжкім матэрыяльным становішчам паліграфіі ў той час, маглі ўбачыць свет выключна на старонках перыядычнага друку.

Даследаванне беларускай перыёдыкі 1917–1922 гадоў працягнецца аналізам публікацый пісьменнікаў–эмігрантаў і асобных аўтараў, творчасць якіх у беларускім літаратуразнаўстве даследавана недастаткова.

Таццяна ЛАЎРЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?