Вы тут

Велічнасць Берасцейскай Бібліі


Узноўлены помнік эпохі Рэфармацыі — гэта найпрыгожая і найвялікая кніжка ў нашым часе: у яе 1500 аркушаў, а вага — 15 кілаграмаў


Факсімільнае выданне Берасцейскай або Радзівілаўскай Бібліі першымі ўбачылі журналісты на прэзентацыі ў Прэс-цэнтры Дома прэсы ў Мінску. Выпуск знакамітай кнігі прымеркаваны да 1000‑годдзя Брэста, над праектам працавалі спецыялісты Нацыянальнай бібліятэкі.

Што нам вядома пра кнігу? Што выдадзена была яна 4 верасня 1563 года ў Берасцейскай друкарні па загадзе і на сродкі берасцейскага старасты, канцлера Вялікага Княства Літоўскага князя Мікалая Радзівіла Чорнага (1515–1565), які быў евангельскім хрысціянінам. Берасцейская Біблія ўключае тэксты, перакладзеныя з моў арыгінала, іўрыта і грэчаскай, на літаратурную польскую мову. Кніга стала першай поўнай Бібліяй ва Усходняй Еўропе. А Францыск Скарына ў Празе, дарэчы, друкаваў няпоўны варыянт Святога Пісання. Такой вялікай кнігі па тым часе ніхто не выдаваў. І толькі берасцейская друкарня, тады адна з найлепшых, узялася за такую працу.

“Берасцейская Біблія ў XVІ стагоддзі была сімвалічнай кнігай, — расказаў на прэзентацыі аўтар даследаванняў пра яе Аляксандр Суша, намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі, каардынатар і навуковы кіраўнік выдання. — Усе шляхцічы на землях Беларусі, Літвы, Польшчы яе хацелі набыць і мець у сябе. Яны перадавалі ў пасаг дочкам не сукенкі і грошы, а гэтую кнігу”. Ён удакладніў: даследчыкі прааналізавалі абставіны з’яўлення фаліянта, больш-менш дакладна ўстанавілі імёны перакладчыкаў. Знойдзены некаторыя асобнікі, вывезеныя за межы Беларусі. Ёсць, заявіў культуролаг, 23 прычыны, каб лічыць кнігу феноменам нашай культуры, хоць і адной дастаткова, каб яе перавыдаць. Хутка будуць надрукаваны і даследаванні пра лёс Берасцейскай Бібліі — а яны спатрэбіліся, бо па свеце захоўваецца ўсяго каля 40 асобнікаў арыгінала, і тыя няпоўныя: з разрозненых аркушаў.

За аснову для выпуску факсіміле ўзялі кнігу, якая раней утрымлівалася ў прыватных зборах Багуслава Радзівіла (1620–1669), унучатага пляменніка Мікалая Радзівіла Чорнага. Багуслаў сабраў у Слуцку архіў і бібліятэку, дзе зберагаліся каштоўныя рукапісы, а таксама знакаміты Радзівілаўскі летапіс і Берасцейскую Біблію. “Там найлепш яна захавалася, — патлумачыў Аляксандр Суша. — Да таго ж гэта не проста радзівілаўскае выданне, а й кніга з радзівілаўскай бібліятэкі”. Цяпер арыгінальны асобнік зберагаецца ў Польшчы. Яго лічбавая копія выкарыстана для выпуску факсіміле.

Каб факсімільная Берасцейская Біблія выглядала гэтак жа, як у XVІ стагоддзі, правялі даследаванне і майстры кнігадрукавання, мастакі, афарміцелі. Кіра Сліжыкава, арт-дырэктар Выдавецкага дома “Сегмент”, дзе друкавалі Біблію, расказала: сучасныя майстры захавалі старажытныя тэхналогіі выдавецкай справы. Усе элементы кнігі злучаюцца і мацуюцца між сабой гэтак жа, як некалькі стагоддзяў таму. Нават фурнітура кнігі такая ж прыгожая і функцыянальная, як і ў тыя часы. Вытрымана і стылізацыя. Сучасныя друкары ўзнавілі старажытную тэхніку ручнога фарбаванага абрэзу (абрэз кнігі спецыяльна пафарбаваны ў глыбокія зялёны і залаты колеры). Для афармлення старонак выкарысталі стыль “караед”, які быў вядомы старажытным майстрам. Над праектам працавала каля 10 супрацоўнікаў.

Журналістам прадставілі два варыянты Берасцейскай Бібліі, адрозныя па афармленні і кошце. У адным фаліянце на вокладцы — натуральная скура, на другім — сінтэтычная, але падобная. Першая кніга, зразумела, каштуе больш: яе ацанілі прыкладна ў 1,5 тысячы еўра (каля 3,5 тысячы беларускіх рублёў). Выпушчана ўжо 11 асобнікаў, адзін застанецца ў Нацыянальнай бібліятэцы. Астатнія перададуць у падарунак Брэсцкаму гарвыканкаму: у дзень святкавання 1000‑годдзя і на цырымоніі надання Брэсту статуса культурнай сталіцы СНД. (Дарэчы, помнік “Берасцейская Біблія” ўсталявалі ў горадзе яшчэ ў 2017 годзе.) Такі дарагі падарунак стаў магчымым дзякуючы дзяржаўна-прыватнаму супрацоўніцтву. Каля 10 тысяч еўра на выпуск факсіміле даў “Белнафтастрах”, які і раней быў мецэнатам значных культурных падзей. Анатоль Чайчыц, гендырэктар фірмы, сказаў: кампанія можа дапамагчы нашай дзяржаве выкупіць у прыватных уладальнікаў і сам арыгінал Берасцейскай Бібліі пры ўмове, што цана не будзе спекуляцыйнай.

Выпуск факсімільнага выдання для культуры Беларусі — вялікая падзея. Дагэтуль поўнага такога выдання краіна не мела. У фондах Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН імя Якуба Коласа і Брэсцкай абласной бібліятэкі імя Максіма Горкага захоўваюцца два няпоўныя асобнікі арыгінала. Розныя аркушы можна знайсці ў прыватных калекцыянераў. “Мы гатовы, як і Мікалай Радзівіл Чорны, калі задумваў друкаванне Бібліі, зрабіць праект агульнадаступным. Калі будзе зацікаўленасць з боку дзяржаўных структур ці прыватных асоб — будзем друкаваць фаліянт па замове”, — казаў на прэс-канферэнцыі Аляксандр Суша. Большасць факсімільных выданняў у Беларусі выдаецца тысячнымі накладамі. Зразумела, што вялізная Берасцейская Біблія будзе выпушчана ў меншай колькасці.

Развянчаў навуковец і некаторыя легенды, звязаныя з кнігай. Скажам, памылкова лічаць, нібыта сын Мікалая Радзівіла Чорнага (яго звалі Мікалай Радзівіл Сіротка), як католік, загадаў сабраць пратэстанскія брэсцкія выданні бацькі ды спаліць іх у двары Нясвіжскага замка. Аляксандр Суша ўпэўнены: Радзівілы не палілі Святое Пісанне, да таго ж ніколі не знішчалі працу сваіх папярэднікаў. Другая легенда звязаная з аб’ёмам кнігі. У многіх энцыклапедычных даведніках 80‑х гадоў няправільна падлічана колькасць аркушаў Берасцейскай Бібліі. Сёння называецца такая лічба: каля 1500 аркушаў. Звязана гэта з тым, што Стары і Новы запаветы ў кнізе маюць кожны сваю асобную нумарацыю, а некаторыя аркушы ў пачатку кнігі наогул не пранумараваныя.

Як бачым, у Беларусі ўзнаўляюць у памяці старонкі забытага арыгінала. Значнасць падзеі павінны ацаніць у першую чаргу вернікі.

Ганна Лагун

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.