Вы тут

Да каго душа ляжыць...


У беларусаў Еўпаторыі ў сябрах — людзі розных нацыянальнасцяў. Сярод іх і карэйцы, якія мараць стварыць у горадзе сваю суполку.


На парадзе ў Еўпаторыі Кацярына Кім разам з беларусамі

Выбіраць сяброў па нацыянальнасці — не лепшая, пагадзіцеся, жыццёвая тактыка. Мы ж, беларусы Еўпаторыі, адладжваем стасункі з прадстаўнікамі розных народаў. Запрашаем іх на свае імпрэзы. Так было й напярэдадні Дня Расіі, які адзначаецца штогод 12 чэрвеня: Беларуская нацыянальна-культурная аўтаномія “Крым — Беларусь” правяла імпрэзу “Талерантнасць — дарога да міру”. Сабраліся мы ў зале “Дружбы народаў” бібліятэкі імя Лесі Украінкі — там традыцыйна ладзім сустрэчы. У ходзе імпрэзы мы былі ўсе як адзінае цэлае: па настроі, пачуццях любові да Расіі, у якой даўно жывем, і да роднай Беларусі. Дарэчы, і песні ў нас гучалі як рускія, так і беларускія. Спявалі Святлана Пылева, Любоў Макіна, Марыя Гудзь, Наталля Смірнова, Алена Прынь, Уладзімір Васільеў, Аляксандр Тусаў.

У нашай суполцы пануе дух творчасці. Паэт Рыгор Кашанскі чытаў свае новыя вершы пра Расію, Беларусь. У іх аўтар разважае пра высокі сэнс жыцця сваіх сучаснікаў, хуткаплыннасць часу, хараство прыроды роднага краю. Мастачка з беларускімі родавымі каранямі Алена Прынь паказвала свае працы сябрам суполкі, цікавілася: як вам? Мы, вядома ж, яе творчасць падтрымліваем! А яшчэ — жарты, гумар, вясёлыя прыпеўкі заўсёды з намі. На гэты раз Марыя Гудзь, якая родам з Гомельскай вобласці, выдатна спявала прыпеўкі як па-руску, так і па-беларуску. Марыя, дарэчы, сама ж іх складвае, у яе радках ёсць запал шчырых пачуццяў, тонкія асацыяцыі, напорыстасць.

У гасцях на імпрэзе ў нас былі карэйцы: стрыечныя брат і сястра Эдуард Цян і Ульяна Кім. Яны ўжо даўнія сябры беларусаў. Эдуард Міхайлавіч спяваў карэйскія песні, асабліва спадабалася нам жартоўная “Алмазная гара”: нават спрабавалі вывучыць прыпеў. Ульяна расказала пра карэйскія традыцыі, адметнасці нацыянальнай кухні. Яна марыць стварыць карэйскую нацыянальную суполку ў Еўпаторыі, а пакуль разам з цёткай даглядае маму, Кацярыну Кім: ёй сёлета будзе 90 гадоў. Ад усёй душы жадаем Кацярыне Георгіеўне Кім здароўя, добрага настрою.

Згадалася мне, як пачыналася наша дружба з карэйцамі. Да мяне як галоўнай рэдактаркі часопіса “Крым — Беларусь”, кіраўніцы беларускай суполкі звярнулася жыхарка вёскі Нагінскае Прыморскага краю Кацярына Кім з просьбай дапамагчы ёй знайсці жыллё ў Еўпаторыі. Збіралася купіць, каб потым пераехаць і жыць тут. Аказалася, што нумары часопіса “Крым — Беларусь”, прысвечаныя Еўпаторыі, даслаў ёй пляменнік, лекар Эдуард Цян. Ён бываў у нашым горадзе-курорце, таксама хацеў стаць яго жыхаром. Што ж, мы знайшлі варыянты. Кацярына Георгіеўна прыязджала ў Еўпаторыю, выбрала тое, што ёй падышло. А заадно й пасябравала з беларуcамі. Яе мы ахвотна прынялі ў кампанію, акружылі клопатам і ўвагай, шмат расказвалі пра Еўпаторыю. Нават запрасілі ў сваю калону на традыцыйны парад у Еўпаторыі — перад адкрыццём курортнага сезона: тое было ў канцы красавіка 2017‑га. Дарэчы, Кацярына Георгіеўна — Герой Сацыялістычнай працы, цікавая суразмоўца. Пасля парада жартавала: “Я адчула сябе сапраўднай еўпатарыйкай!” І дадала карэйскую прыказку: “Да каго душа ляжыць, да таго й ногі нясуць!”.

Потым наша старэйшая сяброўка вярнулася ў Прыморскі край, каб канчаткова пераехаць у Еўпаторыю, дзе ў яе ўжо з’явіліся добрыя сябры. Мы гатовы дапамагчы ёй тут асвоіцца, палюбіць горад так, як любяць яго мясцовыя беларусы. Цяпер сям’я Кім жыве ў доме па вул. Інтэрнацыянальная, 109, і сябрам зручна прыходзіць на нашы імпрэзы ў згаданую бібліятэку (дом № 149 па той жа вуліцы). А мы не супраць, калі й для карэйцаў у Еўпаторыі зала “Дружбы народаў” стане таксама сваёй.

Дзіна Шаўчэнка, кіраўніца Беларускай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Крым — Беларусь”, г. Еўпаторыя

Выбар рэдакцыі

Сацыяльная падтрымка

Каму і на колькі вырастуць пенсіі з 1 лютага?

Каму і на колькі вырастуць пенсіі з 1 лютага?

Міністр працы і сацыяльнай абароны аб тым, як будуць расці выплаты.

Палітыка

 «Якасць павінна стаць  рухавіком усіх працэсаў»

«Якасць павінна стаць рухавіком усіх працэсаў»

Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.