Вы тут

Згуртаванне беларускай культуры Іда-Вірумаа “БЭЗ” рыхтуецца адсвяткаваць 30-годдзе з удзелам іншых суполак Эстоніі


Цяпер поўным ходам у нас вядзецца падрыхтоўка да святочнай імпрэзы. У сувязі з гэтым хочацца мне трохі расказаць пра Маргарыту Астраумаву — яна стаяла, як кажуць, ля вытокаў, на пачатку гісторыі стварэння нашай суполкі. Яна была адной з тых трох мясцовых беларусаў, якія вырашылі: беларусам трэба яднацца, бо разам зручней зберагаць і развіваць родную культуру ў шматнацыянальным рэгіёне Эстоніі. Спадарыня Маргарыта ўзяла на сябе нялёгкую ношку: каля 18 гадоў яна ўзначальвала суполку “БЭЗ”. І шмат было зроблена пад яе кіраўніцтвам, каб аўтарытэт беларускай культуры ў Эстоніі падняўся на сапраўды высокі ўзровень. У тым, што наш “БЭЗ” ацалеў праз гады, паспяхова развіваецца, ёсць вялікая заслуга Маргарыты.


Маргарыта Астраумава на выставе беларускіх рэчаў. 2012 год

21 верасня мы рыхтуемся правесці ІV Фэст беларускай песні “Родныя напевы”. Сёлета ён будзе прысвечаны 30‑годдзю згуртавання. Паўдзельнічаць у свяце запрошаны беларускія суполкі з усёй Эстоніі, а таксама гурты з Беларусі: ансамбль “Паазер’е” з Пастаў ды самабытныя “Хмелеўскія валацугі” з вёскі Хмелева Жабінкаўскага раёна Брэстчыны. Гэта, мы так плануем, будзе свята песні, беларускай песеннай культуры. Да таго ж скажам добрыя словы тым рупліўцам, хто паспрыяў суполцы ў часе яе жыцця-развіцця. Вядома ж, першай мы згадаем Маргарыту Астраумаву.

Яна — дачка вайскоўца, і нарадзілася ў Літве, у савецкім яшчэ Каўнасе. Але, расказвае, дзяцінства і юнацкія гады прайшлі ў прыгожых гарадах Віцебшчыны: у Вушачах ды Лепелі, на гістарычнай Бацькаўшчыне. І вучылася дзяўчына ў Беларусі: на мастацка-графічным аддзяленні тагачаснага Віцебскага педінстытута. Калі яго закончыла, то, казала, лёс яе закінуў у Эстонію. У 1962‑м маладая настаўніца прыехала ў горад Кохтла-Ярве, дзе пачала выкладаць маляванне й чарчэнне ў звычайнай школе. Праз 9 гадоў беларуска стала выкладчыцай мастацкай школы ў Йыхві, а яшчэ праз 16 — яе дырэктаркай. І на той дырэктарскай пасадзе працавала яшчэ 15 гадоў, шмат зрабіўшы для таго, каб школа мела сучасны выгляд, была камфортнай і педагогам, і вучням. Нават калі Маргарыта канчаткова пайшла на пенсію, то не адразу пакінула любімую працу: толькі вясной 2015‑га дазволіла сабе адпачынак.

У Эстоніі ды за яе межамі прыхільнікі мастацтва добра ведаюць Маргарыту Астраумаву як мастачку. Ладзіліся шматлікія выставы яе ўласных карцін, да таго ж былі праекты-прэзентацыі ў Эстоніі пад яе куратарствам прац сяброў з Аб’яднання беларускіх мастакоў Балтыі “Маю гонар”. Дарэчы, у творчай суполцы яна доўгі час была намесніцай старшыні (Вячкі Целеша з Рыгі), паўдзельнічала ў шэрагу выстаў мастакоў аб’яднання і ў Літве, Латвіі, Беларусі. Яе працы ёсць у калекцыях аматараў жывапісу як у краінах блізкага замежжа, так і ў Нямеччыне, Фінляндыі.

Прафесійнае майстэрства, арганізатарскія здольнасці нашай супляменніцы Маргарыты Астраумавай былі неаднойчы адзначаны гарадскімі, дзяржаўнымі ўладамі. Жыхары Йыхві (наш горад — на паўночным усходзе Эстоніі, гэта сталіца павета Іда-Вірумаа) пяць разоў (1992, 1993, 1996, 1999 і 2002 гады) абіралі яе гарадскім дэпутатам. Яна — ганаровая грамадзянка Йыхві, лаўрэат Прэміі культуры Іда-Вірумаа (1999 і 2010), у 2002‑м ушанавана знакам “За асаблівыя заслугі”.

Маргарыта Астраумава — з тых людзей, якія смела ідуць наперад, не баяцца рызыкаваць, быць першымі, праяўляюць ініцыятыву, могуць паставіць перад сабой высокую мэту і настойліва да яе рухацца. І наш “БЭЗ” таму сведка! Шмат якія традыцыі калектыўнага беларускага быцця ў Эстоніі нарадзіліся пад яе кіраўніцтвам ды застаюцца жыццяздольнымі, хоць яна сама ўжо, маючы праблемы са здароўем, адышла ад актыўных грамадскіх спраў. Аднак наша Маргарыта Іванаўна застаецца ў шэрагах калегаў, сябраў, і ў час юбілейных святаў побач з намі. Я ж лічу за гонар нагадаць усім у пярэдадзень свята пра гэтага выдатнага, годнага чалавека. Для нас усіх добры прыклад: многія гады ўдалечыні ад роднай зямлі продкаў яна не толькі ведае, што беларуска. Шмат светлай энергіі, таленту, душэўных і фізічных сіл аддае дзеля таго, каб пра сваю беларускасць не забываліся многія эстоназямельцы.

Добрага здароўя мы зычым нашай шаноўнай спадарыні Маргарыце!

Зінаіда Клыга, старшыня Беларуска-Эстонскага Згуртавання Іда-Вірумаа “БЭЗ”, г. Йыхві, Эстонія.

Ад рэдакцыі. Паважаная Зінаіда Клыга ў пісьме ў рэдакцыю ўдакладніла: свята пройдзе 21–22 верасня, у ім паўдзельнічаюць беларусы з Нарвы, Тарту, Таліна, Пярну, Йыхві. Па нашай просьбе ўдакладніла, што дачка Маргарыты Астраумавай, Ірына Лю — дырэктар школы Ваналінна ў Сіламяэ (за 20 км ад Йыхве). Спадзяемся з часам больш даведацца пра радаводныя беларускія карані мастачкі.

Шлем наша прывітанне, пажаданне здароўя Маргарыце Іванаўне! Нашы віншаванні актывістам, іншым ветэранам суполкі “БЭЗ”, усім удзельнікам святочнай імпрэзы!

Загаловак у газеце: Добрае слова на добрае здароўе

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.