Такая ж сітуацыя, па словах Прэзідэнта, у эканоміцы: «Яшчэ раз паўтараю: не будуць выкананы параметры развіцця на 2019-ты год — усе адказныя, ад прэм’ер-міністра, сыдзеце». Пра гэта ён заявіў падчас нарады па пытаннях эканамічнага развіцця.
Дарэчы, гэту ўстаноўку лідар даваў год таму, калі зацвярджалі планы на 2019-ты.
Такія радыкальныя меры не маюць нічога агульнага з выбарчай кампаніяй. Лідар дзяржавы падкрэсліў, што не збіраецца балатавацца ў парламент.
Ды і ў эканоміцы справа не столькі ў паказчыках — станоўчыя вынікі яе працы павінны адчуваць на сабе людзі праз павышэнне свайго дабрабыту і ўзроўню якасці жыцця. Без эканамічнага росту гэтага дамагчыся немагчыма.
«Аднак мяне насцярожвае, што гэты эканамічны рост не толькі сціплы, але і крайне няўстойлівы, калі казаць мякка. Гэтую тэндэнцыю неабходна мяняць. Хто хоча і можа, заставайцеся і змяняйце. З аднаго боку, урад перасцерагае, што хуткія тэмпы ствараюць пагрозу для макраэканамічнай раўнавагі, — паведаміў Аляксандр Лукашэнка. — Навошта вы мне гэты радок напісалі? Хто зразумее, што я сказаў? Што, калі мы створым больш і прададзім, — гэта горш для краіны, што мы так ужо разагрэлі эканоміку, што заўтра ўся краіна палыхне ад гэтага разагрэву».
Прэзідэнта цікавіла, перш за ўсё, што зроблена і што трэба зрабіць для таго, каб эканоміка была трывалай, а фактары, якія могуць прыводзіць да эканамічных дыспрапорцый, канчаткова ліквідаваны.
«Мы не можам заняць пазіцыю пабочных назіральнікаў і задавольвацца збалансаванасцю, выдуманай, напісанай на паперцы. Людзі, аказваючы давер у ходзе рознага чыну палітычных у тым ліку кампаніях, не за гэта галасавалі, не гэтага ад нас патрабуюць», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік краіны папрасіў дакладчыкаў сканцэнтравацца на тым, як будуць выконвацца ўсе абяцанні, дадзеныя Прэзідэнту, а ім у сваю чаргу — народу. «І запомніце, у наш апошні год пяцігодкі, як мы будзем выконваць пяцігадовую праграму?», — задаў выніковае пытанне Аляксандр Лукашэнка.
Першым з дакладам выступіў прэм’ер-міністр Сяргей Румас. Па яго словах, з сямі зацверджаных на 2019-ты год прагнозных паказчыкаў выконваюцца чатыры. Не выходзіць эканоміка на прагнозны ўзровень па тэмпах росту экспарту, вытворчасці працы, не выконваюцца заданні па валавым унутраным прадукце.
За экспарт тавараў і паслуг ва ўрадзе адказнасць была ўскладзена на віцэ-прэм’ераў. «Віцэ-прэм’еры не павінны бегаць за міністрамі, а міністры не павінны бегаць за губернатарамі, калі гэта, напрыклад, сельская гаспадарка. Толькі займацца тэхналогіямі. Міністр сельскай гаспадаркі — гэта тэхналогіі, новае нешта, перспектыўнае. Сеяць, збіраць, касіць, вазіць, кансерваваць — гэта справа губернатараў, старшынь райвыканкама, кіраўнікоў гаспадарак. Гэта іх справа. А віцэ-прэм’ер павінен заняцца ключавым пытаннем, калі гэта сельская гаспадарка, — экспартам прадукцыі», — расказаў аб пастаўленай задачы Прэзідэнт.
Пасля нарады яе падрабязнасці расказаў прэм'ер-міністр Сяргей Румас.
Сёння ўрад уносіў Прэзідэнту пакет прагнозных дакументаў на 2020 год. Традыцыйна даклад пачаўся з вынікаў 2019 і планаў на будучы год, улічваючы што ён заключны ў пяцігодцы.
«Што тычыцца выканання зацверджаных планаў на 2019 год, сёння ўрад выконвае чатыры з сямі даведзеных паказчыкаў. Няма выканання па экспарце, вытворчасці працы, і істотна недавыконваем мы рэзультуючы паказчык валавога ўнутранага прадукту. Кіраўнік дзяржавы падрабязна пытаў пра прычыны невыканання, і асабліва доўга кіраўнік дзяржавы спыняўся на прычынах, чаму не выконваецца экспарт у гэтым годзе і якія планы па экспарце на 2020 год», — паведаміў Сяргей Румас.
Урад далажыў, што невыкананне экспарту ў бягучым годзе звязана ў асноўным з таварамі нафтавай групы — брудная нафта і падатковы манеўр. «Але разам з тым рэзультуючы паказчык, сальда тавараў і паслуг (за сем месяцаў — Заўв.) у нас станоўчыя — больш 400 мільёнаў рублёў, то бок тая астача, што застаецца паміж экспартам і імпартам», — адзначыў прэм'ер-міністр.
Па яго словах Прэзідэнт не аднойчы засяродзіў увагу, што планы, якія былі зацверджаны ў мінулым годзе з падачы ўрада, безумоўна павінны быць выкананы.
«У астатнія чатыры месяцы ўрад прыкладзе ўсе намаганні, каб нагнаць тое, што намі недавыканана ў 2019 годзе. Што тычыцца 2020 года: кіраўнік дзяржавы палічыў планы ўрада недастаткова напружанымі, і пакет дакументаў адпраўлены на дапрацоўку», — сказаў кіраўнік урада.
У сціслыя тэрміны (за два-тры тыдні) урад павінен дапрацаваць дакументы, каб праект бюджэту і Асноўныя напрамкі грашова-крэдытнай палітыкі разгледзець бягучым складам парламента.
Падключыцца да ўдасканалення дакумента павінна маніторынгавая група на чале з Міхаілам Мясніковічам, дэпутацкі корпус ніжняй палаты парламенту, Адміністрацыя Прэзідэнта, Камітэт дзяржаўнага кантролю, Нацыянальны банк і кіраўнікі аблвыканкамаў.
Марыя ДАДАЛКА
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адобрыў стратэгіі ўдзелу Беларусі ў рабоце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС) і БРІКС.
Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы.