Вы тут

Ева, схаваная за спінай Бога


Сара Лундберг. Птушка ўва мне ляціць, куды захоча. Выдавецтва KOSKA, Мінск, 2019.

Гэтая кніга выйшла ў Швецыі і адразу ж заваявала ў сябе на радзіме шырокае прызнанне. У Беларусі яна з’явілася дзякуючы перакладу са шведскай мовы Надзі Кандрусевіч. Дзяўчынка Бэрта жыве на хутары з бацькам, хворай на сухоты маці, дзвюма сёстрамі і маленькім братам. Яна лепіць з блакітнай гліны птушак і дорыць іх маці з надзеяй, што тая вылечыцца. Дзяўчынка вымушана рабіць шмат цяжкай працы па гаспадарцы, але мары яе далёка. “Думаю, калі б я была птушкай, то змагла б паляцець. З нашай вёскі. Да іншага жыцця. Туды, дзе я была б той, кім я ёсць. Дзе ніхто не крычыць на мяне і не лічыць нязграбнай дзівачкай”.

Больш за ўсё ў жыцці Бэрта любіць маляваць. Але настаўнік у школе вучыць дзяцей маляваць так, “як трэба”. Праўда, брат маці, дзядзька Юхан, малюе карціны, але... “Мастак – не сапраўдная праца. Не прафесія. Асабліва для дзяўчынкі. Прынамсі, так лічыць тата”. Тата хоча, каб Бэрта і яе сёстры сталі хатнімі гаспадынямі. “Бо так заўжды было”. Бэрта ж хоча толькі аднаго: стаць мастачкай. У вольную хвіліну яна разглядвае рэпрадукцыю карціны Мікеланджэла. “Калі ўважліва ўгледзецца ў малюнак Мікеланджэла, то можна ўбачыць схаваную за спінай Бога Еву. Яна нібы чакае сваёй чаргі. Быцця. Жыцця. Увагі”. У рэшце рэшт Бэрце ўдаецца дамагчыся свайго, бацька адпускае яе вучыцца ў горад. “Мне страшна. Я баюся. Але ў мяне ўсё атрымаецца. Ува мне жыве птушка, якая ляціць, куды захоча”.

Прататыпам галоўнай гераіні стала шведская мастачка Бэрта Хансан, чый пратэст супраць сацыяльных клішэ, якія прадпісвалі дзяўчынцы ў Швецыі ў першай палове ХХ стагоддзя быць хатняй гаспадыняй і заставацца дома, скончыліся перамогай. Яе шлях да прафесіі быў цяжкім, але наперад Бэрту вяло адчуванне, што дзесьці ёсць іншае жыццё: яе ўласнае. І ёй удалося рэалізаваць свой мастацкі талент. У 1943 годзе ў Бэрты Хансан прайшла першая выстава ў Стакгольме.

Проста і зразумела, з дапамогай цудоўных ілюстрацый кніга тлумачыць, як важна ўмець настойваць на сваіх жаданнях, нават калі ўсе блізкія супраць цябе. Яна будзе карысная дзецям і дарослым, бо праблемы, якія хвалююць маленькую Бэрту, сустракаюцца ў жыцці людзей любога ўзросту. І хоць гэта няпростае чытанне, бо тут гаворыцца і пра хваробы, і пра смерць (у маленькай Бэрты памірае маці), усё ж такі ўражанне кніга пакідае светлае. Сярод перакладных дзіцячых кніг, якіх апошнім часам нямала выходзіць у беларускіх выдавецтвах, гэтая, бадай, адна з самых цікавых і жыццесцвярджальных, напісаная без ані найменшай саладжавасці і фальшу. Важна і тое, што кніга дае новую ролевую мадэль для дзяўчынак: маленькая Бэрта марыць не пра шыкоўную сукенку і туфлі на абцасах, не пра шлюб з прынцам, а пра самарэалізацыю ў творчасці.

Між іншым, у Беларусі ёсць свая падобная гісторыя: Надзю Хадасевіч любоў да малявання прывяла ў Парыж, дзе яна стала вядомай мастачкай Надзеяй Хадасевіч-Лежэ.

Надзея Ясмінска. Пацеркі і кроплі. Выдавец А.М. Янушкевіч, Мінск, 2018.

Галоўны герой гэтай гісторыі – Хлопчык, “невялікі чалавек пяці гадоў”. У яго ёсць Тата, Мама, Старэйшы Брат і Кот. Тата мае працу, машыну ды гальштук, які пачынае “адрастаць” ужо ў школе. Таму Хлопчык туды не хоча. Яшчэ ў Таты ёсць Стомленыя Порткі – іх надзяваюць на працу сур’ёзныя, заклапочаныя людзі: дарослыя. Мама любіць гатаваць і насіць сукенкі, але Хлопчыку больш да спадобы яе халаты, яны нагадваюць складзеныя і завязаныя паскам крылы. Кот у Хлопчыка не просты, а Карабельны, яго можна прыкладаць да вуха, як вялікую ракавіну, і слухаць у ягоным вуркатанні пошум мора. У Хлопчыка ёсць сябры: Шапачны Знаёмец, Прыступнутая Бабуля, якая не карыстаецца ліфтам і жыве на паверсе Паўночная Аўстрыка. Дзядок у зашмальцаваным паліто просіць Хлопчыка падарыць яму радасць, бо зрабіць каму-небудзь прыемнае – шчаслівы шанец. Ён дорыць Хлопчыку паветраныя шарыкі.

Галоўны герой увесь час вядзе ўнутраны дыялог з сабой, і прыходзіць да нечаканых высноў. Часам можа падацца, што Хлопчыка хвалююць не дзіцячыя праблемы, але што помнім пра цудоўны і складаны ўзрост – пяць гадоў – мы, дарослыя ў дзелавых сукенках і “стомленых портках”? Узрост, калі само сабой зразумела: раззлаваныя людзі робяцца піратамі, бо калі ты пакрыўджаны на гэты свет, лепш глядзець на яго адным вокам і бачыць толькі палову непрыемнасцяў. “Мыльная опера” насамрэч ёсць “цыбульнай операй”, бо ўсё роўна, ад чаго плакаць. Ну, а малочныя зубы выпадаюць, вядома, таму, што і ў роце наступае восень.

Кніга маладой пісьменніцы падыдзе не кожнаму дзіцяці, затое спадабаецца дарослым. Тут ёсць мяккі гумар, крыху самоты і шмат шчырасці й цеплыні. Удумлівы маленькі філосаф вельмі кранальны ў сваёй сур’ёзнасці й заклапочанасці жыццём. У рэшце рэшт, вынайсці шампунь для думак – хіба гэта не сур’ёзная задача, вартая пяцігадовага чалавека?       

 

Алена Брава.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».