Вы тут

Опера «Князь Ігар» адкрыла сезон у Нацыянальным акадэмічным тэатры Беларусі


Правіцель, які прайграў бітву... Застаўся без войска, апынуўся ў палоне і страціў гонар перад сваімі... Але глыбока смуткуе і думае, як выправіць памылку, што прывяла да паразы ад чужынцаў. Такі князь Ігар у оперы Аляксандра Барадзіна — асоба складаная, трагічная, якая, разумеючы сваё становішча, не хоча мірыцца з прадвызначанасцю. Такога князя Ігара ведаюць усе аматары оперы — да твора Аляксандра Барадзіна неаднойчы звяртаўся наш тэатр. Іншага героя імкнуліся паказаць у новай версіі. Прынамсі, яе рэжысёр Галіна Галкоўская напярэдадні тлумачыла сваю ідэю прачытання твора. Але пастановачныя намеры — адно, яны часам гучаць вельмі натхняльна і не заўсёды потым апраўдваюцца ў глядзельнай зале. Іншая справа — выніковы мастацкі прадукт, якім яго бачаць (і ўспрымаюць) гледачы.


Опера «Князь Ігар» адкрыла сезон у Нацыянальным акадэмічным тэатры Беларусі. Чарговая прэм'ера твора, які ў нас любяць, — у афішы тэатра з'явіўся яшчэ ў 1934 годзе, а ў пасляваенны час было здзейснена некалькі пастановак. Папярэдняя версія Юрыя Аляксандрава рабіла акцэнт на асобе самога князя. Новая пастаноўка ўяўляе сабой хутчэй эпічнае палатно, дзе ўсе героі становяцца галоўнымі (кожны па-свойму гне сваю лінію і вядзе сваю партыю, адпаведна, усе салісты могуць паказаць сябе, што і робяць). Але калі тэма асобы ў гісторыі заўсёды актуальная, то зварот да эпічнай ілюстрацыі сюжэта выклікае пытанні: наколькі гэта абгрунтавана сёння?

А гэтым разам нам прапанаваны менавіта такі варыянт «Князя Ігара»: пастаноўка оперы маштабная, зробленая з размахам, дорага... На гэта звяртаеш увагу ўжо з самага пачатку: гучыць музыка, і карцінкі на экране «ўводзяць» у кантэкст, так бы мовіць, задаюць тон. І пазначаюць ідэю: ёсць святая Русь, яна непахісная, як магутныя храмы з крыжамі на бліскучых залатых купалах. І менавіта гэты кантэкст (а не ўмовы існавання герояў і развіцця іх вобразаў) вызначылі настрой, з якім я потым глядзела ўсю пастаноўку, што звяртае да далёкай мінуўшчыны, згаданай у «Слове пра паход Ігаравы». Падзеі ХІІ стагоддзя, жыхары Пуціўля супрацьстаяць полаўцам. Гісторыя, пераказаная ў летапісе. І ўвасобленая на сцэне — у падкрэслена гістарычным варыянце, які рэалізуецца праз мастацкі вобраз спектакля. Гэта зроблена не проста дорага, а нават з шыкам. Дэкарацыі і касцюмы оперы, дзе фігуруе рэальны гістарычны герой, павінны ж перадаваць дух эпохі... Напэўна, так задумваў народны мастак Расіі Вячаслаў Окунеў. Але гістарызм на сцэне адыгрывае сваю ролю тады, калі ёсць і падкрэсліваюцца нейкія пазачасавыя паралелі.

Але тут іх шукаць не варта, бо опера ставілася зусім не дзеля іх. Найперш дзеля музыкі — і тут адноўленая справядлівасць у дачыненні да аўтара Аляксандра Барадзіна. Вядома, што пасля яго смерці твор дапрацоўвалі-кампанавалі іншыя, у прыватнасці Рымскі-Корсакаў сёе-тое скасаваў. Працягваючы гэтую лінію, беларуская пастановачная група дазволіла сабе таксама папрацаваць з музычным матэрыялам: штосьці знойдзенае ў архівах дадалося, то-бок музычнага матэрыялу паболела, што асабліва вітаў дырыжор-пастаноўшчык Аляксандр Анісімаў. А нейкія часткі проста пераставілі — гэта яшчэ больш падкрэсліла эпічнасць спектакля, асабліва ў пачатку і фінале.

Пышныя, з размахам пададзеныя віды каменных будынкаў Пуціўля (назва горада гучыць у оперы) адразу ж прымушаюць успамінаць гісторыю. Багатая Візантыя, і хіба што такія буйныя гарады як Кіеў і Полацк маглі на той час пахваліцца шыкоўнымі мураванымі храмамі. На большасці тэрыторый старажытных славянскіх княстваў на той час дамінавала ўсё ж драўляная архітэктура, крохкая і ўразлівая. Невялічкі кавалак яе мы бачым у праекцыі, калі трэба паказаць, як гарыць-палае Русь — чаму яе ўласна і трэба абараняць, бо попел (калі гэта ён?) плыве па небе дзіўнымі шматкамі, засцілаючы святло ў кутку задніка. Ды калі бачыш, пад якой абаронай магутных мураваных сцен знаходзяцца прыгожыя, культурна і багата апранутыя людзі, то міжволі думаеш: а чаго ж ім баяцца нейкіх нецывілізаваных качэўнікаў?..

А калі бачыш стан полаўцаў, разумееш, чаму дрэнны знак спрацаваў. Лагер ворагаў, дзе трымаюць паланёнага князя, паказаны вельмі пераканаўча і каларытна. Хор і балет працуюць на відовішчнасць, ажыўляючы больш вядомыя шырокаму слухачу «палавецкія скокі». Гэта прыгожа і рамантычна (нават зразумела, чаму сын Ігара закахаўся ў Канчакоўну). І гістарычна — цяпер ужо з мастацкага пункту гледжання, таму што гэты фрагмент створаны паводле адноўленай харэаграфіі Міхаіла Фокіна (легендарны балетмайстар працаваў над ім больш за 100 гадоў таму, з таго часу мастацтва балета таксама моцна змянілася). Але калі грунтам для спектакля з'яўляецца гісторыя, то ў ёй бярэцца самае-самае, каб глядач мог сказаць: там ёсць усё!

Дык і сапраўды ж ёсць. Акцэнты зроблены не на адной лініі, а на ўсіх адразу, па максімуме. Часам да прапанаваных трактовак вобразаў нішто не падводзіць. Галоўны герой Ігар не падобны на ахвяру нават у палоне, калі спявае сваю шчымлівую арыю «О, дайце, дайце мне свабоду...» У выкананні Уладзіміра Пятрова ён выглядаў не столькі як чалавек, які ў нечым раскайваецца, а як той, хто засяроджана абдумвае далейшыя дзеянні (і рашэнне абавязкова павінна знайсціся!). Яраслаўна ў выкананні Ірыны Крыкуновай атрымалася рашучай жанчынай, якая трымае ўсё пад кантролем (і як тут паверыць словам пра сваю сястру князя Уладзіміра Галіцкага, чаму ён вырашыў, што яна — вось такая — так проста можа сысці ў манастыр, каб вызваліць яму пасаду?). Князь Галіцкі (Андрэй Сялюцін) па волі рэжысёра выглядае сапраўдным антыгероем, нават большым, чым палавецкі князь Канчак — той паважае Ігара, добра яго з сынам прымае. Ён падаецца чалавекам з прынцыпамі, вось толькі ўмовы ваеннага часу размежавалі герояў як ворагаў, а так жа можна паразумецца. І падставы ёсць для шлюбу дзяцей. І калі ўсё так прыгожа-добра і заманліва, як мы бачым, чаму ж рускі князь усё ж бяжыць з палону?

Згодна з сюжэтам мы ведаем, чаму. Згодна з гісторыяй — у яго наперадзе шмат паходаў. Аўтары пастаноўкі падкрэсліваюць далейшую місію князя: сабраць палкі і бараніць радзіму, тэрыторыя якой пазначана канкрэтнымі хрысціянскімі сімваламі, — гэты рэжысёрскі ход канчаткова ўзводзіць эпічнасць у абсалют. Менавіта тут мы бачым, як князь збірае дружыны на вайну з полаўцамі. Звяртаецца да ўсіх князёў, у тым ліку і таго, якога «баяцца яцвягі і літва»... Дапускаю, што шмат хто са слухачоў можа не ведаць, дзе жылі гэтыя плямёны і можа не суаднесці іх назвы з гісторыяй нашай краіны. Але калі суаднесці, асабліва ў фінале (!?), то застаецца пытанне: пра якую радзіму размова?.. І калі мы не сыходзім ад гістарызму да абстрагавання, калі не рушым у бок умоўнасцяў і нейкіх агульначалавечых акцэнтаў, то ўсё ўспрымаецца вельмі канкрэтна. Наўрад ці гэта ідзе на карысць менавіта гэтай оперы ў беларускім тэатры ў ХХ стагоддзі: у славянскім свеце адбыліся шмат якія працэсы. Шмат што змянілася, нават у назвах тэрыторый, шмат краін утварылася. Але для кожнай з іх была і застаецца актуальная тэма патрыятызму. А опера «Князь Ігар» таксама пра гэта. Не пра тое, як стаць пераможцам, а пра тое, што людзі (уладары) могуць памыляцца, і бываюць памылкі, якія абарочваюцца вялікімі стратамі, але яны патрабуюць глыбокага асэнсавання — дзеля таго, каб бяда не паўтаралася зноў. Насамрэч, гэтая опера ў наш час можа быць актуалізаваная праз шмат тэм, якія ў ёй пазначаны. А гісторыя дзеля гісторыі (нават багата ілюстраваная) падобная на падручнік, які можа ўдакладняцца. Мастацкі твор — гэта ўсё ж значна больш, чым ілюстрацыя пэўнага кавалка жыцця. Гэта размова пра самое жыццё, якое людзі будуюць цяпер. Прыгадваючы гісторыю.

Ларыса ЦІМОШЫК

Загаловак у газеце: Дарагі «Князь Ігар»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».