Святкаванне 550-годдзя здабыцця цудатворнай Жыровіцкай іконы Божай Маці і 500-годдзя з дня заснавання Свята-Успенскага Жыровіцкага стаўрапігіяльнага мужчынскага манастыра павінна прайсці на высокім узроўні. Пра гэта заявіў намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка на пасяджэнні рэспубліканскага аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенні мерапрыемстваў.
«Жыровіцкая ікона шырока вядомая не толькі як цудатворны вобраз, але і як унікальная мастацкая, гісторыка-культурная з'ява. Яна шануецца і праваслаўнымі вернікамі, і католікамі. З абразом непарыўна звязана гісторыя Свята-Успенскага манастыра, комплекс з'яўляецца адным з самых маштабных архітэктурных ансамбляў XVІІ—XVІІІ стагоддзяў на тэрыторыі краіны. За сваю гісторыю ён ні разу не закрываўся, захоўваючы пераемнасць традыцый на працягу пяці стагоддзяў», — адзначыў Ігар Петрышэнка.
Ён назваў гэтыя святыні нацыянальным культурным здабыткам Беларусі, духоўнымі сімваламі народа. Паводле слоў віцэ-прэм'ера, важна прыцягнуць да падзеі як мага больш грамадзян. Падрыхтоўка да святкавання павінна ўключаць патрыятычную, выхаваўчую і духоўна-маральную работу з дзецьмі і моладдзю. Прапануецца арганізаваць тэматычныя ўрокі і канферэнцыі, конкурсы творчых работ.
Ігар Петрышэнка акцэнтаваў увагу на турыстычным патэнцыяле рэгіёна, які пакуль, на жаль, выкарыстоўваецца недастаткова. «Жыровіцкі манастыр вядомы далёка за межамі краіны. І трэба ў поўнай меры задзейнічаць юбілейныя мерапрыемствы для прыцягнення турыстаў. Неабходна своечасова і якасна падрыхтаваць даведачна-інфармацыйныя матэрыялы па гісторыі манастыра і Слонімшчыны, размясціць іх на інфармацыйных рэсурсах, у тым ліку на сайтах замежных устаноў, і не толькі ў рускамоўнай версіі», — сказаў ён.
Акрамя таго, тэма значнасці святыні не толькі для Беларусі, але і для хрысціянства ў цэлым будзе падымацца ў рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ, СМІ Саюзнай дзяржавы, царкоўных выданнях.
Урачыстасці пройдуць у маі 2020 года.
Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы.
Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна.
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.