Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра найбольш актуальныя падзеі выхадных.


1. Дзве сярэбраныя ўзнагароды заваявалі беларускія майстры скачкоў на батуце на этапе Кубка свету ў Хабараўску.

У індывідуальных скачках вызначыўся Уладзіслаў Ганчароў — абагнаць нашага алімпійскага чэмпіёна змог толькі кітаец Гаа Лей. Яшчэ адно «серабро» падапечныя Вольгі Уласавай выйгралі ў сінхронных скачках у мужчын. Дуэт Уладзіслава Ганчарова і Алега Рабцава прайграў толькі амерыканцам Джэфры Глюкштэйну і Аляксею Шостаку.

2. Беларускія спартсмены Мікіта Свірыд і Даніэль Мукеце выйгралі бронзавыя медалі на турніры серыі Гран-пры Міжнароднай федэрацыі дзюдо ў Ташкенце. Абодва беларусы выступалі ў вагавай катэгорыі 100 кг і не ведалі паражэнняў да паўфіналу. На гэтай стадыі Мікіта Свірыд прайграў расіяніну Казбеку Занкішэеву, а Даніэль Мукеце — Зеліму Кацоеву з Азербайджана.

Астатнія беларускія спартсмены, якія выступалі ў сталіцы Узбекістана, у тым ліку і чэмпіёнка Еўропы — 2019 Марына Слуцкая, засталіся без узнагарод.

3. Беларускія гімнасткі не атрымалі ўзнагарод чэмпіянату свету ў Баку, але заваявалі алімпійскія ліцэнзіі па выніках мнагаборства ў групавых практыкаваннях.

Пропуск на Алімпіяду ў Токіа быў гарантаваны пяці найлепшым камандам па выніках мнагаборства ў групавых практыкаваннях. Пры гэтым не ўлічваліся вынікі расійскай, балгарскай і італьянскай зборных, у якіх ліцэнзіі на Гульні-2020 ужо былі. Раней алімпійскія ліцэнзіі заваявалі Кацярына Галкіна і Анастасія Салас.

4. Хакеісты мінскага «Дынама» абыгралі фінскі «Ёкерыт» у дамашнім матчы Кантынентальнай хакейнай лігі з буйным лікам — 5:0. Лік на 27-й хвіліне адкрыў абаронца «зуброў» Кірыл Гатавец, падтрымаў пачынанні партнёра па камандзе Тээму Пулкінен (ён аформіў дубль), таксама забітымі галамі адзначыліся Андрэй Касціцын і Мікіта Феакцістаў. Сёння «зубры» згуляюць у гасцях з «Тарпеда» (Ніжні Ноўгарад).

5. Гандбалісты мінскага СКА перамаглі ў стартавым матчы новага сезона Балтыйскай лігі. У першым дамашнім матчы армейцы ўпэўнена перайгралі літоўскі «Драгунас» з Клайпеды з лікам 30:23.

Брэсцкі гандбольны клуб імя Мяшкова тым часам пацярпеў другое паражэнне запар на групавым этапе Лігі чэмпіёнаў. У суботу «мяшкоўцы» сустракаліся з французскім «Манпелье» і прайгралі ім з лікам 25:27. Нагадаем, у першым туры спаборніцтваў у папярэдняй групе БГК саступіў партугальскаму «Порту». Наступны паядынак у Лізе чэмпіёнаў брастаўчане правядуць 25 верасня ў гасцях у нямецкага «Кіля».

6. Адбыліся матчы 22-га тура чэмпіянату краіны па футболе. Мінскае «Дынама» перайграла «Гомель» — 1:0, «Шахцёр» (Салігорск) быў мацнейшы за «Віцебск» — 4:0, «Нёман» (Гродна) узяў верх над «Дняпром» (Магілёў) — 1:0, « Гарадзея» ўступіла «Дынама» (Брэст) — 1:3, «Мінск» абыграў «Славію» (Мазыр) — 1:0, «Слуцк» саступіў «Тарпеда-БелАЗ» (Жодзіна) — 1:2, матч «Энергетыка-БГУ» (Мінск) і «Іслачы» (Мінскі раён) завяршыўся з лікам 1:2. Становішча ў групе лідараў: «Дынама» (Брэст) — 54 ачкі (21 матч), БАТЭ — 49 (20), «Шахцёр» — 49 (20), «Дынама» (Мінск) — 43 (21), «Тарпеда-БелАЗ» — 38 (22), «Іслач» — 37 (22).

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Без медалёў, але з алімпійскімі ліцэнзіямі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Магілёўская вобласць ушанавала лідараў уборачнай кампаніі

Магілёўская вобласць ушанавала лідараў уборачнай кампаніі

У Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК.

Грамадства

Хворым на фенілкетанурыю могуць палепшыць забяспячэнне прадуктамі харчавання

Хворым на фенілкетанурыю могуць палепшыць забяспячэнне прадуктамі харчавання

Міністэрства аховы здароўя адказала на публікацыю «Звязды».