Вы тут

Што адбывалася на вучэннях «Шчыт Саюза-2019»


 

Сумеснае аператыўнае вучэнне «Шчыт Саюза — 2019» праходзіла з 13 да 19 верасня на палігоне паблізу населенага пункта Муліна Ніжагародскай вобласці Расіі. Як зазначыў начальнік Генеральнага штаба Узброеных Сіл — першы намеснік міністра абароны Рэспублікі Беларусь генерал-маёр Алег Белаконеў, які камандаваў вучэннем ад нашага боку, гэта быў заключны этап двухгадовага цыклу сумеснай падрыхтоўкі ўзброеных сіл дзвюх краін.


Яно мае планавы характар і праводзіцца раз на два гады па чарзе на тэрыторыі кожнай з краін. Задума вучэння распрацавана з улікам аналізу магчымых варыянтаў узнікнення ваеннай пагрозы Саюзнай дзяржаве і разгортвання ваеннага канфлікту. Практыка паказвае, што канфлікт пачынаецца з дзеянняў тэрарыстаў, сепаратыстаў, іншых незаконных узброеных фарміраванняў. Іх падтрымліваюць трэція сілы. Гэты варыянт і быў адпрацаваны падчас вучэння. У ім было задзейнічана каля 12 тысяч вайскоўцаў, да 950 адзінак тэхнікі і каля 70 самалётаў і верталётаў. Пра гэта Расія загадзя паведаміла дзяржавам — удзельніцам АБСЕ згодна з нормамі Венскага дакумента 2011 года.

Этап першы

На першым этапе вучэнняў адпрацоўваліся пытанні прымянення рэгіянальнай групоўкі войскаў. Злучэнні і воінскія часці непасрэдна на месцах вырашалі задачы, скіраваныя на недапушчэнне дэстабілізацыі абстаноўкі ў зонах адказнасці. Таксама яны падрыхтаваліся да баявых дзеянняў ва ўмовах нанясення праціўнікам ракетных і артылерыйскіх удараў.

Зладжаная работа розных падраздзяленняў немагчыма без сувязі. Спецыялісты з аб'яднанай групоўкі войскаў разгарнулі каля 35 вузлоў — пунктаў кіравання. Яны былі забяспечаны самымі сучаснымі лічбавымі сродкамі і комплексамі. Больш за трэць з іх было выпушчана сёлета на прадпрыемствах структуры Дзяржкамваенпрама і паступіла ва Узброеныя Сілы. Дзейнічала пяць напрамкаў спадарожнікавай сувязі, больш за 900 кіламетраў радыёрэлейных трапасферных і правадных ліній сувязі. Па легендзе, сілы спецыяльных аперацый мусілі вызваліць ад незаконных вайсковых фарміраванняў захоплены імі населены пункт.

Пасля таго як батальённая тактычная група са сродкамі ўзмацнення 19-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады ўначы заняла першы рубеж манеўранай абароны, у перадавой паласе пачаўся абарончы бой з умоўным праціўнікам. Артылерыйскія падраздзяленні 120-й і 19-й асобных механізаваных брыгад у складзе дзвюх батарэй і мінамётнага ўзвода абстралялі камандныя пункты, жывую сілу і тэхніку ворага, не дазволіўшы яму замацавацца на занятых рубяжах.

Звяно нашых штурмавікоў Су-25 нанесла ўдар па танкавым падраздзяленні на маршы. Лічыцца, што такая наземная цэль — адна з самых складаных для паражэння. Зроблена гэта было ў максімальна неспрыяльных умовах — у абстаноўцы перашкод у рабоце спадарожнікавай сістэмы навігацыі і пры поўнай адсутнасці светлавых арыенціраў на зямлі. Лётчыкі выкарыстоўвалі 250-кілаграмовыя авіяцыйныя бомбы і некіравальныя ракеты розных тыпаў.

Вялікая роля была адведзена дэсанту. Парашутна-дэсантны батальён 103-й асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады выконваў разведвальна-баявыя дзеянні ў прызначаным раёне. Вайскоўцы здзейснілі марш у складаных умовах, паспяхова знішчылі аб'ект умоўнага праціўніка, пераадолелі ўчастак воднай перашкоды і вызвалілі закладнікаў у горадзе.

Пасля паветраны дэсант быў высаджаны з верталётаў Мі-8 МТВ-5 на будынкі пры дапамозе як парашутаў, так і альпінісцкага рыштунку. Авіяцыйнае прыкрыццё і агнявую падтрымку іншых падраздзяленняў ажыццяўлялі экіпажы пары верталётаў Мі-24. Яны нанеслі ўдар некіравальнымі авіяцыйнымі ракетамі, а таксама стралкова-гарматным узбраеннем па ўмацаваных пазіцыях ворага.

Група беларускіх спецназаўцаў нейтралізавала ахову праціўніка. Дзякуючы гэтаму былі створаны ўмовы для штурму гарадскіх кварталаў галоўнымі сіламі парашутна-дэсантнага батальёна 103-й асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады. Група батальёна зачысціла захоплены горад ад баевікоў. Пад кантроль быў узяты кожны дом. Пасля горад пачаў рыхтавацца да кругавой абароны. Гэтую задачу выканаў асобны парашутна-дэсантны батальён віцебскай брыгады нашых Узброеных Сіл. На подступах да горада была створана сістэма інжынерных загарод і засад. Дзякуючы ёй праціўнік не меў магчымасці абысці ачаг супраціўлення. У будынках і падвалах разгарнуліся пункты для камандавання і назірання, харчавання, медыцынскай дапамогі і псіхалагічнай разгрузкі, а таксама склад боепрыпасаў і рамонтныя падраздзяленні батальёна.

Нашы дэсантнікі атакавалі ўмоўнага непрыяцеля, які паспрабаваў адбіць вызвалены напярэдадні горад ад незаконных узброеных фарміраванняў. Адбылося гэта дзякуючы падтрымцы агню артылерыі, супрацьтанкавых ракетных комплексаў і зенітных установак. Каб кантраляваць дакладнасць артылерыйскіх удараў, быў задзейнічаны беспілотны авіяцыйны комплекс «Суперкам С-350».

Этап другі

Па легендзе, падчас другога этапу ў наступленне перайшлі галоўныя сілы сухапутнай групоўкі ўмоўнага праціўніка. Ім супрацьстаялі падраздзяленні 120-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады. Пры дапамозе агню ўсіх відаў зброі пры падтрымцы артылерыі, супрацьпаветранай абароны, удараў авіяцыі яны адбілі атаку ворага, нанёсшы паражэнне як у бранятэхніцы, так і ў жывой сіле. Мотастралкі і артылерысты паказалі зладжаныя дзеянні і ўмелыя навыкі абарончага бою.

Вайскоўцы актыўна выкарыстоўвалі авіяцыю і беспілотныя лятальныя апараты. Ваенныя інжынеры прарабілі праходы ў мінных палях. Акрамя таго, была паспяхова фарсіравана водная перашкода. Прычым пераважная частка задач была выканана ў начны час.

Алег Белаконеў падкрэсліў:

— Створана дынамічная абстаноўка, якая прымушае камандзіраў, камандуючых прымаць неардынарныя рашэнні ў самыя кароткія тэрміны. Мы сыходзім ад азбукі і пераходзім да дзеянняў, якія дазваляюць выконваць пастаўленыя задачы з найбольш высокай якасцю. Нягледзячы на тое што ідзе моцнае радыёэлектроннае прыгнятанне, сістэма кіравання паказвае досыць высокую ступень устойлівасці.

Падводзячы вынікі вучэнняў, міністр абароны Беларусі Андрэй Раўкоў зазначыў, што задачы, якія ставіліся на вучэнні, дасягнуты. Сістэма падрыхтоўкі нашых Узброеных Сіл і Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі, якая закладзена ў планы баявой падрыхтоўкі па прызначэнні, дазваляе нам планамерна забяспечваць пастаянную гатоўнасць да выканання сумесных задач у рамках абароны Саюзнай дзяржавы і нашых краін ад умоўнага праціўніка.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Фота атрымана ад Міністэрства абароны

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».