Вы тут

Чым адрозніваюцца крэдыты для пажылых?


Маёй маці заўсёды ўсё цікава. Яна па-дзіцячы жыва дзівіцца ўсім тэхнічным навінкам, новым спажывецкім таварам, наогул усім новым. Таму яе заўсёды запрашаюць на розныя прэзентацыі, паказы, чаяванні і іншыя продажы рознага патрэбнага (або непатрэбнага) дабра. З любога такога паходу яна нясе дадому патэльні, падушкі і нават тэпцікі. Ну не можа адмовіць мая дарагая матуля практычна нікому. Бо грошы не галоўнае. Але ўжо год як яе не клічуць на такія тэматычныя вячоркі. А ўсё таму, што маці ўжо больш за 80 гадоў. Яна ім стала нецікавая, таму што на буйную куплю трэба браць крэдыт...


Інфармацыя для разважанняў

Здавалася б, пенсіянеры цікавяцца крэдытамі куды менш, чым моладзь. Ім не трэба купляць жыллё, новыя машыны яны набываюць за грошы ад продажу чагосьці старога. Аднак банкі не абмінаюць іх сваёй увагай. Таму што пенсіянеры — адзіная ў краіне вялікая група насельніцтва з гарантаваным прыбыткам.

І мы разгледзім варыянты крэдытаў для тых, хто пайшоў на заслужаны адпачынак. Усе банкаўскія пазыкі для пенсіянераў можна падзяліць на дзве няроўныя катэгорыі: крэдыты, якія выдаюць толькі пенсіянерам, і крэдыты, якія даступныя ўсім, але добра падыходзяць пенсіянерам. Для афармлення першых патрэбен статус пенсіянера. Гаворка не пра ўзрост, а пра наяўнасць пенсійнага пасведчання. Гэта асабліва выгадна для маладых пенсіянераў: ваенных і іншых катэгорый, для якіх пенсійны ўзрост надыходзіць раней. Іншыя крэдыты выдаюцца без абмежаванняў, але пенсіянеры маюць па іх ільготныя ўмовы: паніжаны працэнт, бясплатныя дадатковыя паслугі і яшчэ шмат чаго.

Чым адрозніваюцца крэдыты для пажылых?

Пенсіянерам прапануюць пазыкі з рознымі ўмовамі. Але з улікам пенсійнай спецыфікі яны часта маюць паніжаны першы ўзнос (усё ж такі з пенсіі цяжка сабраць буйную суму) і меншы тэрмін пагашэння (або абавязковае вяртанне да пэўнага ўзросту). У іх простае і хуткае афармленне (пенсіянераў лягчэй правяраць і падлічваць даход і працэнты).

Аднак гэта агульныя і неабавязковыя ўмовы, разбірацца ў пенсійных крэдытах лепш на канкрэтных прыкладах. Такім чынам, пачалі. Карта растэрміноўкі «Халва» ад аднаго камерцыйнага банка. Класічная і самая вядомая ў краіне карта растэрміноўкі. Выдаецца мужчынам да 64 гадоў, а жанчынам да 70. Галоўныя вартасці карты «Халва» — не спецыяльныя ўмовы для пенсіянераў (іх няма), а растэрміноўка і найшырэйшы спіс крам-партнёраў. Мінус — мужчыны ў іх ужо надта хутка «старэюць».

«Час жыць» у крэдыт

А вось гэта ўжо спецыяльны прадукт для пенсіянераў ад іншага буйнога банка. Каб яго аформіць, трэба пенсійнае пасведчанне і даведка аб велічыні пенсіі. «Час жыць» — спажывецкі крэдыт пад 13 % або 13,5 % гадавых з закладам маёмасці або паручыцельствам. Тэрмін крэдытавання да 1 года (пад меншы працэнт) або да 3 гадоў (па большай стаўцы). «Час жыць» выдаецца ўдзельнікам клуба «Аксаміт». Па ключавых умовах гэта класічны крэдыт на спажыванне з дадатковымі магчымасцямі.

Ёсць і прадукты іншага плана. Напрыклад, крэдыт «Афіцэрскі» выдаецца на спажывецкія патрэбы супрацоўнікам сілавых ведамстваў, а таксама пенсіянерам гэтых структур, якія яшчэ не дасягнулі агульнадзяржаўнага пенсійнага ўзросту. Гадавая стаўка — 13 %. Не патрабуе залогу і паручыцельства. Нядрэнна, але нам не сюды.

А вось буйны сеткавы рытэйлер прыдумаў крэдытны прадукт для трымальнікаў сваёй карты зніжак. Крэдыт афармляюць толькі да 67 гадоў, але па іншых умовах ён выдатна падыходзіць пенсіянерам. Патрэбен даход больш за 200 рублёў у месяц і не трэба закладу. Калі кліент згодны застрахавацца, то няма патрэбы і ў паручыцелях. Максімальная сума — да 2500 рублёў. Тэрмін — да 1 года. Стаўка — ад 10 % гадавых.

Крэдыт «Сацыяльны» — гэта ўжо спецыяльны прадукт для пенсіянераў, яго можна аформіць толькі па пенсійным пасведчанні. Дзіўна, але грошы даюць без закладу і без паручыцеляў. Стаўка — 13,81 % гадавых. Максімальная сума — 2500 рублёў. Максімальны тэрмін — 3 гады.

Яшчэ адзін прадукт для мэтавай аўдыторыі — крэдыт «Пенсійны». Ён выдаецца толькі пенсіянерам па ўзросце і пенсіянерам сілавых ведамстваў — трэба пенсійнае пасведчанне. Узрост на момант пагашэння пазыкі — 68 гадоў для мужчын, 63 для жанчын. Максімальны тэрмін крэдытавання — 5 гадоў. З гэтага вынікае, што пенсіянер па ўзросце можа атрымаць такі крэдыт адзін раз, прычым у год выхаду на пенсію. Стаўка — 20 % гадавых, выдача наяўнымі або пераводам на рахунак. Падобны на яго банкаўскі прадукт «Пенсійны прэміум» — па ўмовах гэты крэдыт нагадвае папярэдні, але апраўдвае прыстаўку «прэміум» павышэннем узроставай планкі. І мужчыны, і жанчыны могуць крэдытавацца з такім разлікам, каб пагасіць крэдыт да 70 гадоў. Гадавая стаўка значна вышэйшая — 24 % гадавых.

Ёсць хітры крэдыт

Пазыкі для пенсіянераў нельга параўнаць з ільготнымі крэдытамі для маладых сем'яў, дзе працэнтныя стаўкі бываюць у разы ніжэйшыя. Працэнты па пенсійных крэдытах бываюць толькі трохі меншыя, чым звычайна, а могуць быць проста вялікія, калі ў банка ёсць рызыка страціць грошы. Наогул пазыковыя грошы для пенсіянераў — гэта проста крэдыты на агульных падставах, з некаторымі бонусамі і дадатковымі магчымасцямі.

Аднак атрыманне спецыяльных крэдытаў для пенсіянераў не патрабуе асаблівых высілкаў і выдаткаў. Наадварот — іх хутка і лёгка афармляюць. Працэнт адабрэнняў па такіх крэдытах даволі высокі. Таму тым, хто мае права на спецыяльны крэдыт для пенсіянераў, лепш выбраць менавіта яго, а не крэдыт на агульных падставах.

Але ёсць некалькі банкаў, якія пры выдачы крэдытаў абсалютна не глядзяць на ўзроставы цэнз — бярыце крэдыт хоць у 80! Але ж працэнты ў такім выпадку проста зашкальваюць. І яшчэ спецыяльнай умовай па такіх крэдытах з'яўляецца тое, што ў выпадку смерці крэдытаатрымальніка даўгі яго пераходзяць як па спадчыне блізкім сваякам. А гэта ўжо сур'ёзна.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: Бабулі не хапае на патэльню або Пазычаць трэба з розумам

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.