Падкормка для агарода
Перапрэлы гной або кампост уносяць раз у 3—4 гады пад перакопку з разліку 3—4 кг на 1 кв. м.
Птушыны памёт больш канцэнтраванае ўгнаенне, таму яго ўносяць з разліку 2 кг на 1 кв. м градкі.
Глеба, угноеная попелам, вясной асабліва спадабаецца капусце.
Таксама згаданае ўгнаенне ўносяць пры падрыхтоўцы ўчастка пад бульбу, таматы, баклажаны, перац, радыску, кроп, моркву, пятрушку, гарох, фасолю, буракі. Калі вы ўносіце попел раз у некалькі гадоў, на 1 кв. м можна расходаваць каля 1 кг. Але калі падкормліваеце расліны часцей, большасці з вашых зялёных гадаванцаў будзе дастаткова 1 шклянкі на 1 кв. м. Попел не толькі выдатная крыніца мінералаў, але таксама зніжае кіслотнасць глебы.
А ў выпадку з цыбуляй і часнаком попел можа стаць прафілактычным сродкам, які абараняе ад каранёвай гнілі. Для гэтага восенню пад перакопку можна дадаць да 2 шклянак попелу на 1 кв. м.
Найбольш папулярнае мінеральнае восеньскае ўгнаенне — суперфасфат, які дзякуючы не надта аператыўнаму раскладанню выдатна падыходзіць для ўнясення ў глебу ў самы дажджлівы сезон. Звычайны суперфасфат у сярэднім уносіцца з разліку 40—50 г на 1 кв. м, норма ўнясення падвойнага суперфасфату — 20—30 г на 1 кв. м.
Класічным восеньскім угнаеннем таксама з'яўляецца хлорысты калій. Перад яго выкарыстаннем важна старанна вывучыць інструкцыю, каб правільна разлічыць дазіроўку. Але ў сярэднім выкарыстоўваюць каля 10—20 г ўгнаення на 1 кв. м.
Сернакіслы калій не ўтрымлівае шкоднага для многіх раслін хлору. Увосень гранулы, як правіла, закопваюць у глебу на глыбіню 10—20 см. Нормы ўнясення залежаць ад раслін, якія ў далейшым будуць расці на пэўным участку. Пад агуркі ў сярэднім уносяць каля 15 г на 1 кв. м, пад таматы — 20 г, пад капусту — 25 г, пад бульбу — 35 г.
Падкормка для руж
Увосень ружы можна падкормліваць у канцы верасня — пачатку кастрычніка. Восеньскае ўнясенне ўгнаенняў можа быць каранёвым і пазакаранёвым.
Для каранёвай падкормкі ў 10 л вады разводзяць 16 г монафасфату калія і 15 г суперфасфату. Такога аб'ёму хапае для таго, каб падкарміць расліны на плошчы 4—5 кв. м.
Нядрэнна адклікаюцца ружы і на падкормку наступным растворам: 10 г сернакіслага калію, 25 г суперфасфату і 2,5 г борнай кіслаты — на 10 л вады.
Пры ўнясенні борнай кіслаты будзьце асцярожныя — яе залішняя колькасць можа выклікаць апёк каранёў і прывесці да парушэння вегетацыі.
У народзе рэкамендуюць восенню падкормліваць ружы дражджамі. 10 г сухіх дражджэй, 2 ст. л. цукру і 10 л вады настойваюць на працягу 2 гадзін, а затым разводзяць яшчэ 50 л вады.
Пры гэтым, каб пазбегнуць калійнага галадання расліны, важна абавязкова падкарміць ружы попелам. Для гэтага можна выкарыстоўваць попельны раствор (100 г попелу на 10 л вады) або проста пасыпаць попелам глебу вакол кустоў.
Попел з поспехам можна выкарыстоўваць і для пазакаранёвых падкормак (200 г на 10 л вады).
Таксама восенню садовых прыгажунь можна апырскаць растворам монафасфату калія і суперфасфату (па 5 г кожнага прэпарату на 10 л вады).
Ірына Тамковіч
Пачалося датэрміновае галасаванне на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Карэспандэнты «Звязды» высветлілі, як рыхтаваліся ўчасткі, як быў арганізаваны электаральны працэс непасрэдна ў рэгіёнах
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.