Вы тут

Рыхтуем маліннік да наступнага сезона


Самае важнае, што трэба разумець: догляд за рэмантантнай малінай моцна адрозніваецца ад догляду за малінай летніх сартоў. Гэтыя расліны хоць і падобныя знешне, маюць розны цыкл развіцця, плоданосяць у розны час, а значыць і клопат пра іх прыпадае на розныя месяцы. Таму перш чым падкормліваць або выразаць свае кусты, вызначце, што за ягаднік перад вамі.

Час паспявання маліны — найлепшы індыкатар яе віду. Калі ягады чырванеюць і наліваюцца ў ліпені, значыць перад вамі летні сорт. Калі ж паспяванне пачалося ў жніўні — пачатку верасня, то на вашым участку пасялілася рэмантантная прыгажуня.


Летняя маліна

Абрэзаць маліну варта да ўнясення ўгнаенняў.

Перш за ўсё трэба выдаліць з куста усе слабыя, хворыя або пашкоджаныя парасткі. Затым выразаць тыя, якія сёлета адплоданасілі — на іх ягад ужо не будзе, і да зімы яны проста засохнуць. Калі на кусце вырасла занадта шмат маладых, буйных зялёных галін, іх трэба прарэдзіць, пакінуўшы не больш чым 8—10 на адзін корань.

Зразаць галіны трэба максімальна нізка, да ўзроўню зямлі, і адразу выносіць іх з участка. Здаровыя можна выкарыстоўваць пры стварэнні ніжняга пласта высокіх град, а пашкоджаныя хваробамі і шкоднікамі лепш спаліць.

Адказ на пытанне пра тое, чым угнойваць маліну, залежыць ад таго, што было зроблена ў мінулым годзе. Звычайна садоўнікі аддаюць перавагу арганіцы і ўносяць пад кусты гной (5 кг на 1 кв. м), кампост (4—5 кг на 1 кв. м), торф (5 кг на 1 кв. м), попел (100 г на куст). Аднак калі летась годзе вы ўжо выкарыстоўвалі арганічныя ўгнаенні, то сёлета лепш аддаць перавагу мінеральным. Для гэтага пад кожны дарослы куст унясіце на глыбіню 10—15 см па 50 г суперфасфату і 40 г сульфату калію. А вось азот у другой палове сезона маліне не патрэбны. Таксама важна памятаць, што для маладых кустоў «порцыі» трэба паменшыць удвая.

Кусты маліны і глеба каля іх падножжа можа стаць прытулкам на зіму для насякомых, бактэрый і грыбковых спор. Таму пасля збору ўраджаю кусты апырскваюць 1 %-ным растворам бардоскай вадкасці двойчы, з інтэрвалам у 14 дзён. Таксама важна выдаліць з-пад кустоў усё апалае лісце і замульчыраваць карані маліны торфам, саломай або скошанай травой на вышыню 10—15 см, папярэдне прарыхліўшы глебу.

Рэмантантная маліна

Яна здольная плоданасіць і на леташніх парастках, і на парастках гэтага года. Пры правільным выбары сорту і адпаведным доглядзе яе плоданашэнне расцягваецца больш чым на месяц.

Імкнучыся атрымаць максімум ягад з куста, многія садоўнікі не выдаляюць у рэмантантнай маліны ўсю надземную частку восенню, а пакідаюць некалькі моцных парасткаў. У гэтым выпадку ягады на іх з'яўляюцца яшчэ ў пачатку лета. Аднак гэтая згубная практыка вядзе да аслаблення раслін, іх заражэння хваробамі і стратамі рэмантантных якасцяў. Каб пазбегнуць гэтай памылкі на зіму ў рэмантантнай маліны трэба абрэзаць усю наземную частку, не пакідаючы ні галін, ні нават пянькоў. Да вясны з абразаннем лепш не зацягваць — у зарасніках маліны выдатна зімуюць насякомыя-шкоднікі, споры грыбкоў і бактэрыі.

Калі хочацца паэксперыментаваць з атрыманнем двух ураджаяў, тады падчас восеньскай абрэзкі (у лістападзе) трэба пакінуць на кожным кусце 5—6 моцных парасткаў, пакараціць іх на траціну і накрыць на зіму, прыгнуўшы да зямлі. Увесну выдаліць парасткі, якія падмерзлі або загнілі, а астатнія пакінуць і своечасова расчысціць дробны параснік, каб кусты не загушчаліся.

У адрозненне ад летняй маліны рэмантантная не пераносіць восеньскай падкормкі арганікай. Справа ў тым, што арганічныя ўгнаенні, як правіла, утрымліваюць шмат азоту, а на яго перапрацоўку восенню ў кустоў ужо няма часу. Таму варта аддаць перавагу безазотным мінеральным комплексам, якія прадаюцца з паметкай «Восеньскае», і ўнесці па 50—60 г у лункі каля куста.

Пасля збору ягад у рэмантантнай маліны выдаляецца ўся надземная частка куста, а таму апрацоўваць ад шкоднікаў асабліва няма чаго. Аднак насякомыя і бактэрыі могуць застацца на зіму ў верхнім слоі глебы, таму перад пачаткам халадоў трэба выдаліць з-пад кустоў усе раслінныя рэшткі, спаліць зрэзаныя галіны маліны, а верхні слой глебы прарыхліць і апрацаваць, напрыклад «Інта-Вірам» па інструкцыі. Калі ж у малінніку засілле моху і лішайніку, варта паліць грунт 1 %-ным растворам меднага або жалезнага купарвасу.

Ірына Тамковіч

Выбар рэдакцыі

Культура

У Беларусі будзе стварацца археалагічная карта

У Беларусі будзе стварацца археалагічная карта

Калі Скарына прыехаў у Кракаў, і як выглядаў малы Рагвалодавіч.

Грамадства

Як застацца людзьмі пасля разводу

Як застацца людзьмі пасля разводу

Можа дапамагчы медыятар.