Вы тут

Чаму гастраскапія і каланаскапія не павінны палохаць і ў якім узросце іх праходзіць


Чаму важна своечасова выявіць і лячыць язву страўніка? І як часам, толькі «праглынуўшы зонд», можна знайсці прычыны хворага горла ці працяглага кашлю? Чаму пасля сарака ўрачы настойліва раяць праходзіць каланаскапію? Чым небяспечныя паліпы ў кішэчніку? Якія метады дыягностыкі хвароб страўнікава-кішачнай сістэмы сёння існуюць? Пра гэта і іншае расказала ўрач-эндаскапіст, загадчык эндаскапічнага аддзялення медыцынскага цэнтра «ЛАДЭ» Наталля НАГОРСКАЯ.


— Наталля Вітальеўна, давайце пачнём з «зонда», або гастраскапіі. Прымусіць сябе праглынуць гібкі шланг няпроста...

— Але і не надта складана. Да таго ж мы прыкладаем усе намаганні, каб аблегчыць гэты працэс: тлумачым этапы працэдуры і расказваем, як варта сябе паводзіць, супакойваем пацыента. Калі правільна настроіцца, рэфлексы, у прыватнасці рвотны, не яўна сябе праяўляюць. Многае залежыць ад таго, у якім стане чалавек прыйшоў: калі ён узвінчаны, спяшаўся ці вырашаў нейкія пытанні, то рэакцыя можа быць больш бурнай, чым калі б ён быў цалкам спакойны. Таксама я не раіла б чытаць у інтэрнэце водгукі, бо, як правіла, людзі дзеляцца негатыўнай інфармацыяй і рэдка — станоўчымі эмоцыямі. Хтосьці расказвае, як перамог свой страх, але найчасцей гэта нейкія «страшылкі». Не трэба забываць, што кожны чалавек — вялікая індывідуальнасць. Тое, што для кагосьці падалося складаным, для вас можа аказацца дробяззю.

Трэба памятаць, што гэта складанае высокатэхналагічнае даследаванне, і карысць ад яго дакладнасці і іншых дыягнастычных здольнасцяў істотна перавышае непрыемныя адчуванні на працягу некалькіх хвілін.

— Колькі, дарэчы, доўжыцца працэдура?

— Як правіла, да 10 хвілін, калі гэта звычайная дыягнастычная гастраскапія. Але ўрачу на яе адводзіцца крыху больш часу, каб падрыхтаваць пацыента.

— Што дазваляе выявіць гастраскапія?

— Найперш мы бачым усе мінімальныя змяненні з боку слізістай, можам іх ацаніць і ўзяць біяпсійны матэрыял. Пры гэтым вызначаецца ўзровень запаленчых хвароб: проста пачырваненне ці парушэнне цэласнасці слізістай — эрозія ці язвачкі. Або нейкія ўтварэнні, якія растуць, — неабавязкова злаякасныя, гэта могуць быць маленькія паліпы, папіломы. Тут таксама прыцэльна бярэцца біяпсія для таго, каб удакладніць дыягназ на гісталагічным узроўні. І гэта дазваляе вызначыцца з далейшай тактыкай вядзення пацыента: назіраць, кантраляваць, лячыць.

— Каму паказана гэта працэдура?

— Паказанняў шмат, яны розныя, прычым не заўсёды звязаны з болевымі адчуваннямі. Здараецца, што гастраскапію варта робіць, калі пацыент упэўнены, што са страўнікава-кішачным трактам у яго ўсё ў парадку. Часцей за ўсё ён і не звярнуўся б да эндаскапіста, калі б яго не накіраваў нейкі іншы спецыяліст. Напрыклад, лор-урач, бо ў пацыента пастаянныя праблемы з горлам. Аказваецца, гэта пазастраўнікавыя праявы гастрыту ці эзафагіту (запаленне слізістай стрававода). Накіроўваюць тэрапеўты з працяглым кашлем, які дрэнна паддаецца лячэнню. У выніку мы знаходзім праблему са страўнікам. Таксама паказаннем можа быць зніжэнне вагі ці змяненні ў аналізах, напрыклад зніжэнне гемаглабіну. У любым выпадку пацыент трапляе да ўрача, які пачынае аналізаваць і можа накіраваць да эндаскапіста. Калі ж маюцца непрыемныя адчуванні, звязаныя са страўнікавай сістэмай, адназначна варта звярнуцца і праверыцца.

— Ці абавязковая гастраскапія для ўсіх, і калі так, то ў якім узросце?

— Да 40 гадоў яе пажадана прайсці. Нават нягледзячы на тое, што вы добра сябе адчуваеце, каб пераканацца, што са страўнікам усё ў парадку. Як часта трэба паўтараць гастраскапію? Гэта залежыць ад таго, што ўбачыў урач. Калі маюцца паліпы, раз у паўгода абавязковы кантроль, калі язва — таксама праз шэсць месяцаў варта праверыцца. У кожным выпадку гэта індывідуальна вырашае ўрач.

— Дарэчы, язва дае аб сабе знаць?

— Здараецца, што і не. Пацыент прыходзіць па медыцынскую даведку, і мы выяўляем язву. Бываюць такія выпадкі, калі пацыент ні на што не скардзіцца, а ў страўніку адбываюцца дастаткова выражаныя змяненні. Язва, калі яе не лячыць, можа ўскладніцца сур'ёзнымі наступствамі — прабадзеннем, кровацячэннем, самастойна яна зажывае грубымі дэфармуючымі рубцамі, што ў рэшце рэшт можа прывесці да парушэння эвакуацыі ежы са страўніка. Калі своечасова лячыць язву, то такіх ускладненняў не будзе.

— Язва можа перараджацца ў рак?

— Язва цыбуліны дванаццаціперснай кішкі — вельмі рэдка, язва страўніка — так.

— Што дазваляе выявіць каланаскапія?

— Каланаскапія, гэтак жа як і гастраскапія, дазваляе ацаніць стан слізістай, толькі ў гэтым выпадку — унутранай абалонкі тоўстай кішкі. Працэсы, што там працякаюць, у адрозненне ад страўніка праяўляюцца значна пазней. Паліпы, якія ўтвараюцца ў кішэчніку, вельмі доўга не выклікаюць ніякіх сімптомаў. Пакуль яны дабраякасныя і іх можна выдаліць без ускладненняў і наступстваў, яны ніяк сябе не праяўляюць. І калі пацыент не робіць каланаскапію, ён пра іх не ведае. З часам паліпы пачынаюць перараджацца ў злаякасныя, і калі яны пачнуць сябе праяўляць, можа быць занадта позна. Характэрныя для іх сімптомы — парушэнне стула, прымесь крыві ці слізі ў кале. Ёсць і сімптомы агульнага плана, не характэрныя для кішэчніка: стамляльнасць, дрэнны апетыт, нізкі гемаглабін, зніжэнне цікавасці да жыцця. Добра, калі злаякасны працэс яшчэ на месцы, і яго можна выдаліць. Калі з'явіліся аддаленыя другасныя ачагі злаякаснага працэсу, тады лячыць складана і прагноз можа быць несуцяшальны. Таму ў 40 гадоў рэкамендуецца прайсці татальную каланаскапію. І эндаскапіст скажа, праз колькі гадоў варта прыходзіць на паўторную працэдуру. Нават без паліпаў некаторыя змяненні слізістай могуць быць прыкметамі нейкіх захворванняў, якія трэба кантраляваць.

— Калі падчас гэтай працэдуры выяўляюць паліпы, іх выдаляюць?

— Калі яны невялікія, іх могуць выдаліць біяпсійнымі шчыпцамі падчас даследавання. Вялікія паліпы выдаляюцца ў стацыянары з хірургічным профілем. Гэта нескладанае ўмяшанне, пацыент шпіталізуецца ўсяго на два-тры дні.

— Наколькі каланаскапія бяспечная працэдура?

— У руках умелага доктара эндаскоп — цалкам бяспечны інструмент. Сёння і тэхніка, і кваліфікацыя ўрачоў дазваляюць выконваць гэту руцінную дыягнастычную працэдуру без усялякіх наступстваў.

— Каланаскапія робіцца з анестэзіяй і без яе. Якому варыянту аддаць перавагу?

— Сапраўды, прымяняецца ўнутрывенная анестэзія, і пацыент спіць падчас працэдуры. Яна робіцца або па жаданні пацыента, або па рэкамендацыі ўрача. У прыватнаці, калі пацыент напалоханы, калі ў яго былі нейкія хірургічныя аперацыі і маецца спаечная хвароба ў брушной поласці, што можа выклікаць болевыя адчуванні, то лепш зрабіць унутрывенную анестэзію.

— Колькі доўжыцца каланаскапія?

— Па-рознаму: ад 10—15 хвілін да 30 і больш, калі ёсць асаблівасці будовы кішэчніка.

— Што дазваляе ўбачыць відэакапсульная эндаскапія?

— Калі гастраскапія дазваляе абследаваць стрававод, страўнік і дванаццаціперсную кішку, а каланаскапія дапамагае выявіць захворванні тоўстага кішэчніка, то відэакапсульная эндаскапія дапамагае выявіць хваробы тонкага кішэчніка. Прасоўваючыся па тонкім кішэчніку, аднаразовая капсула з камерай робіць да чатырох здымкаў у секунду. Інфармацыя запісваецца на ўстройства, якое носіць пацыент на поясе. Запіс ідзе каля 10 гадзін, затым пацыент вяртае ўстройства, інфармацыя пераносіцца на камп'ютар і апрацоўваецца. Гэта дазваляе дэталёва паглядзець слізістую тонкага кішэчніка. Такая методыка прызнана ва ўсім свеце.

— Каму паказана такая працэдура?

— Яна паказана ў першую чаргу тым, хто абследаваў страўнік і кішэчнік і не знайшоў прычын парушэння стрававання, зніжэння гемаглабіну і іншых змяненняў паказчыкаў крыві, боляў у жываце незразумелай этыялогіі і кровацячэнняў, невытлумачальнай субфібрыльнай тэмпературы і іншага.

— На што хварэе тонкі кішэчнік?

— У ім таксама ўзнікаюць паліпападобныя ўтварэнні, эрозіі, змяненні з боку сасудаў — сасудзістыя мальфармацыі, з-за чаго здараюцца дастаткова моцныя кровацячэнні. Але тут не так шмат паталогій, як у страўніку. Пакуль відэакапсульная эндаскапія не шырока распаўсюджана, гэта новая тэхналогія, якая толькі ўкараняецца. Яе можна прайсці ў Мінску, напрыклад, у 6—7 установах. Пакуль усюды, у тым ліку і ў дзяржаўных бальніцах, яна платная, бясплатна робіцца толькі па строгіх паказаннях.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Без страху і папроку?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».