Вы тут

З рэдакцыйнай пошты


Мы не рабы?

альбо Мода пройдзе, а «татушкі», відаць, застануцца

...Больш за трыццаць гадоў таму я выходзіла замуж. Гасцей на вяселле з'ехалася шмат, таму і падарункаў было багата. Раскажу пра адзін. Мая цётка працавала ў гандлі, мела магчымасць даставаць розныя дэфіцытныя тавары... Дык вось яны з дзядзькам, ведаючы, што я «вечна» хаджу прастуджанай, падарылі мне набор адмысловых цыгейкавых аўчын для сапраўднага футра.

Я ў свае 20 гадоў пра такі падарунак нават марыць не магла!

А таму не дзіва, што хутка знайшла майстэрню, дзе абноўку маглі пашыць, загадзя намалявала фасон і паказала яго сваім. Муж сказаў, што атрымаецца, відаць, прыгожа. А вось мама...

Сорам прызнавацца, але маму і яе сястру цётку Люсю (тую самую, што зрабіла мне падарунак) я даводзіла тады да слёз. Яны ў адзін голас, што называецца, казалі: футра — гэта не сукенка, не халацік, яго разумныя людзі набываюць не на адзін сезон і нават не на пяць. Таму шыць яго лепш трапецыяй ці хоць бы прамым, не падганяць па сённяшняй фігуры, не адразаць па таліі.

У мяне на гэты конт былі свае меркаванні: каб не хадзіць у нейкім «мяшку», я зрабіла ўсё, як мне падабалася — нікога не паслухала...

А таму разумею, што пішу гэты ліст хутчэй за ўсё марна: нічога я не змяню.

Але ж не магу спакойна глядзець на сённяшнюю «размаляваную» моладзь. Яна, відаць, думае, што татуіроўкі — гэта вельмі крута, што гэта нешта моднае і новае. А я, помню, чытала, што ўсё пачыналася са звычайнага кляйма, якім гаспадары пазначалі... жывёл, каб свае не «пераблыталіся» з чужымі. Потым гэткім жа чынам кляймілі рабоў, распусных жанчын (помніце, у «Трох мушкецёрах» Мілэдзі з ліліяй на плячы?) ды розных злачынцаў і такім чынам перасцерагалі грамадства — падказвалі «хто ёсць хто».

Цяпер жа ўсе, здаецца, змяшаліся. Летам, у гарачыню, было ўражанне, што звычайных, нармальных маладых людзей у горадзе амаль не засталося, што паміж многімі ідзе свайго роду конкурс, хто больш і страшней сябе размалюе. І калі б алоўкам ці нейкім фламастарам, які з цяжкасцю, але ўсё ж змываецца, то няхай сабе... Як той казаў, маладосць — дурносць, пасталее — паразумнее. Мода пройдзе. Але ж татуіроўкі, відаць, застануцца? І вялікае пытанне, ці будуць яны пасаваць, напрыклад, настаўнікам і дактарам? Ці возьмуць такіх вось «размаляваных» спецыялістаў на работу ў банк альбо нейкую салідную фірму-кампанію? Ці да твару стануць розныя каляровыя наколкі-страшылкі тым жа нявестам, маладым матулям, а тым больш — людзям сталага веку?

Мне здаецца, што пра гэта ніхто не думае, а яно ж, відаць, трэба? Толькі адзін прыклад: маю знаёмую (дачку прыяцелькі) не ўзялі на работу ў звычайную цырульню, бо яна (што не кожнаму спадабаецца) вельмі шмат курыць...

Не ўсім спадабаецца і такі вось размаляваны прадавец лекаў, бухгалтар, кіроўца, выхавальнік у садку. Я ўжо не кажу пра юрыстаў ды розных кіраўнікоў... Ці ў людзей, крый бог, проста не стане выбару — іншых спецыялістаў не застанецца?

Але ж якраз яны, іншыя, на мой погляд, і заслугоўваюць большага даверу, большай павагі, бо яны — асобы і кіруюцца не модай (не прынцыпам статка: як усе, маўляў, так і я), а цвярозым сэнсам...

Дык вось пра яго, той сэнс.

Сваё футра з атэлье я забрала ў лістападзе і пранасіла яго роўна два месяцы, бо на трэці яно перастала зашпіляцца: мы з мужам чакалі малое.

Пасля яго нараджэння я тры гады марыла (і з усіх сіл старалася!) пахудзець да свайго дзявочага 44-га памеру і асінай таліі, потым — замалое мне футра прадаць і справіць іншае. Аднак з гэтай задумы нічога не атрымалася: футра ніхто не купляў ды і грошы былі патрэбны на іншае. У выніку ўсе свае зімы (а раней яны былі куды халаднейшыя) я мерзла ў паліто, прастывала, хварэла... І, вядома ж, шкадавала, што не паслухала маму, бо не ведала...

Дарэчы, пра «веды». Маладзенькая настаўніца, якая прыйшла выкладаць беларускую мову нашаму сыну, любіла называць сваіх вучняў «рабятамі». Нехта з бацькоў казаў ёй, што слова немілагучнае, не наша, што дзяцей лепей зваць проста дзецьмі альбо хлопчыкамі і дзяўчынкамі (калі большыя — хлопцамі і дзяўчаткамі). Аднак ўсё было марна, аж пакуль нехта не прынёс ёй артыкул, дзе было напісана, што «рабяты» — калька з рускай і што паходзіць яна ад старажытных робь, рабь. Такім чынам «рабяты» — не хто іншы, як дзеці рабоў.

Толькі дазнаўшыся аб гэтым, настаўніца стала адвыкаць ад такога звароту.

Хочацца думаць, што нехта, прачытаўшы мой ліст, адмовіцца ад «татушкі» — першай альбо чарговай. Нават калі гэта будзе толькі адзін чалавек, я буду лічыць, што мне варта было напісаць у газету.

Н. Падабед, г. Мінск


Каго чакае мядзведзіца?

Я пабываў у многіх гарадах і мястэчках Беларусі. Усе яны прыгожыя, зялёныя, дагледжаныя. Але ж, на мой погляд, не ў кожнага ёсць свая «фішка»: нешта такое, што вылучала б сярод іншых, што запаміналася б — у тым ліку турыстам.

У Рэчыцы падобных разынак шмат.

Горад я наведваў не раз, у асноўным — на ровары, і першым, хто сустракаў мяне, калі выязджаў з вакзала і збочваў на вуліцу Маладзёжную, быў драўляны баран з закручанымі (прабачце таўталогію) ў барановы рог рагамі. Затым на выездзе з вуліцы Сняжкова на цэнтральную Савецкую прыцягвала ўвагу вясёлая зебра, якая пару гадоў таму была маленькім шэрым... аслом. І наогул вуліца Савецкая багатая на дзівосных звяроў і птушак. Вось мядзведзь з мядзведзіцай стаяць каля ўвахода ў дзіцячы садок, мабыць, чакаючы свайго Мішку, вось персанажы сучаснага мульціка «Маша і мядзведзь», побач з якімі «гамоняць» жаўтадзюбыя вароны, вось, непадалёк ад спартыўнага цэнтра «Алімп», прытаіўся грацыёзны гарнастай. Чым не рэклама для цэнтра?

На вуліцы Навумава, метраў за сто ад раённай гімназіі, пра нешта дыскутуюць мудрыя сава і чарапаха, на вуліцы Набярэжнай можна ўбачыць (на жаль, толькі хвост) белага кіта, які «нырае ў мора», метраў за 50 ад яго — хітрая ліса «пасе» белых курачак, а метраў за 200, здаецца, пасябраваўшы, разгульваюць воўк і заяц з мультфільма «Ну, пачакай!»...

Не абышліся ў Рэчыцы і без сімвалаў Беларусі. Не рэдкасць тут белыя буслы, а спіна магутнага зубра — любімае месца гарадской дзятвы.

Усё, карацей, арыгінальна, цікава, а галоўнае — нясе дабрыню.

Максім Шастакоў, г. Гомель


«Добра жыць у вёсцы дзесьці,

Там у лесе ёсць грыбы...»

Два дзяды сядзяць у парку,

І праблема ў іх ёсць:

Ну чаму людзей так шпарка

Пакідае маладосць?!

Недаспелі журавіны —

Недазволены тавар.

Дык чаму тады жанчыны

Іх панеслі на базар?!

На сяле каровак мала:

Не трымаюць, не пасуць.

Скрозь быллё павырастала,

Нават козы не ядуць.

Не дацямлю сёння я,

Дзе дабро, дзе ліха,

Дзе рэклама, дзе хлусня,

А дзе й праўды крыху?

Летам неслася віхура —

Вецер дрэвы паламаў.

Зашумеў лясгас, як бура:

«Хто зламанае пакраў?!»

Добра жыць у вёсцы дзесьці,

Там у лесе ёсць грыбы.

Можна з бульбай іх паесці

І пра клопаты забыць.

На сяле усе старыя,

Пеўня й тога не чуваць.

Прыязджайце, гарадскія,

Трэба вёскі адраджаць!

Іван Астроўскі, г. Мінск

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.